КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

СЛУЖЭННЕ БЕЛАРУСІ

 

1 2 3 >>>

Навуковая спадчына пісьменніка і літаратуразнаўцы Івана Навуменкі, а таксама рэцэнзіі на яго навуковыя працы змяшчаюцца ў гэтым раздзеле.

Іван Навуменка з’яўляецца буйным вучоным у галіне літаратуразнаўства, даследавання пытанняў гісторыі беларускай літаратуры. Яго літаратуразнаўчыя работы адзначаны знакам пошуку і адкрыцця.  Іван Навуменка  – аўтар шэрагу навуковых манаграфій, зборнікаў артыкулаў, у ліку якіх “З глыбіні жыцця” (1960), “Янка Купала. Духоўнае аблічча героя” (1967), “Якуб Колас. Духоўнае аблічча” (1968), “Кніга адкрывае свет” (1978), “Янка Купала” (1980), “Якуб Колас” (1982), “Элементы міфалогіі у паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа” (1988) і інш. Іван Навуменка глыбока і грунтоўна асвоіў мастацкія міры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Жылкі, І. Мележа, адкрыў вытокі купалаўскага і коласаўскага рамантызму, нашоў у іх ва ўсяленскім разладзе, барацьбе дабра і зла у свеце.
Правёўшы глыбокае і дакладнае даследаванне паэзіі нашых класікаў, усвядомеўшы міравое значэнне іх творчасці, ен змог перадаць гэта адчуванне і чытачу. Навуковая дзейнасць І. Навуменкі была дастойна ацэнена прысуджэннем яму Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа ў 1972 годзе, у 1980 годзе ён быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук.
Пад кіраўніцтвам І. Навуменкі былі падрыхтаваны акадэмічныя выданні “История белоруской дооктябрьской литературы” для рускамоўнага чытача. Вучоны прыняў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы новай акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» у якасці навуковага рэдактара і аўтара шэрагу артыкулаў.
Мастацкія і навуковыя адкрыцці Івана Якаўлевіча Навуменкі, талантлівага пісьменніка і вучонага, створаная ім літаратуразнаўчая школа значна абагаціла беларускую літаратуру і культуру.

 “Казкі жыцця” Якуба Коласа"

Іван Навуменка

Перада мной томік баек Івана Крылова 1895 г. выдання. Гэта другое выданне, "поўны збор" баек, выдадзеных з прычыны смерці вялікага байкапісца (1844 - 1894) з удзелам найлепшых мастакоў Расеі. Да таго часу ў розных выдавецтвах выйшла некалькі зборнікаў баек Крылова. Як вядома, будучы беларускі пясняр Якуб Колас у сваёй торбачцы насіў адзін з такіх зборнікаў. У якім годзе ён выйшаў і ў якім выдавецтве, мы не ведаем.
Ведаем другое: байкі Крылова, што хлопец чытаў і перачытваў, былі для яго першым падручнікам па літаратуры. Яны імпанавалі будучаму  пісьменніку. Строгасцю, дысцыплінай думкі. І ўсё ж, захапляючыся персанажамі баек, іх характарамі, сітуацыямі, Якуб Колас не ўзяў крылоўскую творчасць як узор, прадмет хоць нейкага пераймання.
Выкажам няхай сабе спрэчную думку. Залішне жорсткі свет маляваў Крылоў. Коласу ён быў не даспадобы. Мядзведзь задзярэ воўка, воўк – лісу, ліса – зайца і г. д. Гэтая іерархія бруталізму – хто каго есць, – відаць, і не падабалася песняру.
Якуб Колас як пісьменнік больш "карыстаўся" раслінным светам. Там няма крыві, на першы погляд, больш згоды, узаемапаразумення.
Вядома, "Казкі жыцця" міфалагізаваны, і прытым міфалагізаваны ў найбольшай ступені. Уявім (вядома, схематычна, без многіх неабходных звёнаў) працэс ператварэння якой-небудзь з'явы жыцця ў казку жыцця. У любой мясціне, дзе праходзіла дзяцінства будучага паэта, яго захаплялі рамантычныя карціны прыроды, наваколля. I не было боек, крыві, разні, ляманту, крыку. I ў лесе гінула якое-небудзь дрэва, але ціха, безгалоса. Так адбывалася і з усім астатнім: маўкліва перасыхаў ручай, зарастала якая-небудзь маляўнічая мясціна, непрыкметна мяняўся пейзаж.
Толькі батаніка гаворыць пра жорсткую міжвідавую і ўнутрывідавую, але нябачную барацьбу паміж раслінамі, дрэвамі і інш.
«Міф, казка – самыя далёкія, самыя "глухія" галасы мінулых эпох станаўлення чалавечага духу, якія выходзяць да нас і звязваюць кожнае новае пакаленне з пачатковымі вытокамі гісторыі»1.
Дзіўна: першабытны чалавек набываў свядомасць па меры сваёй дзейнасці. У чымсьці ён падобны да дзіцяці, якое з кожным годам усё болей ведае. А напачатку яму дастаткова казкі, і чым будзе казка цікавейшая, чым больш у ёй будзе хвалюючых прыгодніцкіх элементаў, тым з большым захапленнем яна будзе ўспрынятая маленькай істотай.
Чалавек увесь час адкрывае. Ён пастаянна хоча вытлумачыць навакольны свет, але ніколі не дасягне мяжы пазнання. Сучасны чалавек мае патрэбу менавіта ў літаратурных міфах, бо міфалагізацыя – гэта сродак паэтызацыі.
Як залатымі снамі, шлях чалавецтва ўсеяны міфамі. За міфы змагаюцца, льюць кроў, дзеля іх узнікаюць класавыя і міждзяржаўныя войны.
Так альбо інакш, але літаратурная міфалагізацыя – гэта сродак асваення рэальных жыццёвых фактаў. Беларускі народ здаўна жыў на сваей зямлі. На вобраз яго мыслення наклала адбітак скрозь распасцёртая старажытная пушча. Чалавек жыў побач з ваўком, мядзведзем, а ў больш аддаленыя часы і з мамантам. Лес і звер успрымаліся як асяродак таемнага, незразумелага, казачнага. Гэтак у кожнага народа.
Рэлігія, як і міфалогія, з'яўляецца пэўнай гістарычна абумоўленай канцэпцыяй разумення чалавекам свету, разуменнем, магчыма, таксама ілюзорным і фантастычным.
Дык вось і цяпер мы ідзём ад здагадкі. У трылогіі Якуба Коласа "На ростанях", у першай кнізе "У палескай глушы", галоўны герой Лабановіч разважае пра бессмяротнасць чалавека, пра неабходнасць змагацца за гэтае. Паэтычнае сузіранне прыроды нібы гаворыць пра вечнасць, бо цішыню, бясхмарнасць ляснога пейзажу, яго прыгажосць пісьменнік рабіў прадметам паказу.
"Казкі жыцця" ўражваюць яскравасцю і маляўнічасцю фарбаў, своеасаблівай гармоніяй іх спалучэння, пластыкай і глыбокай філасофскай напоўненасцю малюнка.
Нават можна сказаць, што на "Казках жыцця" Якуб Колас адточваў майстэрства апавядальніка. Такім лагодным, мяккім стылем, сагрэтым чуласцю да ўсяго жывога, не валодаў больш ніводны тагачасны творца. Пісьменнік бязмерна пашыраў колькасць персанажаў. Тут і Ручаёк, і Рыбка, і Жолуд, і Вецер, і Мурашкі, і Конікі і мноства іншых дробных істот, якіх чалавек вакол сябе не заўважае. А гэта – жыццё, і кожная, нават самая дробная, істота выконвае ў ім сваю ролю.
Алегарычныя апавяданні вызначаюцца выключна простай і стройнай кампазіцыяй, лагічнай суладнасцю частак і кампанентаў, дакладнасцю і выразнасцю мовы. Стыхія народнай мовы, фразеалогіі, першароднасць і своеасаблівасць ужывання лексікі, сінтэтычных канструкцый – усё гэта дапамагае пісьменніку перадаць дух свайго часу, яго асаблівасці.
Перад Я. Коласам як мастаком стаяла надзвычай цяжкая задача: у алегарычных вобразах разнастайных птушак, казюлек, красак, дрэў і г. д. паказаць грамадскае жыцце, узаемадачыненні людзей, іх маральныя, этычныя і філасофскія погляды. Трэба было, каб простая, зразумелая карціна значыла больш, чым у ёй адлюстравана, цягнула да глыбокіх маральна-этычных і філасофскіх высноў.
Коласава ўспрыманне жыцця нельга назваць інакш, чым пантэістычным. Гэта не парадокс, што пісьменнік XX ст. абапіраўся на духоўны вопыт далёкіх продкаў, вопыт, здавалася б, забыты, сцёрты жыццём, які хіба што захаваўся ў казках, песнях, створаных у сівыя часы. Відаць, ёсць у гэтым нейкі рацыянальны сэнс. Не губляюць эстэтычнай вартасці, скажам, наскальныя малюнкі, а танцы тыпу рок-н-рола фактычна ўзніклі з дзікіх негрыцянскіх скокаў.
Даўніна служыць сучаснасці. Тое, што мы называем мастацкімі літаратурнымі сродкамі, з'яўляецца не чым іншым, як абломкам, часткай міфа.
Навелы, сабраныя пад назвай "Казкі жыцця", пісаліся на працягу паўстагоддзя і адносяцца да твораў, якія сам пісьменнік лічыў найбольш значнымі. Ён лічыў іх як бы адзіным творам.
Мы ўжо гаварылі, Якуб Колас у дзяцінстве захапляўся мастацтвам I. Крылова, але ў сваёй алегарычнай творчасці пайшоў процілеглым шляхам. Калі ўдумацца, ён нікога не павучаў. Ён проста расказваў розныя гісторыі. Колькі ў іх паэзіі, любавання лесам, сонцам, ветрам, увогуле прыроднымі стыхіямі.
Гэта мастацкія навелы пра ачалавечаную прыроду, што паўстае, як і ў "Сымоне-музыку", жывой і мудрай настаўніцай чалавека.
Мы зноў вяртаемся да вытокаў "Казак жыцця". Пісьменнік ведаў: у прыродзе, у свеце шмат неспазнанага. Невядома, як стварыўся свет і дзеля чаго ён існуе. Мы бачым, як філасофія, пачынаючы ад Канта, усё больш пранікаецца духам нявер'я, як страчваюцца грамадскія ідэалы. Розныя філасофскія школы, плыні ўтвараюцца, знікаюць, і век некаторых з іх вельмі кароткі. Будзем пакладацца на народную мараль. Дарэчы, на грунце этычных запаветаў народнага жыцця з'явіліся, напрыклад, магутныя паэмы Якуба Коласа "Новая зямля" і "Сымон-музыка".
Адметныя "Казкі жыцця" тым, што ў іх няма чалавека ў якасці персанажа. Шырока пададзены расліны, жывёльны свет, а чалавека няма. Даследчык творчасці Якуба Коласа Іван Чыгрын сцвярджае: "Нам здаецца, што казкі жыцця з'яўляюцца прамым наследаваннем і творчым развіццём мастацкіх традыцый народных казак пра расліны і жывёл"2.
"Казкі жыцця" паказваюць не толькі жывёл, птушак (выключна дзікіх), не толькі лес, а бадай кожнае дрэва ў ім, а таксама свет, які, можна сказаць, жыве пад нагамі чалавека і трохі вышэй – усіх гэтых казюрак, конікаў, аваднёў, камароў, шэршняў, матылькоў.
Сярод дрэў на першым месцы – дуб. Ён герой многіх казак. Гэта дрэва мудрае, разважлівае, яго выказванні часта супадаюць з аўтарскімі сентэнцыямі.
Думку пра мнагалучны, надзвычай багаты свет пісьменнік, відаць, вынес са свайго дзяцінства, пастушкоўства, калі ён меў магчымасць назіраць не толькі за небам, зоркамі, хмаркамі, а і за тым, што было пад нагамі – рознымі жучкамі, казюркамі, назвы якіх не кожны ведаў, але ў якіх таксама быў свой свет. I гэтыя стварэнні таксама выконвалі сваю ролю ў жыцці.
Карацей, у "Казкі жыцця" ўваходзіць тое, што не даследавалася раней ні беларускай літаратурай, ні нават фальклорам. Калі ёсць, скажам,
жартаўлівая песня пра камара, якога бура "з дуба здула", то пра многіх іншых падобных істот нават згадкі няма.        
Варта адзначыць, што ў "Казках жыцця" Якуб Колас рэдка звяртаўся да сацыяльных, палітычных пытанняў. Амаль кожная алегарычная навела пачынаецца карцінай шчаслівага, ледзь не райскага жыцця.
Напрыклад, возьмем надрукаваную яшчэ да рэвалюцыі алегорыю "Жывая вада" (1907). Яна пабудавана на ўзор сапраўднай казкі. Змены, зрухі ў ёй таемныя і загадкавыя. "У тым месцы, адкуль выцякала Жывая Вада, зямля стала ўспучвацца. Борзда, як грыб, вырастала гара. А Жывая Вада пачала павольна мялець і хутка згінула дзесьці ў зямлі"2. Калі сітуацыі астатніх навел вызначаюцца хоць умоўным падабенствам да жыццёвых, то гэтая нічога такога не мае. Можа, таму, што прысвечана яна падзеям першай расейскай рэвалюцыі.
Вельмі празрыстая па змесце казка жыцця "Дудар" (1906), хоць пісьменнік аднёс яе да ліку алегорый. Зашыфравана тут хіба што нацыянальнасць трох братоў-родзічаў, адзін з якіх названы Старшым братам, другі — Сярэднім, трэці — Меншым. Пісьменнік сумаваў, што ніхто Меншага брата не ведаў, хоць ён і песні спяваў, і казкі складаў.
"Выходзіў Меншы Брат у вечар на двор, браў сваю дудку, садзіўся на прызбе свае хаты і іграў. Па небе каціўся месячык, плылі белыя хмаркі. Зоркі, як сарамлівыя дзяўчаткі, пазіралі на зямлю праз белыя, тонкія хмаркі і слухалі Меншага Брата, як граў ён на дудцы. I ціха было на сэрцы, як ціха была сама ночка. І думкі, як тыя хмаркі, лёгка радзіліся ў сэрцы і плылі яны невядома куды, далёка-далёка, уміралі ціха-ціха, як паволі раставалі і белыя хмаркі ў небе. Толькі пугач і сава жудасным крыкам сваім будзілі ад шчаслівых думак Меншага Брата. Ён прачынаўся, як ад сну, і думкі другія, думкі нядолі калолі яму сэрца "4.
Калі ўсё ў алегорыі лёгка пазнаецда, то навошта "Казкі жыцця"? На самай справе ўсё далёка не проста. Не адналінейны, не адзіны адказ вынікае з большасці алегорый. Жыццё складанае, мнагалучнае. Чалавек не толькі не ведае, як, дзеля чаго створаны свет, у якім ён жыве, але не ведае законаў ні грамадскага, ні нават асабістага жыцця.
"Казкі жыцця" напісаны, каб узбудзіць думку чытача, каб паказаць тое, што ён ведае і яшчэ ў большай ступені тое, пра што не ведае і нават не здагадваецца.
Многія навелы пачынаюцца пейзажнымІи малюнкамі. Вось, напрыклад, казка "Чыя праўда?".
“Дубы шумелі аголенымі лапамі. Гэтым шумам-гулам спатыкалі яны кожную вясну. Была ў гэтым шуме радасць адноўленага жыцця, але чулася ў ім калі-нікалі і нейкая глухая, затоеная трывога. Толькі ж гэтая трывога не пакідала глыбокага следу на твары магутных дубоў. Кожны новы дзень вясны, кожны погляд сонца дадавалі столькі дабраты, столькі хараства, што не хацелася і ў думках трымаць гэту няясную трывогу. Патыханне цёплага веснавога ветрыку ў маладзенькіх дубовых лісточках, яго вясёлая гутарка з імі рабіла дубы нават шчаслівымі" (497).
Відаць, вобраз дуба як самага велічнага дрэва запаў у душу пісьменніка яшчэ з дзяцінства. Пастушкі, падпаскі перш за ўсё бачылі перад сабой магутныя дубы. Як вырастае з жолуда дуб, дзе схавана сіла, якая гоніць крону дуба пад самыя аблокі, як здарылася, што веліканы ацалелі на працягу стагоддзяў, дапытліваму падлетку не адкажа ніхто. Таму дубы ў прыватнасці, а лес у цэлым ахутаны флёрам таямнічасці.
Беларусы – лясны народ. Лес уплывае на менталітэт беларуса, на яго характар, лад думання. Нездарма адзін з даследчыкаў "Казак жыцця" I. Чыгрын сцвярджаў: "Творы гэтыя – квінтэсенцыя роздуму беларускага пісьменніка пра свет і зямлю, пра свой час, бацькаўшчыну, народ, пра чалавека". I далей: «Унутраная жанравая блізкасць "Казак жыцця" да народных казак пра жывёл і расліны лёгка падмацоўваецца ўзаемным падабенствам вонкавага выражэння ідэйна-мастацкай сутнасці твораў»5.
Дазвольце аўтару гэтых радкоў вярнуцца да сваіх успамінаў. Калісьці ў дзяцінстве мне трапіла ў рукі выданне, на тытульнай вокладцы якога быў намаляваны бусел, абведзены лініяй накшталт круга. Пасля прачытання кнігі (гэта было ў малодшых класах школы) я падумаў: "Пісьменнік піша пра тое, сярод чаго мы жывём, але добра не ведаем".
Падобныя думкі ўсё часцей з'яўляюнца ў друку. У артыкуле "Праблема нацыянальнай інтэлігенцыі ў алегарычных творах пісьменніка" А. Гу-рыновіч піша: "Такім чынам, зварот класіка да расліннай алегорыі выглядае як з'ява і традыцыйная, і наватарская. Відавочна, што пісьменнік стварае сістэму вобразаў, якія ілюструюць мысленне беларуса (камень, крынічка, адзінокае дрэва, возера, рэчка)"6. Мусім дадаць, што на такіх прыкладах пабудаванае Коласава "Другое чытанне для дзяцей беларусаў".
Як бачым, пытанне пра алегарычныя творы Якуба Коласа перарастае ў штосьці большае, што датычыць аблічча роднага краю, як духоўнага, так і матэрыяльнага, ці на сёння экалагічнага.
Некалі Максім Багдановіч заклікаў беларускіх пісьменнікаў тварыць у духу, навеяным навакольнай прыродай. Для Беларусі – лес, балота, камяні-валуны, азяркі, рэчкі.
Аўтар дадзенага артыкула імкнецца расшыфраваць алегарычны змест "Казак жыцця".
Калі ў алегорыі "Чыя праўда?" самы мудры дуб тлумачыць астатнім, што над усімі імі лунае прывід смерці (рака падступае да паласы дубоў, і хутка яны ўсе апынуцца на яе дне) і што "лепш быць няшчасным, але відушчым, чымся шчаслівым ды сляпым", то гэтыя словы варта хутчэй аднесці да людзей, чым да дубоў. Бо што могуць дрэвы? А людзі, тым часам, нешта могуць зрабіць.
У прамым сэнсе падобная сентэнцыя гучыць як недарэчнасць. Скажы чалавеку дакладаны час, калі ён памрэ, то жыццё страціць для яго ўсякі сэнс, няхай яму засталося хоць сто гадоў.
Расейскі байкапісец Іван Крылоў, пішучы байкі, меў перш за ўсё асветніцкія мэты, Якуб Колас выбраў іншую форму – апавяданне, але задача засталася тая самая. Колькі ён знайшоў аб'ектаў менавіта ў лесе, на балоце, каля рэчак і крыніц, якія сталі прадметам паэтызацыі.
Якуб Колас абараняў інтарэсы роднага краю. Вельмі выразна гэта відаць у навелах "Xмарка " і "Даль". Да апавядання "Хмарка" ў якасці эпіграфа ўзяты Купалавы радкі "Не шукай ты шчасця, долі / На чужым далёкім полі". Можна быць абыякавым да лёсу роднага краю і так пражыць жыццё, але яно будзе пустое, бязмэтна растрачанае.
Дарэчы, тэма "Хмаркі" сур'ёзна хвалявала пісьменніка. У гэтым сэнсе ён задумваўся над арыгінальнасцю ўсёй светабудовы.
У паэме "Сымон-музыка" ёсць матыў "блукаючага промня". Сонца паслала промень абагрэць, асвятліць зямлю, але ён збіўся з дарогі і бязмэтна блукае ў пустэлях сусвету. Вось вам і "мужыцкая", сялянская літаратура. Як бачым, яна свядома ставіць перад сабой філасофскія пы-танні. Невядома, што адказалі б на гэта прыхільнікі экзістэнцыялісцкай тэорыі з іх правам на ўнутраную свабоду кожнай асобы.
Выклікае да сябе цікавасць "казка" "Што яны страцілі". Па-першае, чаму "казка"? Хіба астатнія алегарычныя навелы не казкі?
Справа, магчыма, у тым, што пісьменнік узяў знаёмы ўсім калектыў, а менавіта, літаратурнае аб'яднанне "Маладняк", яго адносіны з якім былі не зусім гладкія. Тут старэйшы пісьменнік даў бой літаратурнаму, эстэтычнаму верхаглядству.
Як і шэраг твораў, Я. Колас пачаў апавяданне з апісання нейкага зямнога "эдэма". "Каму прыходзілася хоць раз пабачыць гэты куточак, той напэўна не забудзе яго ніколі. Гэта быў акраек лесу, таго самага лесу, дзе і цяпер стаяць такія слаўныя дубы.
Не ведаю, як каму, а маім героям, аб якіх павядзецца гутарка, жылося тут незвычайна весела" (525).
Кампанія, якая жыве ў гэтым прыгожым, маляўнічым кутку, таксама дужа паважаная. Акрамя старога дуба і дзвюх хвой, бачым у складзе ўдзельнікаў дыскусіі, калі можна так сказаць, бабку цёмнакрылатку, ластавачку, матылька, чарнавокага коніка, авадня, даўганосага камара, мурашку, шэршня, жука-гнаявіка. Усе яны навыперадкі выказваюць погляды наконт сэнсу жыцця і шчасця. Няцяжка пераканацца, што сабралася кампанія балбатуноў і марнатраўцаў.
Нездарма казка напісана ў 1924 г. Гэта якраз самы актыўны перыяд дзейнасці створанага ў 1923 г. "Маладняка", год яго дэкларацый.
Менавіта выказваннямі пра радасць і шчасце жыцця запоўнена ўся прастора навелы. "Ластавачка крута ўзвілася над возерам, у імгненне вока апісала дужку, ледзь чыркнуўшы вострым канцом крыла па вадзе, ад чаго па возеры пабеглі срэбраныя абручыкі.
–       Ах, як гэта прыгожа! – зноў прамовіла бабка. – Паглядзі, як бягуць, калышуцца роўненькія кругі па вадзе! I гэта ты прывяла ў рух такое вялікае возера?! Дзіўная справа! I колькі хараства на свеце! Ці не праўда, ластавачка: жыццё – гэта самае большае шчасце на зямлі!
–       Таму ж усе мы, зелянушка, любім жыццё, – зашчабятала ластавачка.
–       Ведаеш, якая мне прыйшла думка? Мне здаецца, што большага не можа быць шчасця, як адчуваць кожны момант, што ты вольны, можаш рабіць, што захочаш, можаш ляцець, куды табе зажадаецца" (526).
Ластавачка яшчэ дадае да сказанага, што "шчасце можа быць поўным толькі тады, калі ўсе вакол цябе адчуваюць сябе шчаслівымі"'. 3 гэтым цалкам пагаджаецца зяленая жаба, даўганосы камар дагматычна-бюракратычным тонам кажа пра неабходнасць у адчуванні шчасця мудрасці, весялосці, волі і агульнай згоды.
Ёсць, вядома, у гэтай балбатлівай дыскусіі і цвярозыя галасы. Авадзень, напрыклад, лічыць, што шчасця не можа быць "калі жывот будзе трубіць жалобу пустаты". Мурашка зазначае, што шчасце – гэта найлепшае выкананне волі калектыву. Жук-гнаявік, які ў вясёлай кампаніі з'явіўся быццам выпадкова, пахваляецца, як слаўна ён папрацаваў, і лічыць гэта за шчасце: "Эх, браткі, слаўна! Эх, слаўна! – выгукваў жук. – Ну ж і папрацаваў я, ну ж і пашанцавала мне! Шэсць ям выкапаў я! А колькі дабра нанасіў туды! Колькі скарбу!.." (530).
Зрэшты, пасля вясёлых воклічаў наконт радасці жыцця, разлітай у наваколлі прыгажосці, удзельнікі вясёлай кампаніі адно за адным пачалі змрачнець. Хмельнае захапленне закончылася. I, як вытлумачыў мудры дуб, "хоць ён у школу вучыцца не хадзіў і педагогікі не праходзіў", "толькі тая веда робіцца нашым сталым здабыткам, калі мы даходзім да яе, здабываем яе самі" (532).

Не ў брыво, а ў вока. Так біў старэйшы пісьменнік па маладнякоўскім верхаглядстве, пустазвонстве і ўнутранай пустаце. І нездарма назваў нвелу не "Казка жыцця", а проста "Казка".Іван Навуменка.

Уладзімір Жылка

Іван Навуменка

Імя Уладзіміра Жылкі, таленавітага, яркага паэта, мала вядомае шырокаму чытачу. Так склаліся жыццёвыя абставіны, такі быў час, у які яму давялося выступаць з паэтычнымі творамі.
Сам паэт, як здаецца, не асабліва імкнуўся падрабіцца пад суровы, авеяны подыхам рэвалюцыйнага змагання час.
Уладзімір Адамавіч Жылка нарадзіўся 27 мая 1900 г. у вёсцы Макашы, размешчанай непадалёк ад станцыі Гарадзея, якая з'яўляецца апошнім чыгуначным пунктам на шляху ад Мінска да старажытнага Нясвіжа. Бацька паэта быў патомны селянін, які пайшоў працаваць у гандаль (у апошні час – царкоўны) і перабраўся ў Мінск.
Школы ў Макашах не было. Вучыўся будучы паэт дома, потым наведваў царкоўнапрыходскую школу ў Гарадзеі. Пазней Уладзімір Жылка вучыўся ў гарадскім вучылішчы ў Міры, а пачынаючы з 1914 г. – у Багародзіцку Тульскай губерні, у агранамічным вучылішчы, дзе былі больш-менш спрыяльныя ўмовы для дзяцей небагатых бацькоў.
Няма дакладных звестак, калі сям'я Жылкаў вярнулася на Беларусь, але ў 1916 г. Уладзімір закончыў Слонімскую вышэйшую пачатковую школу. Нейкі час займаўся ў Ковенскай сельскагаспадарчай вучэльні. Як бачым, схільнасць да вандроўніцтва ў У. Жылкі назіраецца яшчэ ў юным узросце.
Кастрычнік 1917 г. Уладзімір сустрэў у Мінску. Беларуская мова ўпершыню загучала на шумных сходах, мітынгах. Юнак з галавой кідаецца ў стыхію рэвалюцыйных падзей.
У пачатку 1918 г. У. Жылка працаваў аграномам у дзяржаўнай гаспадарцы, што размяшчалася за прыгарадам Мінска – Старажоўкай (там, дарэчы, займаў пасаду ўпаўнаважанага па кіраўніцтве сканфіскаваным маёнткам Міхась Чарот).
У Мінску Уладзімір Жылка знаёміцца з Змітраком Бядулем, Ядвігіным Ш., Ігнатам Дварчанінам, Леапольдам Родзевічам. Паэт-юнак адважваецца нават завязаць асабістыя стасункі з Янкам Купалам. Купала не грэбуе завітваць у хату да Жылкаў, вядзе размовы з маладым паэтам і ягонымі бацькамі.
На Беларусі рэвалюцыйны час асабліва вызначаўся супярэчлівасцю. На тутэйшай зямлі грымелі баі першай сусветнай вайны. Значная частка насельніцтва падалася ў бежанства. Вайна развеяла па свеце нешматлікіх пісьменнікаў – абуджальнікаў нацыянальнай свядомасці.
Тым часам хваля за хваляй Беларусь захліствалі іншаземныя акупацыі. Семнаццацігадовы Жылка ў снежні 1917 г. прысутнічаў на Усебеларускім з'ездзе, разагнаным бальшавіцкімі ўладамі. Вярнуўшыся дамоў, малады паэт выказваў нават захапленне бальшавікамі: «Колькі іх? Жменька. А якія смелыя! Сказалі "Расходись" – і ўсе пайшлі. Сяляне гамоняць: "А нам што, абы зямля дарэмная!"»1.
Вядома, нельга сцвярджаць, што будучы паэт прасякнуўся ідэямі Кастрычніка. Як сведчаць пазнейшыя вершы, ягоныя палітычныя сімпатыі яшчэ не вызначыліся. Дый увогуле Уладзімір Жылка, як некалі Максім Багдановіч, якога ён лічыў сваім настаўнікам, не імкнуўся крочыць пад сцягам якой-небудзь пэўнай партыі. Хоць рэвалюцыі спачуваў прызнаваў яе вызваленчы характар для ідэйных народных мас.
У лютым 1920 г. Уладзімір Жылка захварэў на сухоты. Яго непрацяглыя кантакты з Янкам Купалам перапыніліся (паэта ў горадзе не было, ён паехаў у вёску да маці). 3 творчых асоб Жылку наведваў толькі Міхась Чарот, які ў той час стаяў на агульнапатрыятычных пазіцыях.
Падлячыцца і падкарміцца ён паехаў на радзіму бацькі – у вёску Клецішча, што на Случчыне. У хуткім часе перабраўся да матчынай радні ў вёску Падлессе. Родзічы сустрэлі яго вельмі прыхільна, і тут ён акрыяў душой.
Тым часам, паводле Рыжскага дагавору, мяжа надвое падзяліла жывое цела Беларусі. Падлессе апынулася пад Польшчай.
Уладзімір Жылка не стаяў убаку ад рэвалюцыйнай барацьбы, якая разгарнулася ў Заходняй Беларусі. Іншая справа, слабое здароўе не дазваляла яму актыўна ўдзельнічаць у гэтай барацьбе. Па палітычных сімпатыях паэт хіліўся да левых эсэраў, якія ў свой час былі саюзнікамі бальшавікоў. Яго вабілі людзі, што змагаліся з ворагам, ён, як умеў, славіў усенародны вызваленчы рух супроць бела-польскай акупацыі.
Паэт з Падлесся пераехаў у Вільню. У дзень смерці Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) У. Жылка публікуе верш "Віхор", прысвечаны пісьменніку. 3 ягонага жыццяпісу ён вылучае толькі баявое юнацтва колішняга маскоўскага студэнта.
А ўвогуле верш з'яўляецца паэтычным вобразам "барацьбянай" Заходняй Беларусі, што апынулася пад пятой пілсудчыкаў:
Пара, пара дазнацца, зверыцца
Сваіх магутных сонных сіл!
Адважны хто спыніць намерыцца
Размах жыцця і творчы пыл?..

Дзе йдзем ? I дзе капцы канцовыя ?
Дзе ходу нашага мяжа?..
У адказ віхор пяе ўсё новае,
І лязіво блішчыць нажа!..
Уладзімір Жылка ў гэты перыяд аднолькава захапляецца Міхаілам Лермантавым, Адамам Міцкевічам, Персі Шэлі, Генрыкам Ібсенам. Яму ў вышэйшай ступені імпануюць іх агульначалавечыя гуманістычныя памкненні.
Але літаратурных сяброў паэт выбірае неразборліва, ідэйная ацэнка асобаў з тагачаснага інтэлігенцкага асяроддзя носіць часта эмацыйны характар. Сярод блізкіх яму людзей апынаюцца антыподы – Антон Луцкевіч, "прапаведнік здабывання ўлады і дзяржаўнай незалежнасці любымі сродкамі"3, і Ігнат Канчэўскі, аўтар кнігі "Адвечным шляхам", якая выйшла пад псеўданімам Т. Абдзіраловіч (Вільня, 1921). Яго дактрына "скіраваная супраць хітрых, ілжывых палітычных прагматыкаў – польскіх і заходнебеларускіх, якія выкарысталі святыя ідэалы адраджэння для кар'еры і нажывы"4. У Вільні Уладзімір Жылка знаёміцца з Максімам Гарэцкім, аўтарам "Гісторыі беларускай літаратуры". Гэта быў найбольшы для літаратурнай моладзі аўтарытэт.
Тут на паэта абрынулася лавіна ўражанняў, якія перапаўнялі ягоную паэтычную творчую душу. Тут ён нібы сустракаецца з жывой гісторыяй. Дарэчы, нешта падобнае здарылася ў свой час з Максімам Багдановічам. Вільня, асяродак беларускай культуры, старажытных традыцый, паспрыяла стварэнню многіх паэтычных шэдэўраў М. Багдановіча.
У віленскі перыяд жыцця У. Жылка таксама піша шэраг прыкметных вершаў, якія вылучаюцца ў ягонай творчасці. Напрыклад, "Люблю, не знаючы пуціны...", "Мы любім даўнія паданні..."і"Палімпсест".
Сустрэча з жывой гісторыяй ускалыхвае душу паэта. Дух рамантыкі ахінае ягоныя творы, як бы дае ім крылы, прыўзнятасць, нават экзальтаванасць.
Паэт разам з тым удзельнічаў у падпольнай рэвалюцыйнай барацьбе, ён звязаны з паўстанцкім рухам і не раз напіша баявыя, прасякнутыя верай у рэвалюцыю, у перамогу народа радкі.
Край абаронім грудзьмі
Ад панавання палацаў,
Вольнай, працоўнай сям'і
Ўспор красаваціме праца! (117).
Гімн беларускіх паўстанцаў.
Але Уладзімір Жылка меў далікатную душу мастака, вабіла яго перш за ўсё краса, прыгажосць ва ўсіх сваіх праявах. Тым часам паэт не раз трапляў у сілкі палітыканаў, як гэта было ў выпадку з палкоўнікам Езавітавым, былым камандзірам 1-га беларускага палка, які публічна абвінаваціў паэта ў тым, што "нібыта той знарок і свядома прычыніўся да арышту польскаю паліцыяй вядомай тады ў інтэлігенцкім асяроддзі эсэркі Палуты Бадуновай"5.
Паэт тады жыў у Дзвінску, дзе склаўся досыць актыўны цэнтр беларускага нацыянальнага руху "Бацькаўшчына". У. Жылка, відаць, з мэтай канспірацыі паступіў у апошні клас Беларускай гімназіі, якая вясной 1922 г. адкрылася ў Дзвінску. Грунтам беларускага нацыянальнага руху была Латгалія, у значнай сваёй частцы заселеная беларусамі. Там працавалі 46 беларускіх школ, настаўніцкія курсы.
Уладзімір Жылка жыў у сям'і дырэктара гімназіі Івана Ігнатавіча Краскоўскага. Дачка І.І. Краскоўскага Людміла ўспамінае: «У Даўгаўпілсе ён жыў у нашай сям'і. У. Жылка быў старэйшы за мяне не толькі гадамі, але і жыццёвым вопытам, таму ён меў на мяне ўплывы.
Ён займаўся галоўным чынам літаратураю, не толькі беларускімі, але і рускімі пісьменнікамі. У. Жылка пазнаёміў мяне з творчасцю тагачасных рускіх паэтаў. Падараваў мне кніжкі вершаў А. Ахматавай і М. Цвятаевай... Да цяперашняга часу я захавала сшытак, дзе я тады перапісвала вершы, якія мне найбольш падабаліся, – Блок, Бальмонт, Эрэнбург. 3 гэтых вершаў мы стараліся зразумець, якія напрамкі існавалі ў тагачаснай літаратуры. У. Жылка цікавіўся і французскай паэзіяй. Памятаю, што я яму перакладала вершы Ш. Бадлера з кніжкі Fleurs du mail"»6.
3 Дзвінска У. Жылка прыязджае ў Вільню. У асяроддзі дэмакратычнай інтэлігенцыі шырыцца недавер да хаўрусу лідэраў незалежніцкіх партый з буржуазнымі ўрадамі. Тут, у Вільні, паэт спатыкаецца з Леапольдам Родзевічам, з якім пазнёміўся яшчэ ў Мінску, бярэ ўдзел у выданні газеты "Наша будучыня". На старонках газеты, што рэдагаваў Л. Родзевіч, упершыню сустрэліся як супрацоўнікі Уладзімір Жылка і Уладзімір Дубоўка, якіх заходнебеларускія крытыкі неўзабаве паставяць поруч, называючы "надзеяй і будучыняй роднай паэзіі"7.
Лірычны герой віленскіх вершаў, напачатку не заўсёды добра апрацаваных, часам шурпатых, "узвіхраных", нібы імкнецца спасцігнуць загадкі гісторыі, хоць краем вока ўбачыць таемныя абрысы будучыні роднага краю.
І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;

Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таемны тояць жах,
І ці не светлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях? (30).
Люблю, не знаючы пуціны... (1921).
Майстэрства паэта расце. Уладзімір Жылка ў віленскі перыяд жыцця выяўляе сябе тонкім лірыкам. Празрыстыя лірычныя рэмінісцэнцыі нараджаюцца адна за адной, льюцца, часам спатыкаючыся, але нястрымна, як хвалі імклівай ракі. Вершы гэтыя амаль усюды маюць галоўным матывам развагі пра радзіму, яе мінулае і будучыню.
Мы любім даўнія паданні,
Быліцы сівых песняроў.
Няхітры іх апавяданні
Аб справах мінулых часоў.

Але нам будуць ўсё ж мілейшы
Часы, калі з нізін, балот
3 надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых
Устане ўзбуджаны народ (27).
Мы любім даўнія паданні... (1921).
Лірычныя згадкі далёкага дзяцінства, а найбольш кахання, лёгкія, ажурныя збудаванні, у якіх месцяцца і партрэт старога дзеда ("Дзед"; 1921), і любаванне першымі вясновымі кветкамі ("Пралескі"; 1921), а найбольш тое, што павінна быць зместам лірыкі, – духоўнае, душэўнае жыццё, філасофія, каханне ("Незразумелае"; 1921), пейзажныя вершы, некаторыя з якіх перагукваюцца з грамадскімі падзеямі заходнебеларускай явы пачатку рэвалюцыйных 20-х гг., – вось далёка не поўны пералік таго, што трапляе ў кола ўвагі маладога паэта. Дыяпазон яго дачыненняў з жыццём шырокі. Большасць гэтых паэтычных медытацый маюць лірычны, ледзь улоўны змест. Іх нельга пераказаць звычайнымі празаічнымі словамі. Як, напрыклад, "Як ўсё ў жыцці..." (1921):
Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна
Мінула ў вечнасць назаўсёды.
Памножыла тугу й нягоды,
Як ўсё у жыцці, яшчэ вясна...
Душы ж як бы чагосьці шкода,
А думка за адной адна:
Ў тваім жыцці яшчэ вясна
Мінула ў вечнасць назаўсёды (37).
Мова лірыкі адмысловая. Лірычным вершам не супрацьпаказаны малюнкі, эпічныя штрыхі, якія, аднак, часта завяршаюцца ў чыста лірычнай манеры. Вось верш "Сёмуха" (1921):
Начыста змецены і вуліцы й двары,
Ля ганка і варот паўбітыя бярозкі —
Сягоння Сёмуха, сягоння свята вёскі,
I весялейшае не знойдзецца пары.

Пагодны, ясны дзень. У полі і ў бары
Паветра хмельны пах, смяюцца сонца коскі,
А ў хаце бел абрус, падходны блін – дар Боскі
I  шчасцем свецяцца мужычыя твары.
Вельмі лагічны лірычны пасаж, як бы спраецыраваны ў будучыню:
І веру радасна я болей, чым калі,
Ў вялікі лёс і шлях Радзімае зямлі:
Абуджаны народ быліц дазнае сказ —

Узрушыць як адзін пры свеце бліскавіцы.
Прыйдзі хутчэй!Я жду  цябе, жаданы час.
Дай думам сёмушным і казкам дай
здзяйсніцца (37).
У 1921 – 1922 гг. У. Жылка піша шэраг вершаў, падобных да якіх, бадай, не было ні ў аднаго беларускага паэта на той і на гэты бок мяжы, што надвое разрэзала зямлю Беларусі. Нягледзячы на рэвалюцыйныя сутычкі, якія не перапыняліся ні на дзень, дыхаюць гэтыя вершы алімпійскім спакоем, ураўнаважанасцю думак і пачуццяў, мірнай цішынёй.
Калі У. Жылка ставіў за мэту выяўляць агульначалавечыя пачуцці, то ў найбольшай ступені ён здзейсніў свае намеры менавіта ў гэтым цыкле, дзе знаходзім такія празрыстыя, лёгкія медытацыі, як "Скажы", "Чырванее заход ад марозу", "Душа мая тужлівая...", "Вечарам", "Вецер", "Туман".
Лёс падараваў паэту, які ўжо насіў у грудзях грозную хваробу, як некалі М. Багдановічу, на нейкі час роўны, ціхамірны настрой, і нарадзілася паласа яркай, пераважна пейзажнай лірыкі. Тоны тут прыглушаныя, няма нічога крыклівага, толькі даверлівая інтанацыя, вывераная адпаведна матыву радка, праўдзівасць малюнка, дэталяў. Яшчэ ідуць баі, сыходзяцца ў кровапралітных сутычках непрымірымыя варожыя станы, але паэт быццам не чуе нічога, ён як бы знаходзіцца ў нейкім невядомым асяродку, размешчаным па-за часам і прасторай, чуе, адчувае толькі вецер, бачыць "неба сіняе", "зорную выш", расу, туман.
Вецер ўварваўся праз весніцы,
Пыл на дварэ крутануў.
"Вер, што жаданае здзейсніцца",
Ласцячы вуха, шапнуў.

Шпаркі і смелы ў захопленні,
Лёгка праскочыў праз плот,
Штось зашумеў між каноплямі,
Борзда мінуў агарод.

Там жа, дзе жыта з пшаніцаю
Спеляць свае каласы,
Блытаў, віхрыўся дурніцаю
I перабег на аўсы.

Лесу пабачыўшы цёмнага
Хмура-задумны аблік,
Быццам спужаўся таёмнага,
Сцішыўся, зменшыўся, знік... (39).
Вецер (1922).
Чытаючы такі дасканалы па змесце і форме верш, не варта думаць-гадаць, да якой палітычнай партыі належаў аўтар, бо гэта не мае сэнсу. Гэта ўзор паэтычнага мыслення, дакладнага, праўдзівага, адухоўленага.
Ідылія, аднак, працягвалася нядоўга. Яна была проста перадышкай у змаганні.
Бывайце! Ізноў мне ўсміхаюцца далі,
І сонца ў крыві і пястуе валоссе.
Забыўся я дома нудоту і жалі,
I ў свеце – мне сніцца – ліхое звялося (41).
Раніцаю(1922).
Толькі ліха не звялося. I не можа паэт бясконца знаходзіцца ў вежы са слановай косці. Таму
Ізноў пытанні... 3 глуму,
3 бяды ўстаюць ў кляцьбе
I не магу не думаць,
Край родны, аб Табе... (41).
Ізноў пытанні... (1922).

Адказаў на многія пытанні Уладзімір Жылка шукае ў сусветна вядомых паэтаў і пісьменнікаў.
GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов