КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

ФЕНОМЕН МАСТАЦКАЙ ИНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ

 

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 >>>

“Сасна пры дарозе…”
Міхась Генька

Прыхільнікаў творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі пры знаёмстве з яго кнігай, змест якой склалі раман «Сасна пры дарозе» і аповесць «Любімы горад», выпушчанай выдавецтвам «Беларусь» у серыі «Школьная бібліятэка», чакае сюрпрыз. Дакладней пра яго даведаешся, узяўшы кнігу ў рукі і зазірнуўшы на чацвёртую старонку вокладкі, дзе па добрай завядзёнцы ў аналагічных выданнях звычайна змяшчаюцца выказванні ці пра пісьменніка ўвогуле, ці пра канкрэтныя яго творы. Гэтым жа разам ёсць мажлівасць пазнаёміцца з Іванам Навуменкам-паэтам, а далёка нямногія ведаюць, што Іван Якаўлевіч на пачатку свайго творчага шляху пісаў і вершы. Адзін з іх прапануецца ўвазе чытачоў:

Мы з табою ля рэчкі

Не страчалі зары,
Не вяло з намі спрэчкі
Рэха ў звонкім бары.

Не купаліся ў хвалях
Мурагу ў сенакос,
Нас не вабілі далі
Ні зямлі, ні нябёс.

І за тое, што росы
Не абмылі нам ног,
Нам прысуджана ростань
На развілцы дарог.
Пасля гэтага хочацца ўважліва пазнаёміцца з прадмовай «Вялікімі сталі таполі юнацтва», напісанай вядомым паэтам і празаікам Віктарам Гардзеем. Прасочваючы жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, ён дзеліцца сваімі ўражаннямі, пачынаючы сваю гаворку так лірычна-хораша: «Белы тапаліны пух, нібы снежная завея, урываецца ў чэрвеньскі горад: мякка шоргае пад нагамі, шэрымі вусенямі каташкоў плавае ў лужынах, шаўкавістымі каташкамі завісае на голлі і вопратцы, назойліва лезе ў вочы. Таполі, альбо ясакары, у час цвіцення мабыць, невыпадкова прымушаюць згадваць імя выдатнага беларускага празаіка Івана Якаўлевіча Навуменку, які напісаў шмат таленавітых кніг, і з прыемнасцю хочацца зазначыць, што вельмі многія з іх прыпалі акурат на дзіўную пару майго пасляваеннага дзяцінства». Так могуць сказаць і іншыя чытачы, хто сёння размяняў свой шосты дзесятак. Ды і старэйшыя, як і маладзейшыя, таксама, бо творчасць І. Навуменкі такая значная з'ява ў сучаснай беларускай літаратуры, што напісанага ім нельга не ведаць. Не ў апошнюю чаргу гэта тычыцца і рамана «Сасна пры дарозе», які разам з наступнымі «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» складае па сутнасці трылогію, у якой вельмі праўдзіва адлюстравана Вялікая Айчынная вайна. Прытым І. Навуменка, як вядома знайшоў свой падыход, глянуўшы на тыя падзеі ў многім вачыма бязвусых яшчэ юнакоў, якія разам з дарослымі змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры гэтым шмат у чым ішоў і ад уласнага баявога вопыту, ад перажытага. Асабліва, калі расказваў пра юных падпольшчыкаў Міцю Птаха, Івана Лобіка, Шуру Гарнака, вобразы якіх атрымаліся вельмі пераканаўчымі. Мастацкая ўдача пісьменніка – і вобраз бацькі Міці, абходчыка Сцяпана Птаха. Праз шмат гадоў пасля напісання трылогіі І. Навуменка зноў вярнуўся да даўніх падзей, узяўся за іх асэнсаванне з вышыні пройдзеных дарог. З шэрагу гэтых твораў і аповесць “Любімы горад”, што з’яўляецца заключнай у мастацкім цыкле, пачатак якому паклала аповесць “Дзяцінства”, а затым былі напісаны “Падлетак” і “Юнацтва”. Галоўны герой Васіль Войцік у нечым той самы Міця Птах, але гэта адначасова і новы герой. А наколькі І. Навуменка не паўтарае сябе ранейшага, як здатны глыбей спасцігнуць сэнс таго, што адбывалася, добра відаць і па аповесці “Любімы герой”, што звязана зместам з пасляваеннымі гадамі. Перавыданне гэтых двух твораў – магчымасць у першую чаргу школьнікам пазнаёміцца з лепшымі старонкамі сучаснай беларускай літаратуры.

Дыханне часу, лёс пакалення

Уладзімір Гніламёдаў

3 усяго напісанага Іванам Навуменкам – ці не самыя пяшчотныя і прачулыя старонкі пра «хлопцаў-равеснікаў», аднагодкаў пісьменніка, што не паспелі перад вайной скончыць дзевяты-дзесяты клас, недалюбілі, пайшлі на вайну і не ўсе вярнуліся дадому. «Даруйце нам, нашы дзяўчаты, што мы былі дрэннымі кавалерамі і не ўмелі вас кахаць. Мы можа і навучыліся б, але вайна залішне зацягнулася, ды і мала нас вярнулася з вайны. 3 дзевятага класа пайшло на фронт шаснаццаць, прыйшло толькі чацвёра. Ляжаць яны, хлопцы дваццаць чацвёртага і дваццаць пятага года нараджэння, у брацкіх магілах ля вёсачак і безыменных вышынь ад Дняпра да нямецкай Эльбы. Даруйце ім, дзяўчаты...» («Трымценне дубовага лісця»).
Тэма свайго пакалення і ў шырокім сэнсе тэма юнацтва –менавіта на гэтай дарозе I. Навуменку не раз напаткалі, думаецца, самыя пераканаўчыя мастацкія ўдачы, у якіх найбольш арганічна і натуральна спалучыліся жыццёвы вопыт пісьменніка і яго мастацкае майстэрства – майстэрства апавядальніка, што пасля добрых кніг «Хлопцы-равеснікі», «Семнаццатай вясной», «Верасы на выжарынах» пацвярджаюць увогуле і «Таполі юнацтва»...
Ідуць гады, далей і далей у мінулае адплывае тая пара, якая называецца краінай юнацтва, да чалавека прыходзіць сталасць, а ён –дзіўная рэч! – зноў і зноў памяццю вяртаецца, каторы ўжо раз, назад, у далёкія вёсны, да свайго першага кахання, да равеснікаў – не па гадах суровых падпольшчыкаў, што рана спазналі цану дружбы, давер’я і шчырасці, – да юнацкіх мар, якім не суджана было спраўдзіцца... I справа не ў тым, што, як сказаў адзін паэт, «пра камсамол можна пісаць бясконца». Выключна важна, што ўсё гэта перажыта самім, адчута сэрцам.
Але не думайце, што гэта – адно лірыка, сантыменты, рэфлексіі. Аўтар вядзе чытача праўдзіваю дарогаю пазнання, на самых эмацыянальных старонках імкнучыся астацца сумленным даследчыкам і шчырым дарадцам. Падобны прынцып эстэтычнага стаўлення   да  рэчаіснасці ўласцівы быў у значнай ступені і ранейшым – вышэйпамянёным – кнігам пісьменніка, але калі гаварыць пра «метадалогію» мастацкага  даследавання, то ў «Таполях юнацтва» яна ў нечым сур’ёзным і істотным паглыбілася і ўдасканалілася. I, магчыма, па гэтай прычыне заўважаецца, што аўтар дзе-нідзе – у сітуацыях, матывах, сюжэтных ходах, а галоўнае – у вобразах (трывожны сімптом!) – паўтараецца. Цяпер усё ж такі ў выпадковасці фактаў, у дробязях пісьменніку бачацца сувязі, якія іх злучаюць, адкрываюцца заканамернасці з’яў. Факты аб’ядноўваюцца ў пэўную агульнасць, кніга робіцца ідэйна напоўненай і акрэсленай. I ад гэтага стаў больш глыбокі, праўдзівы і верагодны і разам з тым больш аб’ектыўны сам вобраз часу – даваенныя і пасляваенныя гады, пра якія ідзе размова ў апавяданнях І. Навуменкі.
Карціна рэчаіснасці, што паўстае з іх, ахоплівае разнастайныя, часам супярэчлівыя, з’явы гэтага перыяду нашага жыцця. «Як мы лавілі шпіёна», «Водгулле далёкіх вёснаў», «Ракеты над горадам», «Трымценне   дубовага лісця», «Чуеце, хлопцы?..» – апавяданні, розныя па ўзроўню мастацкага асэнсавання, разам чымсьці важным і цікавым пашыраюць наша  ўяўленне пра тыя гады. Дзеці мараць пра подзвіг і, падхопленыя заклікамі да «зверхпільнасці»,  ловяць «шпіёна», які на самай справе аказаўся доктарам-натуралістам («Як мы лавілі шпіёна»). Старшыня сельсавета Стрык («Водгулле далёкіх вёснаў») – тып нястомнага будаўніка новага жыцця, адданага справе суровага аскета   трыццатых   гадоў: «Худы, высокі, з чорным, нібы вымазаным дзёгцем, тварам... Калі Стрык не ў сядле, то ўсё адно здаецца, што ён некуды імчыць, баючыся спазніцца, – гэтак шпарка, размашыста ён ходзіць...» А як натхнёна і шчыра выгуквае ён перад дэманстрантамі з мястэчка, што стоўпіліся перад трыбунай, першамайскія лозунгі:
«– Пажарнікі! – падымаючы ўгору сцятыя кулакі і як бы збіраючыся ўзляцець над трыбунай, гукае Стрык. – Не тушыце пажараў! Не трэба тушыць пажараў! Няхай шырэй разгараецца агонь рэвалюцыі!
- Чыгуначнікі! Не спыняйце цягнікоў! Няхай імчацца лакаматывы ў сусветную рэвалюцыю!
– Смалакуры! Не шкадуйце смалы! Зальём горлы сусветнаму капіталу!»
«Пасля кожнага выгуку прамоўцы –  дружны, як адзін уздых, вокліч натоўпу», і юнакам ніяк не ўцяміць, «чаму там, за мяжой, рабочыя і сяляне марудзяць».             
Новыя, розныя сваім зместам рысы і рысачкі дапаўняюць нашы ранейшыя веды пра гэтую цікавую эпоху, напружаную і складаную ў развіцці краіны, эмацыянальна хвалююць, уражваюць. У кнізе адчуваецца сама атмасфера часу: «Майскімі святамі, –  сардэчна прызнаеццапісьменнік, – мне і дасюль свецяццадалёкія трыццатыя гады...» Пісьменнік любуецца маральнаю чысцінёюі нават пэўнаю рыгарыстычнасцю юнакоў і дзяўчат, тым, як напружана яны ўслухоўваюцца ў жыццё вялікага свету, іх марамі аб «гучным» подзвігу, страсным жаданнем паступіць абавязкова ў ваеннае вучылішча («на сённяшні дзень гэта найбольш важна»), навучыцца канструяваць самалёты – словам, усім,што так ці інакш спадарожнічала і яго маладосці.
Новая мараль,   адданасць   радзіме  і партыі, народжаная Кастрычнікам і выхаваная ў баях грамадзянскай вайны, у ярасных спрэчках і суровай  зелавітасці камсамольскіх сходаў дваццатых-трыццатых гадоў, складалі сутнасць светапогляду гэтага пакалення, якому прыйшлося вытрымаць самы цяжкі  экзамен – вайну з фашызмам. Пісьменнік стараецца прасачыць лёс свайго пакалення ў вайну і пасля вайны – і гэта адны з самых цікавых і праўдзівых старонак кнігі.
Апавяданне «Трымценне дубовага лісця» – лепшае ў зборніку, бо яно, мне здаецца, увабрала ў сябе шмат менавіта «навуменкаўскага», найбольш характэрнага для пісьменніка як у выбары жыццёвага матэрыялу, так і ў іранічна-гумарыстычным (што, аднак, не выключае драматызму некаторых сітуацый) поглядзе на свет, нарэшце ў пэўным тыпе героя – рамантычнага юнака, выразна пазначанага асаблівасцямі свайго часу, а таксама і ў своеасаблівым вырашэнні тэмы кахання.
Апошняя перадваенная вясна. Школа. Дзесяцікласнікі разыходзядца з выпускнога вечара. Па радыё ў апошніх паведамленнях перадаецца абвяржэнне ТАСС: Германія не збіраецца нападаць на Савецкі Саюз, «пэўная кандэнсацыя нямецкіх узброеных сіл тлумачыцца іх перагрупоўкай...» Закаханых, якія толькі што першы раз пацалаваліся, гэта, вядома, не абыходзіць, і раптам – вайна. Груба і сурова ўварвалася яна ў чалавечае жыццё, і каханне пайшло, як кажа пісьменнік, «у запас».
Пісьменнік усур’ёз даследуе працэс узмужнення свайго рамантычнага героя ў жыццёвых выпрабаваннях, працэс зразумення ім складанасці жыцця, якое непазбежна пакідае свой адбітак на яго характары, на ўяўленнях аб свеце. Гераічны подзвіг, пра які марылі юнакі, зніжаецца да будзённага быту падпольшчыка («Ракеты над горадам»). Ваенная рэчаіснасць нараджае ў героя крытычныя адносіны да многіх з’яў трыццатых гадоў. Ён успамінае пра даваенныя песні: «Там імчалі тачанкі, бадзёра выдыгалі тры вясёлыя, трохі самаўпэўненыя танкісты, і нават Кацюша, выходзячы на бераг, сумавала неяк залішне весела, як бы ўпрысядкі скакала». I. Навуменка не абыходзіць вострых вуглоў і супярэчнасцей, спрабуючы зразумець і вытлумачыць паходжанне і сённяшняе існаванне такіх людзей, як Яць – Зыгмунд Мацыеўскі, тып прыстасаванца, чалавека нікчэмнага і мізэрнага і ў вышэйшай ступені антыпатычнага (апавяданне «Яць»), як, скажам, адзін з герояў апавядання «Рыжыя коні» – абходчык Пілецкі з яго абыякавасцю і раўнадушшам да ўсяго навакольнага, што яго «не датычыцца»: гоняць здаровых, маладых коней «лісам на мяса» – і няхай, сёння машын хапае, разважае Пілецкі.
Герой I. Навуменкі верыць у справядлівасць і разумнасць жыцця, ён гатовы абараняць яго чалавечнасць, бо асабіста адчувае за яго адказнасць. Вярнуўшыся пасля вайны, ён сустракаецца са складанымі праблемамі мірнага жыцця. Не ўсё тут яму зразумела, не ўсё проста – як гэта было на вайне – у чалавечых адносінах, у адносінах з блізкімі. Вайна на ўсім пакінула свой след. I тым не менш верыш, што гэты чалавек абавязкова знойдзе сваё месца, бо ён добры і справядлівы, мужны і прынцыповы. Такі Васюкевіч з апавядання «Рэйкі», якое шмат у чым падобна на апавяданне «Трымценне дубовага лісця». Васюкевіч – гэта той жа Сяргей Дубравец, што вярнуўся з вайны, каб пачаць новы, цяпер ужо мірны этап свайго жыцця. Ён пакуль што на раздарожжы, шмат думае, углядаецца ў мірны дзень, у знаёмыя рэчы, а ноччу яму, напэўна, сняцца яшчэ ваенныя сны... У кнізе «Талолі юнацтва» ёсць апавяданні, якія пераканаўча сведчаць пра здольнасць пісьменніка працаваць над сучасным матэрыялам. Лепшыя з іх – «Пад пошум дубоў», «Кукурузька», «Рыжыя коні» – доказ таго, што сёння, пасля шэрагу кніг пра трыццатыя-саракавыя гады, менавіта з гэтым – «сучасным» – напрамкам звязаны далейшы творчы шлях Навуменкі і яго мастацкія ўдачы. Пра гэта гаворыць ужо сам выбар героя – зусім без рамантызацыі. Анікей Моркаўка (апавяданне «Кукурузька») непрыкметны сярод іншых калгаснікаў, калі не лічыць яго дзівацтваў. Некалі, яшчэ да вайны, ён назваў сына Трактарам, кожны год выпісвае цэнтральную газету і прачытвае яе ўсю, якая б пільная работа па гаспадарцы ні чакала, ды любіць яшчэ кожны раз выступаць на калгасных сходах «з самай бязлітаснай крытыкай»: «Моркаўка ведаў усе пастановы, усе законы, і крыць супроць яго было нечым». Убачыўшы суседку-калгасніцу, Анікей мог ёй заўважыць: «Абшчэственнай сазнацельнасці ў цябе мала, Таццяна... Адных вутак сорак стук імеес, а на гасударственны заём ты на сколькі падпісаласа? На дзесяць рублей падпісаласа. Магла падпісацца, як мінімум, на сто. Ты разві не ведаес, якое ў насай стране ідзе страіцельства? Днепрагэс, ведаес, сколькі стоіць». На першы погляд можа здацца: ну, ясна – дэмагог гэты Моркаўка. Але не, не спяшайцеся з вывадамі, словы ў Моркаўкі неразыходзяцца са справамі, і ён праўдзівы і паслядоўны, гэты «дзівак», калі даводзіцьсваё: «Значыць, несазнацельна зывём. Не далзно так быць». У такіх перакананнях, у гаспадарскіх адносінах да дзяржаўнага, – сэнс існавання Анікея Моркаўкі, хоцьвобраз яго ў апавяданні не проста лінейны і па-рознаму адносяцца да гэтага чалавека аднавяскоўцы і раённае начальства. Моркаўку, каго заўсёды абыходзілі з «кіруючымі пасадамі», нарэшце прызначаюць звеннявым па кукурузе. І тут да месца прыйшоўся гэты ініцыятыўны і старанны «дзівак». I хоць першы год кукуруза не ўрадзіла (не ў час, па загаду пасеялі, кінуўшы зерне ў халодную зямлю), затое на другую весну кукурузаўзышла і вырасла такая, што нават высокі ростам чалавек хаваўся ў ёй. «Трэба было бачыць Моркаўку: ён штодня шастаў высокім бадыллем, хаваючыся ў ім, як малады заяц у трысці, выскокваючы то на адным, то на процілеглым беразе зялёнага вострава.

  1. Во, кукурузька! – крычаў ён кожнаму, хто ішоў ці ехаў паўз поле».

Станоўча ацэньваючы новую кнігу I. Навуменкі, хачу яшчэ раз зазначыць, што, на маю думку, новы крок пісьменніка на шляху сталасці павінен быць звязаны іменна з сучаснай праблематыкай. Справа, зразумела, зусім не ў тым, што пісьменніку не варта пісаць аб мінулым, – не. Справа ў самім пафасе сучаснасці, які павінен быць у творчасці абавязкова, незалежна ад таго, пра што пісьменнік піша.

Сталасць

Івану Навуменку – 60

Павел Дзюбайла

Як імклівa ляціць час! Не верыцца, што у Івана Навуменкі 60-гадовы юбілей. Здаецца, не так ужо і даўно мы залічвалі яго ў кагорту маладых пісьменнікаў, побач з тым пакаленнем, якое прыйшло ў літapaтypy ў канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў (У. Караткевіч, І. Пташнікаў, І. Чыгрынаў, В. Адамчык, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, А. Вярцінскі i інш.) i якое сёння называюць сярэднім пакаленнем пісьменнікаў, хоць сам I. Навуменка быў тpoxi старэйшы за ix і пачаў друкавацца з 1955 г. I быў ён не проста побач з iмi. Як празаікі, так i крытыкі лічылі яго, дацэнта Белдзяржуніверсітэта i маладога таленавітага празаіка, сваім важаком, сваім старэйшым таварышам, які ў адрозненне ад ix прайшоў па вогненных партызанскіх сцежках i франтавых дарогах.
Трыццаць гадоў творчай працы… Дзесяткі апавяданняў, аповесцей, раманаў, зборнікаў, літаратуразнаўчых кніг. I нарэшце шасцітомнае выданне Збору твораў.
Калі акінуць думкай усё зробленае І. Навуменкам на ніве беларускай літаратуры, то можна пераканальна сцвердзіць, што гэты пісьменнік мае свой арыгінальны погляд на жыццё, свой мастацкі стыль, свае прынцыпы творчасці, якія грунтуюцца на багатым асабістым жыццёвым i духоўным вопыце i заключаюцца перш за ўсё ў поўным даверы пісьменніка да эстэтычнай значнасці i каштоўнасці рэальных фактаў i з'яў, у эмацыянальным i разам з тым дакладным ix ўзнаўленні.
Неаднаразова I. Навуменка сцвярджаў, што не жадае i не ўмее прыдумваць сюжэты, яны самі нараджаюцца на аснове аўтабіяграфізму, жыццёвага вопыту. У яго заўсёды выклікае насцярожанасць i недавер «мазгавая» літаратура – творчасць, слаба звязаная з жыццёвай першаасновай,  сканструявана-мысліцельная.
Гэтыя рысы пастаянна выяўляюцца ў творчаcці пісьменніка пачынаючы ад лірызаваных апавяданняў (зборнікі «Семнаццатай вясной», «Хлопцы-равеснікі») i да апошняга рамана «Летуценнікі».
Праўда, зварот I. Навуменкі да жанру рамана, да шырокага паказу падзей Вялікай Айчыннай вайны, чалавека на вайне абумовіў эпізацыю яго твораў, хоць лірычная плынь у той або іншай меры адчуваецца ва ўсёй яго творчасці.
Наогул, калі пішуць пра вайну пісьменнікі, якія ўдзельнічалі ў ёй, то натуральна, што ў ix творах апавядальнасць сплаўляецца з аўтабіяграфізмам, выяўляецца i шчырая споведзь, i разам з тым пропаведзь, бо яны не проста ўспамінаюць, расказваюць аб гераічным i драматычным часе, а «каб прымусіць людзей, – як справядліва пicaў К. Сіманаў, – задумацца над тым, як яны жывуць, што у ix жыцці дабро, а што зло, у чымсьці ix пераканаць» («Вопросы литературы», 1978, № 12, с. 107). А гэтага можна дасягнуць толькі тады, калі ты лепш за іншых ведаеш мінулае, з сучасных пазіцый, у поўнай адпаведнасці з гiсторыяй вытлумачваеш яго. Аб гэтым жа сведчаць творы І. Навуменкі, яго раманы «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці» i «Смутак белых начэй». У гэтых творах на глебе аўтабіяграфізму, нялёгкай памяці аб вогненных партызанскіх i франтавых дарогах, аб дарагіх сябрах-таварышах, што засталіся на полі бою, памяці, якая заўсёды балючая i жывая, з'яўляецца i ажывае побач з эпічнасцю суб'ектыўнасць, эмацыянальнасць, лірызм.
На гэтым шляху,   на   спалучэнні, сінтэзе лірычна-суб'ектыўнага («я – форма») i aб'ектыўнага (голас аўтара, апавядальніка) часцей за ўсё i дасягаюцца  значныя  пocпeхi ў паказе лёсу чалавечага i лёсу народнага ў жанры сучаснага рамана. Наогул, чыста лірычны раман – вельмі рэдкая з'ява, тым больш у нашы дні,  калі  наглядаецца  далейшая  эпізацыя на новай аснове жанру рамана. Відаць, без аб'ектывізаванага голасу аўтара, які (літаратура нас прывучыла да гэтага) усё ведае, цяжка ўвасобіць  адзінства раманнай канцэпцыі, адзінства маральнай пазіцыі, на чым звычайна i грунтуецца ўнутраная ідэйная цэласнасць твора.
Гэта добра адчувае i разумее I. Навуменка: «Мяне называлі лірыкам. Лірык – гэта лірык… Але я даўно ўжо аддаю перавагу аб'ектывізаванай прозе, гэта значыць, я валодаю здольнасцю – не толькі я, кожны празаік – угадаць, хто вы… I калі ўгадаеш характар – а ў гэтым пісанне i  заключаецца, – то  ўжо  ведаеш, як ён будзе дзейнічаць у тых ці іншых aбставінах. Гэта значыць, ты як бы  апранаеш   скуру таго чалавека, пра каго пішаш. Празаік – той жа акцёр, толькі роляў у яго многа» («Літаратура i мастацтва», 1979, 28 верасня).
Калі ў рамане «Сасна пры дарозе» галоўным для пісьменніка было выяўленне псіхалогіі пакалення семнаццацігадовых, ix ідэйна-маральнага патэнцыялу ў пачатку вайны, паказ таго, як гэта  пакаленне шукала  сваё месца ў барацьбе, уключалася ў яе, то ў «Сорак трэцім» раманная  канцэпцыя значна пашырылася і паглыбілася – раскрыццё вытокаў сілы i непераможнасці савецкага народа, раскрыццё праз лёс чалавека лёсу народа. Праўда, першы раман быў найбольш аўтабіяграфічны i блізкі для  аўтара, арганічна ў ім выяўлялася эмацыянальная, лірычная плынь, апошні ж раман у сувязі з пашырэннем шматпланавасці набыў больш маштабныя эпічныя рысы. У ім у цэлым добра паядналася экстэнсіўнае i інтэнсіўнае. Наогул «Сорак трэці» – твор найбольш маштабны з усёй трылогіі. Таму, відаць, не правамерна падыходзіць з аднымі і тымі ж мастацкімі крытэрыямі да раманаў «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці». Розныя былі творчыя задумы, самі падыходы да жыццёвага матэрыялу – у выніку натуральна з'явіліся розныя творы па сваёй маштабнасці, танальнасці, па месцу і значэнню у іх галоўных герояў.
Драматызм ваеннага часу асабліва  глыбока раскрываецца ў рамане «Сорак трэці». Гэта той драматызм, які вынікае не толькі з характару падзей – усенароднай партызанскай барацьбы і з выключнай складанасці духоўнага жыцця герояў, якія часта праходзяць праз «парогавыя» сітуацыі, шукаючы сваё месца ў барацьбе. У рамане драматызм, псіхалагізм і глыбокі роздум над лёсам чалавека і лёсам народа сінтэзуюцца, твор набывае сапраўдную эпічную  канцэптуальную  маштабнасць.
Калі ў цэнтры рамана «Сасна пры дарозе» Міця Птах, наогул сям'я Птахаў, то ў «Сорак трэцім» цэнтральнага героя па сутнасці няма, ім становяцца па чарзе многія героі рамана, і гэта адпавядае галоўнай задачы – шматгранна, шматпланава, на вялікай прасторы паказаць усенароднае партызанскае пераможнае змаганне ў 1943 г. Іменна да гэтага імкнуўся I. Навуменка ў трылогіі і, безумоўна, у цэлым нядрэнна справіўся з пастаўленай перад сабой ідэйна-мастацкай задачай.
Аб’ектыўная, эпічная форма рамана дае найбольшыя магчымасці пісьменніку паказаць герояў у дзеянні, ацаніць іх учынкі і памкненні, пазбегнуць суб’ектывізму і аднабаковасці ўспрымання рэчаіснасці, якія магчымы пры панаванні «я – формы».
Іменна на своеасаблівым спалучэнні лірычнага з эпічным створаны раман I. Навуменкі «Смутак белых начэй». Гэта спалучэнне, гэты сінтэз стаў магчымы таму, што ў пісьменніка вялікі вопыт як эмацыянальна-лірычнага асэнсавання і ўзнаўлення жыцця (асабліва ў першы перыяд творчасці ў жанры апавядання), так і эпічнага, шматпланавага яго паказу ў трылогіі «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах»,  «Сорак трэці».
Раман «Смутак белых начэй»,  прысвечаны ваенным падзеям 1944 г.  На Ленінградскім фронце, калі канчаткова была знята блакада з боку    Карэльскага  перашыйка, моцны сваім драматызмам у праўдзівым паказе лёсу таго пакалення моладзі, якое ўлілося ў армію пасля вызвалення ад захопнікаў усходніх раёнаў Беларусі. Многія да гэтага былі падпольшчыкамі і партызанамі, але сапраўдным баявым выпрабаваннем усіх фізічных і духоўных сіл для юнакоў стала франтавое жыццё.
У інтэрв'ю І. Навуменка гаварыў: «У новым маім рамане сапраўды ў нейкай меры завяршаецца тэма пакалення, пра якое я шмат пісаў – найбольш у апавяданнях, трохі і ў раманах – іменна тэма пакалення семнаццаці – васемнаццацігадовых, але тут ужо на фронце, ва ўмовах зусім іншых.
Чаму мне важна было пра гэта расказаць?.. Гэта быў мой першы фронт – Ленінградскі… Кажуць што кожны чацвёрты беларус загінуў у вайне, і гэта цяжка ўсведамляць. А з нашага пакалення, мабыць, трое з чатырох загінула… Разумееце, гэта наш жыццёвы, творчы, пісьменніцкі, які хочаце, абавязак – напісаць пра лёс гэтага пакалення. Стварыць рэквіем, аддаць даніну яго светлай памяці» («Літаратура і мастацтва», 1979, 28 верасня).
У рамане «Смутак белых начэй» новыя суадносіны аб'ектыўнага і суб'ектыўнага, эпічнага і лірычнага. Гэта адчувальна лірызаваны, суб'ектыўны раман, хоць апавяданне ў ім і вядзецца ад імя трэцяй асобы – пачаргова з боку то аднаго, то другога героя.
Так, магчыма, сапраўды I. Навуменка ў чатырох «ваенных» раманах завяршыў тэму пакалення, якое прайшло праз агонь вайны, але не тэму свайго пакалення наогул.
У рамане «Летуценнік» у цэнтры знаходзіцца жыццё былога франтавіка Сяргея Касцюшкі – яго непрыстасаванасць да абставін, сціпласць летуценнасць. І гэта ў першыя шэсць гадоў пасля вайны, калі жыццё не давала падстаў для рамантычных праяў! Для пісьменніка найважней было паказаць і падкрэсліць, што, нягледзячы ні на што, нельга вынішчыць у чалавеку і народзе яго лепшыя традыцыйныя якасці – чалавечнасць, працавітасць, сціпласць, здольнасць марыць і думаць аб лепшай будучыні.
Да I. Навуменкі прыйшла творчая сталасць, але ён – у вялікай дарозе, у пастаянных пошуках новых мажлівасцей мастацкага слова. Аб гэтым сведчаць яго творы апошніх гадоў, а таксама спроба ў новым для яго   жанры – драма «Птушкі між маланак» (1982).
Па-ранейшаму I. Навуменка малады душой, гэта чалавек, які аптымістычна глядзіць на свет, любіць жыццё, родны край, свет прыроды. Любіць гумар, сакавітае народнае слова. Кожнага, хто быў у вёсцы, не праміне спытаць пра віды на ўраджай, асабліва пра першыя (на пачатку лета) ці апошнія (асеннія) грыбы. Ну, а калі ты быў на Палессі, недалёка ад родных яму Васілевіч, то ты ўжо жаданы для яго чалавек і субяседнік.
Коласаўская канцэпцыя неабходнасці гармоніі ў свеце чалавека і прыроды яскрава выяўляецца ў творчасці пісьменніка – у апавяданнях, «ваенных» раманах, асабліва ў аповесцях «Развітанне ў Кавальцах», «Замець жаўталісця», рамане «Летуценнік». Наогул коласаўскія традыцыі вельмі моцна заяўляюць пра сябе ў творчасці І. Навуменкі. 3 гэтым, відаць, звязана і тое, што ў цэнтры ўвагі яго як літаратуразнаўцы пастаянна знаходзіцца творчасць Якуба Коласа, які гэтак дарагі I. Навуменку як мудры чалавек, выдатны пісьменнік, сапраўдны грамадзянін. Манаграфіі «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) – значны набытак купалазнаўства і коласазнаўства.
Трапляеш часам у прасторны кабінет Івана Якаўлевіча Навуменкі, акадэміка, віцэ-прэзідэнта АН БССР – выходзіць з-за стала насустрач паважны, мажны але той жа, ранейшы пісьменнік, з прытоенай усмешкай, з хітраватымі агеньчыкамі ў вачах, якія як бы гавораць: дагадваюся, чаго завітаў, што хаваецца за звычайнымі словамі ветлівасці і этыкету, змагу – дапамагу, вырашу справу без канцылярскай валакіты і бюракратызму. Так, раіць, дапамагае, вырашае. Адно скардзіцца, што так многа яшчэ ў нашай працы самых розных, патрэбных і непатрэбных пасяджэнняў, так мала часу застаецца для навуковай і творчай працы. А не пісаць – нельга. Пра што? Усё пра тое ж: пра чалавека свайго пакалення ў наш неспакойны складаны век. I зноў жа на пастаяннай трывалай жыццёвай аснове з улікам свайго духоўнага вопыту ў адпаведнасці са сваёй глыбока гуманістычнай канцэпцыяй жыцця і героя.

“Трымаюся бліжэй да перажытага…”
60 год з дня нараджэння I. Навуменкі

Алесь Жук

 «Мне ішоў семнаццаты год. Мая семнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу,  жыццю, высокаму сіняму небу».
Гэтак светла і шчымліва-журботна пачынаецца адно з першых апавяданняў Івана Навуменкі, з якім ён выйшаў да чытача. Твор пранізаны маладым шчасцем бачыць, адчуваць і любіць увесь свет. I захмураны горыччу з-за таго, што гэтая радасць і прыгажосць,  якія  даюцца чалавеку толькі аднойчы,  абрабаваны, а то і зусім знішчаны, зруйнаваны вайной.
Калі скончылася вайна, Івану Навуменку было ўсяго дваццаць гадоў. Гэтыя гады ўмясцілі не толькі бесклапотнае і светлае даваеннае дзяцінства, але і змаганне з ворагам спачатку ў камсамольскім падполлі ў Васілевічах, потым разведчыкам дэсантнай групы, сувязным і байцом партызанскай брыгады, а пасля вызвалення Беларусі – нялёгкія   франтавыя дарогі…  Колькі засталося на гэтых дарогах сяброў, тых хлопцаў-равеснікаў, пра якіх пісьменнік будзе пісаць усё сваё жыццё ў апавяданнях, аповесцях, раманах. На старонках  ягоных твораў яны паўстануць светлымі, маладымі, душэўна адкрытымі і прыгожымі, навечна   прыгожымі і мужнымі.      
Мабыць, самае адметнае і нават крыху нечаканае ў творах Івана Навуменкі – гэта рамантычнасць і летуценнасць пры ўсёй рэалістычнай аснове творчасці, а таксама ўлюбёнасць у жыццё і людзей. Жыццесцвярджальны настрой галоўны і ў самых трагічных і горкіх творах пра вайну – там, дзе смерць звычайная справа, дзе людзі няўмольна гінуць ужо на самым краёчку вайны, калі гэтак блізка быў мір, а значыць і доўгае жыццё, і надзея на шчасце.
«Па ўзбярэжжы цягнуліся дачы, вілы, курорты. Белы дом, на шостым паверсе якога мы аблюбавалі пакой пад назіральны пункт, высіўся на самым беразе вузкага, нібы высунуты язык, заліва, якім мора ўядалася ў пясчаную нямецкую зямлю…»
Гэтак пачынаецца апавяданне «Дом над морам» пра апошнія дні вайны.
Літаральна праз дзве старонкі – скупыя і балючыя радкі: «У поўдзень трэба было аднесці афіцэру разведкі карту, на якую мы штодня наносілі новыя агнявыя пункты праціўніка. Ісці ў штаб папрасіўся Булавенка.
Праз некалькі хвілін яго забіла асколкам пад самымі вокнамі белага дома, на пясчаным пляжы…» I потым: «К вечару процілеглы бераг здаўся. Вялі палонных».
Колькі пачуцця болю за гэтай быццам звычайнай сітуацыяй, якая апісана ў апавяданні. На некалькіх старонках тэксту ўмясцілася і радасць тых, хто перамог, і стомленасць, і боль, і горыч за тыя незлічоныя страты, за маладыя жыцці, якім не будзе працягу, за ўсіх тых людзей, «цёплых і жывых», каму не суджана было вярнуцца з вайны.
I зроблена гэта па-майстэрску, згодна з высокімі патрабаваннямі такога філіграннага жанру, як апавяданне, якое не даруе пісьменніку нават самага нязначнага   паслаблення.
Але гаворка пра майстэрства Навуменкі-апавядальніка – тэма асобная. Яна варта самай пільнай даследчыцкай увагі, і ёй цеснавата будзе, бадай, і на старонках асобнай манаграфіі.
Пачынаючы з першых апавяданняў і заканчваючы апошнім раманам «Летуценнік», Іван Навуменка распрацоўвае тэму свайго пакалення на вайне і потым, у гады адбудовы разбуранай краіны. Нельга не адзначыць, што ў апавяданнях, а пазней і ў трылогіі «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці» пісьменнік адзін з першых не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй савецкай літаратуры галоўным героем бярэ ўчарашняга школьніка, якому давялося ўзяць зброю, падставіць плячо пад непасільную ношу разам з дарослымі, пра тых, каму наканавана было застацца ў памяці наступных пакаленняў навечна маладымі.
Адметнасць трылогіі яшчэ ў тым, што пісьменнік выходзіць на шырокі раманны прастор адлюстравання подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Прасочваючы шлях сваіх герояў, учарашніх школьнікаў, да актыўнай барацьбы з ворагам, Іван Навуменка паказвае, як выспявала святое пачуццё народнага гневу, вытокі ўсенароднага супраціўлення фашысцкім захопнікам на беларускай зямлі.
Але і ў гэтай   сапраўды   эпічнай рабоце не перапыняецца тэма «вайна і юнацтва», якая прадоўжыцца ў рамане «Смутак белых начэй» ужо на другім, франтавым матэрыяле.
I нельга не сказаць пра яшчэ аднаго «героя», у якога ўлюбёны пісьменнік, пра якога ён любіць і ўмее пісаць. Гэта прырода.
Пішу зараз гэтыя радкі і чамусьці ўспамінаецца несамавітая, каляровая вокладка зборніка Івана Навуменкі «Верасы на выжарынах». Мне здаецца, што ўбачыў яго і чытаў упершыню восенню. Можа з-за таго, што восенню, пасля таго, як стаў першакурснікам, угледзеў і самога «жывога» Навуменку з ягонай усмешкай, з прывычкай лёгка ўскідаць голаў угору і папраўляць чорнае крыло валасоў, якое спадала на лоб.
Да гэтага часу Іван Навуменка паспеў папрацаваць журналістам, скончыць універсітэт, потым аспірантуру, цяпер вучыў нас, гэтакі дарослы і «стары». Успамінаецца гэтае «стары» з лёгкай усмешкай, бо і сам ужо дасягнуў таго ўзросту, і з сумам, і з удзячнасцю, бо не забываецца, як у свой час ён хораша падтрымаў, узяў да сябе на кафедру ў аспірантуру. I потым, калі даведаўся, што пакінуў я яе, не адзін год пры сустрэчах не-не ды і папытаецца: «Ну, не шкадуеш яшчэ, што пакінуў тады вучобу?» Не тое што з крыўдай, але неяк раўніва, ці што. I яго можна зразумець. Акрамя прозы, Іванам Навуменкам напісаны і выдадзены шэраг літаратуразнаўчых і крытычных прац, прысвечаных пачынальнікам нашай літаратуры і сучаснаму літаратурнаму працэсу. Варта нагадаць, што Навуменка не толькі сам пісаў прозу, але і быў першым з нашых крытакаў, хто загаварыў пра творчасць пісьменнікаў гэтак званага цяпер «сярэдняга» пакалення на ўсесаюзным узроўні, быў па сутнасці іх першым даследчыкам.
«Выступаць у літаратуры – так лічу я сам – пачаў позна. Першае апавяданне надрукаваў у трыццацігадовым узросце. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна», – з лёгкай усмешкай  пісаў у аўтабіяграфіі Іван Навуменка на пачатку шасцідзесятых гадоў. Яму і самому, відаць, не думалася тады, які шлях выпадзе прайсці за два дзесяцігоддзі. Ад кандыдата навук, універсітэцкага выкладчыка да акадэміка, віцэ-прэзідэнта АН БССР, ад першых сціплых кніжачак апавяданняў да важкага шасцітомнага збору твораў. За пісьменніцкую і навуковую работу Іван Навуменка атрымаў высокія ўрадавыя ўзнагароды, яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР», ён лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі БССР… За дваццаць год выканана вялікая пісьменніцкая і даследчыцкая работа, якая чакае яшчэ заслужанага слова ўдзячнасці і сваіх даследчыкаў.   
У мінулым годзе на старонках «Полымя» з'явіўся новы раман Івана Навуменкі «Летуценнік». Герой гэтага твора – ужо знаёмы навуменкаўскаму чытачу хлопец-равеснік, за плячыма якога доўгія дарогі вайны, наперадзе вучоба, новае жыццё, спадзяванне на шчасце.
«У тым, што пішу, трымаюся бліжэй да перажытага. Сябе, як пісьменніка, бачу на пачатку дарогі». Гэта ўсё з той, дваццацігадовай даўнасці пісьменніцкай аўтабіяграфіі. Але  гэтыя радкі і сёння як найлепш стасуюцца да Навуменкі-пісьменніка, да Навуменкі-вучонага: як і кожны талент, сапраўды творчы чалавек, ён перад чарговай работай не можа не адчуваць сябе нібы перад нязведанай дарогай, якую нельга не адужаць у імя служэння роднай культуры,  роднаму народу.

GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов