Біяграфія
Спіс твораў
Фотостаронка
Бібліяграфі
 
 
Галоўная
Сучасны… Беларускі… Народны…
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

КРУГІ ЖЫЦЦЯ

 

<<< 1 2 3 4 5 6 7 >>>

Пісьменніцкая біяграфія – так можна коратка ахарактарызаваць бягучы раздзел. У ім змяшчаецца інфармацыя аб дзяцінстве  пісьменніка, яго жыццёвых шляхах і пуцявінах, матэрыял аб  станаўленні Івана Навуменкі як творчага чалавека. Раздзел утрымлівае таксама звесткі аб  родных і блізкіх пісьменніка. Дапаўняецца фотаздымкамі з сямейнага фотаархіва.

Да зместу

Народны пісьменнік і вучоны

“Літаратура і мастацтва”

Вядомаму нашаму   пісьменніку Івану Навуменку  16 лютага спаўняецца 60 гадоў.    3 гэтай нагоды СП Беларусі накіраваў юбіляру прывітальны адрас, у якім   гаворыцца:
«Дарагі  Іван Якаўлевіч! Горача віншуем Вас, выдатнага беларускага     пісьменніка  і  вучонага, заслужанага дзеяча  навукі  БССР і  лаўрэата   Дзяржаўнай  прэміі   БССР  імя Якуба Коласа,   акадэміка  і   віцэ-прэзідэнта  Акадэміі навук БССР, удзельніка  Вялікай Айчыннай вайны, з 60-гадовым  юбілеем. Вы   нарадзіліся ў сям'і  рабочага-чыгуначніка на Палессі, у горадзе Васілевічы. Семнаццацігадовым  юнаком, пасля заканчэння  дзевяці   класаў сярэдняй школы, ступілі на  шлях  змагання з нямецка - фашысцкімі захопнікамі  —  спачатку ў камсамольскім падполлі, а пасля ў партызанскім атрадзе аж да вызвалення роднага горада. У снежні 1943 года былі прызваны ў   рады Савецкай Арміі, удзельнічалі ў баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах.
Пасля дэмабілізацыі Вы паступілі ў Беларускі  дзяржаўны універсітэт імя У. І. Леніна на філалагічны факультэт. Вучыліся і  працавалі спачатку ўласным карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а пасля — рэспубліканскай газеты «Звязда», загадвалі аддзелам у рэдакцыі часопіса «Маладосць».
|Журналісцкую працу Вы спалучалі з навуковай, займаючыся ў аспірантуры. Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, працавалі ў родным універсітэце выкладчыкам, а пасля абароны доктарскай дысертацыі і атрымання звання прафесара загадвалі там кафедрай беларускай літаратуры. У 1973 годзе Вы ўзначалілі Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Былі абраны членам-карэспандэнтам, а неўзабаве і правадзейным членам АН БССР. 3 1982 года Вы віцэ-прэзідэнт гэтай  акадэміі.
Пачаткам літаратурнай дзейнасці Вы лічыце 1955 год, а першы зборнік апавяданняў «Семнаццатай вясной» выйшаў у 1957 годзе. Ён нёс на сабе адбітак   сталага  жыццёвага  вопыту, набытага рана, яшчэ ў гады юнацтва, абпаленага вайной. 3 гэтай крыніцы памяці нараджаліся і наступныя кнігі апавяданняў: «Хлопцы-равеснікі», «Верасы на выжарынах», «Таполі юнацтва» (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі), «Вераніка», раман «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», «Смутак белых начэй», у якіх узноўлен шырокі фронт усенароднага змагання савецкіх людзей супроць гітлераўскай навалы, за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Вы заявілі сябе выдатным майстрам апавядання і аповесці, напісаных з выразным імкненнем адлюстроўваць сацыяльна - псіхалагічныя працэсы свайго часу, адкрываць багатыя чалавечыя характары («Вайна ля Цітавай копанкі», «Бульба»,  «Тая самая зямля», «Падарожжа ў юнацтва», «Замяць жаўталіссця»). Адметнай рысай Вашай творчасці, як празаіка, варта лічыць заўсёднае вяртанне ў маладосць, што была для Вас парой дынамічнага пасталення. Сведчанне гэтага і нядаўна напісаны  раман «Летуценнік». Спрабавалі Вы свае сілы і ў драматургіі, напісаўшы п'есу «Птушкі   між   маланак».
Усё, што створана Вамі, нясе ў сабе высокі зарад грамадзянскасці. Гэтым Вы абавязаны сваім духоўным настаўнікам — заснавальнікам сучаснай беларускай літаратуры, даследаваннем чыёй творчасці    плённа займаецеся вось ужо чвэрць стагоддзя. Багатыя здабыткі Вашага захаплення літаратуразнаўчай навукай і крытыкай — кнігі «3 глыбінь жыцця», «Пісьменнікі-дэмакраты», «Кніга адкрывае свет», Вашы манаграфіі пра духоўны воблік героя ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа адзначаны Дзяржаўнай прэміяй  БССР.
Вашы баявыя справы ў гады Вялікай Айчыннай вайны і заслугі ў развіці беларускай савецкай літаратуры адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Актыўны ўдзел прымаеце Вы ў грамадскім жыцці нашай рэспублікі. Дастойна прадстаўлялі яе на XXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З'яўляецеся членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, членам прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР,        членам                рэдкалегій часопісаў «Полымя» і «Маладосць», старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах у Вярхоўны Савет Беларускай ССР XI склікання. Калектыў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода  вылучыў Вас кандыдатам у дэпутаты вышэйшага органа дзяржаўнай улады рэспублікі.
Віншуючы Вас, дарагі Іван Якаўлевіч, з днём нараджэння, шчыра жадаем Вам на многія гады добрага здароўя, заўсёднай творчай бадзёрасці на ніве літаратуры і навукі, нястомнай грамадскай актыўнасці, асабістага шчасця!»

Да зместу

НА ЧЫГУНЦЫ Гомель — Брэст ва ўсходнім Палессі размешчаны гарадскі пасёлак Васілевічы, да вайны — гэта было вялікае сяло, але ўжо раённы цэнтр. Гэта накладвала пэўны адбітак на ўклад жыцця: побач з вясковым, глыбінна-палескім, нямала ў чым яшчэ патрыярхальным сялянскім побытам з'яўляліся пачаткі гарадскога новага жыцця. Станцыя, прадпрыемствы, няхай і невялікія, установы... Але самае істотнае, што тое новае, што народжана было Савецкай уладай, індустры- ялізацыяй, калектывізацыяй, культурнай рэвалюцыяй, пераможна ўваходзіла ў свядомасць людзей, моладзі — з асаблівай сілай.
А навокал ляжалі прасторы палёў, балот з самым глыбокім заляганнем торфу, з «ёўжынамі» і лясы, бары з іх першароднай прыгажосцю. (Недарэмна і ў сталыя гады чалавек з таго краю  лічыцца лепшым грыбніком сярод нас, дзяцей беларускіх лясоў, цяперашніх сталічных інтэлігентаў).
Бацька Івана Навуменкі быў сялянінам па псіхалогіі і рабочым, чыгуначнікам, не толькі па патрэбе, каб лепш карміць дзяцей, але і па любові да машын, да стальных рэек, таму, відаць, адзін з сыноў яго стаў інжынерам-чыгуначнікам і цяпер з'яўляецца  кіраўніком  беларускіх магістралей. У такой мясціне, у такім асяроддзі  фарміраваўся характар будучага пісьменніка, вучонага.
Споўнілася семнаццаць гадоў, прыйшлі вясновыя, летнія  радасці і найбольшая з іх — заканчэнне школы. Мары, мары. Самыя  высокія, самыя  ружовыя... У каго з нас іх не было! Але шугануў смерч фашысцкай навалы. Была спроба адступіць на ўсход, але дабраліся хлопцы толькі да Дняпра і  мусілі звярнуцца дадому.
Аднак не маглі маладыя гарачыя камсамольскія сэрцы пакарыцца чужынцам. Так,    спачатку, бадай, стыхійна, узнікалі падпольныя арганізацыі, сельскія, гарадскія. У хуткім часе на чале гэтых юнакоў і дзяўчат станавіліся камуністы, партызанскія кіраўнікі.
Пра барацьбу, пра ваенны лёс свой, сваіх сяброў пісьменнік Іван Навуменка, як магчыма ніхто з нас, людзей таго пакалення, ярка, глыбока, пераканаўча расказаў у сваіх шматлікіх мастацкіх творах.
У аднымз інтэрв'ю сталы майстра сказаў: «Я пісаў пра людзей, якіх ведаў, — сваіх, равеснікаў, школьнікаў, салдат, падпольшчыкаў. 3 нашага дзесятага класа, напрыклад, на фронт пайшло шаснаццаць чалавек, а вярнулася чатыры. Маё пакаленне, народжанае ў сярэдзіне дваццатых гадоў, вылучаецца цэльнасцю     характару.
Мне яно асабліва падабаецца сваёй рамантыкай, марай аб подзвігу...»
Гэта — аб вытоках творчасці.
А цяпер пра самаю творчасць, пра навуковую дзейнасць, пра пасляваенныя шляхі-дарогі, якія прывялі да славы, да высокіх званняў, да ўсеагульнага прызнання.
Іван Навуменка з самых мэтанакіраваных, яркіх і самабытных мастакоў у сучаснай беларускай літаратуры, маральны пошук і філасофская думка якога заўсёды маюць выразную класавую і партыйную накіраванасць. Талент яго на здзіўленне шматмерны, мнагагранны, кола яго інтарэсаў і як пісьменніка, і як даследчыка літа-ратуры вельмі шырокае — ад язычаскай міфалогіі да складанейшых філасофскіх і маральна-этычных праблем сучаснасці. Радасна адчуваць невычарпальнасць мастацкіх запасаў і магчымасцей пісьменніка, яго жыццёвы вопыт і мудрасць, прадбачлівасць і фантазію.
У пачатку творчасці за Навуменкам замацавалася прызнанне, яго пісьменнікам «пакалення семнаццацігадовых»: адлік узросту і саміх аўтараў і герояў, як ад Грынвічскага мерыдыяну, — ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўды былі падставы гаварыць, пісаць пра такое літаратурнае пакаленне, бо яно вылучыла асабліва яркіх, даравітых летапісцаў. Сам Іван Навуменка пра сваё пакаленне гаварыў: «...перанёсшае на сваіх плячах суровыя нягоды Вялікай Айчыннай вайны, узбагачанае яе вопытам, загартаванае цяжкасцямі першага пасляваеннага дзесяцігоддзя, прынесла ў літаратуру свае меркаванні аб вайне і жыцці. У поўны голас яно загаварыла пасля знамянальнага XX з'езда партыі. Асабісты вопыт гэтых пісьменнікаў ступаў з той непрадузятай праўдай, якую выказала   партыя народу па вузлавых праблемах гісторыі, грамадскага жыцця. Партыя як бы акрыляла гэтае маладое пакаленне пісьменнікаў у яго новых мастацкіх здзяйсненнях і адкрыццях, дзе праўда рабілася адзіным і галоўным крытэрыем у падыходзе да аналізу мі-нулага, сучаснага і будучага».
У першых творах, першых зборніках I. Навуменкі дзейнічаюць яго равеснікі, а сітуацыі і падзеі часта звязаны з асабістым жыццёвым вопытам, з перажытым, убачаным. Праўда, друкавацца Навуменка пачаў параўнальна позна, толькі ў 1955 годзе ў часопісе «Маладосць» з'яўляюцца яго апавяданні. Але ўжо праз два гады выходзіць першы зборнік апавяданняў, які так і называўся ,— «Семнаццатай вясной». Да першай баразны на літаратурнай ніве жыццё ўжо дастаткова праверыла і загартавала будучага пісьменніка: пасля падполля, партызанскага атрада — фронт, баі пад Ленінградам, на Карэльскім перашыйку, ва Усходняй Прусіі і Сілезіі.. А ў першыя мірныя, але надзвычай цяжкія гады — работа ў раённай, абласной газетах, тысячы кіламетраў дарог роднай Гомельшчыны, тысячы сустрэч і адначасова настойлівая вучоба на завочным аддзяленні БДУ імя У. I. Леніна. Пасля заканчэння універсітэта здольнага студэнта пакідаюць, у аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры. Гэта пачатак 50-х гадоў. А ўжо ў 1969 годзе вучоны, выкладчык універсітэта Іван Навуменка абараняе доктарскую дысертацыю, у 1972 годзе  выбіраецца  членам-карэспандэнтам АН БССР, праз восем гадоў - акадэмік, а з 1983 года - віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі. Каб не вяртацца да навукі скажу коратка: агульнапрызнана, што Іван Навуменка адзін з лепшых даследчыкаў літаратуры. I не толькі беларускага мастацкага слова; навуковы дыяпазон яго даволі шырокі. За літаратуразнаўчыя даследаванні «Янка Купала. Духоўны воблік героя» і «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» яму прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа. Па-мойму, лепш, чым Навуменка, у прыватнасці пра Коласа, у нас пакуль што ніхто не напісаў.
Сын палешука, селяніна і рабочага, здзіўляе сваёй працавітасцю, няспыннымі пошукамі, імкненнем да самаўдасканалення. Апошнія дваццаць гадоў былі надзвычай плённымі для Навуменкі і ў навуковай дзейнасці і ў мастацкай творчасці. Ледзь не кожны год выходзілі новыя  кнігі — даследаванні, зборнікі апавяданняў, аповесці, раманы.
Іван Навуменка знешне выглядае як фальклорны асілак, але сіла яго стоеная, ціхая, не столькі фізічная, колькі ўнутраная, і выяўляецца ў працавітасці, волі, настойлівасці і... дабрыні. Цвёрдым крокам, мэтанакіравана, як добры салдат, ідзе ён ад твора да твора, ад вяршыні да вяршыні, перадаючы поступ жыцця, імклівы рух эпохі, што робіцца розумам, рукамі яго пакалення і дзецьмі нашымі.
Мужная праўдзівасць (эпітэт не новы, але ёмкі) — вось што вызначыла першыя спробы ў навелістыцы.
Пісьменніка цікавяць героі, у якіх «зліта асабістае і грамадскае». Такі Анікей Моркаўка з апавядання «Кукурузька», Антон Бондар з апавядання «Пад пошум дубоў», маладыя героі— Цімох, Цішка, Мікола і Сымон з «Семнаццатай вясны», Вераніка з аднайменнага апавядання, Віктар з «Хлопцаў самай вялікай вайны...».
Юнацкія гады, апаленыя вайной, і дагэтуль не перастаюць хваляваць мастака. Узятыя разам, апавяданні аб вайне ўяўляюцца своеасаблівым рамантызаваным эпасам, прасякнутым той эмацыянальнасцю і лірызмам, якія ўзнікаюць толькі на глебе аўтабіяграфічнасці. Аўтар-расказчык і герой знаходзяцца тут у своеасаблівых функцыянальных і стылявых адносінах, што робіць навелістыку Навуменкі дзіўным каштоўным сплавам лірычнасці і дакументалізму, а такі майстэрскі сплаў заўсёды кранае душу чытача, хвалюе яго, настройвае на самы высокі давер.
Гаворачы пра рамантычнасць першага перыяду творчасці Навуменкі, я маю на ўвазе тут не сітуацыі, якія заўсёды праўдзівыя і тыповыя, не выключныя характары (людзі ў асноўным усе звычайныя), не характэрную рытміку моўныя сродкі, а асаблівае рамантычнае светабачанне, светаўспрыманне герояў, іх чысціню, прыўзнятасць, няўрымслівасць і прагу подзвігу. Толькі зрэдку радкі ў Навуменкі гучаць пафасна, але і тады гэта не аўтарская мова, а «няўласна-простая», так ха-рактэрная наогул для пісьменніка: «Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. На ёй ліецца кроў, губяцца маладыя жыцці, але твае бясцэнныя ахвяры не прападуць. Грыміце, трубы, і чаканьце крок, салдаты самай вялікай вайны!..»
Безумоўна, не ўсе апавяданні ранняга перыяду аднолькава ўдаліся аўтару, нават у сталых майстроў, у класікаў не ўсё роўнае. Але перачытваеш гэтыя апавяданні сёння і як свежае паветра ўдыхаеш: глыбіня і чысціня пачуццяў герояў, іх актыўнасць і жыццялюбства абуджаюць успаміны маладосці, бо менавіта такімі мы і былі, нараджаюць нейкую тугу па ідэалу, якога, магчыма, не хапае сёння. Пачынаеш асабліва востра ненавідзець вайну, якая разбурае ўсё прыгожае. Навуменка ж — пясняр прыгажосці свету: прыроды, працы, чалавечай душы. Ён апявае не ідылічную беспрадметную прыгажосць, а тую — часам і суровую — рэальнасць, якая робіць жыццё чалавека поўным глыбокага сэнсу, а таму асабліва каштоўным.
Сэнс чалавечага жыцця, лёс Радзімы, народа становяцца ў цэнтры ўвагі другога этапу ў творчасці пісьменніка, калі ён звярнуўся да буйных жанраў прозы — аповесці і рамана.
Трылогія «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці» мае права на высокае вызначэнне: эпапея партызанскай барацьбы. Народная эпапея. Да Івана Навуменкі такую шырокую панараму незабыўных падзей стварыў толькі Міхась Лынькоў у рамане «Векапомныя дні». Не баюся слова панарамны, хоць ведаю, што стала модным сярод некаторых крытыкаў выступаць супраць панарамных раманаў. Але самы яркі твор панарамнай эпапеі — «Ціхі Дон». На вялікі жаль, да гэтага шэдэўра савецкай літаратуры, створанага 50 - 60 гадоў назад, ніхто не ўзняўся ў паказе самай страшнай вайны і самага масавага гераізму. Трылогія Навуменкі -сур'ёзны і верны крок у гэтым напрамку, як і раманы некаторых іншых беларускіх празаікаў, напісаныя ў апошнія гады.
Падзеі ў трылогіі ад твора да твора набываюць усё больш маштабна-гераічны характар. Кожная  кніга — адпаведны этап партызанскай барацьбы ў Беларусі. У першай — пачатак, характэрны ўсведамленнем неабходнасці супраціўлення акупантам, нараджэнне падпольных груп, у другой — стварэнне рэгулярных баявых адзінак, у трэцяй – разгар усенароднай вайны ў тыле ворага. У той жа час трылогія, і асабліва яе першая нкіга, падводзіць вынік мастацкім пошукам пісьменніка ў пачатковы перыяд творчасці, бо цесна звязана з яго апавяданнямі ў паказе героя свайго часу, у адлюстраванні пакалення, што ўступіла ў вайну адразу пасля заканчэння школы. З рамантычных мар – адразу ў смяртэльны бой.
Змест і праблематыка твора вызначаюцца ідэяй сацыялістычнага гуманізму ў спалучэнні з савецкім патрыятызмам, што і прывялі да перамогі нашага народа ў самай страшнай вайне. Міця Птах, галоўны герой трылогіі, - у пэўных рысах вобраз аўтабіяграфічны, што толькі ўзнімае яго праўдзівасць, верагоднасць, - разам з іншымі героямі прайшоўшы праз суровую школу барацьбы, спасцігае сэнс чалавечага жыця : «…Усё адолее чалавек. Адолее і будзе жыць. Ніколі не перастане Марыць, змагацца за лепшыя, сонечныя дні. За рыгажосць. У гэтым аснова жыцця».
Вайна ўвесь час жыве ў свядомасці тых, хто перажыў яе. Тым больш у пісьменніка няспынна ідзе павольны, падспудны працэс крышталізацыы трагічнага і гераічнага франтовога вопыту, а ў выніку адбываецца свайго роду «извлечение морально-философского корня» з убачанага і перажытага. Калі першыя творы Навуменкі былі прысвечаны сітуацыйна-псіхалагічнаму аспекту ваеннай і пасляваеннай рэчаіснасці, дык усё большае аддаленне ад тых далёкіх суровых гдоў пашырае вугал бачання, дае магчыіасць суадносіць мінулае з цяперашнім, параўноўваць успрыманне падзей тагачасных і сённяшніх. Ураманах «Сорак трэцці», «Смутак белых начэй», «Летуценнік» Іван Навуменка смела ідзе да эпізацыі падзей, што вымагае і пэўнай жанрава-стылявой структуры, але галоўнае – павялічван гістраызм і філасафічнасць твораў.
Лічу, што крытыка яшчэ не сказала поўнга слова пра раман «Смутак белых ». Не толькі ў беларускай, але ва ўсёй нацыянальнай літаратуры, я не помню твора больш праўдзівага аб заключным этапе вайны – нашым пераможным наступленні. Але была радасць перамогі.
Былі глыбокія рэйды, рандыёзныя “катлы” для гітлераўскіх армій. Але і было тое наступленне, якое давалася вельмі дарагой цаной. Мільёны леглі ў трагічным сорак першым. Мільёны аддалі жыцці ў пераможным сорак чацвёртым. Пра такое цяжкае наступленне – на Карэльскім перашыйку – расказвае Іван Навуменка. Непамерна цяжкая, знясільная вайсковая  праца і – ахвяры, ахвяры… У такіхбаях леглі тыя дваццаць з шаснаццаці аднакласнікаў, пра якіхгаварыў Навуменка. Некаторыя з тых аўтараў, што не нюхалі пораху, жадаючы ўзняцца да Бондарава, да Быкава, дзеля эфекту, займальнасці, пачынабць сачыняць яе, вайну. Але між тым гэта адзіная ў сваім родзе тэма (калі вайну можна назваць тэмай), якой супрацьпаказана сачынёнасць, эксперыментаванне ў змесце. Дык вось у «Смутку белых начэй» - ніякай сачынёнасці. Голая, суровая, трагічная праўда – без гучных слоў, без эфектных сюжэтных хадоў. Якой-небудзь бяздумнай аматарцы «востранькага» яна, праўда гэтая, можа паказацца сумнай. А я чытаў і халадзеў ад «прастаты», «штодзённасці» смярцей маладых хлопцаў, якім бы жць ды жыць. У гэтай жа «спавядальнай» манеры напісаны раман «Летуценнік» - шчыра, проста. Хоць скажу шчыра, некаторыя персанажы твора не пазбаўлены эскізнасці.
За плячыма самабытнага мастска – лірыка і псіхолага – баявы вопыт франтавіка, глыбокія веды, жыццё чалавека, усім сэрцам звязанага з родным народам, з нашым вялікім часам, з будучым Савецкай краіны. І гэта дае права самаму шырокаму коу чытачоў чакаць ад Івана Якаўлевіча яшчэ больш страсных, яшчэ больш філасоўскіх, патрэбных людзям мастацкіх і навуковых твораў.
Івану Навуменку – 60.

Мне, яго сябру, земляку, ад гэтага радасна і сумна.Я старэйшы, можа, трохі раней пазнаў, што такое цяжар гадоў. Радасна, што таварыш мой сустракае свой юбілей поўны сілы, творчай энергіі. Дома на яго рабочым стале – новы раман і амаль гатовая п`еса. У кабінет віцэ-прэзідэнта акадэміі – паток наведвальнікаў.З пятнаццаці тысяч навукоўцаў, супрацоўнікаў цэнтра навукі штодня дзесятак, а то і два маюць патрэбу параіцца са сваім кіраўніком і па творчых пытаннях і па асабістых, выказаць просьбы – бытавыя, сямейныя, кватэрныя і многія іншыя.
Напярэданні юбілею землякі Івана Якаўлевіча – мазыране – вылучылі пісьменніка, вучонага кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Клопатаў прыбавіцца. Але гэта – шчаслівыя клопаты : быць з народам, памагаць людзям у вырашэнні жыццёва важных праблем.
Поспехаў табе, дарагі Іван Якаўлевіч, і на гэтай ніве! Поспехаў табе ва усіх галінах дзейнасці. І шчасця! Табе, блізкім тваім!
Віншую!

Іван Шамякін.

Да зместу

Іван Якаўлевіч Навуменка
(Да 70-годдзя з дня нараджэння)

П. В. Васючэнка

Споўнілася 70 год I. Я. Навуменку – знакамітаму пісьменніку, вучонаму, арганізатару беларускай навукі. Жыццёвы шлях Івана Якаўлевіча – гэта лёс цэлага пакалення літаратараў-франтавікоў, гэта і неад'емная частка гісторыі нацыянальнай літаратуры, беларускай акадэмічнай навукі.
Нарадзіўся I. Я. Навуменка 16 лютага 1925 г. у мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага-чыгуначніка. Жыццёвай школай будучага пісьменніка і вучонага стала вайна з яе жорсткім, суровым вопытам. Іван Якаўлевіч – удзельнік партызанскага руху, з снежня 1943 г. – салдат Савецкай Арміі. Малады баец прайшоў ваеннымі шляхамі ад Карэльскага перашыйку да Усходняй Прусіі і Сілезіі. Быў дэмабілізаваны ў снежні 1945 г.
На працягу 6 год I. Я. Навуменка працуе карэспандэнтам Мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а ў 1951-1952 гг. – у рэдакцыі рэспубліканскай газеты «Звязда». Журналісцкая праца пашырыла кругагляд будучага пісьменніка і навукоўца, паглыбіла ягоную цікавасць да побытавых, канкрэтных з'яваў чалавечага быцця. Адначасна I. Я. Навуменка заканчвае завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, а ў 1954 г. – аспірантуру пры гэтай навучальнай установе. Абараняе дысертацыю на атрыманне кандыдацкай ступені па праблеме «Тэма працы ў творах Якуба Коласа». Асобы двух беларускіх песняроў – Купалы і Коласа – на доўгі час застануцца аб'ектам самай шчырай цікавасці даследчыка.
Так пачыналася педагагічная і навуковая дзейнасць I. Я. Навуменкі. Працяглы час ён працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе выкладае беларускую літаратуру, загадвае кафедрай. У 1969 г. I. Я. Навуменка абараняе доктарскую дысертацыю, а праз два гады робіцца прафесарам. У 1972 г. I. Я. Навуменку абіраюць членам-карэспандэнтам АН БССР, і з гэтага моманту цэнтр ягонай дзейнасці пераносіцца ў Акадэмію навук Беларусі. На працягу амаль 10 год, з 1973 па 1982г., I. Я. Навуменка з'яўляецца дырэктарам акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. Двойчы абіраецца на пасаду віцэ-прэзідэнта АН БССР. I. Я. Навуменка быў ушанаваны званнем заслужанага дзеяча навук Беларусі (1978), у 1980 г. становіцца акадэмікам АН Беларусі.
Адначасна з гэтым Іван Навуменка плённа працуе ў мастацкай літаратуры. Пачаўшы як навеліст (першыя апавяданні малады аўтар надрукаваў у 1955 г.), пісьменнік на ўсё жыццё захаваў вернасць улюбёнаму жанру. Кніга за кнігай ён выдае зборнікі  апавяданняў, навелаў і аповесцяў – «Семнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966), «Верасы на выжарынах» (1960), «Вераніка» (1968), «Тая самая зямля» (1971), «Падарожжа ў юнацтва» (1972), «Замяць жаўталісця» (1977) і інш.
Гэтымі творамі Іван Навуменка зрабіў, безумоўна, значны ўклад у скарбніцу беларускай навелістыкі. У іх акрэсліўся жыццёвы тып, які прадстаўляе пакаленне аднагодкаў аўтара, – семнаццацігадовы юнак, які ў раннім узросце сустрэўся з жорсткімі жыццёвымі выпрабаваннямі і, нягледзячы на супярэчнасці лёсу, захаваў рамантычны, часам летуценна-наіўны погляд на рэчаіснасць. Маладыя героі прозы Івана Навуменкі праходзяць ваеннымі дарогамі, сядаюць за студэнцкую лаву, перажываюць радасці і расчараванні кахання. Побыт, прыватнае жыццё – тая сфера, у апісанні якой I. Я. Навуменка выказаў сябе добрым знаўцам чалавечай псіхалогіі, акалічнасцяў таго канфліктнага стану, з якіх нараджаюцца чалавечыя драмы.
Асобае месца ў творчасці Івана Навуменкі займае партызанская трылогія – раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974). Творы гэтыя, пазбаўленыя лакіроўкі і спрошчанасці ў асэнсаванні недалёкай гісторыі, знітаваныя своеасаблівасцю і індывідуальнасцю падыходаў да праблемы «чалавек і вайна». Як і ў навелах, тут адчуваецца пранікнёная, даверлівая, шчырая інтанацыя, значная ступень «унутранага» біяграфізму, асабістай перажытасці матэрыялу. Вайна паўстае ва ўспрыманні семнаццаді-дваццадігадовага юнака, з адценнем рамантычнага светаадчування, але і з пачуццём непазбыўнага душэўнага болю. Асабліва выразна гэты апошні нюанс адчуваецца ў аповесці «Вайна каля Цітавай копанкі», дзе закранаецца балючая тэма «дзяцінства, апаленага вайной», падхопленая празаікамі Б. Сачанкам, I. Пташнікавым, В. Казько і інш.
У раманах апошніх год – «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987) паўстае вобраз беларускага інтэлігента старэйшай генерацыі, асобы, надзвычай чуйнай да дысгармоніі і дыскамфортнасці быцця, схільнага да рэфлексіі. У гэтых творах даволі моцнае прадчуванне той ломкі ў паглядах і этычнай арыентацыі, якую назіраем у інтэлігенцкім асяродку ў 90-я гады.
Трэба асабліва адзначыць літаратурна-крытычную і навуковую творчасць I. Я. Навуменкі. Ён аўтар шэрага крытычных, папулярызатарскіх і літаратуразнаўчых кніг – «3 глыбінь жыцця» (1960), «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968), «Кніга адкрывае свет» (1978), «Янка Купала» (1980), «Якуб Колас» (1982) і інш. Асабліва грунтоўныя здабыткі вучонага ў галіне купалазнаўства і коласазнаўства. I. Я. Навуменка раскрыў прыроду купалаўскага і коласаўскага рамантызму, паказаў ягоную сувязь з праявамі канфліктнасці ў Сусвеце, барацьбой дабра і ліха. Ён падкрэсліў філасофскасць і універсалізм у спадчыне геніяў беларускага народа. Вучоны зрабіў надзвычай тонкія і глыбокія назіранні за паэтыкай трылогіі Я. Коласа «На ростанях», паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», вершамі і паэмамі Янкі Купалы. Ён увёў у літаратурны ўжытак трагікамедыю Я. Купалы «Тутэйшыя» яшчэ ў той час, калі гэты выдатны твор замоўчваўся або нават забараняўся. Даследчыцкія працы I. Я. Навуменкі былі адзначаны прысуджэннем яму звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа ў 1972 г.
Пад кіраўніцтвам I. Я. Навуменкі былі падрыхтаваны выданні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» на рускай мове, якія і сёння маюць вялікае навуковае і асветніцкае значэнне. Сёння Іван Якаўлевіч Навуменка працягвае актыўную пісьменніцкую і навуковую дзейнасць, працуе над раздзеламі новай «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.», дзе пераглядаюцца асобныя ранейшыя палажэнні беларускага літаратуразнаўства, уводзяцца ва ўжытак новыя звесткі, імёны, творы.
I. Я. Навуменка праявіў сябе і як грамадскі дзеяч, арганізатар беларускай навукі. Дзякуючы яму ў Інстытуце літаратуры падтрымліваліся добры мікраклімат, адносіны добразычлівасці і прафесіяналізму, якія існуюць у гэтай установе і сёння. Іван Якаўлевіч быў навуковым кіраўніком многіх аспірантаў і саіскальнікаў, якія паспяхова абаранялі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, а сёння распрацоўваюць самастойныя, арыгінальныя накірункі ў айчынным літаратуразнаўстве. Яны могуць засведчыць такт і памяркоўнасць, якія праяўляе I. Я. Навуменка ў справе падрыхтоўкі навуковых кадраў. I. Я. Навуменка забяспечыў плённую працу спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый у галіне беларускай літаратуры, старшынёй якога ён з'яўляецца.
I. Я. Навуменка быў Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР (1985- 1990). Пад ягоным старшынствам адбылася гістарычная сесія Вярхоўнага Савета, якая прыняла Закон аб мовах, што дзейнічае і сёння і абумоўлівае справу беларускага нацыянальнага Адраджэння.
Дзень свайго юбілею акадэмік Іван Якаўлевіч Навуменка сустракае з новымі творчымі планамі, з аптымізмам, каштоўнасць якога цяжка пераацаніць у наш звышскладаны час.

Да зместу

GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов