КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

ФЕНОМЕН МАСТАЦКАЙ ИНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ

 

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 >>>

Коласаўскія традыцыі ў творчасці Народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі

Людміла Піскун

Якуб Колас дапамог роднаму народу адчуць сілу, веліч, духоўнае багацце, ён быў яго летапісцам на вялікіх перавалах гісторыі.
   Іван Навуменка
«Коласаўскім шляхам»
Надзвычай жыццятворным з’яўляецца літаратурнае ўздзеянне Якуба Коласа. Яго «агромністая роля» у далейшым развіцці нашай беларускай літаратуры абумоўлена тым, што ён, як і Янка Купала з’яўляецца яе старэйшынай і зачынальнікам. Іх творчая дзейнасць сваімі каранямі ідучы ад глыбінь народных, паклала моцны літаратурны падмурак, які будзе вякамі служыць асновай для новых, яшчэ больш магутных, чым цяпер, мастацкіх набыткаў беларускага народа і надзейнай крыніцай натхнення, традыцый для асобных творчых індывідуальнасцяў. Названыя коласаўскія празаічныя плыні знайшлі сваё далейшае мастацкае развіццё ў Лынькова і Чорнага і сталі жанравай спадчынай, якая была творча ўнаследавана і працягнута ў асобе такіх буйных яе майстроў, як Іван Шамякін, Янка Брыль, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Мікола Лобан, Піліп Пестрак, Аляксей Кулакоўскі, Іван Пташнікаў і іншыя.
Не выпадкова многія з беларускіх пісьменнікаў, паводле іх уласных прызнанняў, сваім літаратурным настаўнікам лічаць Коласа. Так у інтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва» І. Я. Навуменка, гаворачы пра сваю літаратурную школу, зазначыў, што ён у маленстве найбольш любіў чытаць Тургенева, Чэхава, Талстога, Дастаеўскага, любіць Лынькова, Брыля, але найбольш на яго ўплываў Колас, яго эмацыянальная, ёмістая сэнсава, шматпластовая проза.
Ёсць пэўная заканамернасць, што сваю дзейнасць вучонага-літаратуразнаўцы Іван Навуменка ўжо з самага пачатку звязаў з вывучэннем багатай спадчыны Коласа. Дастаткова назваць, што вучоныя ступені кандыдата і доктара філалагічных навук былі прысуджаны яму за даследаванні творчасці Якуба Коласа і Янкі Купалы. Акрамя дысертацыйных работ на матэрыяле творчасці Коласа выдадзены манаграфіі і апублікаваны многія навукова папулярныя артыкулы.
Усё гэта дае падставы сцвярджаць пра вялікую навуковую дасведчанасць Навуменкі-літаратуразнаўцы ў творчасці Якуба Коласа, добрае веданне яго мастакоўскай канцэпцыі чалавека. Аб'ектыўны характар уплыву традыцый аднаго з зачынальнікаў беларускай савецкай літаратуры актыўна падтрымліваецца і суб'ектыўнымі прычынамі – навуковай цікавасцю Навуменкі-літаратуразнаўцы да творчасці Коласа, што, у рэшце рэшт, вызначыла арыентацыю Навуменкі-пісьменніка, які з самага пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці свядома ўзяў кірунак на асваенне коласаўскай літаратурнай спадчыны.
Гаворачы словамі Навуменкі-літаратуразнаўцы, найбольш прыкметны ўплыў Коласа на сучаснае яму і наступнае літаратурнае развіццё ляжыць у рэчышчы ідэйным. Пераемнасць у рэчышчы ідэйным засцерагае ад запазычання, забяспечваючы сапраўдны ўплыў, які ў дачыненні да Навуменкі-пісьменніка бачыцца ў прынцыпе падыходу да жыцця, у клопаце, які выцякае з кожнага яго мастацкага твора.
А клопат кожнага мастацкага твора Навуменкі, пачынаючы ад першых яго апавяданняў “Эх, махорачка…”, “Сідар і Гараська”, аповесцяў “Снежань”, “Мой сябар Пятрусь” – глыбока і поўна раскрыць духоўнае багацце чалавека, садзейнічаць, каб выяўленае маральнае хараство актыўна дапамагала фармаваць у кожнага з нас высокую грамадзянскую сталасць і актыўную жыццёвую пазіцыю. Гэты навуменкаўскі клопат ідзе ад імкнення зрабіць наша жыццё яшчэ больш духоўна багатым, паказаць усяму свету непераўзыдзеннае маральнае хараство звычайнага чалавека-працаўніка. Вытокі такой мастацкай гуманістычнай канцэпцыі ідуць найперш ад Купалы, Коласа, Чорнага, Крапівы, для якіх працоўны чалавек, яго вялікі духоўны свет былі асноўным жыццёвым матэрыялам іх мастацкіх твораў.
Асабістай незалежнасці ў мастацтве кожны пісьменнік дасягае па-свойму, але абавязковай умовай застаецца творчая неабходнасць менавіта ў гэтай індывідуальнасці, прынцып глыбокага, рэалістычна-гуманістычнага адлюстравання жыцця, перакананасць мастацкай сістэмы яго асэнсавання і даследвання. З вызначанай канцэпцыяй суладна творчасць Навуменкі.
Прычыну літаратурнай паралельнасці трэба шукаць і ў самой з’яве як аб’екце мастацкага даследавання. Таму, відаць, тут будзе правамерным сцвярджэнне, што некаторая паралельнасць вобразаў хлопцаў-равеснікаў са Сцёпкам Барутам і Аленай Гарнашкай – вынік як тэматычнай агульнасці многіх твораў Івана Навуменкі з коласаўскай аповесцю “На прасторах жыцця”, так і глыбіні мастацкага даследвання, па сутнасці, адных і тых жа ці вельмі блізкіх жыццёвых аб’ектаў, у нашым выпадку – школьнай моладзі.
Зазначанае тут, зразумела, нельга ўспрымаць як адмаўленне літаратурнай пераемнасці. Гэта не што іншае, як дыялектычнае адмаўленне спрошчанасці падыходу да самой праблемы мастацкіх уплываў і іх ролі ў станаўленні і развіцці творчай асобы.
Сувязь з коласаўскімі традыцыямі вынікае найперш з навуменкаўскай канцэпцыі моладзі – мастацкага паказу гарманічнасці, высокай ідэйна-маральнай трываласці асобы, у якой рамантычная летуценнасць арганічна суіснуе з рэальнымі імкненнямі, намерамі і канкрэтнымі жыццёвымі справамі.
Навуменка – пісьменнік філасофскага складу мыслення. Ён валодае неацэнным уменнем у простых, звычайных з’явах бачыць унутраную сутнасць жыцця, праяўленне яго агульных заканамернасцей і знітаванасці з лёсам Радзімы і асобнага чалавека, які выступае адначасова як выразнік пэўнага сацыяльнага калектыву людзей і як асобная грамадская індывідуальнасць. Яго творчая практыка – сведчанне вялікай мастацкай магчымасці канкрэтнага факта, падзеі, чалавека. Пісьменнік валодае дарам мастацкай празорлівасці ў асобным, адзінкавым бачыць агульнае, вызначальнае, што выражае сутнасць з’явы, яе сённяшнюю і будучую жыццёвасць і рэальнасць.
Раскрыццё праз памятную дэталь, жыццёвы факт, які ў большасці выпадкаў маюць дакументальную аснову, гуманістычных ідэалаў чалавека, глыбінных прыкмет часу з’яўляецца адной з характэрных асаблівасцяў мастацкага стылю Навуменкі, вытокі якой – яго журналісцкая дзейнасць і коласаўская літаратурныя традыцыі. Сведчанне гэтаму – апавяданні “У Макаў, на млын”, “Піліпка”, “Новая хата”, “Рыжыя коні”, “Валошкі ў жыце”, дзе адчуваецца досвед журналіста “глядзець на акаляючы свет праз прызму факту” і коласаўскі прынцып яго адбору з жыцця, якім, паводле ўласнага прызнання Навуменкі, становіцца пераважна якая-небудзь памятная дэталь, пачутае слова, малюнак прыроды, бытавая дробязь, што выклікала плынь успамінаў, як бы кандэнсуючы ў сабе глыбінныя прыкметы часу, яго сутнасць.
“Інтарэс падзей” захапляў і ранняга Коласа-апавядальніка, які, пераключыўшыся пазней на аналіз пачуццяў і перажыванняў, паралельна карыстаўся гэтымі двума тыпамі псіхалагічнага аналізу.
Менавіта апошняе ўласціва і творам Івана Навуменкі, у якіх знешняе і ўнутранае арганічна суіснуюць і дапаўняюць адно другое ў рытме жыцця. Раскрыць гэты рытм дапамагае і гумар, які не без коласаўскага ўплыву прысутнічае ў кожным апавяданні, аповесці і рамане Навуменкі, як настроевы фон і адначасова як адзін з мастацкіх прыёмаў выяўлення псіхалогіі чалавека, яго жыццёва-грамадзянскай і ідэйна-маральнай сутнасці і трываласці і як спосаб ацэнкі жыццёвай з’явы ўвогуле.
Навуменкаўскі гумар, дасціпнасць не існуюць самастойна, у адрыве ад рытму жыццёвай плыні, а складаюць арганічнае адзінства з сюжэтам твору. Без лёгкай навуменкаўскай усмешкі нельга было б поўна раскрыць духоўную сутнасць Апанаса Мядзьведзькі (“Эх, махорачка…”), Кірылы Бомзеля, Андрэя Камінскага (“Жуль Верн”), нельга было б уявіць Міцю Птаха, Івана Любіка (“Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”), Сяргея Каліноўскага, Багдана Мялешку (“Смутак белых начэй”).
Гумар, добразычлівая ўсмешка, дасціпнасць – адна з адзнак светаўспрымання жыцця пісьменніка, адзін з прынцыпаў адбору жыццёвага матэрыялу і тыповага характару яго ўвядзення ў мастацкі твор.
Кожны беларускі пісьменнік вучыцца ў Коласа майстэрству слова, яго вобразнай ёмістасці і выразнасці.
Багатыя коласаўскія літаратурныя традыцыі дапамагалі і Івану Навуменку знайсці свой уласны голас, сціплую моўную рытміку, вобразнасць і пераканаўчую ідэйна-мастацкую завершанасць кожнага твора.
Без Коласа, зазначае Навуменка-літаратуразнаўца, не было б Кузьмы Чорнага з “Бацькаўшчынай” і “Трэцім пакаленнем”, Кандрата Крапівы з “Партызанамі”, Івана Шамякіна з “Глыбокай плынню” і “Крыніцамі”, Івана Мележа з “Людзьмі на балоце” ды і, зазначым, Івана Навуменкі з яго трылогіяй “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”.
Таму, без усялякіх агаворак, справядлівым будзе сцвярджэнне, што кожны, хто прыдзе ў беларускую літаратуру, будзе выбіраць сабе ў мастацкія дарадчыкі і настаўнікі поруч з іншымі вядомымі майстрамі слова найперш мастацкі досвед Якуба Коласа.
Пачаўшы сваю літаратурную дзейнасць як аўтар апавяданняў, І. Навуменка параўнальна хутка, праз два гады, прыйшоў да больш аб’ёмных жанравых форм, да аповесцяў “Вайна каля Цітавай копанкі” (для дзяцей, 1957), “Снежань”, “Пераломны ўзрост”, “Мой сябар Пятрусь” (усе 1958), “Трымценне дубовага лісця” (1962), “Бульба” (1964), “У бары на світанні” (1971), “Развітанне ў Кавальцах” (1974), “Апошняя восень” (1976), “Замяць жаўталісця” (1977),  “Інтэрнат на Нямізе” (1978), “Дзяцінства” (1992), “Юнацтва” (1993). Аповесці, у якіх праблема станаўлення характару чалавека, яго жыццёвых каштоўнасцяў вырашаецца аўтарам на матэрыяле вайны і абсягу сучаснасці, жывуць, чытаюцца, не страцілі сваёй цікавасці і сёння.
Коласаўскія традыцыі з’яўляюцца шматграннымі, бо закранаюць самыя глыбінныя працэсы развіцця як усёй беларускай літаратуры, так і кожнай яе творчай індывідуальнасці, пачынаючы ад характару адбіранага жыццёвага матэрыялу і заканчваючы ідэйна-вобразнай завершанасцю твора, пераканаўчасцю яго мастацкай формы, у тым ліку і мовы як першаэлементу літаратуры. Кожны беларускі пісьменнік вучыцца ў Коласа майстэрству слова, яго вобразнай ёмістасці і выразнасці.
Творчасць Івана Навуменкі – яшчэ адно пацвярджэнне, што вялікаму мастаку немагчыма наследаваць, немагчыма яго калькаваць.

На пачатку літаратурнай дарогі

Л. А. Піскун

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, пісьменнік і літаратуразнаўца, акадэмік АН БССР Іван Якаўлевіч Навуменка – шырока вядомы ў рэспубліцы і за яе мяжой. Ён аўтар чатырох раманаў, дзесяці зборнікаў апавяданняў і аповесцей, навуковых прац па актуальных праблемах станаўлення і развіцця беларускай савецкай літаратуры. Многія яго мастацкія творы перакладзены на рускую, украінскую, латышскую і іншыя мовы народаў СССР, асобныя вядомы чытачам сацыялістычных краін.
Іван Навуменка знаходзіцца цяпер у росквіце свайго таленту. У 1979 годзе закончыў раман «Смутак белых начэй», які з’явіўся лагічным працягам вядомай серыі «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці». Новы  раман, як і ўвогуле большасць яго твораў, узнаўляе падзеі Вялікай Айчыннай вайны, раскрывае псіхалогію савецкага чалавека на вайне, яго высокія маральныя і грамадзянскія якасці, іх вытокі.
Цікавасць пісьменніка да чалавека на вайне – вынік дабратворнага ўплыву твораў Л. Талстога, М. Шолахава, А. Фадзеева, К. Сіманава. Творча наследуючы і працягваючы іх лепшыя традыцыі, I. Навуменка, як і прызнаныя майстры ваеннай прозы 60–70-х гадоў Э. Казакевіч, Ю. Бондараў, Р. Вакланаў, В. Астаф’еў, А. Ганчар, В. Быкаў, А. Адамовіч, I. Пташнікаў, I. Чыгрынаў і інш., знайшоў сваё творчае прызванне ў вялікай, адказнай і пачэснай справе – сродкамі мастацкай літаратуры расказаць людзям суровую праўду вайны, з пазіцый сённяшняга часу выявіць яе маральна-этычны вопыт, той непасрэдны ўплыў, які, як зазначае А. Бачароў, зрабіла Вялікая Айчынная вайна на ўсе бакі нашага жыцця: эканоміку, палітыку, духоўны воблік народа.
Высокі грамадзянскі пафас, вялікая духоўнасць, скіраванасць у сённяшні дзень, а праз яго ў будучыню – рысы, характэрныя сучаснай ваеннай прозе. Знаходзячыся ў рэчышчы гэтай агульнай плыні савецкай літаратуры, I. Навуменка вось ужо звыш дваццаді пяці год плённа распрацоўвае сваю, асабістую тэму – мастацкі паказ ваеннага пакалення семнаццацігадовых хлапчукоў і дзяўчынак, якія па закліку сваіх сэрцаў, сумлення сталі актыўнымі барацьбітамі за Радзіму, за ўсё наша, савецкае. Асабістай стала гэтая тэма яшчэ і таму, што мастацкае даследаванне і асэнсаванне яе пісьменнік робіць на аснове ўласнага жыццёвага вопыту, сваёй біяграфіі.
Грамадзянская сталасць да I. Навуменкі прыйшла рана. Яна супала з гадамі вялікіх выпрабаванняў. Падпольшчык, партызан, затым салдат Чырвонай Арміі, ён прайшоў вялікую жыццёвую школу. Яна не толькі загартавала волю і характар, але і выразна акрэсліла яго пісьменніцкі дар.
Маленства I. Навуменкі прыпала якраз на той час, калі па пыльнай вуліцы прагрукатаў першы трактар, а ў бязвоблачным блакіце неба, перастаючы быць дзівам, праляцеў самалёт. 3 усяго, што запала ў душу будучага пісьменніка, найбольш запамяталіся птушкі і кнігі. Птушак прыносіў дамоў, бо хацеў пачуць іх спеў, а потым выпускаў на волю. Цягу да выключнага, уражлівага падтрымлівалі творы I. С. Тургенева, М. В. Гогаля, Л. М. Талстога, потым Жуля Верна, Майн Рыда, Аляксандра Дзюма. На вучобу глядзеў, як на вялікую адказную справу. За адзін год скончыў два класы – восьмы і дзевяты. Пасля вызвалення Беларусі першыя шэсць гадоў працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся» і рэспубліканскай газеты «Звязда». Жыццевыя ўражанні пашыралі паездкі па раёнах, сустрэчы з людзьмі. Толькі за адзін сорак дзевяты год, напрыклад, напісаў і апублікаваў каля ста допісаў, замалёвак і нарысаў пра калгаснікаў і працоўных Мазырскага, Васілевіцкага і Калінкавіцкага раёнаў. За карэспандэнцкі перыяд будучы пісьменнік змясціў у абласным і рэспубліканскім друку рэцэнзіі на творы П. Пестрака, А. Ганчара, А. Куляшова, I. Мележа, Т. Хадкевіча, А. Вялюгіна, а таксама літаратуразнаўчыя артыкулы пра Я. Купалу і Я. Коласа.
Ёсць пэўная заканамернасць, што дзейнасць вучонага-літаратуразнаўцы I. Навуменка ўжо з самага пачатку звязаў з вывучэннем багатых традыцый класікаў беларускай літаратуры. Вучоныя ступені кандыдата, а потым доктара філалагічных навук былі прысуджаны яму за даследаванні творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. На матэрыяле іх творчасці выдадзены манаграфіі, апублікаваны многія навукова-папулярныя артыкулы.
Мастацкая творчасць I. Навуменкі як празаіка пачынаецца з сярэдзіны 50-х гадоў. У мастацкім раскрыцці высокай духоўнасці чалавека на вайне к таму часу ўжо склалася пэўная традыцыя.  Намаганнямі беларускіх пісьменнікаў пачаў стварацца гераічны летапіс вайны:  раманы «Глыбокая плынь» I. Шамякіна (1946–1949), «Згуртаванасць» М. Ткачова (1949–1950), «Векапомныя дні» (кн. I) М. Лынькова (1948–1951), «У агні» I. Гурскага (1952), «Мінскі напрамак» I. Мележа (1947–1952), «Расстаёмся ненадоўга» А. Кулакоўскага (1952–1954), аповесці «Без нейтральнай паласы» У. Карпава (1949), «Рэха ў гарах»  Т. Хадкевіча (1950) і інш. 3 асобай сілай у іх праявілася унутранае адзінства тэм патрыятызму і дружбы народаў, глыбокія інтэрнацыянальныя сувязі, братэрскае пачуццё савецкіх людзей розных нацыянальнасцей.
Малады I. Навуменка як паэт звяртаўся да тэмы Радзімы ў вершы «Зорка» (1948). Шчыра, цёпла, прачула гучаць паэтычныя радкі пра Радзіму, якую паэт вобразна называе зоркай. Айчына для аўтара, як і для ўсяго савецкага народа, жаданая, любая, дарагая, самая светлая. Паэт гаворыць пра гэта пафасна, узнёсла. Усё тут падпарадкавана высокай паэтычнай задачы – уславіць Радзіму-маці, велічнасць яе здзяйсненняў. Паэтычнае асэнсаванне тэмы стане заканамернай з’явай у творчасці I. Навуменкі-празаіка.
Крыху раней у газеце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны першы верш I. Навуменкі «Брыгадзір» (1948, 7 лютага). Рэальная аснова ўзята з уражанняў ад камандзіровак па калгасах і саўгасах Палесся. Пасляваенныя гады – час аднаўлення разбуранай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Значнай асобай на вёсцы быў брыгадзір, ён ўяўляўся I. Навуменку волатам, поўнаўладным гаспадаром жыцця, яго камандзірам і першым аратым. Яго асоба рамантызавалася: «Спыніўся, цішыня кругом. Кругом зямлі прасторы. Ляжала каля ног яго зялёнай руні мора». Унутраны свет лірычнага героя багаты. У недалёкім мінулым брыгадзір –актыўны абаронца Радзімы. Не выпадкова калгаснаму важаку дзень сённяшні бачыцца з пазіцый мінулага і будучага. Ён заклапочаны пра ўсю гаспадарку. Грамадскае і асабістае тут непарыўна звязана. Гэта стане адной з вядучых рыс стылю I. Навуменкі. Паэтычныя творы I. Навуменкі (потым ён рэдка звяртаўся да паэзіі) цікавыя як пошукі мастацкага стылю, тэмы. Усяго таго, што ў далейшым выявілася ў яго празаічных творах.
Сталае апавяданне I. Навуменка напісаў у 1955 годзе, у трыццацігадовым узросце. Вядома, першае выступленне ў літаратуры чалавека з такім узростам – сама па сабе адметная з’ява. Яна ў большасці выпадкаў сведчыць пра тое, што чытач будзе мець справу з пэўным жыццёвым вопытам асобы, якая ўжо вызначыла сваё літаратурна-мастацкае крэда, ідэйна-эстэтычны ідэал, у аснове іх – моцная знітаванасць з жыццём, прынцыпамі партыйнасці і народнасці. Прыкладна ў такім узросце прыйшлі ў літаратуру В. Астаф’еў, Р. Бакланаў, Ю. Бондараў, В. Быкаў, У. Цендракоў.
Літаратурныя героі I. Навуменкі – вялікія жыццялюбы і рамантькі і адначасова звычайныя, простыя савецкія юнакі і дзяўчаты, якія, імкнучыся выжыць у вайне, ніколі не ідуць на здраду свайму сумленню. Гэта дае падставу гаварыць пра I. Навуменку як пісьменніка вялікай жыццёвай праўды.
Выразна індывідуальная асаблівасць таленту I. Навуменкі выявілася ў першых сталых апавяданнях «Эх, махорачка...», «Сідар і Гараська», «Трое з зялёнай будкі». Названыя творы аб’яднаны тэматычна. Яны расказваюць пра вайну, пра яе ўдзельнікаў – учарашніх школьнікаў і людзей старэйшага пакалення. Іх стылёвае адзінства заўважаецца ў лаканізме, апісанні знешнасці героя, а праз яе – унутранай сутнасці, у афарбоўцы добразычлівым гумарам. Малады пісьменнік удала ўжывае дэталь, карыстаецца няўласна-простай мовай, якая дазваляе яму ўвайсці ва ўнутраны свет героя. Ашчадна, часам адным, але гаваркім выразам, мастацкай прыкметай, дыялогам ці іншымі штрыхамі ён можа ахарактарызаваць героя.
Так, са слоў апавядальніка, чытач даведваецца, што Апанас Мядзведзька быў чалавекам геройскім, але пра свае баявыя справы расказваў не надта часта. У мінулым ён – машыніст на хуткіх кур’ерскіх паяздах. Вайна змяніла лёс і прафесію: пасля таго, як у адну з бамбёжак не стала паравоза, Апанас, знішчыўшы нямецкі поезд, прыйшоў у партызанскі атрад, стаў адменным падрыўніком.
Вось і ўсё, што вядома пра галоўнага героя апавядання. Няма тут ні экскурсу ў яго хатні побыт, ні разгорнутай псіхалагічна абгрунтаванай перадумовы станаўлення на шлях барацьбы, ні разгорнутай характарыстыкі. Эквівалентную замену гэтаму аўтар знаходзіць у па-майстэрску выкарыстаных мастацкіх сродках. У выніку Мядзведзька ўяўляецца нам як жывы, рэальны чалавек. Напоўненасць духоўнага свету літаратурнага героя – відавочная: ён сапраўдны і палымяны камуніст па ідэйных перакананнях. Нават ў складаных абставінах ведае, што трэба рабіць. Яго воля і характар загартаваліся яшчэ ў барацьбе за ўсталяванне Савецкай улады.
У апавяданні «Эх, махорачка...» выразна выявілася індывідуальнасць творчай манеры I. Навуменкі, якая, як слушна заўважае крытыка, зыходзіць найперш з асноўнай яго каштоўнай якасці – сціпласці: «ён не гоніцца за вонкавым эфектам – ні ў тэме, ні ў манеры, ні ў мове...» (Б. Бур’ян). Імкнучыся да звычайнага, простага, адкідаючы штучнае прыхарошванне і гераізацыю, пісьменнік пазбягае знешне эфектнага і выключнага.
Якраз такі падыход да адбору жыццёвага матэрыялу і яго мастацкага асэнсавання наглядна выяўлены ў апавяданні «Сідар і Гараська». У полі зроку пісьменніка перш за ўсё простыя, звычайныя савецкія людзі – пуцявы абходчык Сідар і рабочы рамонтнай брыгады Гараська. Нічым асаблівым не вылучаюцца яны з агульнай масы чыгуначнікаў. Хіба толькі тым, што Сідар меў доўгую, як «дзіда», постаць і з прычыны хваробы на «раматус» павольна перастаўляў свае ногі. А Гараська, самы малодшы з пуцейцаў, быў здольны на розныя кепікі. Не маючы нікога з блізкіх, жыў «самапасам у нейкай цёткі, якая яму раднёй, як дзесятая вада на кісялі». На работу кожны раз хадзіў без абеда. Гараська ніколі не задумваўся над нягодамі лёсу. Магчыма, ён і зусім не здольны на сталы ўчынак. Які ж у яго духоўны воблік? Ён жа толькі і робіць, што кожны раз ставіць Сідара ў смешнае і няёмкае становішча.
Такія думкі міжвольна з’яўляюцца пры знаёмстве з Гараськам. Але не на такі роздум хоча выклікаць аўтар. Перад прыходам немцаў Гараська некуды знік. Гэтае «некуды знік з вачэй» у дачыненні да Гараські не выклікае, на першы погляд, асаблівага роздуму. Псіхалагічна чытач падрыхтаваны знайсці яго ў ціхім месцы, дзе менш за ўсё магло быць рызыкі і небяспекі. Аднак, калі пачаліся ваенныя дзеянні, сустракаем Гараську ў радах народных мсціўцаў.
Атрымалася, што знешняе ў паводзінах хлопца не адпавядала яго багатаму ўнутранаму свету. Каб заўважыць такую «неадпаведнасць» характару, патрэбна мець не толькі талент, бо, як сказаў У. Гніламёдаў, «законы жанраў, кампазіцыя, архітэктоніка твора, спосаб ацэнкі, адбору з’яў, асоба мастака, яго светапогляд, тэмперамент, псіхалогія, густ – гэта і многае іншае прымае самы непасрэдны ўдзел у трансфармацыі праўды жыцця – у праўду мастацтва» («Традыцыі і наватарства», с. 13).
У гэтым апавяданні заўважаецца паглыбленая цікавасць да раскрыцця духоўнага вобліку літаратурнага героя. Адметны своеасаблівы псіхалагічны прыём даў магчымасць I. Навуменку дасягнуць найбольшай жыццёвай праўды і мастацкай выразнасці. Праз трапныя дэталі, тонкі гумар, добрую мову, праз уменне знаходзіць у звычайным паэтычнае, праз псіхалагічны аналіз пісьменнік не толькі таленавіта малюе звычайных людзей у звычайных абставінах, людзей з нязломным характарам, услаўляючы іх працавітасць і высокую адданасць грамадзянскаму  абавязку, але і па-майстэрску адлюстроўвае атмасферу часу, псіхалогію людзей дзейсных і стварае тыповыя вобразы людзей Беларусі.
Важна адзначыць, што пасляваенныя гады, напоўненыя ўсенароднай радасцю, незвычайным уздымам з выпадку найвялікшай Перамогі, вызначылі жыццесцвярджальны пафас, аптымізм нашага мастацтва, у тым ліку і літаратуры. Беларускія пісьменнікі, а якраз таго і патрабавала рэчаіснасць, імкнуліся асэнсаваць героіку вайны, выявіць высокую духоўную і грамадзянскую сталасць савецкіх людзей, іх адданасць Радзіме, мужнасць і гераізм.
I. Навуменка прыйшоў у літаратуру, маючы «ўнутраную нязгоду», звязаную з прынцыпам паказу вайны ў некаторых пасляваенных творах, у якіх часам за сапраўднае, рэальнае прызнавалася толькі ідэальнае, прыхарошанае. Будучы пісьменнік мусіў шукаць новы падыход для адлюстравання праўды вайны і чалавека на вайне, каб буйным планам раскрыць яго ўнутраны духоўны воблік. А знайсці сябе, як і В. Быкаву, А. Адамовічу, I. Чыгрынаву, па ўласнаму прызнанню пісьменніка, дапамагла новая грамадская атмасфера сярэдзіны 50-х гадоў, пасля XX з’езда КПСС, пасля II Усесаюзнага з’езда пісьменнікаў (1954), калі ўзмацнілася плынь супраць «тэорыі» бесканфліктнасці.
У ранняй прозе I. Навуменкі не назіраецца адмоўных якасцей бесканфліктнасці, у ёй бачна імкненне пісьменніка пазбавіцца імітацыі жыцця, вярнуць яму першааснову – праўдзівасць, рэальныя складанасці і супярэчлівасці, якія не маглі не быць у народа, што перанёс найвялікшыя выпрабаванні і перамог.
Непаўторна індывідуальным у дачыненні да I. Навуменкі з’яўляецца тое, што ён, гаворачы словамі Ю. Канэ, «першы ў беларускай прозе так ярка і з такім пачуццём расказаў аб юнацтве свайго пакалення» («Дзень сённяшні», с. 11).

 

Праблема характару ў “ваенных” апавяданнях
Івана Навуменкі

Л. А. Піскун

I. Навуменка надрукаваў свае першыя апавяданні ў сярэдзіне 50-х гадоў. Гэта быў час, калі беларуская літаратура рыхтавала мастацкі падмурак для 60-х гадоў, тую літаратурную атмасферу, якая спрыяла выяўленню талентаў не толькі старэйшых празаікаў, але і з'яўленню новых – В. Быкава, I. Навуменкі, А. Адамовіча, I. Пташнікава, I. Чыгрынава, В. Адамчыка, Б. Сачанкі і інш.
3 самага пачатку свайго творчага шляху Навуменка, як і яго сучаснікі па пяру, імкнуўся праз пераканаўчыя мастацкія характары сцвердзіць маральную чысціню, грамадзянскасць, высокую духоўнасць, тыя якасці савецкага чалавека, якія далі магчымасць перамагчы ворага і здзейсніць велічныя планы ў эканоміцы, палітыцы і культуры.
Вялікая сіла мастацкага ўздзеяння «ваеннай» прозы гэтых пісьменнікаў ідзе ад глыбіні спасціжэння жыцця, ад пранікнення ў яго сутнасць, ад грамадскай надзённасці тых важных праблем, якія далі магчымасць праз лёсы людзей, канкрэтныя мастацкія характары асэнсаваць духоўнае станаўленне савецкага чалавека, воблік нашага грамадства.
Не адразу наша літаратура авалодала ўменнем глыбока раскрываць грамадскія тэндэнцыі часу, знаходзіць у жыцці сацыяльна значымыя канфлікты і прапускаць праз іх чалавечыя лёсы. Спатрэбіўся час напружаных пошукаў, якія вяліся ў рэчышчы мастацкіх здабыткаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, К. Чорнага, класічных традыцый Л. Талстога, М. Горкага, М. Шолахава і інш.
Сведчанне гэтаму – «ваенныя» апавяданні I. Навуменкі, які прыйшоў у літаратуру амаль адначасова з Р. Бакланавым, Ю. Бондаравым, У. Багамолавым, В. Астаф'евым, В. Быкавым, надрукаваўшы ў 1955 г. У часопісе «Маладосць» апавяданні «Эх, махорачка…», «Сідар і Гараська».
Першыя апавяданні Навуменкі выяўляюць імкненне творча ўспрымаць і развіваць прынцыпы стварэння мастацкага характару, якія былі характэрныя для беларускай прозы 40-50-х гадоў. На новай жыццёвай мастацкай глебе гэтыя прынцыпы ўзбагачаліся яркімі героіка-рамантычнымі рысамі. Яны выразна раскрыліся ў апавяданнях М. Лынькова, I. Мележа, Я. Брыля. Менавіта ў жанры апавядання Навуменка пачынае выяўляць тыя рысы і аспекты мастацкага характару, якія пасля знаходзяць сваё паглыбленне і развіццё ў яго аповесцях і раманах.
Цішка Дрозд, Мікола і Сымон Біцюгі («Семнаццатая вясна»), Гараська («Сідар і Гараська»), Саша Пецік («Трое з зялёнай будкі»), Слава Загароўскі, Валерый Самасад, Вераніка Хмялеўская («Вераніка») – вялікія жыццялюбы і рамантыкі. Поўныя гонару за нашу вялікую Радзіму, яны імкнуцца быць гранічна карыснымі ёй у гадзіну суровых выпрабаванняў. Аўтар тонка адчувае і перадае рамантычныя імпульсы іх жыццёвай незаспакоенасці, няўрымслівасці, паказвае натуральнасць паводзін. Шчодры на лірычнае пачуццё і рамантычную мару, ён імкнецца дакладна высвеціць псіхалогію сваіх герояў, дасягае пры гэтым высокай эмацыянальнасці ўспрыняцця іх спраў і ўчынкаў, якія становяцца прыроднай атмасферай жыцця савецкай моладзі ва ўмовах акупацыі. Тым самым пісьменнік працягвае развіваць у беларускай літаратуры рамантыку баявога рэвалюцыйнага подзвігу, вытокі якой бачацца ў ранніх апавяданнях М. Горкага, М. Лынькова, іншых пісьменнікаў.
Аддаючы даніну павагі, у артыкуле «Святло чалавека» Навуменка піша: «У маладосці свае правы, свой погляд на свет. Ёй уласціва шукаць бездакорныя аўтарытэты. Для маёй маладосці – у перадваенныя, ваенныя і пасляваенныя гады – такім аўтарытэтам быў Максім Горкі».
Яшчэ адной якасцю апавяданні Навуменкі блізкія лынькоўскім – сваёй узнёсласцю і паэтычнасцю, якія ўнутрана арганізуюць лынькоўскія і навуменкаўскія мастацкія характары падлеткаў, моладзі. Так успрымаюцца Ядвіся з апавядання Лынькова «Ядвісін дуб», Вераніка з аднайменнага апавядання Навуменкі, Стася з «Семнаццатай вясны».
Вытрыманыя ў ключы лірычнай прозы ранняга Лынькова навуменкаўскія мастацкія характары выразна выяўляюць і сваю адметнасць, якая бачыцца ў іх юнацкім максімалізме, у страснай аўтарскай далучанасці да іх спраў, у мнагалучнасці праяўлення асобы героя-апавядальніка, яе поліфанічнасці. 3 пазіцыі асобы апавядальніка ў Навуменкі вядзецца мастацкі расказ, даецца ацэнка рэчаіснасці, выяўляецца характар, што ў рэшце рэшт робіць гэту асобу паўнапраўным літаратурным героем. Усё гэта дае падставу сцвярджаць  пра  пэўную блізкасць навуменкаўскіх апавядальнікаў   брылёўскім лірычным героям, якая заўважаецца ўжо ў першых апавяданнях Навуменкі і ў такіх апавяданнях Брыля, як «Шумела мора», «Кроў на сцяне», «Сонечны Зайчык», «Чатырох і прыганяты», «Зязюленька».
Гуманістычнае стаўленне да жыцця прасвечвае кожны навуменкаўскі мастацкі характар юнакоў і дзяўчат, іх жыццёвую рамантыку, прагу подзвігу і рэальныя гераічныя справы ў імя чалавека, перамогі над ворагам. У артыкуле «Эпас народнага подзвігу» Навуменка-літаратуразнаўца зазначае, что літаратуры аб вайне, калі гутарка ідзе аб моладзі, аб трывожным каханні, шчасці ў час ліхалецця, не супрацьпаказаны рамантычныя фарбы, абвостраная ўвага да рамантыкі подзвігу.
Ідучы ад уласнага жыццёвага вопыту юнака-падпольшчыка, потым партызана і байца Чырвонай Арміі, Навуменка ўжо ў першых апавяданнях («Эх, махорачка…», «Хлопцы-равеснікі») здолеў паказаць арганічнае спалучэнне рамантычных парыванняў моладзі з яе гераічнымі справамі, няхай напачатку і досыць «сціплымі». Навуменкаўскае пакаленне юнакоў і дзяўчат, грамадзянскае сталенне якіх гартавалася ва ўмовах суровай вайны, свядома шукала подзвігаў і знаходзіла іх у рэальным жыцці. Маральна-духоўная актыўнасць ваеннага пакалення, пацвярджаюць творы пісьменніка, – гэта вынік заваёў Вялікага Кастрычніка, сацыялістычнага ўкладу жыцця, школьнага выхавання на горкаўскім «вялікасным разуменні месца і ролі Чалавека ў жыцці».
Беларуская паэзія і проза, як і ўся савецкая літаратура на «ваенную» тэматыку, асабліва цесна і глыбока звязана з жыццём народа, з гуманістычнай канцэпцыяй чалавека. Не толькі ўчынкі і паводзіны, але і пранікненне ў характар, у маральны ідэал подзвігу з'яўляецца эстэтычнай асновай мастацкага даследавання жыцця. Сістэмнае забеспячэнне гэтай асновы пры раскрыцці мастацкіх характараў дапамагае забяспечыць і жыццёвую пераконанасць, а значыць, і выхаваўчае іх уздзеянне. Якраз гэту асаблівасць мастацкай літаратуры мае на ўвазе Навуменка, калі гаворыць, што ва ўмовах вострай ідэалагічнай барацьбы, якая адбываецца ў сённяшнім свеце, праблема чалавека стаіць на першым плане.
Трагічная праўда вайны, суровая жыццёвая школа ваеннага пакалення, якое пад агнём ворага заставалася аптымістам, бачыла сябе будаўніком уласнага шчасця, пакаленне, якое цвёрда верыла ў перамогу і набліжала яе, атрымліваюць мастацкае вырашэнне ў літаратурных характарах I. Навуменкі, як і творах Ю. Бондарава, Ч. Айтматава, Й. Авіжуса, П. Цвіркі, Я. Брыля, А. Адамовіча, I. Шамякіна, М. Танка, П. Панчанкі і інш. Праз створаныя імі мастацкія характары, якія для кожнага з названых мастакоў слова з'яўляюцца індывідуальнымі і непаўторнымі, услаўляецца масавы гераізм савецкага народа. Увасабляючы гуманістычныя якасці чалавека і праз яго эстэтычныя ідэалы камунізму, кожны з гэтых пісьменнікаў прынёс новае – узбагаціў даследаванне новых бакоў і граняў характару, ідэал нашай літаратуры.
У пасляваенных творах на «ваенную» тэматыку працягваюцца пошукі шляхоў тыпізацыі гераічнага характару, прынцыпаў яго мастацкага ўвасаблення. Псіхалогія чалавека на вайне, яго характар асэнсоўваюцца на аснове перажытага самімі пісьменнікамі: у Б. Сачанкі («Чужое неба», «Вялікі Лес»), I. Чыгрынава («Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы»), В. Казько («Суд у Слабадзе»), Я. Брыля («Птушкі і гнёзды»), А. Карпюка («Пушчанская адысея»), А. Адамовіча (дылогія «Партызаны»), I. Навуменкі («Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», «Смутак белых начэй», «Птушкі між маланак»). Прыход да такіх мастацкіх характараў, якія крытыка справядліва расцэньвае як мастацкія адкрыцці паказу чалавека на вайне, ляжаў не ў баку ад «малой» прозы, а праз творчую пераемнасць усяго таго лепшага, што было створана літаратурай у гады вайны і ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, праз праўдзівасць, аб'ёмнасць, глыбіню і значнасць мастацкіх абагульненняў.
Ішоў да такіх характараў Навуменка праз апавяданне, спасцігаючы сакрэты тонкага пранікнення ва ўнутраны свет, у душу чалавека, праз глыбокі  псіхалагічны аналіз і авалодванне прынцыпам аб'ектывізацыі ў раскрыцці характару. Авалодванне гэтым прынцыпам выяўляецца ў апавяданнях пісьменніка праз узмацненне эпічнага напрамку ў адлюстраванні жыцця. I як вынік – мастацкія характары набываюць большую завершанасць і жыццёвую абумоўленасць, аснова якой – дзеянні і ўчынкі ў канкрэтных абставінах. У 60-я гады мастацкія характары ў апавяданнях Навуменкі пачынаюць набываць большую, коласаўскую падзейную дэтэрмінаванасць.
Сінтэз эпічнага з лірычным, пры перавазе першага над другім, памацняецца з кожным новым апавяданнем Навуменкі. Такая мастацкая трактоўка характару заўважаецца ўжо ў зборніках апавяданняў «Верасы на выжарынах» (1960),   «Таполі юнацтва» (1966), у аповесці «Бульба» (1964). Пазіцыя пісьменніка акрэслена ў гэтых творах выразна аднолькава: ад раскрыцця зместу інтымных думак герояў робіцца непрыкметны пераход да сацыяльна-філасофскіх абагульненняў. Вуснамі Гарбача («Салдаты вярнуліся») пісьменнік наводзіць на роздум аб тым, што «была ж такая вайна, і мы яе выйгралі». Большасць твораў з названых зборнікаў апавядаюць пра падпольную і партызанскую барацьбу. У апавяданні «Ракеты над горадам» расказваецца пра пяцёх хлопчыкаў-разведчыкаў, якія прылучаюць да сябе новага члена групы – Грышу, даручаючы яму падпаліць будынак чыгуначнай станцыі.   Навуменку якраз  больш за ўсё ў Грышы цікавіць карэннае, тыя рысы характару, якія з'яўляюцца заўсёды ўстойлівымі і сучаснымі: высокія маральныя  прынцыпы і   светаразуменне – нязменныя каштоўнасці чалавечай індывідуальнасці. Юнак трапіў у такія ўмовы, што трэба было шукаць выйсце ў сваім сумленні. Грыша не толькі не разгубіўся, але і знайшоў сілы вытрываць пякучы боль, калі фосфарныя шарыкі загарэліся ў яго кішэні. Каб фашысты не здагадаліся пра яго намер падпаліць будынак станцыі, ён наўмысна падпальвае карабок запалак, каб пахла серай: «На нагу страшна глядзець. Гарэлае мяса…»
Уменне ўбачыць і ўвесці ў літаратурны вобраз толькі ,тое з жыцця, што складае адметную сутнасць менавіта гэтага чалавека, – народная аснова стварэння мастацкага характару. З'яўляючыся вызначальнай, яна скіроўвала Навуменку на выяўленне жыццёвай сутнасці героя праз складаную гаму яго ўнутранага канфлікту, на раскрыццё заканамернасці і абумоўленасці ўчынкаў і паводзін чалавека-працаўніка. Апошняе дае магчымасць зрабіць асабістае праекцыяй абагульненага. Вытокі такой народнай гуманістычнай канцэпцыі ідуць у літаратуры ад М. Горкага, М. Шолахава, Я. Купалы, Я. Коласа, для якіх звычайны чалавек-працаўнік, яго высокая духоўнасць былі тым жыццёвым матэрыялам, на аснове якога напісаны высокамастацкія творы, створаны сацыяльна значныя тыпавыя характары.
Ад класікаў наследуе Навуменка самае істотнае: уменне стварыць жывую атмасферу і ў ёй раскрыць складаны і заканамерны працэс узрастаючай ролі ідэйнага і духоўнага пачаткаў у развіцці асобы, тыя высокія эстэтычныя стымулы, якія ёй кіруюць, – пачуццё сацыялістычнага гуманізму, савецкага патрыятызму і інтэрнацыяналізму.
Адмаўляючыся ад выключна складаных сітуацый, Навуменка выбірае звычайны жыццёвы факт і драматызуе вобраз героя, яго характар. 3 гэтага пункту гледжання цікавым з'яўляецца апавяданне «Піліпка». Драматызм вобраза Піліпкі (у новым варыянце апавядання, змешчанага ў Зборы твораў пісьменніка, хлопчык кідаецца на рэйкі пад цягнік) дасягае ступені трагічнасці. Прычыну яе трэба бачыць не ў цяжкасцях жыццёва-бытавых абставін першых пасляваенных гадоў, а ў самім факце вайны, якая жорстка знішчыла і светлыя мары, і рэальнасць: забрала бацьку і светлы дзіцячы свет. I якім бы моцным духам ні быў адзінаццацігадовы Піліпка, яму цяжка вынесці на сваіх плячах непанерныя выпрабаванні вайны. Можна спрачацца аб правамернасці-неправамернасці фіналу ў новым варыянце «Піліпкі». Можна лічыць гэты фінал залішне трагічным і адначасова апраўдваць як кірунак на канцэнтрыраванае выяўленне гуманістычнага пафасу апавядання – бязлітаснага прысуду вайне. Бясспрэчным застаецца адно: створаны характар адпавядае сюжэтна-кампазіцыйнай структуры і заключае ў сабе глыбокі філасофскі сэнс. Жыццёвая пераконанасць мастацкага характару, якім з'яўляецца Навуменкаўскі хлопчык Піліпка, сведчыць аб плённасці мастацкіх пошукаў аўтара.
Сёння  ўзмацняецца неабходнасць стварыць больш поўную і шырокую панараму вайны, якую ўбачылі розныя пісьменнікі пад рознымі пунктамі гледжання. Адсюль – новы росквіт дакументальнага пачатку, мноства індывідуальных аспектаў, прынцыпаў і прыёмаў стварэння мастацкіх характараў, праз якія неабходна асэнсаваць усе этапы, усе бакі і праблемы ў новым кірунку збліжэння літаратуры з жыццём.   На думку крытыкі, прынцып дакументалізму (максімальна магчымая блізкасць твора свайму жыццёваму прататыпу) – не ёсць вынаходніцтва новага часу. А. Макаранка, напрыклад, паказвае сябе сапраўдным майстрам пераўтварэння «фабулы факта» – гісторыі калоніі і напружаную і эфектыўную раманную фабулу. На дакументальнай аснове напісаны многія творы, сярод якіх вялікімі мастацкімі адкрыццямі і ўзорамі з'яўляюцца раманы Д. Фурманава, А. Серафімовіча, А. Макаранкі, Б. Палявога  і інш. У дзённіках К. Сіманава, «Блакадзе» А. Чакоўскага, у кнізе «Я з вогненай вёскі…» А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка ярка праявіўся дакументалізм. На дакументальным пачатку створана кніга I. Навуменкі і В. Мамантава «Капітан Стэп ідзе ў разведку».
Навуменка прыйшоў у літаратуру з палымяным жаданнем расказаць, што «была ж такая вайна, і мы яе выйгралі», ад імя тых, хто спазнаў вайну і дажыў да перамогі, ад імя тых, хто не дажыў да яе і на вякі застаўся бессмяротным у памяці народнай і сэрцы людзей. У большасці сваіх твораў пісьменнік «ідзе» ў глыбіню асабістай «ваеннай» біяграфіі. Праз лірычнага «я»-героя ён спасцігае гістарычнае значэнне вялікай перамогі, паглыбляючыся ў адну з самых важных для беларускай літаратуры праблему – гістарычнай памяці народа. У гэтай сувязі аўтабіяграфізм твораў Навуменкі, многія з якіх вядуцца ад імя лірычнага героя-апавядальніка, – новы крок збліжэння літаратуры з жыццём у творчых пошуках пісьменніка. Адсутнасць жыццёвых уражанняу і вопыту ці недастатковы мастацкі падыход да іх – гэта павярхоўнасць і дэкларатыўнасць у трактоўцы літаратурных характараў, што заўважаецца, напрыклад, у «Дубовай градзе» У. Федасеенкі.
Сказанае, аднак, не азначае, што ў мастацкі твор уводзіцца характар, чалавек, які быў у рэальнасці, у якога абавязкова ёсць прататып. Важна, як пераконваюць творчыя пошукі Навуменкі, выбраць «самы праўдзівы варыянт» (Я. Колас) у адпаведнасці з ідэйна-эстэтычнай задумай твора і аўтарскай пазіцыяй, каб менавіта гэты варыянт глыбей, па-мастацку раскрыўся і ў напрамку агульнанародным. Творчы метад у нас адзіны, але ён забяспечвае шырокія магчымасці для развіцця індывідуальных стыляў, мастацкіх форм, сродкаў тыпізацыі характараў і абставін.
Творчая індывідуальнасць пісьменніка раскрываецца ў яго філасофскай і эстэтычнай канцэпцыі, у яго самабытнасці бачання свету. Абагульняючы, Навуменка разам з тым і індывідуалізуе. Будучы выразнікам цэлага, і герой выступае як непаўторная асоба. Якраз такі падыход выяўляе Навуменка ў апавяданні «Дом над морам». Тут няма драматычна складаных  сцэн, дзеянне адбываецца адносна ненапружана – у маі 1945 г. Паступова твор, яго тон дасягае драматычнай сілы ўздзеяння, узмацняюцца эмацыянальная напружанасць, унутраная ўсхваляванасць, якія дапамагаюць глыбей зазірнуць у душу героя, акрэсліць самае каштоўнае ў маральным абліччы савецкага салдата, які загінуў ад асколка снарада пад самымі вокнамі белага дома, на пясчаным пляжы… Фінал апавядання – смерць Лёні Булавенкі ў апошнія дні вайны наводзіць на філасофскі роздум – рашучае адмаўленне вайны, якая бязлітасна перакрэсліла ўсе светлыя мары і надзеі, загубіла жыццё юнака.   Вайна забірала зусім маладых, такіх як хлопчык-разведчык Іван з аднайменнага апавядання У. Багамолава, і старых, як маці з аднайменнага апавядання Я. Брыля, і юнакоў-салдат, як навуменкаўскі Лёня Булавенка.
Праўда аб вайне шчыра і праўдзіва раскрываецца кожным з гэтых пісьменнікаў праз высокую духоўную сутнасць героя ў розных тыповых абставінах: драматычных і складаных, і вонкава спакойных з драматычным струменем у Навуменкі. Рознымі мастацкімі сродкамі і прынцыпамі  стварэння характару сучасніка  вырашаюць пісьменнікі, па сутнасці, адны і тыя ж пытанні – аднолькавую ўвагу да грамадска-гістарычных абставін, якія фарміруюць характар, і да больш тонкіх аспектаў «дыялектыкі душы». У гэтай сувязі можна гаварыць аб звароце нашых пісьменнікаў да талстоўскай традыцыі. Літаратурнаму характару, створанаму Л. Талстым, уласціва павышанае напружанае духоўнае жыццё; яго адрозніваюць найбольш тонкія душэўныя рухі.
Навуменка ў творчых пошуках абапіраецца на гэту класічную традыцыю, імкнучыся стварыць гарманічныя характары ў адпаведнасці з жыццёвымі абставінамі і маральна-этычнымі прынцыпамі эпохі НТР. Менавіта таму ў стварэнні характару сучасніка Навуменка падыходзіць па-наватарску. Дынаміка характараў Цішкі Дразда і Міколы Біцюга («Сябры-равеснікі»), матэрыяльным выражэннем якіх з'яўляецца сюжэт у форме ўспамінаў, – выразны прыклад гэтаму. Чалавек вывяраецца на годнасць Чалавека і сваімі добраахвотнымі справамі, няхай і досыць звычайнымі, як у Цішкі Дразда, які пасадзіў і берасклетавыя плантацыі на асушаных тарфяніках. Такая добраахвотнасць ёсць адно са спецыфічных праяўленняў высокіх маральных якасцей у сучасным грамадскім жыцці, у якім усё выразней праступаюць рысы камуністычнага заўтра. Навуменкам заўважаюцца гэтыя новыя рысы духоўнага росту чалавека, бо яны – вынік вялікіх гістарычных заваёў самага справядлівага грамадскага ладу ў гісторыі чалавецтва. Такая трактоўка характару абавязвае ўлічваць дыялектычную складанасць у вырашэнні гэтай праблемы, шукаць новыя формы і мастацкія сродкі для стварэння характару, вобліку савецкага чалавека, а праз яго воблік – усяго чалавецтва. Аб дыялектыцы чалавека і чалавецтва пераканальна выказана Навуменкам думка ў артыкуле «Каштоўнасці, што не паддаюцца часу»: «Развіцце чалавека, яго няўхільны духоўны рост магчымы толькі ў імя людзей, але і развіццё грамадства магчыма толькі праз чалавека, у імя ўзбагачэння духоўнага патэнцыялу асобы – у гэтай дыялектыцы чалавека і чалавецтва найвышэйшыя гуманістычныя прынцыпы і эстэтычныя ідэалы камунізму, ідэал нашай савецкай літаратуры».
Мастацкія характары ў «ваенных» апавяданнях Навуменкі з'яўляюцца асноўнымі сродкамі тыпізацыі жыцця. Працэс іх станаўлення – сведчанне арганічнай сувязі з развіццём савецкай «ваеннай» прозы, у рэчышчы якой фарміруецца і ўдасканальваецца майстэрства глыбокага пранікнення ў жыццё.
Працэс гэты абумоўлены падзеямі гістарычнага значэння – перамогай савецкага народа ў вайне, узнікненнем сусветнай сістэмы сацыялізму, а таксама класічнымі традыцыямі, памножанымі на мастацкія здабыткі і вопыт сучаснасці, эстэтычны ўзровень якой быў прадвызначаны гуманістычнай канцэпцыяй Чалавека. Творча наследуючы класічныя традыцыі, Навуменка стварыў пераканаўчыя характары, у якіх па-мастацку глыбока ўвасобіў лепшыя рысы нашай моладзі, савецкага чалавека.
Шлях да такіх мастацкіх характараў у Навуменкі не быў працяглым. Гэта абумоўлена жыццёвым вопытам пісьменніка, літаратуразнаўчай эрудыцыяй, высокім узроўнем «ваеннай» прозы. З'яўляючыся сацыяльна і гістарычна   дэтэрмінаванымі,   навуменкаўскія   характары атрымліваюць сваё развіццё праз канкрэтнае дзеянне, адносіны да прыроды, праз мову. А таксама праз гумар, які, не без коласаўскага ўплыву, прысутнічае амаль у кожным навуменкаўскім апавяданні як настраёвы фон і адзін з мастацкіх сродкаў выяўлення псіхалогіі чалавека на вайне, яго грамадзянскай і маральнай трываласці. Імкненне паглыбіцца ў гістарычную памяць народа прывяло Навуменку ад лірычна-эмацыянальных, рамантычных да аб'ектывізаваных эпічных характараў праз памацненне псіхалагічнага аналізу і ролі канкрэтных абставін у іх станаўленні і развіцці. Непасрэдна звязаныя з практыкай камуністычнага будаўніцтва, апавяданні Івана Навуменкі, створаныя ім мастацкія характары – сведчанне беззаветнай адданасці Радзіме, справе партыі, вернасці ідэйна-эстэтычным прынцыпам сацыялістычнага рэалізму.

GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов