КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

ФЕНОМЕН МАСТАЦКАЙ ИНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ

 

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 >>>

Агляд творчасці Івана Навуменкі

Людміла Піскун

I

Пачатак творчасці Івана Якаўлевіча Навуменкі прыпадае на 50-я гг. «Амаль кожны празаік гэтага часу прыйшоў са сваёй тэмай, тым, што яму балела і не давала спакою, пра што ён не можа маўчаць». Для творчасці I. Навуменкі такой тэмай стаў мастацкі паказ высокай чалавечай духоўнасці і вялікай грамадзянскай актыўнасці семнаццацігадовых юнакоў і дзяўчат у час Вялікай Айчыннай вайны.
Жыццёвы і творчы шлях Івана Навуменкі тыповы для яго пакалення. Нарадзіўся будучы пісьменнік 16 лютага 1925 г. У мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне. 3 усяго, што запала ў дзіцячую душу, найбольш запомніліся птушкі і кнігі. Птушак прыносіў дамоў, бо хацеў пачуць іх спеў, а потым выпускаў на волю. Цягу да выключнага, незвычайнага падтрымлівалі творы Івана Тургенева, Льва Талстога, Жуля Верна, Майна Рыда, Аляксандра Дзюма. На вучобу глядзеў як на вялікую, адказную справу. За адзін год закончыў два класы – восьмы і дзевяты.
Спрабаваць пісаць пачаў вельмі рана: «Памятаю, першы верш ну, вядома, нават не вучнёўскі, а нешта такое дзіцячае напісаў яшчэ ў другім класе» 2.
У гады вайны Іван Навуменка быў сувязным падпольнай  камсамольска-маладзёжнай арганізацыі «За Радзіму», байцом партызанскай брыгады, прымаў удзел у баях пад Ленінградам, ва Усходняй Прусіі і Сілезіі.
Пасля вызвалення Беларусі шэсць гадоў працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты і рэспубліканскай газеты «Звязда». Жыццевы вопыт назапашваўся падчас паездак па раёнах, сустрэчаў з людзьмі. Толькі за адзін 1949 г., напрыклад, напісаў і апублікаваў каля ста допісаў, замалёвак, нарысаў пра калгаснікаў і працоўных Мазырскага, Васілевіцкага, Калінкавіцкага раёнаў. За гэты перыяд будучы пісьменнік змясціў у друку рэцэнзіі на кнігі Піліпа Пестрака, Алеся Ганчара, Аркадзя Куляшова, Івана Мележа, Тараса Хадкевіча, Анатоля Вялюгіна і літаратуразнаўчыя артыкулы пра Янку Купалу і Якуба Коласа.
У 1948 г. Былі надрукаваны вершы Івана Навуменкі «Брыгадзір» і «3орка», аднак сапраўдным яго прызваннем   паэзія   не   стала.   Прыход у літаратуру з журналістыкі быў невыпадковы, бо ўжо ў першых апавяданнях будучага пісьменніка, якімі ён зрабіў «добры запеў» (Б. Бур’ян), шчырая ўзнёсласць і грамадзянскасць бяруць верх над вузкай сузіральнасцю і апісальнасцю.
Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1950) і аспірантуры пры ім (1954) працаваў загадчыкам аддзела прозы рэдакцыі часопіса «Маладосць». Выкладаў беларускую літаратуру і загадваў кафедрай беларускай літаратуры ў БДУ (1958-1973). У 1973-1982 гг. I. Навуменка – дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, у 1982-1991 гг. – віцэ-прэзідэнт АН Беларусі.
Першыя празаічныя творы I. Навуменка надрукаваў у трыццацігадовым узросце. У 1957 г. Выходзіць першая кніга пісьменніка «Семнаццатай вясной», якую складаюць апавяданні «Семнаццатай вясной», «Трое з зялёнай будкі», «Эх, махорачка...». Услед за ёй – зборнікі апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Таполі юнацтва» (1966; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), «Вераніка» (1968).
Пісьменнік хутка заваяваў прызнанне чытачоў і крытыкі. У ранніх апавяданнях ён закранае многія маральна-этычныя праблемы таго часу, сцвярджае ідэю чалавечнасці. У першым зборніку апавяданняў адлюстраваны духоўны свет і лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час. Творы вылучаюцца вернасцю праўдзе жыцця, мяккім лірызмам, майстэрствам мастацкай дэталі, лёгкім гумарам, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет герояў.
Іван Навуменка не ідэалізуе сваіх герояў: яны бываюць наіўнымі і рамантычнымі, сур’ёзнымі і смешнымі. Пісьменнік імкнецца раскрыць іх маральны патэнцыял, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя агульнай справы, Кампазіцыйна раннія апавяданні пабудаваны традыцыйна: лірычны герой расказвае пра жыццё сваіх «сяброў-равеснікаў», першае юнацкае каханне. Такі лірыка-медытацыйны прынцып дазваляе глыбей выявіць разважанні аўтара «пра час і пра сябе», перадаць рамантыку таго часу.
Эмацыянальная прыўзнятасць зачыну апавядання «Семнаццатай вясной» спалучаецца з добразычлівай усмешкай, лірызмам: «Мне ішоў семнаццаты год. Мая семнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу. Даўно ўжо з усіх кветак я найбольш палюбіў бэз» 3.
Паэтычная дэталь – вобраз бэзу – праходзіць праз усё апавяданне, надаючы яму завершанасць і выразнасць: з лейтматыўнага сэнсавага абрамлення вобраз бэзу становіцца «кандэнсатарам» аўтарскай ідэі. Менавіта такую накіраванасць атрымлівае гэтая мастацкая дэталь, якая дапамагае сцвердзіць, вылучыўшы на першы план, гуманізм, усепераможную любоў, усвядоміць сябе чалавекам вялікага свету, чалавекам Зямлі.
У той грозны ваенны час моладзь не ўяўляла сабе, што можа быць спакойнае жыццё, танцы ды дзяўчаты, хаця і не пакідала сваіх сардэчных спраў на час пасля вайны, калі да каго-небудзь з іх прыходзіла сапраўднае пачуццё. «Першым здрадзіў нашай агульнай справе я. У гэты час, калі ішла вайна, калі там, на фронце, паміралі сапраўдныя героі, я, чалавек, які не зрабіў у жыцці яшчэ ніводнага подзвігу, закахаўся самым ганебным чынам» 4.
Лірызм вобразна-стылёвай манеры аўтара дынамічны: ён можа быць дастаткова глыбокім нават у межах аднаго апавядання, што слушна падкрэсліў Рыгор Сіненка: «На дзесяці старонках апавядання аўтару ўдалося псіхалагічна матывавана паказаць цэлую гаму пачуццяў і настрою героя». Герой апавядання, пакахаўшы «белую тоненькую дзяўчыну» ў такі нядобры час, крыху разгубіўся, не знаходзіў выйсця «са свайго становішча». Ён то кідаецца ў празмерную крайнасць, уяўляючы сябе ў розных геройскіх ролях і мяркуючы такім чынам спадабацца Стасі: «Вось я на вачах у дзяўчыны забіваю нямецкага каменданта, забіваю Кірылу Сёхмана, забіваю цэлы дзесятак фашыстаў, нарэшце, падаю забіты сам...» 6 То прыдумвае «выхад адзіны, які толькі мог быць на свеце», калі, надзеўшы бацькаў сіні касцюм, хоча трапіць на вочы сваёй выбранніцы. Аднак замест спаткання яму прыходзіцца ісці на дыверсію... Вялікую радасць герою прыносіць і тое, што яго абранніца сэрца Стася, якая жыве «ў аптэцы, у доміку, схаваным у засені бэзавых кустоў», мае адносіны да агульнай справы: «Тоненькая белая дзяўчына паўставала цяпер у маіх вачах у нейкім новым, казачным святле. У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз» 7 .
Лепшыя якасці характараў Цімоха, ад імя якога вядзецца апавяданне, Міколы і Сымона Біцюгоў, Стасі раскрываюцца не толькі праз пачуцці, юнацкі максімалізм, але і ў канкрэтных справах (героі падрываюць невялікі масток, каб затрымаць рух нямецкіх цягнікоў на чыгунцы). «Шчырае, чалавечае і павучальнае гэта апавяданне «Семнаццатай вясной»8, якое можна лічыць пачаткам сталага творчага асэнсавання тэмы ваеннага пакалення семнаццацігадовых, пра што сведчыць сама назва.
Героі іншых твораў Івана Навуменкі Вераніка, Слава («Вераніка»), як і Цімох, Стася, Мікола і Сымон Біцюгі («Семнаццатай вясной»), Цішка Дрозд і яго сябры («Эх, махорачка...»), Гараська («Сідар і Гараська»), Саша Пецік («Трое з зялёнай будкі»), у многім дапаўняюць адзін другога, а ў цэлым – ствараюць вобраз маладога пакалення таго часу.
Лірызм вобразна-стылёвай манеры пісьменніка, рамантычная прыўзнятасць відавочна выяўляюцца і ў мастацкім паказе карцін прыроды («Па грыбы», «Верасы на выжарынах...»). Тут і адухаўленне прыроды, яе першароднай прыгажосці. 3 філасофскага зачыну, які настройвае чытача на хвалю рамантычнага ўспрымання жыцця, пачынаецца апавяданне «Верасы на выжарынах»: «Вочы, вушы, сэрца, гарачая кроў ёсць у звяроў, у птушак, у жывёл, а мара толькі ў аднаго чалавека» 9. Лес у I. Навуменкі – «сведка», «сябар» і «таварыш», ён ніколі не абыякавы да чалавечых радасцей і смутку, лес «чуйна адклікаецца» на падзеі-перыпетыі чалавечага жыцця.
Для навуменкаўскіх герояў прырода, лес – гэта чароўны свет, поўны таямнічасці, прыгажосці, дзе юнака пакідае смутак, фізічны і духоўны боль, дзе пачуцці «каханне», «радасць жыцця»  перапаўняюць  душу.  Таму  так невыносна балюча бачыць, як рукамі гвалтоўна сагнаных людзей фашысты знішчаюць гэты лес.
На старонках многіх твораў Івана Навуменкі ў розных варыянтах выяўляецца адзін і той жа тып героя, перш за ўсё юнага грамадзяніна, рэальнага чалавека, носьбіта нацыянальнай свядомасці. Навуменкаўскі герой інтэлектуальна ўзброены: ён любіць кнігі, разумее каштоўнасць ведаў. Безумоўна, за ўсім гэтым бачыцца прамая сувязь паміж здольнасцю пісьменніка ствараць мастацкія характары і глыбінёй яго ўласных адчуванняў.
Лірычны герой з апавядання «Месячная ноч», выступаючы перад дзяўчатамі ваенізаванага чыгуначнага атрада, расказвае пра кнігі, пра пісьменнікаў, пра тое, што пасля вайны паступіць на літаратурны факультэт. Ён дэкламуе вершы Пушкіна, Блока, Ясеніна, Купалы, Багдановіча.
Прастадушная, даверлівая інтанацыя ўласціва апавяданням «Соль», «У шалашах», «Сябры-равеснікі» (эцюд), «Ракеты над горадам». Пра апошняе трэба сказаць, што сама пабудова яго, сам расказ, які ўкладзены ў вусны разведчыка Грышы, адлюстроўвае яго духоўнае сталенне, служыць раскрыццю характару, вытокаў маральнай стойкасці. А значыць і больш глыбокаму ўспрыманню пазнавальных і эстэтычных каштоўнасцей, у аснове якіх аўтарскі жыццёвы ідэал, асабісты франтавы вопыт пісьменніка, таму ён і не прыдумвае сюжэты, а актыўна па-мастацку даследуе гістарычную праўду мінулага і па-мастацку чуйна рэагуе на патрэбы часу.
Не выдуманы сюжэт і апавядання «Мяшок белага наліву», якое выдзяляецца высокім гуманістычным пафасам.
Створаны аўтарам вобраз маці-гераіні канцэнтруе ў сабе тое лепшае, што звычайна называюць агульначалавечым, што па традыцыі пераходзіць з пакалення ў пакаленне: чалавечнасць, гуманнасць, якая ўзвышаецца над «клопатам пра сваю хату»... Бытавая дэталь – «мяшок белага наліву» – сімвалічна становіцца ўвасабленнем прыгажосці душы ўсіх жанчын-маці, на баку якіх сімпатыі пісьменніка і чытача.
У празаіка, якому ўласцівы пераважна лірызм вобразна-стылёвай манеры, паступова пачынае выяўляцца здольнасць ствараць эпічныя сюжэтна-кампазіцыйныя структуры. Ён схіляецца да прозы аб’ектывізаванай, якая ўлічвала б усе падрабязнасці акаляючага  жыцця.  У гэтым плане дастаткова нагадаць апавяданне «Іван ды Мар’я», у якім якраз і адлюстравана звычайная плынь жыцця, паглыбленая аналітычным мысленнем аўтара. Для гераіні твора галоўнае, каб не было няпраўды, хлусні. Праз вобраз Мар’і выяўляецца духоўны свет старэйшага пакалення вяскоўцаў.
Складаныя духоўныя праблемы вёскі ўзняты ў апавяданнях Івана Навуменкі «Вясновыя праталіны», «Дэлегаты з Бярэзнікаў», «Сельская ідылія», «Вяселле ў Палыкавічах», «Прыпяцкая зона», «Справа аб каноплях», «Валошкі ў жыце».
Сустрэча з роднымі мясцінамі – даволі традыцыйная матывацыя сюжэта, лаканічнасці яго ўвасаблення, дзе героі «вяртаюць» сябе ў абставіны, знаёмыя з дзяцінства, і сярод добра знаёмых людзей-землякоў пазнаюць сябе з нязвыклага боку («Тая самая зямля», «Мульменкаў сад», «Сярэбраныя мхі», «Грыбная зямля»).
Навуменкаўскія навелы «пра любую радзіму», «пра смак крынічнай вады дзяцінства» кранаюць навізной знаёмага матэрыялу. Малюнкі роднай прыроды схіляюць да роздуму Цімафея Рыгоравіча («Мульменкаў сад»), Станіслава Іванавіча («Грыбная зямля»), Васіля («Сярэбраныя мхі») пра сэнс жыцця, карані чалавека, што моцна трымаюцца той зямлі, дзе ён нарадзіўся, пражыў маладыя гады. Героі нібы зноў перажываюць усё тое, што пакінула ў свой час глыбокі след у сэрцы. Праз рэтраспекцыю даецца магчымасць параўнаць учарашні і сённяшні дзень вясковага жыцця.
У эпічных малюнках, характарах герояў бачны адметны аўтарскі погляд на жыццё, выяўляецца глыбокі філасофска-гуманістычны сэнс стваральнай місіі на зямлі чалавека працы.

ІІ

Дакладнае веданне вясковага побыту, здольнасць намаляваць карціну жыцця такой, якой яна ўспрымалася ў дзяцінстве (праз нейкія дробныя праявы, гульні, вучобу), спасцігнуць вялікі і глыбокі сэнс жывога беларускага слова – такія якасці выразна праяўляюцца ў аповесцях «Вайна каля Цітавай копанкі» і «Дзяцінства». 3 лёгкім гумарам, што падтрымлівае агульны давяральны тон у адносінах да галоўнага героя першага твора Якава-Якуба-Яшы Яскаўца, уводзіць аўтар чытача ў дзіцячыя перажыванні хлопчыка, якому, як лічыць сам герой, не пашанцавала на імя: «Мала нарадзіцца на свет чалавекам, у якога ўсё на месцы і ўсё па норме: дзве рукі, дзве нагі, галава, вочы. Да ўсяго да гэтага трэба мець яшчэ добрае імя»10. Падзеі ў аповесці разгортваюцца вакол Цітавай копанкі, за якую вядуць «вайну» хлопчыкі са Слабодкі і Першамайскай вуліцы. Непаразуменні паміж вуліцамі заканчваюцца перамогай Першамайкі, дзеці якой звязаны моцнай дружбай, цікавымі гульнямі і не менш цікавымі карыснымі справамі.
Памяць дзяцінства, часам нялёгкага, але цікавага, ідэя вяртання да народных вытокаў, каранёў, звычаяў, абрадаў, яднання чалавека і прыроды найбольш драматычна і завершана ўвасоблена ў аповесці Івана Навуменкі «Дзяцінства». Дабрыня, справядлівасць, сумленнасць, любоў да працы – якасці, якія найбольш цэняцца ў народзе, – павінны выхоўвацца ў дзецях. Аўтар зноў звяртаецца да тых каштоўнасцей, якія неабходна берагчы і памнажаць, якія і ў самыя цяжкія пераломныя гады дапамагаюць захаваць чалавеку прагу да жыцця.
У аповесці «Снежань» Іван Навуменка працягвае развіваць пазначаную ў апавяданнях праблему гераічнага характару. Прататыпам галоўнага героя твора з’яўляецца сам аўтар. Выкарыстоўваючы багаты біяграфічны і дакументальны матэрыял, пісьменнік не пазбягае і вымыслу, дае волю творчай фантазіі. Падзеі падаюцца так, як успрымае іх галоўны герой, з улікам яго ўзросту, маральна-этычнай і сацыяльнай сталасці. Іншыя дзеючыя асобы аповесці (Цішка Дрозд, Лявон Гук, Мікола Асмалоўскі і інш.) бачацца чытачу менавіта праз успрыманне героя-апавядальніка, з маральна-духоўных пазіцый якога вядзецца мастацкі паказ «ваенных» клопатаў мястэчка. Чытача пісьменнік уводзіць у атмасферу пачатковага перыяду вайны, знаёміць з падзеямі, якія адбываюцца з «сябрамі-равеснікамі» ў адным з куткоў акупаванай Беларусі. Героі паступова ўсведамляюць, што подзвіг – гэта не толькі страляць, забіваць ворага, гэта – і штодзённая вера ў сябе, у свае магчымасці быць карысным Радзіме ў хвіліны цяжкіх выпрабаванняў. Гэтае разуменне дазваляе ўчарашнім школьнікам абудзіць у сабе чалавечую годнасць, веру ў справядлівасць.
Імкненне Івана Навуменкі пісаць творы на аснове асабістага жыццёвага вопыту дазваляе яму ўлавіць тое, што называюць духам эпохі, характэрнасцю пакалення.
Галоўнай праблемай аповесці «Мой сябар Пятрусь» застаецца «чалавек і час». Пятрусь Цімашэнка, Мікола Забалоцкі, Грыша Паяльнік і лірычны герой-апавядальнік пры ўсёй сваёй неаднолькавасці поглядаў на жыццё маюць тое агульнае, што дае магчымасць бачыць іх як патрыётаў, якія па-рознаму прыйшлі да адной і той жа высновы, што з ворагамі трэба змагацца, а не сядзець склаўшы рукі.
Каб чытачу быў лепш зразумелы той «выбар», які зрабіў Пятрусь Цімашэнка,   адзін   з   герояў   аповесці, пісьменнік выкарыстоўвае героя-апавядальніка, якому «даручае» пошукі вытокаў, каранёў душэўнай раздвоенасці Петруся. А яны бачацца ў тым асяроддзі, дзе рос, выхоўваўся і вучыўся юнак. Яго школьныя сябры, аднакласнікі, блізкія і раней бачылі «ценявыя» рысы характару Петруся, але, прызнаючы ў ім талент, выключнасць, імкнуліся не заўважаць адмоўнага, даравалі яму. I ці не гэта пачуццё «выключнасці» ў сапраўды мужным чалавеку з’явілася ў рэшце рэшт прычынай яго душэўнай глухаты, якая пацягнула за сабою трагічныя вынікі?
У аповесці Івана Навуменкі на школьную тэматыку «Пераломны ўзрост», аповесці, якая застаецца вельмі актуальнай на сучасным этапе нацыянальнага адраджэння, створаны цікавы вобраз настаўніка. У характары настаўніка, як вядома, павінны спалучацца патрабавальнасць да сябе з высокай культурай адносін да школьніка, з тонкім адчуваннем дзіцячай псіхалогіі. Гэтых якасцей якраз і не хапае галоўнай гераіні – Агрыпіне Іванаўне. Аўтар не абмяжоўваецца сухой інфармацыяй пра асобу, а праз успрыманне вучняў, іх характарыстыку настаўніцы раскрывае сутнасць гэтага «педагога». На раскрыццё прафесійнай і маральнай бездапаможнасці Агрыпіны Іванаўны ўдала «працуюць» іншыя, не менш важныя фактары і найперш уведзены ў сюжэт аповесці вобраз Рыгора Канстанцінавіча, настаўніка, давер дзяцей да якога выяўляецца ўжо пры першым знаёмстве з ім. У многім ідэалізаваны (а іншым і не можа быць любімы настаўнік у летуценнікаў-школьнікаў), Рыгор Канстанцінавіч раскрывае багацце свайго духоўнага вопыту перад школьнікамі і ў пазаўрочны час. «Рыгор Канстанцінавіч быў заўсёды роўны, стрыманы, акуратны. Ён не мяняў сваіх поглядаў і рабіў заўсёды так, як гаварыў. Здавалася, што гэты чалавек выпраменьвае са сваіх вачэй нейкую разумную сілу, супраць якой не мог устаяць ніхто» 11.
Вобразы настаўнікаў Рыгора Канстанцінавіча і Апалінарыя Феактыставіча (апавяданне «Н астаўнік чарчэння») увасабляюць у сабе лепшыя рысы такіх духоўна выхаваных натур, для якіх галоўным з’яўляецца непарыўнасць слова і справы. Апалінарый Феактыставіч – увасабленне высокай духоўнай сталасці. «Словы свабода, кнігі і дзеці на лацінскай мове маюць блізкае гучанне,– натхняўся стары настаўнік,– лібэрас, лібэра, лібры... Гэта ж так лёгка запомніць...» «Вам трэба думаць не толькі пра гэтыя чарцяжы... пара ўжо кожнаму з вас зрабіць для сябе чарцёж усяго будучага жыцця. Але ў гэтым вам лепш за мяне дапаможа Авідзій... Апалінарый Феактыставіч пачынаў чытаць Авідзія...» 12
Духоўнае жыццё грамадства, сацыяльна-псіхалагічныя зрухі ў ім I. Навуменка імкнецца адлюстраваць праз характары інтэлігенцыі, прадстаўнікамі якой выступаюць будучыя настаўнікі, і праз характары працавітых умельцаў з вялікай сям’і хлебаробаў. Ці піша ён на тэму вайны, ці на сучасную тэматыку, галоўны клопат пісьменніка – каб у наша заўтра ішоў чалавек, узброены інтэлектуальна, маральна і эстэтычна, чалавек, верны асновам народнага жыцця.
Змест аповесці «Бульба», яе жыццёвая сфера – паездка будучых настаўнікаў-філолагаў у падшэфны калгас. Кампазіцыя твора вельмі своеасаблівая: дваццаць адна навела аб’яднана агульнай назвай «Бульба». Кожная навела мае свой загаловак: «Ты дзівак, Шэкспір...», «Дыскусія – рухавік прагрэсу», «Дзень першы Сашы Красуцкага» і інш. У аповесці пераважае хранікальны прынцып кампазіцыі з устаўнымі прыёмамі рэтраспекцыі, лірычнымі адступленнямі, псіхалагічнымі падрабязнасцямі, унутранымі маналогамі, дэталямі.
Цэласнымі характарамі, людзьмі, якія застаюцца вернымі асновам народнага жыцця, паўстаюць у аповесці «Бульба» Веніямін Сыраежка, Варывончык, Змачынскі. Праца для іх – творчасць. Любуючыся і захапляючыся прыродай, жывучы сярод яе, навуменкаўскі герой заўсёды пры гэтым праяўляе клопат пра захаванне ўсяго жывога, што расце, цягнецца да сонца і дыхае. «Чалавек як арганізм, як форма жыцця ўвабраў у сябе ўсю мудрасць свету, усю дасканаласць і прыгажосць...» 13 I нельга па гэтай прычыне дазволіць чалавецтву дайсці да катастрофы, якая бачылася ў сне Веніяміну Сыраежку, што знішчыла б усё жывое на зямлі.
Сваю адказнасць перад прыродай і часам адчувае і герой аповесці «Развітанне ў Кавальцах» – настаўнік Яўген Раманавіч. Знішчэнне рачулкі і ўвогуле нядбайныя адносіны да прыроды глыбока кранаюць і непакояць вясковага настаўніка. Да ўсяго ў героя аповесці ёсць інтарэс. Сацыяльнае і псіхалагічнае, грамадскае і асабістае жыве ў Яўгена Раманавіча злітна. Аповесць адметная своеасаблівым зачынам, што вядзецца ад трэцяй асобы як экскурс у дзяцінства «ціхмянага хлапчука, чый бацька не вярнуўся з вайны», і дзяўчынкі-трэцякласніцы... Далей «пра час і пра сябе» расказвае сам герой, які, адслужыўшы ў войску, працуе на заводзе і адначасова набывае прафесію настаўніка.
Звяртаючыся да праблемы міграцыі моладзі (лёс Яўгена Раманавіча і Антаніны), пісьменнік закранае тыя маральна-псіхалагічныя аспекты, якія застаюцца актуальнымі і сення. Нялёгка адразу зразумець матывы дзеянняў і паводзін Антаніны, якая не вярнулася ў родную вёску. На вясковае жыццё, вёску, у якой «сіняю птушкаю праляцела яе дзяцінства», уАнтаніны свой погляд: «Я не змагла б тут жыць... Кожны дзень адно і тое ж» 14. Лагічнае завяршэнне характару Антаніны адпавядае яе жыццёвай пазіцыі: яна выходзіць замуж за карэспандэнта, каб толькі застацца ў Мінску. Нялёгка адразу зразумець і Яўгена Раманавіча, які, па ўсім відаць, не затрымаецца ў вясковай школе...
Антываенная гуманістычная накіраванасць аповесцей Івана Навуменкі «Інтэрнат на Нямізе» і «Замяць жаўталісця» раскрываецца праз жыццё герояў, у якім, як у фокусе, гранічна пераканальна адлюстраваны цяжкасці першага пасляваеннага дзесяцігоддзя.
У гэтых творах вызначальнай з’яўляецца тэма, якая ўсё больш ібольш хвалюе I. Навуменку-празаіка: пасляваеннае светаўладкаванне, адказнасць людства за дзень сённяшні і заўтрашні.

ІІІ

Трылогія Івана Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) стваралася на працягу трынаццаці гадоў. Сам аўтар назваў яе творам аб акупацыі. Структура трылогіі дакладная і лагічная: тры кнігі храналагічна адлюстроўваюць тры этапы вайны. Першы звязаны з перыядам нараджэння і дзейнасці партызанскага падполля, тут канцэнтруецца ўвага на пачатковым перыядзе ўсенароднага руху супраціўлення («Сасна пры дарозе»); другі этап – пераход да стварэння баявых адзінак, партызанскіх атрадаў і злучэння («Вецер у соснах»); трэці – паказ масавага ўсенароднага супраціўлення, якое прывяло да пералому ў вайне («Сорак трэці»).
У першай кнізе трылогіі на пярэднім плане – вобразы Міці і Сцяпана Птахаў. Чытач пранікаецца сімпатыяй да сям'і Сцяпана Птаха, пяцёра дзяцей якога, «нібы пчолы», цягнуць у хату ягады і грыбы…
Міця – старэйшы сын у сям'і, ён многа думае пра сэнс жыцця: «Ён усяго саромеецца, бянтэжыцца, – можа таму, што ўвесь час думае. Нават тады, калі навокал кіпяць смех, бесклапотнасць – шумлівае маладое мора…» . 3 дзяўчынай, якую завуць Сюзана, звязана ўсё лепшае, што наважыўся Міця зрабіць у жыцці. Сюзана нябачна прысутнічае ва ўсім, што ён робіць, аб чым думае. Але светлыя задумы бязлітасна перакрэсліла вайна. Міця – рамантык і летуценнік, нават вайну ўспрыняў праз прызму наіўна-рамантычных памкненняў: «Зразумеўшы, што пачалася вайна, ён узрадаваўся. Пачыналася нешта вялікае, агромністае – яно будзе ісці на яго, Міцевых, вачах, яно – працяг той гераічнай хвалі, якая даўно захліснула яго грудзі. Міця стаяў, слухаў, згараючы ад узбуджэння, ад нясцерпнага жадання – хутчэй пабегчы, расказаць усім, хто яшчэ не ведае, гэтую ўрачыстую навіну».
Аўтар імкнецца дакладна адлюстраваць духоўны свет юнакоў і дзяўчат, учарашніх школьнікаў – свет рамантычных парыванняў, юнацкага максімалізму, філасофскіх думак і разважанняў. Ён паказвае ўвесь драматызм становішча, у якім апынулася моладзь мястэчка Бацькавічы. Кожнага з герояў аўтар надзяляе адметнымі псіхалагічнымі рысамі ў характары, партрэце, духоўным вобліку. Іван Лобік, напрыклад, любіць паразважаць пра ўсё, што іншыя прымаюць на веру. Саша Плоткін – добрая душа, школьны  Партос,  спакойна-насмешлівы,   з «павольна-прыгожымі рухамі і жэстамі». Мікола Галемба «не ўмее ціха гаварыць, сумаваць, нават смяяцца не ўмее ціха – рагоча».
Для Міці Птаха і яго сяброў характэрны выключная шчырасць, чысціня пачуццяў і намераў, даверлівасць, сумленнасць: «Яны не ўмеюць ні хітраваць, ні таіцца адзін перад другім»; «Яны па-ранейшаму вераць у тое, што далі ім кніга, школа, іх пакуль яшчэ невялікае жыццё. I калі сярод сумненняў, болю расчаравання прабілася гэтае, самае галоўнае, без чаго нельга жыць, яны акрыялі. Вера – нябачная, няўлоўная сіла – узвышае душу, поўніць яе зіхатлівым бляскам, цудоўнай музыкай. У гэтым сэнс жыцця». Праз іх вобразы пісьменнік паказвае, як фармуецца і гартуецца характар чалавека ва ўмовах акупацыйнага перыяду, як выкрышталізоўваюцца высокія маральныя якасці.
Пісьменнік не ўтойвае і простых чалавечых слабасцей, уласцівых юным героям. Аўтар паказвае іх то з незвычайным гумарам і ласкавай усмешкай, то з дакорам, але кожны раз так раскрывае іх духоўны воблік, што героі становяцца яшчэ бліжэй чытачу.
Іван Навуменка імкнецца па-мастацку поўна выкарыстаць багаты арсенал сродкаў тыпізацыі характару, раскрываючы складаныя людскія лёсы ў вайну. Якраз такі падыход выяўляе аўтар пры мастацкім стварэнні ў рамане «Сасна пры дарозе» вобраза Юрыя Басняка.
Прыемны грудны барытон, якім ад прыроды надзелены Юры Басняк, – рэзкі кантраст яго ўнутранай сутнасці, бо, хоць ён і спявае ў турме розныя песні, жартуе і сыпле анекдотамі, і арыштаваныя слухаюць, здаецца, з прыемнасцю, рагочуць, але ўсё ж ставяцца да Юрыя са стоеным недаверам. Урэшце Юры ідзе на здраду – выдае немцам Сяргея Амельчанку, які прапанаваў яму пайсці ў партызаны. Так праяўляецца яго нікчэмная сутнасць.
Вельмі цікавы і неадназначны ў рамане вобраз Аўгуста Крамера. Спадзеючыся з прыходам немцаў перажыць цяжкі час і па магчымасці быць карысным жыхарам Бацькавічаў, з якімі доўгія гады жыў і працаваў, Крамер згадзіўся на пасаду бургамістра. Але няўмольная логіка барацьбы выкіроўвае яго на здраду і прымушае разам з акупантамі бегчы за мяжу. Фінал ягонага жыццёвага шляху горкі: поўная спустошанасць, усведамленне таго, што назаўсёды згубіў сувязь з народам, радзімай.
Вобраз Аўгуста Крамера – вялікая ўдача I. Навуменкі. Аўтар падзяляе Крамера ўладай і тым самым, як адзначае Нічыпар Пашкевіч, «робіць яго дзейнай асобай з вялікімі магчымасцямі самастойнага праяўлення сваёй натуры, па крайняй меры, з пункту  погляду  самога   Крамера» .
Гэтым вобразам аўтар трылогіі Іван Навуменка развенчвае і ўяўную дабрыню, уяўную філантропію. Яна неабходна герою больш усяго толькі для заспакаення асабістага сумлення («абы было ціха»). Пісьменнік, пазбягаючы адназначных высноў, смела аналізуе складаныя пласты чалавечага характару.
Пошук «трэцяга шляху» штурхнуў «набожнага» Крамера на шлях здрады. Прыходзіць нарэшце такі час, калі Крамер пачынае разумець, што, супрацоўнічаючы з акупантамі, ён сам, сваімі рукамі адсёк карані, якімі трывала «трымаўся за зямлю». Аўтар ненавязліва пераконвае чытача ў справядлівасці народнай прыказкі: «Колькі воўка ні кармі, а ён усё ў лес паглядвае». Крамер становіцца паслухмянай марыянеткай у руках гітлераўцаў. Ім было зручна мець бургамістра, якому б давярала насельніцтва. Унутраны мікрасвет рускага немца пісьменнік раскрывае ў непарыўным адзінстве партрэта псіхалагічнага і эпічнага. Крамер па волі абставін апынуўся ў экстрэмальнай сітуацыі, паміж двух агнёў. Аўтар даследуе абставіны, якія абумовілі тыя ці іншыя яго ўчынкі, дае магчымасць чытачу ўбачыць здольнасць героя трымаць адказ перад сваім сумленнем.
Паводле сцвярджэння крытыка Фёдара Куляшова, «яго ўнутраны і знешні партрэт, яго сацыяльны і псіхалагічны воблік намаляваны ў рамане праўдзіва да самых дробязей» .
Усяго чатыры старонкі рамана «Вецер у соснах» займае эпізод пра дэсантную групу «васемнаццаці», якая была накіравана з-за лініі фронта на баявое заданне – шырэй разгортваць партызанскі рух на Палессі. Група васемнаццаці была знішчана знянацку – пастралялі сонных… Вобразы юнакоў выпісаны дакладна, лаканічна – некалькімі штрыхамі, рэплікамі, мастацкімі дэталямі. 3 «групы васемнаццаці» пісьменнік больш падрабязна засяроджвае ўвагу на Харытончыку, Васі, Жэні, Майцы. Паэтызуючы Жэню, аднаго з галоўных герояў, пісьменнік паказвае яго адносіны да прыроды, да той першаасновы жыцця, без разумення якой няма жывога чалавека.
Іван Навуменка не апісвае ні побыту, ні перадгісторыі васемнаццаці герояў-дэсантнікаў, не паказвае станаўлення іх характараў. 3 арсеналу мастацкага вопыту ён выбірае тыя вобразна-стылёвыя прыёмы, якія патрэбны для паэтызацыі прыроды гераічнага. «3 груды нерухомых цел, абапіраючыся на рукі, прыўзнялася дзяўчына – у мужчынскай зялёнай куртцы, у штанах – не мігаючы, спакойна пазірала на паліцэйскіх, якія застылі ў нерашучасці». I гэты момант з'яўляецца адным з самых трагічных у другім рамане.
У рамане «Сорак трэці» вельмі цікавы вобраз Лубана – аднаго з тых, хто «часова быў прыбіты не да таго берага». Ва ўспамінах Лубана ўзнаўляецца яго лёс у трыццаць сёмым годзе, калі Лубан працаваў начальнікам службы ў аддзяленні чыгуначнай дарогі і быў незаслужана пакараны. Адсюль і цягнецца цень яго памылак. Перабіраючы ў памяці «па малюткай дробязі» сваё жыццё, Лубан імкнецца знайсці «той перакос, з якога пачаў завязвацца цяперашні чортаў вузел». 3 прыходам немцаў усё ўскладнілася і перамяшалася ў душы Лубана: ён становіцца намеснікам бургамістра Крамера. Лубан спадзяецца, што тым самым ён верне ўпэўненасць у сабе, лепш зразумее сітуацыю. Аднак жаданага не дасягнуў, наадварот, яшчэ больш заблытаўся…
Пакаянне, хаця і са спазненнем, але прыйшло, калі Лубан на свае вочы пабачыў, што нясе людзям фашызм.
Іван Навуменка на прыкладзе Лубана паказаў нялёгкі, заканамерны шлях сталення такіх людзей, хто па розных прычынах не адразу ўключыўся ў вызваленчую барацьбу. У дынаміцы духоўнага «прасвятлення» Лубана, яго духоўнага перараджэння пісьменнік сцвердзіў сябе майстрам псіхалагічнага партрэта.
Навуменка-празаік па-майстэрску выкарыстоўвае ў творы мастацкія дэталі: бытавыя, партрэтныя, пейзажныя і надае ім своеасаблівае сімвалічнае значэнне. Сімвал адзінокай сасны праходзіць праз усе тры раманы, гэты вобраз становіцца выразнікам пачуццяў аўтара, выконваючы ролю сімвалічнага абагульнення. Скразны вобраз – сасна – выконвае важную сюжэтную функцыю, узмацняючы драматызм абставін, нібы ўдзельнічае ў вырашэнні складаных і вострых канфліктаў у творах.
Іван Навуменка – тонкі назіральнік і знаўца роднай прыроды, майстра мастацкага яе даследавання. У яго раманах чуваць «цягучыя ўздыхі начнога «ваеннага» лесу», «шасценне дажджу», спеў птушак… Усёй сваёй творчасцю ён не толькі імкнецца прывіваць любоў да прыроды, але і пераконвае чытачоў у тым, што яе неабходна берагчы. 3 гэтага пункту гледжання апавяданні, эцюды, навелы, аповесці і раманы, уключаныя ў школьныя праграмы, могуць быць шырока выкарыстаны ў выхаваўчай рабоце настаўніка.
Іван Навуменка ў сваім творы адлюстроўвае тыя канкрэтныя сацыяльна-бытавыя ўмовы, у якіх жыло насельніцтва палескіх вёсак, гарадоў: Сівалобаў,   Піляцічаў,   Палыкавічаў, Мазыра і іншых месцаў Прыдняпроўска-Прыпяцкага Палесся. Імёны літаратурных герояў (Аўсянік, Бондар, Драгун, Дрозд, Лубан, Птах) падкрэсліваюць рэгіянальнасць трылогіі, паколькі такія тапанімічныя і антрапанімічныя назвы з'яўляюцца шырокаўжывальнымі на тэрыторыі Гомельшчыны – радзіме пісьменніка.

Іван Навуменка ўмее лаканічнымі моўнымі сродкамі перадаць разнастайнасць і прыгажосць палескай прыроды, унутранага свету беларускага народа, яго характару. Эстэтычнай асновай ягонай трылогіі з'яўляецца філасофская канцэпцыя нацыянальнага характару, адлюстраванне чалавека як часткі народа, а яго лёсу як лёсу народнага. Пісьменнік імкнецца да спасціжэння народнага характару, які прадстаўлены ў трылогіі людзьмі розных пакаленняў, сацыяльных груп, суаднесеных з галоўнымі падзеямі эпохі, часу, што вызначае не толькі асабісты лёс людзей, але і лёс краіны, чалавецтва ў цэлым. I як вынік – у трылогіі выяўляецца досыць выразная канцэпцыя чалавека-патрыёта, чалавека з глыбокім пачуццём адказнасці за лёс сваёй зямлі – і гэта выступае як адно з галоўных пацвярджэнняў цэласнасці і дакладнасці пісьменніцкага ўспрымання свету, феномена яго мастацкай індывідуальнасці.

Рэалізацыя асобасна арыентаванага падыходу ў працэсе вывучэння твораў І. Навуменкі

В. У. Праскаловіч

У «Канцэпцыі рэфармавання літаратурнай адукацыі» пад рэдакцыяй М. А. Лазарука і В. У. Івашына ідзе размова аб «неабходнасці пераасэнсавання метадалагічных прынцыпаў літаратурнай адукацыі» [3, с. 5]. Аўтары сцвярджаюць, што «сапраўднае абнаўленне літаратурнага навучання можа адбывацца толькі тады, калі будуць знойдзены прынцыпова новыя, адпаведныя сучаснаму развіццю духоўнай культуры ў цывілізаваным свеце рашэнні многіх праблем...» [3, с. 4]. Менавіта такім «прынцыпова новым» падыходам з’явілася распрацоўка асобасна арыентаваных педагагічных тэхналогій на ўроках літаратуры.
У педагагічнай літаратуры існуе шэраг класіфікацый педагагічных тэхналогій. У найбольш абагульненым выглядзе ўсе вядомыя ў педагагічнай навуцы і практыцы тэхналогіі сістэматызаваў Г. К. Селяўко [4]. Спосабы, метады, сродкі навучання вызначаюць назвы многіх існуючых тэхналогій: рэпрадуктыўныя, праблемнага навучання, развіццёвага навучання, камунікатыўныя, гульнёвыя, творчыя і інш.
Згаданыя адукацыйныя тэхналогіі, зразумела, не з’яўляюцца адзінкавымі, і на іх не заканчваецца лагічны рад. Мы звернем увагу на тыя тэхналогіі навучання літаратуры, мэтавыя ўстаноўкі якіх прадугледжваюць развіццё крэатыўных (творчых) здольнасцей школьнікаў. Дасягненню гэтай мэты, на наш погляд, можа служыць тэхналогія дыдактычнай эўрыстыкі А. В. Хутарскога. Нам блізкія такія ідэі вучонага, як:

  • асобасная арыентацыя навучання, у працэсе якога вучань не засвойвае гатовыя веды, а сам адкрывае іх у выніку даследавання пэўнай прадметнай рэальнасці (стварае ўласны адукацыйны прадукт);
  • вядучым суб'ектам навучальнага працэсу прызнаецца вучань;
  • адукацыя найперш арыентуецца на развіццё здольнасцей і індывідуальнасці вучняў;
  • навучанне грунтуецца на эўрыстычнай тэхналогіі дзейнасці ў адпаведнасці з прынцыпамі асобаснага мэтамеркавання, сітуацыйнасці і суправаджальнага навучання, адукацыйнай рэфлексіі [6].

Методыка эўрыстычнага навучання заснавана на так званых «адкрытых заданнях», або заданнях крэатыўнага тыпу (паводле А. В. Хутарскога), якія не маюць адназначных «правільных» адказаў. Практычна любы элемент можа быць выражаны ў форме адкрытага задання. Заданні крэатыўнага тыпу накіраваны на «стварэнне вучнем асобаснага прадукта адукацыі як эквіваленту ўласнага адукацыйнага прырашчэння» [5, с. 23]. Іх прымяненне стварае ўмовы для фарміравання і развіцця творчых якасцей асобы (эмацыянальна-вобразных, ініцыятыўнасці, вынаходлівасці, здольнасці да генерацыі ідэй і г. Д.)
Трэба заўважыць, што заданні дыферэнцыруюцца згодна з прынцыпам раздзялення навучэнцаў на ЛТГ (літаратурна-творчыя групы) і абумоўлены тыпам асобы («мысліцель», «сярэдні» тып, «мастак», паводле I. П. Паўлава). Першы тып практыкаванняў арыентаваны на работу з вучнямі, для якіх характэрны высокі ўзровень аднаўляльнага ўяўлення, аднак існуе скаванасць у творчым уяўленні; другі тып – практыкаванні разлічаны на вучняў, для якіх характэрна адносная раўнавага аднаўляльнага і творчага ўяўлення; трэці тып практыкаванняў – для вучняў-чытачоў, якія праяўляюць высокі ўзровень аднаўляльнага ўяўлення і актыўнасць творчага ўяўлення. Пры гэтым мы згодны з М. Г. Яленскім, што «практыкаванні, прапануемыя для развіцця здольнасцей, павінны быць не механічным аб'яднаннем, а дынамічнай сістэмай варыятыўных задач, створанай па канвеерным тыпе (ад простага да складанага, ад часткова прадуктыўнага да прадуктыўнага, ад аналітычнага да эўрыстычнага і г. Д.), якія забяспечваюць індывідуальны кампанент зместу адукацыі, права выбару і тым самым – актыўнае індывідуальнае развіццё асобы вучня» [7, с. 126].
На ўроках літаратуры найбольш распаўсюджаны наступныя заданні крэатыўнага тыпу: прыдумаць прыказку, загадку, казку; скласці крыжаванку, віктарыну, слоўнік, сцэнар; стварыць мізансцэны, кадрапланы, псіхалагічныя эцюды; намаляваць (словам) партрэт героя, абстаноўку; прапанаваць ілюстрацыі, музыку да вывучаемага твора; «дадумаць» за аўтара канцоўку твора; падрыхтаваць «мантаж тэксту з россыпу слоў» і г. Д. Прапанаваныя віды прадметна-творчай дзейнасці міжвольна ставяць вучня ў пазіцыю аўтара і творцы, развіваюць навыкі аналізу і сінтэзу, выхоўваюць назіральнасць і чуйнасць да слова. Па выніках выканання такіх заданняў можна меркаваць пра ступень развітасці літаратурна-творчых здольнасцей школьнікаў і кіравацца гэтым у далейшай дзейнасці. Акрамя таго, ажыццяўляецца запамінанне пры «навучанні з захапленнем» [2].
Звернемся непасрэдна да практыкі навучання і паглядзім, як на ўроках беларускай літаратуры можна прадуктыўна выкарыстаць эўрыстычную тэхналогію навучання. Прапануем некаторыя варыянты «адкрытых заданняў», або заданняў крэатыўнага тыпу (паводле А. В. Хутарскога), на уроках па вывучэнні твораў Івана Навуменкі ў VII і IX класах агульнаадукацыйнай школы.
Фарміраванню літаратурна-творчых здольнасцей школьнікаў могуць паспрыяць наступныя заданні: самастойнае складанне вучнямі слоўнікаў апісання эмацыянальных станаў, настрояў, адценняў пачуццяў персанажаў мастацкага твора. Гэтыя заданні могуць быць як агульнымі для ўсіх вучняў класа, так і індывідуальнымі. Напрыклад, вучням прапануецца выбраць з тэксту прыклады апісанняў перажыванняў, эмацыянальных станаў, пераходаў настрою, прама названых ў творы ці дзейнымі асобамі. Другое заданне звяртае ўвагу на перажыванні, што перадаюцца з дапамогай знешняй экспрэсіі – усмешак, позіркаў, жэстаў, інтанацый і г. Д.
Так, пры вывучэнні апавядання Івана Навуменкі «Жуль Верн» (VII клас) па аналогіі з вышэйназванымі заданнямі прапануюцца наступныя.
Знешні партрэт Навуменкавых герояў у творы адсутнічае. Вусна намалюйце партрэт хлопцаў-аднакласнікаў, раскажыце, якімі яны вам бачацца. Звярніце ўвагу на дэталі, што дапамагаюць вам «дамаляваць» іх партрэт. Як вы думаеце, чаму ў апавяданні няма дэталёвага і падрабязна выпісанага партрэта дзейных асоб?
Героі твора – хлопцы-аднакласнікі прыкладна аднаго ўзросту. Але па характары, адносінах да вучобы яны розніліся. Аўтар не апісвае знешнасці герояў, аднак мы можам уявіць іх па асобных дэталях знешняй экспрэсіі.
Аўтар-апавядальнік, адзін з хлопчыкаў, быў у дзяцінстве хваравітым і вельмі баяўся холаду. Уявіць вобраз аўтара-апавядальніка дапаможа і наступная самахарактарыстыка: «люблю фантазію і таямнічасць…».
Суседскі Кірыла, наадварот, адрозніваўся моцным здароўем. Аўтар расказвае нам, што чырванашчокі мацак Кірыла «лятаў зімой у расхрыстаным кажушку, а засопшыся, праганяў смагу кавалкам лёду»; «грыз лёд, як цукар», мог нават босым гадзіну гуляць па лёдзе, і «ніякая хвароба яго не брала», «насіўся па замерзшай рачцы на сваіх дзеравяшках з ранку да вечара і, здаецца, мог бы там і начаваць. Але варочацца пад вечар дамоў Кірылу прымушалі некаторыя прычыны… трэба было пад'есці. Які б смачны ні быў сіняваты лёд са срабрыстымі вочкамі застыглых у ім бурбалак, але без падмацавання бульбай Кірылаў жывот ныў і бурчаў, а ногі пачыналі пруцянець…». Вучоба не асабліва цікавіла хлопца: «На навуку Кірыла налягаў не вельмі і ўрокі вучыў збольшага. Таму ў яго заўсёды было многа вольнага часу, якім ён распараджаўся як хацеў». Аўтар-апавядальнік з дапамогай апісання знешняй экспрэсіі характарызуе героя наступным чынам: «Кірыла ляніва ўставаў з самай задняй парты, за якой ён сядзеў, і медзведзяватай паходкай ішоў праз увесь клас да карты». I далей: Кірыла Бомзель лічыў слабейшых за сябе «непаўнацэннымі, і ён без лішняй далікатнасці заўсёды аб гэтым напамінаў», і насміхаўся з іх, «рагатаў на ўсё горла».
У адрозненне ад Кірылы, аўтар-апавядальнік старанна вучыўся, вельмі любіў чытаць. Кнігі для яго былі лепшымі сябрамі. Асабліва хлопчыку падабаліся кнігі пра падарожжы, у якіх герояў «вядзе ў нябачаны свет нейкая нястрымная прага да новага, нязведанага, неапісанага». Такімі былі кнігі французскага пісьменніка Жуля Верна, дзякуючы якому «рана пачаў вандраваць па свеце. Для гэтага не трэба было ні караблёў, ні цягнікоў, ні цягавітых мулаў. Хапала адной фантазіі».
Наступны герой – Андрэй Камінскі, скарочана – Рэй або Комін, як звалі яго аднакласнікі. Гэты хлопчык нічым не адрозніваўся ад іншых. Аўтар-апавядальнік зазначыць: «Нічога асаблівага не знаходзіў я ні ў яго знешнасці, ні ў адказах, ні нават у ведах. Рэй, на першы погляд, выглядаў бесклапотным рагатуном, якому проста шанцавала». Праўда, з дапамогай сродкаў знешняй экспрэсіі пісьменнік перадаў, што вылучала хлопца з ліку іншых, – «нястрымная і ненасытная цікаўнасць».
Прыгадайце кульмінацыйны момант у творы. (У Андрэя Камінскага была кніга Жуля Верна «3 гарматы на Месяц», якую ён адмовіўся даць хлопцам пачытаць. Але аматараў Жуля Верна гэта не спыніла, яны
яе выкралі.)
Падкрэсліце, пры дапамозе якой мастацкай дэталі перададзены стан душы героя ў гэтай сцэне. Вучні адзначаць у сваіх адказах, што заўвага пісьменніка тут невыпадковая: «Ён нікому не сказаў пра кнігу, і толькі па яго пахмурнаму твару можна было здагадацца, што ён усё ведае».
Прасачыце, як пры дапамозе апісання перажыванняў, эмацыянальных станаў, пераходаў настрою пісьменніку ўдалося перадаць напружанасць падзей. Іван Навуменка гаворыць, што адразу, як «Рэю быў нанесен удар
у самае сэрца», «яго спецыяльна зачэплівалі, падкалвалі, але ён маучаў, як быццам не было ні кнігі, ні палявання за ёй». Андрэю было вельмі крыўдна, да слёз: «ледзь-ледзь задрыжала яго верхняя губа, і ён адвярнуўся, каб не паказаць сваіх слёз». Андрэй усе ж такі трымаўся мужна, выклікаючы павагу хлопцаў: «3 усімі тымі, хто памагаў выкрадаць Жуля Верна, ен размаўляў, як і раней,і ў голасе не чулася ні пагрозы, ні злосці. Гэтая высакароднасць з боку Рэя неяк абязбройвала», — чытаем у апавяданні.
Вучням можна прапанаваць вызначыць пачуцці, якія валодалі героямі, і адказаць на пытанне: Што зразумелі хлопцы?
Разважанні вучняў падагульніць настаўнік. Як бачым, хлопцы-аднакласнікі зразумелі хараство душы Андрэя Камінскага («цудоўны хлопец з адкрытай і шчырай душой»), яго здольнасць «сваімі захапленнямі і радасцямі дзяліцца з кожным, хто ішоў да яго без камення за пазухай».
Такім чынам, такога тыпу заданні спрыяюць развіццю ў школьнікаў умення разумець свет пачуццяў і перажыванняў герояў, а таксама матывы іх учынкаў і паводзін, з чым, як сцвярджаюць псіхолагі, малодшыя падлеткі самастойна не спраўляюцца.
Актывізаваць творчую дзейнасць школьнікаў можна з даламогай такіх заданняў крэатыўнага тыпу, як розныя віды пераказаў, асабліва творчы пераказ, а ў межах творчага пераказу выкарыстоўваць такія яго віды, як замена прамой мовы ўскоснаю, першай асобы трэцяю і наадварот. Апошні від творчай дзейнасці называюць пераказам са зменаю асобы апавядальніка. Пазнаёміўшыся з памяткаю «Што трэба ведаць, каб зрабіць пераказ, памяняўшы асобу апавядальніка» (па-першае, ведаць погляды на жыццё, перакананні, думкі, усю біяграфію таго персанажа, ад імя якога будзеш пераказваць; падругое, неабходна ўяўляць, як ставіцца літаратурны герой да тых (таго), пра каго (што) будзе расказваць), вучні пераходзяць да практьгчнай работы.
Напрыклад, пасля праведзенай папярэдняй работы на ўроку па вывучэнні апавядання Івана Навуменкі «Жуль Верн» настаўнік прапануе вучням пераказаць пэўны раздзел апавядання. (У апавяданні восем раздзелаў. Вучням можна прапанаваць прыдумаць кожнаму з іх назву.) Для выканання можна ўзяць шосты раздзел «Апісанне ўрокаў геаграфіі». Апо-вед у творы вядзецца ад імя аўтара, аднаго з галоўных герояў апавядання. Акрамя яго яшчэ есць два героі — суседскі хлопец Кірыла Бомзель і Андрэй Камінскі. Вельмі яркі вобраз настаўніка геаграфіі Антона Антонавіча Струка. Урывак прапануецца пераказаць ад імя Андрэя Камінскага.
У літаратурнай адукацыі школьнікаў даволі шырока выкарыстоўваецца такі прыём актывізацыі сатворчасці чытача, як сты-лістычны эксперымент. Стылістычны эксперымент вельмі карысны для вучняў, якія адстаюць у развіцці вуснага маўлення, для вучняў- інтравертаў. На ўроках развіцця маўлення пішуцца сачыненні тыпу апавядання па пачатку і канцоўцы і інш. Настаўнік можа праланаваць школьнікам прыдумаць працяг апавядання пасля слоў: «Кірыла, дужы мой, сусед, працуе настаўнікам, як і я. Шляхі нашы разышліся даўно, і, зрэшты, я мала аб ім ведаю…», уявіўшы, як мог бы скласціся лёс Кірылы Бомзеля.
Такім чынам, згаданыя вышэй прыёмы дзіцячай крэатыўнасці дазваляюць вучням лепш бачыць у вывучаемых аб'ектах агульныя заканамернасці, спрыяюць больш трываламу запамінанню вучэбнага матэрыялу, развіваюць мысленне дзяцей, актывізуюць і ўдасканальваюць іх слоўнікавы запас.
Сямікласнікам прапануецца прачытаць самастойна апавяданне I. Навуменкі «Настаўнік чарчэння».
Галоўныя героі апавядання — Косця Кветка і яго настаўнік чарчэння Апалінарый Феактыставіч. Чым падобныя вобразы настаўнікаў з апавядання «Жуль Верн» і «Настаўнік чарчэння»? Знайдзіце ў тэкстах апісанні іх знешнасці.
Антон Антонавіч Струк – настаўнік геаграфіі, «нізенькі, чорны чалавек з глюгматым, як у турка, носам». У яго быў страшэнна картавы голас («Карты… Геаграфія – навука дакладная…»).
Апалінарый Феактыставіч, па мянушцы Цыркуль, – настаўнік чарчэння, «высокі, тонкі, у чорным, яшчэ царскіх часоў, сурдуце», «знешне на самай справе апраўдваў дадзенае яму празванне». Магло паказацца, што ён быў «сухі і чэрствы», а насамрэч – надзвычай мяккі і добразычлівы чалавек. Якія дэталі дапамагаюць нам зразумець характары Антона Антонавіча і Апалінарыя Феактыставіча?
Мэта задання заключаецца ў тым, каб вучні «ўбачылі», як з дапамогай сродкаў знешняй экспрэсіі пісьменнік раскрыў вобразы персанажаў.
Антон Антонавіч Струк: «географ таропка ўвайшоў у клас, шпурнуў на стол туга напакаваны жоўты партфель і, узяўшы рукі ў бокі, арліным позіркам акінуў прыціхлыя рады пяцікласнікаў». Аўтар-апавядальнік пры-знаецца ў любові да Антона Антонавіча, ставячы яго вышэй за астатніх настаўнікаў, а да ўрокаў геаграфіі рыхтуецца як да свята.
Апалінарый Феактыставіч «з разгубленай усмешкай закрываў класны журнал», «голас у яго быў слабы, прыглушаны, ён дрыжаў і зрываўся, але старога настаўніка слухалі з затоеным дыханнем», «падабалася ўзрушанасць старога настаўніка, які, хвалюючыся, вымаўляў незразумелыя звонкія словы…»,
Такім чынам, праведзены аналіз дэталей знешняй экспрэсіі — усмешак, позіркаў, жэстаў, інтанацый голасу — дапаможа чытачам далучыцца да самых патаемных перажыванняў, думак герояў, зразумець іх душэўнае хараство, асэнсаваць галоўнае, што яднала гэтых настаўнікаў, — любоў да дзяцей, да свайго прадмета,
Завяршыць працу па вывучэнні апавяданняў Івана Навуменкі ў VII класе можна наступным чынам: вучні рыхтуюць класнае вуснае міні-сачыненне «Мой любімы герой апавяданняў I. Навуменкі», у якім ахарактарызуюць героя і выкажуць свае адносіны да яго, а дамашняе сачыненне лепш за ўсё прапанаваць на тэму «Мой любімы настаўнік»,
Дзевяцікласнікі знаёмяцца з апавяданнем I. Навуменкі «Семнаццатай вясной». На жаль, час не дазволіць прачытаць твор на ўроку. Апавяданне «Семнаццатай вясной» даецца вучням для папярэдняга самастойнага азнаямлення дома. Каб хоць у нейкай меры кампенсаваць страчанае без чытання твора ў класе калектыўнае суперажыванне, неабходна да аналізу твора пракантраляваць ход выканання вучнямі наступнага задання: Падрыхтаваць выразнае чытанне ўрыўка, які найбольш спадабаўся, папя-рэдне зрабіўшы яго партытуру.
Чытанне твора — адзін з найважнейшых момантаў урока. Важна, каб чытанне твора (або ўрыўка) вучнем было выразным, каб ён раскрыў перажыванні герояў, перадаў аўтарскія адносіны да іх, паказаў пісьменніцкую эмацыянальную ацэнку падзей. Усяму ж класу можна прапанаваць ацаніць чытанне таварыша, зрабіць лагічны і інтанадыйны аналіз, вызначыць, ці ўдалося чытальніку (з дапамогай якіх сродкаў?) перадаць характары герояў, іх думкі, пачуцці. Гэты этап урока натуральным чынам перарасце ў конкурс на самага лепшага чытальніка.
Самарэалізацыя ажыццяўляецца ў працэсе стварэння вучнямі прадуктаў слоўнай (літаратурнай) творчасці. На кожным уроку варта практыкаваць эўрыстычныя заданні, звязаныя з вершаскладаннем, прыдумваннем і расказваннем казак, адгадваннем загадак, напісаннем мініяцюр, эцюдаў, мізадсцэн і г. Д., прьгчым прадукт такой вучнёўскай літаратурнатворчай дзейнасці можа з'яўляцца новым толькі для яе суб'екта, мець не абсалютную, а вучэбна-выхаваўчую каштоўнасць. «Важна не тое, што ствараюць дзеці, а важна тое, што яны гэта робяць, ствараюць, практыкуюцца ў творчым уяўленні і яго ўвасабленні [1, с. 67].
Лічым, што мэтазгодна выкарыстаць на ўроку па вывучэнні апавядання I. Навуменкі «Семнаццатай вясной» такія эўрыстычныя заданні, як напісанне сцэнарыя эпізоду (з гэтай мэтай можна прапанаваць урывак «Спрэчка сяброў» ад слоў: «Праўда, на грунце асабістай прыналежнасці вінтоўкі паміж намі адбылася спрэчка…»), вуснае слоўнае маляванне (настаўнік можа прапанаваць вучням наступнае заданне: Уявіце, што вам даручана аформіць вокладку кнігі Івана Навуменкі, у якой змешчаны апавяданні «Семнаццатай вясной», «Ракеты над горадам». Апішыце, як выглядала б гэта вокладка і чаму. Растлумачце, чаму вам бачыцца менавіта такая вокладка) і інш.
Апошнім этапам вывучэння твораў Івана Навуменкі ў IX класе можа стаць выкананне вучнямі наступнага задання, змешчанага ў метадычным апараце падручніка па літаратуры:  Напішыце сачыненне «Галоўны герой апавяданняў Івана Навуменкі», выкарыстаўшы артыкул Дзмітрыя Бугаёва і свае назіранні над вобразамі у вывучаных і самастойна прачытаных творах пісьменніка.
Трэба заўважыць, што ў методыцы эўрыстычнага навучання вялікая ўвага надаецца асобаснаму успрыманню твора, развіццю аднаўляльнага і творчага ўяўлення, асацыятыўнага мыслення, магчымасці самавыявіцца, праявіць асобасную пазіцыю. Урокі літаратуры па згаданай вышэй мадэлі заўсёды праходзяць як урокі сатворчасці.

Такім чынам, асобасна арыентаванае навучанне стварае ўмовы для рэалізацыі «я» канцэпцыі. На кожным уроку вучань мае права на самаманіфестацыю, самаактуалізацыю ў выглядзе творчай дзейнасці ў кантэксце адпаведнага дыдактычнага зместу вучэбнай дзейнасці.
GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов