КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

ФЕНОМЕН МАСТАЦКАЙ ИНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ

 

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 >>>

Вернасць сваёй тэме
Іван Навуменка. «Смутак белых начэй». Раман.
«Мастацкая літаратура», 1980.

Зіновій Прыгодзіч

Чвэрць стагоддзя працуе ў нашай літаратуры I. Навуменка. I калі акінуць у думках увесь абсяг зробленага ім за гэты час і пастарацца вызначыць, якая ж з тэм была ў яго творчасці галоўнай, стрыжнявой, то можна беспамылкова сказаць: чалавек і вайна. А яшчэ больш дакладна – маладосць і вайна.
Ужо ў першым сваім зборніку апавяданняў, выдадзеным у 1957 годзе і названым (думаецца, не выпадкова) «Семнаццатай вясной», гэтая тэма акрэслілася даволі выразна. Са старонак кнігі да нас прыйшлі юныя героі – семнаццацігадовыя юнакі і дзяўчаты, чыя маладосць супала з перыядам нямецка-фашысцкай акупацыі і стала нялёгкім выпрабаваннем іх ідэйных і маральных якасцей, самым адказным экзаменам на мужнасць, адданасць, вернасць Радзіме. За невялікімі, іншы раз яшчэ не зусім дасканалымі апавяданнямі выразна ўгадвалася: у літаратуру прыйшоў пісьменнік з важкаю ношкаю жыццёвых уражанняў, з глыбокім веданнем ваеннага побыту, са сваім бачаннем і разуменнем навакольнага свету, пісьменнік, які цвёрда і дакладна  вызначыў напрамак сваёй творчасці. Было відавочным: першы зборнік маладога аўтара – гэта першыя подступы да вялікай і балючай тэмы.
Далейшыя гады пацвердзілі гэтыя спадзяванні. Кожны новы зборнік   апавяданняў, аповесцей I. Навуменкі быў новым крокам наперад у распрацоўцы тэмы гераічнага, тэмы народнага подзвігу.
Яшчэ больш маштабна, паліфанічна загучала патрыятычная тэма ў раманах «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці». Партызанская трылогія, па аднадушным прызнанні крытыкі, значна   ўзбагаціла   ваенна-мастацкую прозу, стала прыкметнаю з'яваю нашай літаратуры.
Верным абранай тэме застаўся I. Навуменка і ў сваім новым рамане    «Смутак   белых начэй». У цэнтры ўвагі пісьменніка – усё тое ж маладое пакаленне; якое не давучыўшыся, не спазнаўшы яшчэ як след радасці юнацтва, вымушана   было   ўступіць у змаганне з жорсткім ворагам, разам са старэйшым пакаленнем узяць на свае плечы горкі цяжар вайны.
Храналагічна, сюжэтна і ідэйна твор  працягвае   памянёную ўжо трылогію. Дзеянне ў «Сорак трэцім», як мы памятаем, заканчвалася вызваленнем паўднёвых раёнаў Беларусі і прыходам рэгулярных часцей Чырвонай Арміі. «Смутак белых начэй» пераносіць нас далёка за межы рэспублікі, узнаўляе падзеі пераможнага сорак чацвёртага. Героі рамана –былыя партызаны і падпольшчыкі – дзейнічаюць у непрывычных для сябе франтавых абставінах і ўмовах.
Пісьменнік не толькі  ўздымае новы пласт гераічнай тэмы,    але і больш глыбока і маштабна паказвае ўнутраны свет сваіх герояў. 
Сяргей Каліноўскі – цэнтральны вобраз рамана – ужо не той узнёслы, рамантычна  настроены Міця Птах, які дзейнічаў у трылогіі. Перад намі –  прыкметна   пасталелы, узбагачаны немалым вопытам барацьбы чалавек. «Ён ужо бачыў, ведае: вайна – цяжкая, крывавая справа. Рамантыкі ў ёй   мала». І тым не менш Сяргей рады, што трапіў на фронт. Да гэтага яго клікаў не толькі  грамадзянскі, патрыятычны абавязак, гэта было яго душэўнай патрэбнасцю.
Фронт, аднак,   ёсць    фронт, і ўваходжанне ў яго  напружаную атмасферу  адбываецца   няпроста нават для тых, хто,   здавалася б, ужо быў абстраляны,   панюхаў, што называецца, пораху. I. Навуменка, як пісьменнік-рэаліст,   з асаблівай увагай і засяроджанасцю, з максімальнай   аб'ектыўнасцю  імкнецца паказаць усю складанасць псіхагічнага стану герояў ва ўмовах смяртэльнай небяспекі, перад тварам найвышэйшага выпрабавання на годнасць чалавека.
У франтавым жыцці Сяргея здараўся яшчэ не адзін крытычны момант, але ён з гонарам прайшоў нялёгкія выпрабаванні і на салдацкія здольнасці,
і на чалавечыя якасці… Ад бою да бою  мужнеў, загартоўваўся яго характар, прыходзіў суровы вопыт бывалага франтавіка.
З выразнай аўтарскай сімпатыяй абмаляваны і вобразы Сяргеевых таварышаў – акуратнага, паслухмянага і дысцыплінаванага Васіля Лебедзя, гаваркога, дасціпнага і адчайна смелага   Багдана Мялешкі, спакойнага, з добрым, залатым сэрцам Косці Русаковіча і многіх іншых. Розных па характару, па сваіх чалавечых якасцях, іх яднае адно: у рашаючыя хвіліны героі рамана I. Навуменкі гатовыя без вагання ахвяраваць сваім жыццём у імя перамогі, у імя шчасця Радзімы.
У чым жа вытокі  незвычайнай стойкасці, здзіўляючай   мужнасці і гераізму савецкага салдата? Думаецца, што раман усім сваім зместам, ідэйнай накіраванасцю дае на гэта даволі поўны адказ. Уводзячы ў шырокі свет думак і пачуццяў сваіх герояў, аўтар паказвае, што сілы іх – і маральныя, і фізічныя – перш за ўсё ў нязломнай веры ў немінучы разгром захопнікаў, у разуменні свайго мужнага абавязку.
Вось адзін з псіхалагічных штрыхоў: «Вайна ідзе да пераможнага канца. Гэта таксама ёсць у Сяргеевых пачуццях. Можа гэта і нараджае высокую, рамантычную плынь думак і сяганняў. Мір блізка. У тым свеце, які наступіць пасля міру, Сяргей знойдзе Галю, і тады пачнецца шчасце».
Цяжкая, смяртэльна небяспечная справа – вайна. А ў тых спецыфічных умовах, у якіх апынуліся героі рамана, яна небяспечная ўдвайне. Вораг збудаваў лініі абароны, якія трэба адолець, прайсці. Але як? Наперадзе – рады калючага дроту, шарэнгі каменных слупоў, водныя перашкоды і, акрамя ўсяго, непрыступныя скалы, за кожным выступам якіх прыхаваліся варожыя доты. «Цяжка выжыць, калі на кожнага чалавека прыпадае па тоне снарадаў, мін. Ды яшчэ тут, пад гарой, сярод суцэльнага камення».
I ўсё ж такі выжылі, і не проста выжылі – адолелі варожую абарону, перамаглі. Характар савецкага чалавека, выхаваны партыяй, камсамолам, савецкай рэчаіснасцю, яго сіла духу аказаліся мацнейшыя за агонь, за камень і жалеза. Мацнейшыя за смерць. I калі гаварыць пра вытокі перамогі, то іх трэба шукаць перш за ўсё ў савецкім характары.
Гэтая галоўная, стрыжнявая думка выразна чытаецца ў падтэксце, да яе падводзяць дзеянні і ўчынкі герояў твора. Прыгадаем: паранены Багдан Мялешка ўцякае з медсанбата, толькі каб у рашаючым баі быць з таварышамі. «Ты памоўчвай, – гаворыць ён Лебедзю. – Без мяне вы гэтага дота не возьмеце». Ціхмяны, здавалася б, зусім не здольны на гераічны ўчынак Косця Русаковіч у крытычны момант ідзе насустрач смерці, закрывае целам амбразуру варожага дота. Што прымушае людзей, ахвяруючы жыццём, ісці наперад, насустрач смерці ў імя перамогі? Пачуццё адказнасці перад народам, уласнае сэрца, у якім выспела гарачае пачуццё палымянага патрыятызму, глыбокай любові да Радзімы.
У гэтым плане вялікую цікавасць мае вобраз камандзіра батальёна Чубукова. Сяргей Каліноўскі, астатнія маладыя байцы шчыра паважаюць свайго старэйшага таварыша і як смелага, ініцыятыўнага камандзіра, і як чалавека, сапраўднага камуніста, многаму ў яго вучацца. Раскрываючы вобраз Чубукова, пісьменнік дае нам магчымасць зразумець, што сіла і неадольнасць нашага народа маюць свае вытокі і ў пераемнасці, злітнасці пакаленняў савецкіх людзей, вялікім аўтарытэце камуністаў, іх авангарднай, кіруючай ролі.
I яшчэ. У рамане побач з рускімі і беларусамі плячо ў плячо змагаюцца казахі і татары, украінцы і таджыкі… I хоць не кожны з вобразаў выпісаны ў аднолькавай меры грунтоўна, дэталёва (зрэшты, аўтар, напэўна, і не ставіў перад сабою такую задачу), яны дапамагаюць стварыць праўдзівую атмасферу франтавога жыцця, выявіць тую аб'ектыўную ісціну, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне здабыта агульнай барацьбой усіх народаў і народнасцей нашай вялікай шматнацыянальнай Радзімы.
Аналізуючы ідэйна-мастацкія вартасці рамана «Смутак белых начэй», заўважаеш, што ў сваім новым творы I. Навуменка застаецца верным не толькі абранай, ім ваеннай тэме, але і сваёй творчай манеры. Стылёва і кампазіцыйна раман нагадвае своеасаблівы дзённік маладой душы. Перш за ўсё гэта выяўляецца ў выразным аўтабіяграфічным сюжэце. Аўтар, як і Сяргей Каліноўскі, прайшоў тую ж жыццёвую дарогу: не паспеўшы закончыць школу, вымушаны быў узяць у рукі зброю, каб разам з партызанамі змагацца супраць акупантаў. Пасля партызан трапіў у запасны полк, а потым на фронт. Такое зліццё асобы аўтара і асобы героя, іх духоўная і біяграфічная еднасць, безумоўна, надаюць твору асаблівую шчырасць і эмацыянальнасць, ствараюць атмасферу даверлівасці.
Асаблівай гаворкі заслугоўваюць стылёвыя якасці рамана. I. Навуменка не імкнецца да звышарыгінальнай вобразнасці, яркай метафарычнасці, асаблівай вастрыні сюжэта. Дзеянне як бы складваецца ў ланцуг успамінаў, разгортваецца плаўна, спакойна, часам запаволена. Дынамізм, напружанасць узнікаюць толькі ў заключных раздзелах, дзякуючы глыбокаму пранікненню ва ўнутраны, псіхалагічны свет герояў.
Звернемся   да аднаго з самых вострых   момантаў,  калі пасля чарговай атакі з усіх сяброў-аднавяскоўцаў,   што ехалі разам на фронт, застаецца адзін Каліноўскі. Астатнія загінулі. Усведамленне гэтага жахлівага факта аглушае Сяргея. Наступае поўная абыякавасць да ўсяго. Не хочаццажыць. «Ён не можа ўявіць, як прыедзе ў мястэчка, што скажа, калі сустрэне маці Васіля Лебедзя, Косці Цітка і іншых таварышаў. Таварышы ляжаць у зямлі, а ён прыедзе. Дзеля чаго?..» Трагізм вайны, перададзены праз канкрэтна-індывідуальнае, не можа не хваляваць, не   выклікаць адпаведных эмоцый і пачуццяў, і таму душэўная драма Сяргея, яго боль ад страты блізкіх   сяброў успрымаюцца чытачом як свае асабістыя.
Асаблівасцю   творчай манеры I. Навуменкі можна лічыць і яго пэўную прыхільнасць да лакалізацыі падзей, іх камернасці. У свой час некаторыя  нямала папракалі пісьменніка за гэтую ягоную прыхільнасць, якая нібыта не давала магчымасці адлюстраваць падзеі больш шырока,   маштабна, паказаць усю панараму народнай барацьбы. На наш погляд, папрокі гэтыя не зусім справядлівыя і былі выказаны без уліку творчай індывідуальнасці аўтара. На самай справе, хіба можна, скажам, К.   Сіманава  супрацьпастаўляць В. Быкаву толькі таму, што першы звяртаецца да панарамнага паказу франтавых падзей, а другі абмяжоўвае   сваю пісьменніцкую  ўвагу вузкім плацдармам вайны, заглыбляецца ў духоўны свет сваіх герояў, шукае ісціну, праз іх пакутлівы роздум і маральна-псіхалагічныя сутыкненні?
Прырода таленту I. Навуменкі наймацней праяўляе сябе ў сферы глыбока лірычнага. Гэта, аднак, зузім не азначае што асобнае, лакальнае перашкаджае пісьменніку бачыць агульнае, больш шырокае. Ствараючы мастацкі  вобраз, ён імкнецца падаць  яго выпукла, аб'ёмна, так, каб можна  было ў гэтым вобразе  убачыць тыповыя рысы цэлага пакалення, а часам, як слушна заўважае У. Юрэвіч, і рысы ўсяго народа. Дасягаецца гэта дзякуючы таму, што з агромністага запасу жыццёвага матэрыялу пісьменнік  адбірае толькі тыя дэталі і факты, якія, акрамя глыбока асабістага, тояць у сабе тыповае і агульназначнае.
У поўнай  меры гэтыя   якасці І. Навуменкі як мастака праявіліся і ў рамане «Смутак белых начэй». Усе падзеі перадаюцца галоўным чынам     праз  праз успрыманне галоўнага героя .Аднак мы не адчуваем абмежаванасці, звужанасці ў адлюстраванні рэчаіснасці. Асобныя, лакальныя эпізоды і, здавалася б глыбока інтымныя адчуванні і перажыванні героя дапамагаюць нам зазірнуць у свет думак і пачуццяў савецкіх людзей, даюць магчымасць яскрава ўявіць усю панараму  народнай барацьбы.
Гэтаму садзейнічае і той  грамадзянскі, адкрыта публіцыстычны струмень , які нярэдка выяўляецца ў аўтарскіх адступленнях .
Сапраўдны лірычны твор заўсёды прасякнуты грамадзянскім пафасам. Менавіта гэтая якасць вызначыла, зрабіла адметнай творчасць І. Навуменкі на самым яе пачатку. Рамантык па складу характару,пісьменнік у першых творах зарэкамендаваў сябе тонкім псіхолагам, чалавекам, здольным пранікаць у зменлівы, бясконца рухомы свет юнацтва, заўважаць і перадаваць найтанчэйшыя зрухі душы. Развіваючы,  узбагачаючы гэтую грань свайго таленту, I. Навуменка разам з тым імкнецца з кожным новым творам як бы «зазямляць» сваю прозу, надаць ёй рысы наўмыснай  суровасці і будзёнасці. Дыялектычнае адзінства двух пачаткаў-узнесла-рамантычнага і паўсядзённа-рэалістычнага—яскрава праявілася і ў рамане «Смутак белых начэй». Каб пераканацца ў гэтым, адгорнем хоць бы гэтую старонку: «Белыя ночы… Лес у першай, незвычайна яркай, багатай зеляніне. Пасля доўгай, зацяжной зімы, халоднай вясны нібы вырваліся на волю стоеныя, жыватворныя сокі зямлі. Не толькі сасна і елка растуць на Карэльскім перашыйку, а ўсе дрэвы, як на родным Палессі: бяроза, асіна, альха, дуб. Трава, кветкі такія самыя, птушкі шчабечуць гэтак жа. На палянах буяе разнатраўе. Але ўсё менш астаецца вольных палян. Белыя, жоўтыя, сінія кветкі бязлітасна вытоптвагоцда гусеніцамі танкаў і самаходак».
Кветкі і гусеніцы танкаў… Сімвалы лірычнай узнёсласці і суровай рэчаіснасці. Ўражлівая, ёмістая дэталь, якая надзвычай дакладна перадае жорсткую сутнасць вайны.
Менавіта на ўменне пісьменніка адной невялічкай, трапнай дэталлю сказаць многае, вылучыць у характары або з'яве самае адметнае, самае істотнае хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу. Дазволю сабе некалькі прыкладаў: «Людзі абутыя хто ў што: у бахілы, чуні, лапці, стаптаныя апоркі. Вопратка не лепшая. Фасоны і афарбоўка шынелкаў, палітончыкаў, фуфаек, лапсердакоў, а таксама шапак, сярод якіх трапляліся не толькі самаробныя сялянскія кучомкі, старамодныя будзёнаўкі, але і нязвычныя польскія магеркі, вайсковыя, з языкамі-навушнікамі нямецкія брылі, мадзьярскія пілоткі, пашытыя з тоўстага цёмна-жоўтага сукна, былі самыя размаітыя». Гэта—адно толькі апісанне навабранцаў, якіх нядаўна мабілізавалі і прывезлі ў запасны полк з навакольных вёсак. Штрых каларытны, па-мастацку выразны. За ім — цэлы малюнак народнага жыцця і ў яго сучасным праяўленні, і ў яго гістарычным аспекце.
Ці яшчэ. Шсьменнік мог бы з выключнай падрабязнасцю апісваць сілу і моц артылерыйскай кананады, але зрокавай выразнасці і эмацыянальнага ўздзеяння дасягае дзякуючы толькі адной невялікай дэталі: «Неба адразу цямнее, захінаецца дымам, і скрозь цёмную густую заслону ледзь прыкметна выблісквае сонца. Як у час сонечнага зацьмення бачны вялікі кружок, на які можна глядзець, не баючыся папсаваць вочы».
Такіх ёмістых, дакладных і экспрэсіўных дэталяў у рамане шмат. Зазначым, аднак, што I. Навуменка не абцяжарвае твор лішнімі, мала патрэбнымі дэталямі. Ён імкнецца да таго, каб кожны эпізод, кожная дэталь у поўную сілу працавалі на ідэю, на змест твора, дапамагалі глыбей раскрываць не толькі праўду характару, але і праўду абставін, праўду часу.
Ёсць у рамане адзін паказальны эпізод. Па, просьбе кінааператараў полк імітуе атаку —для здымкі, якую ноччу зняць не ўдалося. I вось цяпер атаку паўтараюць днём. Масавая, уражлівая, прыгожая, калі назіраць збоку, вачыма аператара, сцэна. Але — непраўдзівая. I пісьменнік дае нам выразна адчуць няпраўду: байцы ідуць не падаючы, не баючыся— страляюць жа халастымі.
Падобнай слабасцю, імкненнем да знешняй прыгажосці «кадраў» вызначалася нярэдка і наша пасляваенная літаратура. Наўрад ці будзе сумленным папракаць, а тым больш абвінавачваць яе за гэта. Народ, які вынес неймаверны цяжар і нечалавечыя пакуты самай страшнай, самай крывавай на зямлі вайны, меў права на пэўную ідэалізацыю, рамантычную прыўзнятасць. Іншая справа, што не кожнаму мастаку ўдавалася зрабіць гэта на належным мастацкім узроўні. I тады мы мелі справу з творам, дзе адлюстраваліся, як кажуць, самыя найлепшыя намеры аўтара, але жывой, жыццёвай праўды і глыбіні філасофскага асэнсавання рэчаіснасці не адчу-валася.
Паварот літаратуры тварам да жыцця, яе значная ідэйная і псі-халагічная напоўненасць сталі прыкметныя ў канцы пяцідзесятых—пачатку шасцідзесятых гадоў. Ваенная проза побач з адлюстраваннем маштабнасці, панарамнасці барацьбы ўсё большую ўвагу пачала засяроджваць на асобным чалавеку, на мастйцкім асваенні «прыватнасцей і падрабязнасцей».
Адным з першых у гэтым накірунку ў нашай літаратуры   пачаў працаваць і I. Навуменка. Ведучы пошук у рэчышчы традыцый класічнай рускай   літаратуры і  творча развіваючы вопыт сваіх таварышаў, перш за ўсё Ю. Бондарава, Г. Бакланава, В. Быкава, А. Адамовіча і іншых, пісьменнік не толькі пазнаёміў чытача з новымі яркімі старонкамі    Вялікай Айчыннай вайны, але здолеў праўдзіва адлюстраваць суровуюі рэальнасць вайны, сказаць тут сваё важнае, адметнае слова. Гэта адносіцца і ў цэлым да творчасці I. Навуменкі, і да яго рамана «Смутак белых начэй», дзе па словах В. Каваленкі, часта выяўляецца такая адкрытасць якая стала магчымай толькі на сучаснай ступені развіцця грамадства.
Чытаючы гэты раман, я прыгадаў адзін нядаўні выпадак. Турысту з  Заходняй Германіі, немаладому ўжо чалавеку, паказалі нашу Хатынь. Суровы, жалобна-велічны мемарыял, адчувалася, глыбока ўразіў саліднага, упэўненнага ў сабе немца. Вылезшы з машаны вясёлы і задаволены, назад ён вяртаўся прыкметыа пацішэлы, задуменны, з пачуццём пэўнай вінавітасці. Ніякавата, няўтульна яму на зямлі Хатыні. I можа таму, развітваючыся, ён сказаў з нейкім сумам: «Любіце вы, рускія, экзальтаваць свае пачуцці…»
Што ж, зразумець гэтага замежнага турыста не цяжка. Не аднаму яму, напэўна, хацелася б сёння пазбавіць нас гістарычнайпамяці, сцерці жудасныя сляды, якія накінуў пасля сябе  фашызм, закрэсліць наша гераічнае мінулае. Але гісторыю  не перайначыш. Яна — у сэрцы, у памяці народа. Вось чаму і сёння, амаль праз чатыры дзесяцігоддзі пасля перамогі, пісьменнікі зноў і зноў звяртаюцца да ваеннай тэмы, а творы іх  карыстаюцца   неаслабнаю увагаю чытачоў. У трагічным і гераічным мінулым нашы сучаснікі шукаюць урокі для сябе—імкнуцца зразумець,     спасцігнуць сапраўдную псіхалагічную і духоўную прыроду чалавечай самаахвярнасці.

Актыўна паслужыць гэтаму і  новы раман I. Навуменкі «Смутак белых начэй».

Маральнае выхаванне асобы напрыкладзе рамана
І. Навуменкі “Сасна пры дарозе”

Н. Б. Рашэтнікава

Праблема сталення асобы ў гады Вялікай Айчыннай вайны – адна з цэнтральных у рамане народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі «Сасна пры дарозе». У артыкуле «Эпас народнага подзвігу» мастак слова адзначаў: «У часы Айчыннай вайны вельмі адчувальна, калі можна так сказаць, рэльефна, праявілася адзінства асабістага і грамадскага ў чалавеку. Падпарадкаваўшы ўсе свае сілы адзінай патрыятычнай ідэі, чалавечая асоба робіцца яшчэ больш значнай і цэльнай» [1, с. 165].
«Сасна пры дарозе» (1962) – першы твор ў раманным цыкле, куды ўваходзяць таксама «Вецер у соснах» (1967) і «Сорак трэці» (1973). Вызначаючы педагагічную канцэпцыю вывучэння рамана I. Навуменкі «Сасна пры дарозе», настаўнік можа звярнуць увагу на гэтую звычайную незвычайнасць галоўнага героя трылогіі і яго сяброў-аднакласнікаў. 3 аднаго боку, перад намі тыповыя юнакі з усімі асаблівасцямі ўзросту, а з другога – людзі, якія ўмеюць мысліць і ставіць перад сабой складаныя пытанні, а таксама шукаць на іх адказы.
У рамане паказана, як у барацьбе з ворагам юнакам прыходзіцца на многае паглядзець іншымі вачыма, крытычна ацаніць сябе, адкрыць шмат новага ў сабе і людзях. Адбываецца паскоранае фарміраванне асобы.
На эпізодах, якія раскрываюць этапы сталення ўчарашніх школьнікаў, пажадана спыніцца асобна. Гэта тлумачыцца канцэпцыяй твора і ўзроставымі асаблівасцямі дзевяцікласнікаў. Менавіта ў VIII–IX класах падыходзіць час маральнага самапаглыблення асобы, час пошуку сувязей, усведамлення прычын і вынікаў. Вывучэнне рамана I. Навуменкі можа стаць асабіста значным для школьнікаў.
У рамане «Сасна пры дарозе» некалькі сюжэтна-кампазіцыйных ліній, якія скіраваны на раскрыццё ідэйна-мастацкага зместу твора. Мы раім на ўроку спыніцца толькі на адной з іх, дзе раскрываюцца этапы сталення Міці Птаха і яго сяброў у полымі вайны. На нашу думку, вучні на ўроках літаратуры могуць аналізававаць наступныя апорныя эпізоды.
Галоўны герой трылогіі Міця Птах праходзіць праз цяжкія, напоўненыя трагізмам і будзённым гераізмам гады вайны, якія карэнным чынам змяняюць яго летуценныя погляды. На пачатку рамана «Сасна пры дарозе» чытач сустракаецца з рамантычным і наіўным юнаком, які ў душы нават узрадаваўся, калі пачуў, што пачалася вайна: «Міця стаяў, слухаў, згараючы ад узбуджэння, ад нясцерпнага жадання – хутчэй пабегчы, расказаць усім, хто яшчэ не ведае, гэтую ўрачыстую навіну» [2, с. 26–27].
Міця Птах – дзіця свайго часу. Хлопец прагна спасцігае крыніцы ведаў і цікавіцца ўсім, што адбываецца ў свеце.
Аднойчы газеты прынеслі вестку, што Чырвоная Армія перайшла мяжу з Польшчай і ўзяла пад сваю ахову народ Заходняй Беларусі і Украіны.
Міцю вестка ўзрушыла. Ён адчуў вялікае ўнутранае задавальненне. Прыемна было адчуваць сябе савецкім – грамадзянінам вялікай неабсяжнай краіны, якая на вачах рабіла гісторыю. Ён нібы адказваў за яе лёс [2, с 25].
Міця і яго сябры любяць разважаць пра сэнс жыцця і спрачацца. Праўда, іх разважанні ў асноўным кніжныя:
– Гэта ідэалізм, – думаючы аб сваім, гаворыць Нупрэй.
– Ідэалізм, Ідэалізм… Рад, што слова ведаеш. А ты падумай… Усё, зробленае чалавекам, нішто, калі свету няма канца.
– Бясконцая матэрыя. У часе і прасторы. Пры чым тут чалавек?
– Ну як ты не разумееш? – марудлівы Іван пачынае злавацца, гаворыць хутка, захліпаючыся. – Выпадковасць жыццё ці не? …Няма ў яго сэнсу, калі ўсё без канца. Чалавек ідзе, ідзе, а куды дойдзе?.. Павінна ж быць мэта. А гэта заўсёды граніца, рубеж, да якога людзі імкнуцца. Няма граніцы – няма мэты. Навошта тады жыццё? У чым яго сэнс?.. [2, с. 13].
Жыццё з яго шматлікімі пытаннямі раскрые перад юнакамі новыя далягляды, абставіны стануць куды больш складанымі, чым здаваліся наіўнаму юнацтву.
Іван Навуменка ў рамане рэалістычна паказвае, як паступова выспявае ў народзе нянавісць да ворага. Гэта толькі напачатку Міцю здавалася, што ўсё на вайне проста: ёсць вораг і яго неабходна знішчыць. I вось прыйшлі акупанты і змянілася карэнным чынам жыццё: «ранейшыя паняцці перавярнуліся ў ім, аказаліся хісткімі і няпэўнымі» [2, с. 91]. Міця не разумее, як у краіне Маркса і Энгельса рабочыя зрабілі танкі, гарматы, самалёты, «каб забіваць такіх жа, як яны самі, савецкіх рабочых. Выходзіць, кавалак хлеба для іх, немцаў, даражэй за смерць братоў па класу…» [2, с. 91]. Хлопец углядаецца ў твары заваёўнікаў: бачыць, што з выгляду гэта звычайныя людзі. Больш за ўсё Міцю і іншых хвалюе іншае: «няўжо Масква не ўтрымаецца? Якімі довадамі вытлумачыць такое глыбокае адступленне, калі ворагу здадзена велізарная тэрыторыя, багацейшыя раёны, сотні гарадоў?» [2, с. 110]. Сярод тых, хто пільна прыслухоўваецца да навін з фронту, Іван Пракопавіч Шэлег – загадчык раённага камунгаса. У самым пачатку вайны яго пакінулі для працы ў падполлі, але не сказалі, з кім і як. Магчыма таму Івану Пракопавічу і аграному Драгуну так цяжка вызначыць план дзеянняў падпольшчыкаў. Самае крыўднае – няма сувязі з партызанскім атрадам. Звесткі з фронту змрочныя, як і ў варожым тыле (Драгун прыносіць нярадасныя навіны, што многія ідуць у паліцыю). У падпарадкаванні Шэлега, акрамя Драгуна, яшчэ Цярэшчанка з ільнозавода, бацька васьмярых дзяцей, і інжынер лесакультур Дзянісава, якой усяго дзевятнаццаць гадоў. Івану Дзянісавічу не спадабалася, яго нават напалохала гарачнасць маладой жанчыны: «Калі яна пайшла, зноў пашкадаваў яе – прамая бескампрамісная натура. Такой у падполлі цяжка. Пакажы ёй ворага – будзе страляць, стаяць да апошняга, але хітраваць, выкручвацца не ўмее. Агарнулі нярадасныя думкі: можа, уся моладзь такая? Так яе навучылі, выхавалі. Добра гэта ці дрэнна? Добра там, на фронце, дзе ўсё адкрыта. Тут зусім другое» [2, с. 113].
Прадчуванні Шэлега, на жаль, спраўдзіліся. Навіны Драгуна пра разгром баз, здрадніцтва таварышаў прымушаюць Івана Пракопавіча ісці ў лес і пераносіць у іншае месца зброю, адкрыць тайну аграному: «Я табе раскрою сакрэт, толькі аднаму табе, зразумеў?.. Яшчэ ёсць двое… Але адзін нікуды не варты, а дзяўчыну я пакуль што пашлю дамоў, на яе радзіму. Яна з Любаншчыны, там, па чутках, партызаны. Цяпер для нас самае галоўнае – сувязь з партызанамі» [2, с. 122]. Надзеі Шэлега не спраўдзіліся. Дзянісаву расстралялі, распаўся знішчаны батальён, які так і не стаў партызанскім атрадам. Аднак газета «Праўда» за 7 лістапада, якую прынёс Драгун, дзе паведамлялася, што немцы не ўзялі Маскву, натхняла, давала надзею і веру.
Адзін з асобнікаў газеты трапіў да Міці. «3 Міцевых вачэй у дзень гэты як бы спала нейкая пеляна. Знаёмыя, зведаныя рэчы станавіліся на ранейшае месца» [2, с. 130]. Але да Перамогі было далека, а пакуль што немцы забівалі людзей: яўрэяў або тых, хто ім не падабаўся. Барацьба толькі пачыналася. Для Міці новы этап жыцця вызначыў не толькі нумар «Праўды», але і вяртанне сябра Івана, які паведаміў, што забілі Нупрэя Гіля і Мікалая Балембу. А праз некаторы час уначы да Птахаў пастукаў Іван Гусоўскі, што ўцёк з фашысцкага палону. Расказ Івана па-новаму асвятліў для Міці жорсткасць ворага і трагедыю вайны.
У Міці і яго сяброў паступова выспявае жаданне актыўна ўключыцца ў барацьбу з фашыстамі. Але як? Сабраўшыся ў хаце Івана Любіна, хлопцы прыгадваюць усё, пра што даведаліся, што перажылі за першыя месяцы акупацыі. Міця падагульняе: «Вайну вырашае дух народа». Так узнікае ідэя: сабраць радыёпрыемнік, які дасць мажлівасць атрымліваць праўдзівыя звесткі з фронту і распаўсюджваць іх. Няпростая справа захапіла хлопцаў, аб'яднала іх, напоўніла аптымізмам.
Іван Навуменка, апісваючы падзеі першых месяцаў акупацыі, абапіраўся на традыцыі савецкай літаратуры, але ўласна перажытае надало твору асаблівую заглыбленасць, праўдзівасць.
Пісьменнік тлумачыць чытачу, што і ў час вайны на захопленай ворагам тэрыторыі працягвалася жыццё. Людзі кахалі і ненавідзелі, сябравалі, але чакалі і спадзяваліся, што вымушанае рабства ненадоўга.
Адсюль і парыванні, надзеі маладых людзей, якія актыўна шукалі прымяненне сваім сілам у агульнай барацьбе з фашызмам. Юнакам і дзяўчатам, што выхоўваліся ў савецкай школе, цяжка ўспрымаць перамены ў паводзінах людзей. «Міця верыў — паны ніколі не вернуцца. А яны вярнуліся, хадзілі па мястэчку ў жывым вобліку нямецкіх салдат, якія пляваць хацелі на ўсё тое, у што ён верыў. Слова «таварыш», дарагое і блізкае, знікае, трэба гаварыць «паніч»… [2, с. 167]. Таму зразумела, як радуюць галоўнага героя твора перамены ва ўспрыманні народам немцаў: страх паступова знікаў.
Міця і яго сябры ў творы паступова разгортваюць барацьбу з фашыстамі. Пасля радыёпрыёмніка і лістовак у іх узнікла ідэя звязацца з партызанамі, збіраць зброю. Для хлопцаў гэта акцыя не гульня, і, тым не менш, авантурызму ў паводзінах хапае. Па-іншаму на дзейнасць сваёй арганізацыі Міця і яго сябры пачынаюць глядзець толькі тады, калі пачаліся арышты, расправы, немцы пачалі хадзіць з вобыскамі.
А між тым нямецкія эшалоны адзін за другім усё ідуць на ўсход.
Прыгнечаны стан Міці ўзмацняюць чорныя стрэлкі на карце: немцы наступаюць. Патрэбны ўчынак! I вось, нарэшце: «Міця залез пад мост – у твар патыхнула вільгаццю, прэллю, ногі вязлі ў гразі, – прыладзіў пад насцілам, на гладкім круглым бервяне аманал, адкаркаваў патрон, раскруціў ва ўсю метровую даўжыню шнур. Чыркнуў запалкай, падпаліў» [2, с. 213].
Адбылося! Міна спрацавала, эшалон пайшоў пад адхон. «Калі раздаўся выбух, Міця паволі адышоў ад плота. Помслівая радасць, якая на імгненне ахапіла істоту, адразу знікла. На двары суседскай будкі валтузня, крыкі каманды, ляскат зброі. У душы расла трывога. Як там хлопцы? Ці паспелі адбегчыся ад палатна?» [2, с. 244].
Выбух устрывожыў немцаў і паліцаяў, а хлопцам надаў смеласці і веры, што з ворагам можна паспяхова змагацца. Аднак наступныя падзеі ўнеслі карэктывы ў іх планы.
Маладыя людзі ўстрывожаны: юнакоў і дзяўчат запісваюць у Германію. Заклапочаныя і бацькі. Для Міці праца на чыгунцы – гэта магчымасць дзейсна дапамагаць фронту, а таксама пазбегнуць прымусовай адпраўкі ў Германію. Ён сам здзіўляецца, як многае змянілася ў яго марах і імкненнях. Для хлопца няма нічога больш важнага, чым падкласці міну і ўзарваць варожы эшалон. Яму здаецца, «што ён стары-стары, усё бачыў і ўсё ведае» [2, с. 240]. Нават бацька, які раней глядзеў на сына, як на дзіця, цяпер размаўляе як роўны з роўным.
Старэйшым Птахам кіравала пачуццё адказнасці за жыццё дзяцей. Але Міця ўвесь час застаецца на сваёй пазіцыі, ён упэўнены, што  «жыццё траціць сэнс, калі пагаджаецца з тым, што прыніжае чалавека, робячы яго пакорлівай, бесславеснай жывёлінай» [2, с. 289].
Вызваленне не пераканала галоўнага героя рамана ў адваротным. Міця Птах не можа пагадзіцца з рэальным станам рэчаў, таму што верыць у чалавека, яго гераічнае прадвызначэнне: «Хіба назавеш проста гераізмам тое, калі за радзіму людзі аддаюць не толькі сваё жыццё, але і жыцці родных, блізкіх. Ведаюць, што іх чакае, і аддаюць» [2, с. 331].
Прыкладам такой мужнасці і стойкасці для юнака з'яўляецца сасна, якая не загінула, калі ўсё жывое замерла ў ледніковы перыяд, а першай пайшла ў наступ за жыццё. I перамагла.
Твор завяршаецца аптымістычна: барацьба з ворагам працягваецца, а значыць, не за гарамі і перамога над фашыстамі.
Арышт, допыты, пакуты ў зняволенні не змянілі планы хлопца, не напалохалі. Міця Птах пераасэнсоўвае тое, што з ім адбылося, і ўпэўнены: усё, што ён рабіў, правільна. Па-іншаму Міця стаў успрымаць бацьку, зразумеў яго паводзіны.
На заключным этапе вывучэння рамана I. Навуменкі «Сасна пры дарозе» можна прапанаваць вучням падрыхтаваць даклады на наступныя тэмы:
1. «Прайсці праз вернасць» (М. Танк);
2. Раман «Сасна пры дарозе» – «песня адной маладосці» (Я. Брыль);
3. Я хацеў бы расказаць…

Важна, каб вучні не толькі глыбока ўсвядомілі ідэйна-мастацкі змест твора, але і задумаліся над значнымі маральнымі праблемамі, паспрабавалі па-свойму іх вырашыць.

Астравы памяці
Штрыхі да творчага партрэта Івана Навуменкі

Роза Станкевіч

У адным са сваіх эсэ Томас Ман піша: для таго, каб стварыць добрую , кнігу, трэба каб яна доўга жыла ў свядомасці пісьменніка, доўга захоўвалася ў яго памяці і была звязана з самымі раннімі ўспамінамі дзяцінства.
У сваёй аснове творчасць Івана Навуменкі аўтабіяграфічная: гэта прызнаецца ўсімі, хто пісаў пра яго. Большай часткай яна – успамін: па настрою, па танальнасці, па архітэктоніцы, заснаванай на законах чалавечай памяці. Трыццаць гадоў ужо (першыя апавяданні «Сідар і Гараська» і «Эх, махорачка» былі апублікаваны ў 1955 годзе) пісьменнік «успамінае»: ідзе па слядах сваёй памяці, вяртаецца да сваіх вытокаў, даследуючы «непараўнальны востраў дзяцінства і юнацтва».
Кожны новы яго твор – нібыта новы варыянт папярэдніх і адначасова – новы віток, які прадаўжае мастацкі пошук, распачаты аўтарам з першых крокаў у літаратуры.
Перачытваючы ўсё, што ўвайшло ў пяць тамоў шасцітомнага збору твораў I. Навуменкі (пра шосты том, дзе сабраны лепшыя літаратурна-крытычныя артыкулы, гаворка павінна ісці асобна), ствараецца ўражанне, што гэта адна кніга, якую аўтар апублікаваў часткамі, раскрываючы ў кожнай усё новыя грані жыцця сваёй краіны, свайго пакалення. Аўтарская ўвага паслядоўна засяроджваецца на тым, што ўяўляецца яму сутнасцю народнага жыцця.
У творчасці I. Навуменкі паняцце «народнае жыццё» набывае канкрэтны сэнс. Псіхалагічна гэты канкрэтны сэнс вызначаны выбарам цэнтральнага героя, развіццём і станаўленнем яго характару; сацыяльна – ладам жыцця асноўных персанажаў: юнакоў і дзяўчат 30-40-х гадоў, чыю маладосць апаліла вайна, учарашніх школьнікаў, падпольшчыкаў, партызан і салдат, студэнтаў і навуковых работнікаў, калгаснікаў і рабочых – адным словам, людзей, якія змагаліся за Радзіму ў цяжкія гады вайны, якія ўзнаўлялі яе ў пасляваенныя гады, якія змагаюцца за чысціню чалавечых адносін, за шчасце ў нашы дні; гісторыка-геаграфічна – часам і месцам дзеяння; запаветныя, святыя мясціны «малой радзімы», да якіх пісьменнік у думках вяртаецца праз усё жыццё; эстэтычна – творчай біяграфіяй, мастацкай прыродай і самабытнасцю яго таленту.
На пытанне карэспандэнта газеты «Звязда», што з'яўляецца асноўным, магістральным у яго творчасці, пісьменнік адказвае: «Відаць, асноўным было жаданне выказаць тое, што добра ведаў, што, як кажуць, наспела, набалела ў душы і шукала выйсця… Калі шчыра прызнацца, у сваіх творах далёка не адыходзіў ад фактаў, падзей, якія мелі месца ў жыцці, і ад людзей, што сталі прататыпамі маіх герояў». («Звязда», 13 чэрвеня 1980 года).
Асаблівасць творчай манеры I. Навуменкі – адкрыты аўтабіяграфізм. Але аўтабіяграфізм гэты адметны: душа і памяць галоўнага героя (хоць героі апавяданняў, аповесцей і раманаў пісьменніка завуцца па-рознаму і маюць розны выгляд, чытачам і літаратуразнаўцам няцяжка заўважыць, што дзейнічае фактычна адзін і той жа асноўны герой) увабрала ў сябе жыццё многіх. Але не аўтабіяграфічныя рысы звязваюць творы I. Навуменкі ў адзінае цэлае, а якраз эстэтычнае крэда празаіка, рукою якога пісала сваю «аўтабіяграфію» цэлае пакаленне.
У сваёй творчасці пісьменнік заўсёды ідзе ад «рэальнага факта», ад асабіста перажытага, але пры гэтым працэс узнаўлення – не прамалінейны.  Аўтабіяграфізм   Навуменкі  далёка   не  раўназначны  пісьменніцкаму утылітарызму: што пабачыў, пра тое і пішу. Нават тады, калі рэальны факт трапляе ў сілавое поле мастака, ён пераасэнсоўваецца, пераўтвараецца, уступае ў складаныя ўзаемаадносіны з іншымі фактамі. У працэсе стварэння мастацкіх твораў аўтар ніколі (як ён сам прызнаецца) не дае факт «галышом», а імкнецца асэнсаваць яго, падняцца над ім, гэта значыць  унесці ў адлюстроўваемую рэальнасць тую «выдумку», пра якую не раз гаварыў I. С. Тургенеў і без якой – мастацтва няма, Такім чынам, творчая фантазія, «выдумка» і канкрэтны факт у яго творах гарманічна злучаюцца, дапаўняючы адно аднаго.
I. Навуменка ва ўспрыманні крытыкі – пісьменнік устойлівых стылістычных традыцый. Няцяжка заўважыць, што яму не ўласцівы літаратурныя навацыі, «неабкатаная лексіка», так званыя «шумавыя эфекты» – усё тое, што называецца літаратурнай модай. Наадварот, пісьменнік глыбока і  аб'ёмна ўспрыняў запаветы класікі, перш за ўсё беларускай і рускай (асабліва Я. Коласа, К. Чорнага, I. Тургенева, К. Паустоўскага), што дазволіла яму ўпэўнена знайсці сваё ўласнае «я» ў мастацтве.
Яго талент крытыкаю вызначаецца як талент рамантычнага накірунку. Вядучая стылявая дамінанта празаіка выяўляецца ў лірычнай афарбоўцы  ўсёй творчасці. Гэтыя меркаванні, зразумела, не без падстаў, аднак яны правамерныя ў адносінах да асобных этапаў станаўлення творчасці пісьменніка (асабліва ў ранняй навелістыцы 1955-1965 гадоў, хаця і тады выдзяляліся апавяданні чыста рэалістычнага плана – «Трое з зялёнай будкі», «Соль», «Хлопцы самай вялікай вайны», «У Макаў, на млын» і інш.), а яшчэ дакладней – для асобных канкрэтных твораў.
Пра творчасць І. Навуменкі часта гавораць, што яна «ад імя пакалення» (дарэчы, так называецца ўступны артыкул Ларысы Кароткай да шасцітомніка). Адразу паўстае пытанне: што гэта за пакаленне, ад імя якога піша I. Навуменка? Пытанне, на якое вычарпальны адказ дае ўся творчасць пісьменніка.
Гэта было пакаленне, якое нарадзілася і вырасла пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі і выхоўвалася ва ўмовах новага грамадскага ладу. Атрымаўшы ад жыцця і ад кніг зарад патрыятызму і веры, яно рыхтавалася да вялікіх спраў. Гэта было пакаленне, чыя «семнаццатая вясна» і школьны выпускны баль супалі з першымі залпамі вайны.
«Маё пакаленне, народжанае ў сярэдзіне дваццатых гадоў, вылучаецца цэльнасцю характару, – гаворыць I. Навуменка. – Мне яно асабіста падабаецца сваёй рамантыкай, марай аб подзвігу» («Книжное обозрение», 26 кастрычніка 1968 года).
Апаленая вайной маладосць пісьменніка, які «сам удзельнічаў у падпольных, партызанскіх справах, быў на фронце», хвалюе на працягу ўсяго творчага шляху і знаходзіць адлюстраванне ў яго лепшых творах, іх галоўны пафас у адмаўленні вайны. Часта ў апавяданнях, прысвечаных гэтай тэме, сустракаецца амаль адна і тая ж сітуацыя (вайна разбурыла мары пра шчасце, раскідала маладых людзей па свеце, разлучыла закаханых («Месячная ноч», «Вераніка», «Трымценне дубовага лісця», «Таполі нашага юнацтва»); нярэдка зыходныя каардынаты падобныя (апошні год вучобы, планы на будучае, вайна, акупацыя, падполле, партызанскія і франтавыя дарогі, першае каханне); многа агульнага ёсць у эмацыянальна-духоўным вопыце герояў (мары пра подзвігі, першаадкрыццё свету, каханне і расстанне, барацьба з ворагам, загартоўка волі і характару, жыццёвая праверка вернасці ідэалам).
Аднак не «паўторы» і не супадзенне канкрэтнага аб'ядноўваюць творы І. Навеменкі пра вайну ў шырокае мастацкае палатно. Галоўнае тут – гэта глыбокая жыццёвая праўда, якую аўтар пранікнёна і з веданнем справы даследуе, ствараючы сапраўды панарамную «біяграфію душы» свайго «рамантычнага пакалення».
Прыхільнасць да адной тэмы, да свайго ўласнага вопыту, які аўтар, магчыма, «падчас проста-такі няшчадна эксплуатуе» (У. Юрэвіч), не можа не штурхаць да пэўных  «паўтораў».
Але І. Навуменка не проста даследуе жыццёвы матэрыял праз прызму факта (яго нельга папракнуць  у фетышызме ў адносінах да фактаграфіі), не проста абрастае  «падрабязнасцямі бягучага жыцця», наадварот, ён як бы знаходзіцца ўнутры гэтага матэрыялу – жыве, пакутуе, думае, радуецца, удзельнічае ў вялікіх  і малых справах, падзеях, і кожны дзень жыцця пакідае ў яго памяці і сэрцы  свае зарубкі. Вельмі часта для пісьменніка апавяданне як жанр становіцца  своеасаблівым   канспектам   будучай, больш разгорнутай рэчы, «першай апрабацыяй» яго ідэй, думак, маральных пошукаў.
Відаць, пэўная «пераклічка» матываў, мастацкіх вобразаў і  прыёмаў, вяртанне да таго, што аднойчы было «ўжо выкарыстана» – свядомая пазіцыя аўтара, перш за ўсё неабходнасць па-новаму сказаць аб пражытых гадах, па яго ж уласнаму прызнанню, жаданне «злучыць асабіста перажытае і тое, што зведаў пазней, больш сталым позіркам ацаніць асабістыя ўражанні…»
Такі метад мастацкага даследавання рэчаіснасці  вядзе  не толькі  да суб'ектыўна-эмацыянальнай афарбоўкі пісьма, але і да асаблівых структурна-кампазіцыйных узаемаадносін – іншымі словамі да своеасаблівага «трохкутніка», які складваецца з трох «вуглоў»: аўтар, героі і апавядальнік.
Стылявая асаблівасць апавяданняў (асабліва ранніх) заключаецца ў тым, што аўтар і герой падчас у ролі апавядальніка выступаюць адначасова. Гэта звязана, відаць, з той эмацыянальнасцю, якая ўзнікае на глебе «асабіста перажытага», у выніку чаго аўтар, герой  і апавядальнік арганічна упісваюцца ў стылістыку лірычнага па свайму характару і ў той жа час дакументальнага па зместу апавядання.
Большасць аповесцей   I.   Навуменкі   напісана   ў   форме   ўспаміну героя аб перажытым, пазначана тым жа «здаровым аўтабіяграфізмам». Расказ тут ідзе ад імя «я-героя» і ад імя «я-апавядальніка», а аўтар як бы адсутнічае, назіраючы за імі. Чым гэта абумоўлена? Відаць, узнікла неабходнасць «адысці» ад сябе, паглядзець на сябе збоку, хоць псіхалогія і паводзіны персанажа нярэдка, бывае, нават і поўнасцю, сугучны жыццёваму вопыту, думкам, настрою аўтара.
Для раманіста І. Навуменкі галоўным стаў эпічны, маштабны і шматпланавы паказ таго, як жыло мірнае насельніцтва ў вайну на акупіраванай тэрыторыі, якімі шляхамі ўліваліся ва ўсенародную барацьбу  людзі розных прафесій (трылогія «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці»); як станавіліся салдатамі ўчарашнія школьнікі  і студэнты,  як змэгаліся і паміралі байцы і афіцэры Савецкай Арміі («Смутак белых начэй»). Таму суадносіны «аўтар, герой, апавядальнік» тут яшчэ больш складаныя (асабліва гэта датычыцца галоўных герояў Міці Птаха і Сяргея Каліноўскага, у вобразах якіх знайшлі адлюстраванне некаторыя факты з біяграфіі пісьменніка), бо «дыялектыка душы» герояў прасочваецца аўтарам «у непарыўнай сувязі з дыялектыкай свету» ці, інакш кажучы, гісторыя ўваходзіць у асабістае жыццё героя і, пашыраючы ўнутраную аб'ёмнасць мастацкіх вобраазў, паглыбляе іх эпічнае і філасофскае гучанне.
Ва ўсіх творах І. Навуменка да канца верны сабе, сваёй тэме: кожная дэталь, кожная падзея, створаны ім характар працягваюць яго мастацкі пошук, адлюстроўваюць яго ўласнае бачанне свету. Пісьменнік прысутнічае ў сваіх творах, як сказаў бы Флабэр, «усюды, як бог у сусвеце». I таму проза І. Навуменкі выпакутаваная, яна мае «групу крыві» свайго творцы, насычана яго жэстамі, інтанацыямі, нават тэмбрам яго голасу.
Магчыма, ён па складу свайго таленту сапраўды занадта лірык,  каб быць эпікам? Магчыма. Аднак ні ў якім разе нельга ігнараваць імкненне пісьменніка да маштабнага ахопу рэчаіснасці з адначасна глыбокім пранікненнем у характары герояў, у сацыяльныя і маральныя вытокі іх паводзін і ўчынкаў, дзе эпіцэнтрам мастацкага вывучэння становіцца «прыватнае», спраектаванае на «грамадскае», дзе лірычны падтэкст часам слабее, але ніколі не знікае, а прадаўжае «падсвечваць» знутры.
Гэта тэндэнцыя вызначае асаблівасці мастацкай формы «аўтабіяграфічнай» прозы І. Навуменкі (у якой дамініруе суб'ектыўны або лірычны тып творчага абагульнення) і дае падставу гаварыць пра тое, што пісьменнік дасягнуў паваротнага пункту ў сваёй творчасці. Застаючыся рэгіянальным летапісцам свайго пакалення, пастаянна вяртаючыся да сваіх любімых тэм і герояў, ён імкнецца даследаваць іх значна глыбей.
Нельга, відаць, сцвярджаць, што разгорнутасць, эпічнасць – «крок наперад» у творчым развіцці I. Навуменкі. Пэўна, наогул гэта метафара непрыдатная да мастацкай творчасці. Шляхі мастацтва – нязведаныя, і хто можа сказаць загадзя, куды скіраваным «крокам» з'яўляецца кожны новы твор мастака.
Здаецца,  найбольш арганічная для пісьменніка спавядальная проза «ад першай асобы», у якой даверлівае «я» апавядальніка скарачае адлегласць між ім і чытачом, у якой дынаміка часу, эпохі падаецца праз свядомасць героя.
Не раз празаік прызнаецца, што для яго апавяданне «пачынаецца з пэўнага рытму, настрою» («Як  зямля   пяе» – «Литературная   газета»,  16 снежня 1981). I сапраўды, лепшыя яго апавяданні даюць магчымасць адчуць, якую вялікую ролю іграе рытм і настрой, сама «інтымная будова фразы».
«У сапраўднай прозе заўсёды свой рытм», – сцвярджае К. Паустоўскі. – Рытм прозы залежыць ад таленту, ад пачуцця мовы, ад харошага «пісьменніцкага слыху». Менавіта гэтым харошым «пісьменніцкім слыхам», відаць, можна вытлумачыць тое, што многія творы I. Навуменкі напісаны ў своеасаблівым «музычным ключы».
«Да чаго ж харошыя жнівеньскія вечары! Яны як бы нясуць на сабе вобраз вечнага спакою, суладнасці, перад якім нікнуць дзённыя турботы і згрызоты, трацяць значэнне сваркі, звяга, усё тое, чым намазоліць сабе чалавек сэрца за дзень. Жнівеньскае неба – як хорам. Здаецца, усё лета зоркі раслі, памнажаліся, набіраліся моцы, каб толькі цяпер высыпаць так густа і ўрачыста». («У бары на світанні»).
Гэты невялікі ўрывак дае ўяўленне аб поліфанізме палітры Навуменкі-навеліста. Гаворачы пра музычную інструментоўку яго пісьма, у якім так сінтэтычна злучаецца проза з паэзіяй, належнае трэба аддаць пластычнай свежасці стылю, багаццю фарбаў, тонкай і ў той жа час шчодрай эмацыянальнай нюансіроўцы «партытуры».
Не ў складаных калізіях, не ў сюжэтных перыпетыях сіла празаіка. Пісьменнік імкнецца да сінтэзу мастацкіх сродкаў, і гэта робіць яго фразу зрокава «выпуклай». Такую фразу перачытваеш не таму, што не зразумеў з першага разу, але каб глыбей зразумець прыгажосць яе архітэктуры, заўважыць тое, што не змог заўважыць. I зноў парадавацца знаходцы.
Мастацкую тканіну твораў I. Навуменкі ўсё часцей і часцей пранізваюць філасофскія разважанні і рэмінісцэнцыі, усё часцей лірык і мысліцель падаюць адзін аднаму рукі. Яго героі імкнуцца зразумець загадкі прыроды, дыялектыку яе пераемнасці, задумваюцца над сэнсам жыцця, над неразгаданым у ім і імкнуцца вызначыць сваё месца ў бясконцым руху, «дайсці да самой сутнасці», зразумець, «чаму расце дрэва?…  дзе тая сіла, якая ўсім гэтым кіруе?» («Апошняя восень»).
Усё на свеце «цячэ, мяняецца», але застаюцца заўсёды нязменнымі вечныя субстанцыі. Зямля і Прырода для I. Навуменкі як у шырокім, так і ў канкрэтна-лакальным сэнсе – вечныя субстанцыі. I адсюль – тая глыбокая ўнутраная неабходнасць чалавека «хто б ён ні быў, дакрануцца да вось такой простай, першабытнай плыні жыцця, якое ва ўсім яго смаку можна адчуць толькі тут, на прыродзе («Байдачнікі»), «сутыкнуцца з тым… што ідзе ад зямлі, вады, травы, хмар на небе, ветру, які абвявае твар, дажджу…» («Замець жаўталісця»).
Менавіта гэта «праекцыя на вечнасць», гэта непарыўнасць чалавека з «вечнымі субстанцыямі», з Зямлёй, Прыродай надае яго творам мастацка-філасофскую вышыню… Прайшла маладосць, як праходзіць вясна, лета,– разважае герой той жа аповесці, – і гэта натуральна, і для «яго, як для дрэў, настала пара жаўталісця…» Але колькі б ні разважаў чалавек пра жыццё, улічваючы вопыт папярэдніх пакаленняў, у ім заўсёды жыве невытлумачальная і «неабгрунтаваная» настальгія па мінулым. Відаць, яна так ярка афарбоўвае ўспаміны пра дзяцінства, юнацтва, маладосць і задае асенне-мінорны тон асобным творам пісьменніка.
Дыстанцыя ў часе з'яўляецца як бы адпраўным пунктам сюжэта ў многіх творах I. Навуменкі апошніх гадоў. Яна павялічвае аб'ёмнасць асацыяцый, а тая невытлумачальная і «неабгрунтаваная» настальгія надае апавяданню акварэльна-пяшчотны каларыт.
Гэтак жа як для Маркеса селішча Маконда або для Фолкмера выдуманая вобласць Йокнапатофа ў штаце Місісіпі, так і для Навуменкі яго Бацькавічы ўвасабляюць увесь сусвет. Таму выклікае пярэчанне выказаны некаторымі крытыкамі тэзіс аб «празмернай лакалізацыі падзей» у творчасці пісьменніка. Наадварот, якраз гэтым ён дастаткова пераканаўча даказвае не толькі сваю «пранізлівую прывязанасць» да роднай зямлі, але і тое, што гэты «кавалачак зямлі велічынёй з паштовую марку» (Фолкнер) хавае ў сабе неабмежаваныя інвенцыі.
Разважаючы над творамі I. Навуменкі, бачым, з якой самаадданасцю пісьменнік даследуе астравы памяці свайго сэрца, назіраем, як яго ўяўленне ўваходзіць у насычаную сферу асацыяцый, як яго думка, якая рухаецца па законах «совоображения» (Ламаносаў), абагульняе іх, фільтруе, выцягвае ў бесперапынны і паслядоўны ланцуг.
Прыгадваюцца словы Ю. Бондарава: «Калі пісьменнік загружаны жыццёвым вопытам, як пчала мёдам, яму ёсць пра што расказаць, і яго жаданне пісаць – не гульня інтэлектуала ў словы, а неабходнасць прыблізіць людзей да свайго пазнання». Суадносячы сказанае з жыццём і творчасцю I. Навуменкі, не раз пераконваемся ў тым, як многае не толькі можна, але і трэба сказаць пісьменніку, «загружанаму» багатым жыццёвым вопытам.
Сэрца пісьменніка памятае перажытае цэласнай унутранай памяццю, адчувае неабходнасць прыблізіць людзей» да яе, адчувае высокі грамадзянскі абавязак «расказаць, абавязкова расказаць… стварыць рэквіем, аддаць даніну светлай памяці» тым, якія не вярнуліся, тым, якія не «выпілі да дна келіх юнацтва».

Гэта – галоўны «жыццёвы, творчы, пісьменніцкі» абавязак I. Навуменкі – магістральны накірунак яго творчасці, якая аб'ядноўвае лепшыя творы пісьменніка, ператварае іх у своеасаблівы паэтычны рэквіем – апафеоз апаленай вайной маладосці.

“ Любімы горад”

Лявон Юрчык

Назву чарговай кнізе народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі “Любімы горад”, што пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дала аднайменная аповесць. Яна ж – працяг папярэдніх “Дзяцінства”, “Падлетак”, “Юнацтва”. Усе гэтыя творы аб’яднаны адным галоўным героем Васем, Васілём Войцікам. Вобраз у многім аўтабіяграфічны і разам з тым ёсць падставы гаварыць, што новыя аповесці І. Навуменкі, як у рэшце рэшт і раманы “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці” ды і іншыя таксама, свайго роду споведзь пакалення, да якога належыць сам Іван Якаўлевіч. Гэта пакаленне “салдат самай вялікай вайны”. А яшчэ – “вынішчанае пакаленне”, бо вельмі нямногія з нядаўніх выпускнікоў школы, бязвусых юнакоў, пайшоўшы на вайну, засталіся жыць, вярнуліся дахаты. І. Навуменка ад твора да твора прасочвае лёс гэтых людзей. Але калі і ў згаданых вышэй раманах, як і ў апавяданнях, што ўвайшлі ў яго першыя кнігі “Семнаццатай вясной”, “Хлопцы-равеснікі”, “Верасы на выжарынах”, “Таполі юнацтва”, шмат яшчэ рамантычна ўзвышанага, хоць апавядальнік і імкнецца зірнуць на нядаўнія падзеі, як мага больш рэалістычна, дык у новых сваіх творах ён глядзіць на ўсё з вышыні значнага адрэзку перажытага, глядзіць,  як чалавек, які ведае шмат таго, чаго не ведалі і не маглі ведаць “хлопцы-равеснікі”. Гэта асабліва тычыцца аповесці “Юнацтва”, якая і папярэднічае “Любімаму гораду”. Ды і “Любімы горад” –  з твораў, што маглі напісацца толькі сёння. І па прычыне вышэйсказанай. А яшчэ таму, што цяпер ёсць мажлівасць гаварыць шмат пра што з таго, што доўга замоўчвалася. Гэта, аднак, не значыць, што І. Навуменка асучаснівае свайго галоўнага героя. Якраз тут І. Навуменка і адрозніваецца ад многіх аўтараў, якія, не задумваючыся, укладваюць у вусны сваіх персанажаў тое, чаго яны не маглі гаварыць і над чым увогуле не задумваліся. Войцік – дзіця свайго часу. А да ўсяго больш, чым іншыя, чысты, адкрыты, сумленны, а ў нечым і наіўны, а такім людзям вельмі цяжка прызвычаіцца да абставінаў. Праўда, у аповесці “Любімы горад” ён шмат у чым непадобны на сябе ранейшага. Вайна многаму навучыла, дапамагла разбірацца ў людзях. Тым няменш Войцік яшчэ не стаў такім, як усе. Ды і, па сутнасці, стаць не можа. Бо не такі ён, як яны. Бо нізкі ў яго балявы парог. А яшчэ, не зважаючы на перажытае, не развучыўся глядзець на акаляючы свет і на людзей чыстымі, даверлівымі вачыма.
Аповесць чытаеш з вялікім задавальненнем. І гэта ў той час, што няма ў творы нейкіх нечаканых сюжэтных калізій і паваротаў. Аднак біяграфія галоўнага героя, нават можна сказаць, біяграфія душы Васіля Войціка падаецца такім чынам, што ўсё гэта аддаецца ў чытацкай душы адпаведным водгаласам. Тое, што адбываецца, па-рознаму ўспрымаеш. У адным выпадку як бы з непрыхаванай тугой па нечым незваротна страчаным. У другім як памяць аб гадах, што з’яўляюцца для цябе гісторыяй. У трэцім… Рознае стаўленне да галоўнага героя, а ўсё таму, што ён – яркі, паўнакроўны характар. І не ўпісваецца ў нейкія пэўныя рамкі. А таму і не ўпісваецца, што нарадзіўся пад пяром такога вопытнага аўтара, гэткага глыбокага псіхолага, якім і з’яўляецца І. Навуменка. А яшчэ ў аповесці прываблівае, як і ў апавяданнях таксама, той філасофскі роздум, што дазваляе лепш спазнаць жыццё пасляваеннага пакалення з яго трывогамі і радасцямі, марамі і спадзяваннямі. І з тым незваротна страчаным, што абавязкова бывае ў кожнага пакалення. Іншая справа, што ў гэтага, вынішчанага,  яны былі куды больш істотныя. Апавяданні ж – надзіва лаканічныя, літаральна ў некалькі старонак. Але як шмат можа сказаць ў іх аўтар?! І ў “На сотай вярсце”, і ў “Ліпы цвітуць”, і ў “Якімцу-Якімчыку”… Зноў жа тут вяртанне ў пасляваенныя гады, вяртанне, асвечанае позіркам пройдзеных дарог. Уражваюць і творы, у аснову якіх пакладзены ўспаміны. Як, для прыкладу, “Трохі пра Якуба Коласа”. Штрыхі, пададзеныя І. Навуменкам, вельмі істотныя, бо дазваляюць лепш зразумець народнага песняра як чалавека.

                                                                         

GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов