КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Галоўная
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

ПРОСТЫ І ШЧЫРЫ Ў КОЖНЫМ СЛОВЕ

 

<<< 1 2 3 4 5 6 >>>

Пяты раздзел музея складаецца з інтэрв’ю пісьменніка, яго аўтабіяграфіі, ўласных успамінаў, а таксама з дзённікаў Івана Навуменкі, і анкет, якія праводзіліся літаратурнымі часопісамі, газетамі, іншымі выданнямі.

Да зместу

“Калі прыйдуць нашы?”

Іван Навуменка

        Я ўглядаюся ў здымак, зроблены ў чэрвені 1974 года ў Хатыні, куды я павёз прыехаўшага да мяне ў Мінск старога баявога сябра Фёдара Манзіенку, на жаль, цяпер ужо нябожчыка, і многае, многае ўспамінаецца з тых далёкіх векапомных гадоў партызанскага змагання з ненавісным ворагам…Я бачыў гэты самалёт. Так здарылася, што па справах падпольнай групы я пакіраваў у вёску, размешчаную ад родных Васілевіч вёрст за дванаццаць, і там заначаваў. Сядзеў на лавачцы з мясцовым хлопцам, з якім разам вучыўся ў школе.Гэта быў сорак другі год, чэрвень месяц. Настрой, які тады валодаў намі, быў трывожны, панылы. Пасля пераможнай, радаснай зімы, калі немцаў пагналі ад Масквы, калі Чырвоная Армія наступала на іншых напрамках, калі ў нямецкіх зводках разы два-тры нават мільганула назва беларускага Віцебска, фашысты зноў узялі ў рукі ініцыятыву. Захапілі Керч, дабівалі акрываўлены Севастопаль, пад Харкавам акружылі вялікую групу савецкіх войскаў…Трэба разумець настрой таго часу. Патрыятычна настроеная моладзь, асабліва тая, якая намацвала ніці сувязей з падполлем, з партызанамі, што пачыналі разгортваць дзейнасць, чуйна прыслухоўвалася да падзей на фронце. Фронт азначаў усё. Ад поспехаў на фронце залежала, як хутка прагоняць немцаў, а, значыць, прыйдуць нашы, усталюецца ранейшае жыццё, можна будзе адчуваць сябе вольнымі людзьмі, вучыцца, працаваць. Думка гэтая: калі прыйдуць нашы – сядзела ў свядомасці неадступна. Я клаўся спаць і прачынаўся з ёю.Летам, у чэрвені, змрок наступае позна. Недзе а дванаццатай гадзіне, калі мы з таварышам збіраліся разысціся, пачуўся гул самалёта. Яго сілуэт мільгануў над лесам, затым самалёт зрабіў два ці тры кругі. І гул матора пачаў аддаляцца ва ўсходнім напрамку…
Мы з таварышам рашылі: самалёт савецкі. Аднак пра тое, чаму ён кружыў над мясцовым лесам, прыходзілася толькі здагадвацца.
Адгадка прыйшла няхутка, позняй восенню таго ж года.  У гэты час савецкія войскі ўжо вялі зацятыя баі ў Сталінградзе. Многа іншых падзей адбылося за гэты час. Умацаваліся мясцовыя партызаны, асабліва атрад імя Варашылава, людзей якога з Мазыра, Калінкавіч вывеў у лес капітан-акружэнец Кузьма Бакун. Загартавалася местачковая падпольная група, хоць нашага кіраўніка Анісіма Белага, ягоную сястру Олю фашысты расстралялі. І я пасядзеў у турме, паглядзеў, як кажуць, у вочы смерці.
Той восенню сорак другога года мы ўжо мелі трывалую сувязь як з партызанамі, так і з дэсантнікамі, ваеннымі разведчыкамі, якія прыляцелі на памятным самалёце. Іх узначальваў капітан Фёдар Манзіенка, палітрук, перавучаны на разведчыка, ураджэнец Адэсы.
Скінулі дэсантнікаў на лес, і ад гэтага здарылася бяда. Яна здарылася яшчэ і ад таго, што парашутыстаў ніхто не чакаў, не паліў, як увайшло ў далейшую практыку, кастроў, не падаваў папераджальных знакаў.
Скакалі ў адны дзверы, груз выкінулі праз другія. Бачылі, што пад імі лес, вузкая лінія звілістай рачулкі. Першы скочыў масквіч Толя, затым радыстка і сам камандзір, нарэшце два астатнія дэсантнікі.
Ён, камандзір, завіс паміж трымі вольхамі. За плячамі, акрамя парашута, было болей за сотню кілаграмаў грузу. Разгойдаўшыся, прыстаў нарэшце да большага дрэва, падрэзаў зверху стропы – ад аднаго дрэва адстаў. Затым адхліснуў лямку з грудзей. Парашут цягнуў уверх. Нарэшце капітан падрэзаў усе стропы, пакінуўшы толькі лямку, на якой сядзеў.
На зямлі Манзіенка пачаў падаваць умоўныя знакі – заквакаў лягушкай. Пачуў адказ.  Хутка знайшоў радыстку. Яна адна апусцілася на паляну.
Вандруючы па лесе, капітан з радысткай пачулі стогн. Пакуль знайшлі месца, адкуль ён даносіўся, было позна. Масквіч Толя, які завіс уніз галавой, быў мёртвы. Похапкам пахавалі таварыша.
Увогуле іх высадку нельга было назваць удалай. Яшчэ адзін дэсантнік завіс уніз галавой. Але ён здагадаўся падаць пра сябе сігнал – стрэліў з пісталета, яго выратавалі. Валодзя Офман, маскоўскі мастак-афарміцель, якога ўзялі ў групу за веданне нямецкай мовы, ад групы адбіўся і знайшлі яго толькі праз тры месяцы.
Увосень 1942 года група Манзіенкі аб'ядналася з калінкавіцкім атрадам імя Варашылава. Хоць разведчыкі захоўвалі сваю самастойнасць. Да лета 1943 г. яны стварылі ўласны атрад – № 14. Дзіўны быў гэты атрад. Толькі камандзір Манзіенка, некалькі яго памочнікаў, радысткі, падрыўнікі былі ў лесе. Астатні народ сядзеў на станцыях – ад Мазыра, Калінкавіч да Васілевіч і Рэчыцы. Бо атрад быў разведвальна-дыверсійны. Кожны дзень (а то і два-тры на дзень) радысткі выходзілі ў эфір, перадавалі ў Маскву, у Цэнтр разведдадзеныя.
Я і мае таварышы Мікалай Белы, Іван Доўжык, Мікалай Пінчук, яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат былі ў гэтым атрадзе ці, праўдзівей, служылі разведчыкамі манзіенкаўскай групы.
Летам сорак другога, калі немцы рваліся да Сталінграда, грымела ад партызанскіх выбухаў чыгунка. Без выбухаў не абыходзілася, бадай, ніводная ноч. Непаўторнае было тое лета. Здавалася, нават навакольныя лясныя абшары – саснякі на сыпучых пясках, беразнякі, круглыя купы лазняку на балацянках, зарослыя травой лясныя сцежкі, па якіх шныралі, мы, сувязныя-разведчыкі – былі прасякнуты адчуваннем таго, што на свеце ідзе самая вялікая вайна.
У нямым чаканні, здавалася, застылі лясныя вёскі – з адкрытымі дранкаю хатамі, саламянымі стрэхамі хлявоў. Узыходзіла сонца, і над сасоннікамі, над соннымі з выгляду ваколіцамі трымцела няпэўная, з сіняватым адценнем смуга. Яна, здаецца, таксама сведчыла аб значнасці, неразгаданасці падзей, якімі ахоплен свет. «Калі прыйдуць нашы?» – гэтае пытанне не знікала і цяпер. Толькі адказ быў няпэўны: вельмі далёка зайшоў вораг. Нялёгка будзе яго выгнаць…
Шмат пашкодзілі фашыстам партызаны, у шэрагах якіх змагаліся і дэсантнікі і падпольшчыкі. Акрамя дыверсій на чыгунцы, выбухаў магнітных мін, ад якіх узрываліся цыстэрны з гаручым, вагоны, ворагу наносіўся вялікі маральны, гаспадарчы ўрон. Усю жывёлу, напрыклад, якую немцы рэквізавалі ў насельніцтва спаленых вёсак і трымалі ў гарнізонах калгаса «Ведрыч» і ў кашарах «Загоджывёлы» у мястэчку Васілевічах, партызаны адабралі, загналі ў свой лес.
І ўсё ж не гэта, як здаецца, было галоўным у дзейнасці капітана, пазней маёра-разведчыка Фёдара Манзіенкі. Галоўнае: звесткі пра ворага, часам вельмі каштоўныя.
Збіраліся і факты мясцовага значэння, якія Цэнтр таксама патрабаваў. Вось адна з радыёграм (яны ўсе захоўваюцца ў ваенным архіве г. Падольска Маскоўскай вобласці).
«У Цэнтр 12.5.43 г. Абстаноўка ў гарнізоне Васілевічы.
Немцаў – 80 чалавек, ахова чыгункі. Немцаў-жандармаў – 23. Добраахвотнікаў – 57 чалавек. Паліцыі – 120 чалавек. З іх перайшло да нас са зброяй у руках 18 чалавек.
6 мая ў Васілевічах выгрузіліся 3 эшалоны немцаў з Гомеля. Узброены кулямётамі, мінамётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі. Да 100 аўтамашын. Грузавыя матацыклы без нумароў, веласіпеды. Палавіна паехала па чыгуначнай ветцы. Частка рушыла пешшу на Маканавічы…»
З такіх вось будзённых звычайных паведамленняў там, у Цэнтры, складвалася, відаць, карціна жыцця глыбокага тылу акупантаў.
Цікавіўся Цэнтр не толькі выездам, прыбыццём воінскіх часцей. Ён патрабаваў асвятляць усе бакі дзейнасці ворага. Пагэтаму разведчыкі, побач з паведамленнямі аб руху эшалонаў, перадыслакацыі воінскіх часцей, перадавалі Фёдару Манзіенку дадзеныя аб колькасці нарабаванага фашыстамі збожжа, забранага ў насельніцтва малака, мяса, аб гаспадарчай рабоце прадпрыемстваў.
У рукі камандзіра групы траплялі копіі, а іншы раз арыгіналы загадаў, распараджэнняў розных фюрэраў, бургамістраў, старастаў, а таксама газеты, якія фашысты выдавалі на рускай і нямецкай мовах. Гэта была дадатковая інфармацыя.
Ужо некалькі месяцаў радысткі адстуквалі радыёграмы аб руху эшалонаў па чыгунцы Жыткавічы-Гомель. Перадача і прыём не заўсёды былі паспяховыя. У эфіры шмат перашкод. Але так ці інакш Цэнтр атрымліваў дакладную інфармацыю аб дзеяннях ваеннай, адміністрацыйнай нямецкай машыны ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці.
Назіраючы за перавозкамі немцаў, усё болей набываў вопыту Манзіенка, якому яшчэ ў красавіку 1943 года кінулася ў вочы: лік эшалонаў, якія ідуць да фронту, нягледзячы на партызанскія дыверсіі, няўхільна павялічваецца. Гітлераўцы перавозяць у асноўным гаручае, баявую тэхніку, таксама каменны вугаль. Бензін, гарматы, аўтамашыны – гэта ясна. Фашысты ўмацоўваюць фронт. А дзеля чаго каменны вугаль?
Пасля нядоўгіх разваг Манзіенка прыйшоў да вываду: вугалем фашысты забяспечваюць заводы, на якіх рамантуюць ваенную тэхніку. У такіх гарадах, як Гомель, Бранск, Харкаў: там ёсць машынабудаўнічыя заводы.
Тады ж Манзіенка адчуў: вораг пачынае рыхтавацца да нейкай буйной аперацыі. Магчыма, да новага наступлення.
21 мая 1943 года Манзіенка паведаміў Цэнтру: з 10 па 18 мая на фронт накіравана 1550 гітлераўцаў. Бензіна перавезена 4900 тон, боепрыпасаў – 420 вагонаў. Аўтамашын легкавых, пафарбаваных ў светла-кафейны колер, перакінута 370, аўтамабіляў грузавых – 332, усюдыходаў – 154, харчовых прыпасаў – 540 вагонаў. З фронту ў Германію пакіравала 120 санітарных вагонаў.
Пачынаючы з мая 1943 г., Манзіенка сустрэўся амаль з усімі сувязнымі, якія асвятлялі ваенныя перавозкі па чыгунцы, і ўсіх настойліва прасіў: асаблівую ўвагу звяртаць на новую тэхніку.
Поспех прыйшоў. Новы танк адзін сувязны-мастак з Васілевіч (хоць тэхніку везлі на платформах, накрытых брызентам) нават змаляваў, прыслаў камандзіру чарцёж-малюнак.
Зрэшты разведчыкі дабылі дакладныя звесткі пра новыя танкі.
Манзіенка неадкладна радыраваў Цэнтру, што танкі новай канструкцыі прывозяцца па чыгунцы Брэст – Гомель упершыню. Вага іх 70-75 тон, таўшчыня брані – 80 міліметраў, шырыня гусеніц – 70 сантыметраў. Да машын ёсць запасныя гусеніцы: за тыдзень іх перавезлі 65 вагонаў. Узбраенне танка – гармата. Сярэдняя далечыня стральбы – 7,5 кіламетра.
5 ліпеня 1943 года разгарнулася на Курскай дузе гіганская танкавая бітва. Несумненна: савецкае камандаванне ўлічыла інфармацыю, якая паступіла ад закінутай у палескія лясы групы Манзіенкі, і гэтая інфармацыя спрацавала на нашу Перамогу.
Нашы прыйшлі. Яшчэ восенню 1943 года. Атрад Манзіенкі рушыў за Буг, у Польшчу для далейшай дзейнасці. Каб не трапіць у рукі ворага, у канцэнтрацыйны лагер, папярэджаныя нашай настаўніцай, мы ўліліся, як кажуць, у мясцовы атрад імя Панамарэнкі, з якім таксама мелі сувязь. Вызвалялі родныя Васілевічы, памагалі байцам падалей адагнаць ворага.
Потым былі новыя дарогі вайны. Я ўдзячны лёсу, што мне пашанцавала дайсці да Германіі, бачыць ганьбу ворага, адчуць зіхатлівую радасць, слодыч нашай вялікай Перамогі.

Да зместу

Бібліяграфія да раздела:

  1. Анісковіч, У.,  Марціновіч, А. Блізкія і далёкія гарызонты “Вясковай прозы” [за круглым столом “ЛіМа” праблемы развіцця так званай “вясковай прозы” абсудзілі Іван Навуменка, Іван Шамякін, Іван Чыгрынаў і інш] / У. Анісковіч, А. Марціновіч // ЛіМ. – 1978. – 1 верасня. – С. 4-5.
  2. Дзюбайла, С.  Адзячыў зямлі сыне… / С. Дзюбайла // Чырвоная змена. – 1985. – 16 лют. – С. 2.
  3. Марціновіч, А.   “Час абуджае думку творцаў” / А. Марціновіч // Літаратура і Мастацтва. – 1986. – 11 крас. – С. 6.
  4. Навуменка, І. “Усякаму пакаленню трэба баявая справа…” : [гутарка з Іванам Навуменкам / гутарку вёў Мікола Мікуліч] // Беларуская думка. – 1997. - № 4. – С. 77-87.
  5. Навуменка, І. Давайце верыць у чалавека : [гутарка з Іванам Навуменкам / запісаў Мікола Чэмер] // ЛіМ. – 1996. – 19 ліп. – С. 5, 12.
  6. Навуменка, І. Калі прыйдуць нашы? / Іван Навуменка // ЛіМ. – 1995. – 21 красав. – С. 16.
  7. Навуменка, І. Мая біяграфія / Іван Навуменка // Маладосць. – 2005. - № 5. – С. 140-141.
  8. Пытанні анкеты кафедры літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта: [адказваў на пытанні Іван Навуменка] // Беларуская літаратура. Вып. 13. – 1985. – С. 152-154. 

 

 

 

 

Да зместу

 


GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов