КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

ФЕНОМЕН МАСТАЦКАЙ ИНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ

 

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 >>>

Год змагання і славы

Іван Навуменка. Сорак трэці. Раман. «Мастацкая літаратура», 1974.
Сцяпан Лаўшук

«Кожны мастак, музыкант або пісьменнік, – сцвярджаў Джон Голсуарсі, – гэта паломнік». Паломнік, які праз усё жыццё пакланяецца пэўнай святыні. Для I. Навуменкі такой святыняй стала тэма Вялікай Айчыннай вайны. Былі, вядома, і яшчэ не раз будуць адхіленні ад яе, аднак гэтая тэма застанецца асноўнай. Чытач палюбіў многія апавяданні I. Навуменкі, у якіх раскрываецца, выяўляецца мужнасць савецкіх людзей у час ваеннага ліхалецця. Цёпла сустрэты  раманы   «Сасна   пры   дарозе», «Вецер у соснах». Не так даўно з'явіўся новы раман – «Сорак трэці».
Год сорак трэці…  Ён надыходзіў у абстаноўцы вельмі трывожнай:  фашысцкія акупанты захапілі вялізную тэрыторыю нашай краіны, падышлі да Волгі. Але пачатак года абяцаў шмат. На вуснах бацькавічан – слова Сталінград. Там немцы пацярпелі катастрафічнае паражэнне. Пра гэта ведаюць не толькі Міця Птах і яго сябры-падпольшчыкі. Ведаюць усе: над будынкамі, у якіх былі размешчаны акупацыйныя службы, віселі жалобныя сцягі.
Так пачынаецца раман «Сорак трэці». У ім чытач сустракаецца з многімі «старымі знаёмымі», персанажамі, вядомымі па першых двух раманах. Пішучы трэці, аўтару давялося пераадолець нямала творчых цяжкасцей. Патрэбна было давесці да лагічнага вырашэння сюжэтныя лініі, не пакінуць па-за ўвагай ні адзін вобраз. А побач з гэтым новы матэрыял патрабаваў і раманнай прасторы, і адпаведнай увагі. Аўтар, як бы парушаючы творчую логіку, не толькі не абмежаваў прыток новых герояў, а свядома ўвёў яшчэ больш персанажаў. Гэта павінна было наглядна пацвярджаць нарастанне барацьбы: ад асобных выступленняў да ўсенароднага супраціўлення.
Варта сказаць і яшчэ пра адну акалічнасць.
Літаратура пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў нас на сённяшні дзень вельмі багатая. Цяжка назваць хоць аднаго вядомага беларускага пісьменніка, які ў сваёй творчасці не закрануў бы ваенных падзей. Зусім натуральна, што пры «масавым» звароце да адной, няхай сабе і такой шматмернай, глыбіннай тэмы пісьменнікаў падсцерагае пагроза стэрэатыпу. Аднак гэтая пагроза не закранула трылогію І. Навуменкі. Яму ўдалося напісаць арыгінальны твор, які стаў новай ступенню, новым звяном асэнсавання агромністай тэмы народнай барацьбы. Як жа ён дасягнуў гэтага?
Самае важнае, думаецца, у тым, што I. Навуменка паслядоўна прытрымліваецца праўды фактаў і пры адлюстраванні падзей ваеннага часу імкнецца не парушаць прынцыпу гістарызму. Пры гэтым ён, былы падпольшчык і партызан, давяраецца найбольш свайму ўласнаму вопыту. Зусім зразумела, што пры такім падыходзе пісьменнік змог пазбегнуць літаратурных рэмінісцэнцый, стварыць такое мастацкае палатно, якое не можа належаць нікому іншаму. Прынамсі, па сваёй рэальна-фабульнай фактуры.
Трылогія, як вядома, напісана на аўтабіяграфічным матэрыяле, і таму пісьменнік мог (здараецца і такое, асабліва з аўтарамі мемуарных твораў) міжвольна мадэрнізаваць тагачасныя разважанні герояў. Ды не, гэтага ў рамане няма. Пісьменнік лічыць важным не толькі тое, што было, але і як яно адбывалася.
Цікавае ў гэтых адносінах адно прызнанне I. Навуменкі. Выступаючы на чытацкай канферэнцыі па раману «Сасна пры дарозе», ён сказаў, што для таго, каб упэўнена пісаць вобраз Крамера, яму давялося спецыяльна з'ездзіць у Прыбалтыку і пазнаёміцца з бытам мясцовых немцаў. I так ва ўсім астатнім. Перш чым напісаць – вывучыць падзеі, умовы, абставіны, аж пакуль матэрыял поўнасцю яе стане «сваім».
3 другога боку, аўтар трылогіі зусім не схільны да фактаграфіі. Ён не проста занатоўвае ўбачанае, пачутае. Канкрэтыка служыць яму толькі зыходным пунктам на шляху да мастацкага абагульнення. Разам з тым увасабленне, напрыклад, вобраза Крамера даказвае, што пісьменнік зусім не прыніжае мастацкай вартасці канкрэтнага факта, жыццёвай праўды. Папярэдняе «асвойванне» матэрыялу садзейнічае лепшаму адбору яго, што засцерагае твор ад выпадковага, лішняга.      
Поспех мастацкага твора ў немалой ступені вызначаецца яго здольнасцю выклікаць кантакт з чытачом. Мне здаецца, што раман «Сорак трэці» валодае такой здольнасцю. Большасць герояў выпісана настолькі дакладна, што ўспрымаюцца яны, як жывыя людзі, думкі якіх кранаюць і хвалююць. Чытач сочыць за іх разважаннямі, непрыкметна ўцягваючыся ў спрэчкі, падтрымлівае адных, не прымае іншых.
Вуснамі персанажаў пісьменнік гаворыць пра вельмі многае. Разам з тым іх выказванні з'яўляюцца і апасродкаваным спосабам самахарактарыстыкі. Сапраўды, пісьменнік амаль нічога не гаворыць пра змены ў думках тых жа маладых бацькавіцкіх патрыётаў. Аднак з іх размоў ужо відаць, што хлопцы сталі больш вопытныя. Гады вайны іх многаму навучылі, ад ранейшага хлапчукоўскага рамантызму засталося не дужа многа. Цяпер яны ўжо добра разумеюць, што ў складанасці барацьбы не лёгка разабрацца. Іх не заспакойвае банальна-мудрае: у жыцці заўсёды  ўсё не проста. Не проста-то не проста, але на ўсё ёсць свае прычыны. Жыццё яны па-ранейшаму ацэньваюць па максімалісцкіх мерках, таму некаторым падзеям не могуць даць тлумачэння. Так было, у прыватнасці, з забойствам старога местачкоўца Ёсіпа Кавенькі, які ездзіў у партызанскую зону мяняць соль на бульбу. Непаразуменне адбылося з-за таго, што дзед паехаў на кані, якога пазычыў у паліцэйскага паслугача Князева. «Падрываецца ідэя партызанскага руху! – такі катэгарычны быў вывад Міці. – Свае забіваюць свайго. Падурнелі там, ці што?»
Эпізод гэты ў творы не такі і важны, але паказальны. Ён не столькі дапамагае растлумачыць складанасць барацьбы, колькі выяўляе агульную гуманістычную скіраванасць рамана, аўтар якога не абыякавы да смерці любога сумленнага чалавека. Боль за кожнага і забітага. Ім напоўнены і апісанні зверстваў карнікаў эсэсаўскай дывізіі «Варшава», і расказ пра безразважную спробу захапіць нямецкі эшалон, якая скончылася смерцю многіх партызан разам з сакратаром абкома Лаўрыновічам, і іншыя эпізоды. Менавіта гэты боль узмацняе эмацыянальнае ўзрушэнне, якое нараджаецца пры чытанні батальных эпізодаў.
Пры выяўленні гераізму I. Навуменка звычайна асцерагаецца позы і афектацыі. На першы погляд можа падацца, што ў рамане «Сорак трэці» пісьменнік залішне ўвагі аддаў бытапісанням. Аднак не варта забываць, які гэта быў час. Тады рызыкай было само сумленнае існаванне. А вернасць сацыялістычным ідэалам праяўлялася ва ўсім – і ў быце таксама. А хіба жыццё партызан, нават у час паміж баямі, не гераічнае? Да таго ж партызанскі рух – гэта не адны толькі баявыя аперацыі. Адным з недахопаў літаратуры 40-х гадоў пра партызанскі рух было аднабаковае захапленне батальнымі сцэнамі, паўсядзённае ж жыццё людзей лічылася нечым другарадным.
I. Навуменка паслядоўна праводзіць думку: лёс вайны вырашаўся не толькі на франтах. Заслуга партызан і ў тым, што яны знішчалі ворага, і ў тым, што яны былі паўпрэдамі Савецкай улады на акупаванай ворагам тэрыторыі, сімвалам няскоранасці нашага народу ў самых цяжкіх абставінах. Шырокі партызанскі рух быў выяўленнем патрыятызму савецкіх людзей. У Бацькавічах, напрыклад, дзякуючы захадам бургамістра Крамера немцы не лютавалі, не рабавалі, не палілі. Тым не менш супраціўленне ім расло з кожным днём. Нават той жа Крамер, які падыхаў паветрам савецкай рэчаіснасці, канстатуе, што Германія духоўна змізарнела. «Паліць дзяцей, жанчын, старых рускія ні пры якіх умовах – нават калі б ляцела ў прорву іх дзяржава – не будуць… Каменная, разбудаваная заводамі, гарадамі Германія страціла павагу да чалавека».
У сілавое поле рамана ўцягнута шмат людзей, шмат падзей. Пісьменнік імкнецца разглядаць іх у сістэме, асэнсоўваючы з філасофска-этычнага пункту гледжання. Адзін з герояў разважае:
«На зямлі неспакойна, бруд, кроў, а неба ціхае, вечнае. Блішчаць на ім вялікія і малыя зоркі, і праз увесь цёмна-сіні купал пралягае срабрыстая дарога. Млечны Шлях… Кожная зорка – асобнае сонца, а вакол яго кружаць прытухшыя, меншыя сонцы, падобныя на зямлю. Такое вялікае, агромністае неба, і так цесна, няўтульна людзям на малой Зямлі…»
Калі б з такога боку паглядзець на падзеі вайны, то зямныя трагедыі маглі б здацца мікраскапічнымі, дробязнымі. Аднак ні Млечны Шлях, ні вечнасць, ні бясконцасць не існуюць па-за чалавекам. Тут ужо сам Сусвет робіцца абсурдам, калі чалавека ставяць пад дулы аўтаматаў. Боль не бывае абстрактным. Боль заўсёды індывідуальны, асабісты. I пісьменнік, апавядаючы пра падзеі сорак трэцяга года, імкнецца зыходзіць не з касмічных, а з зямных узроўняў. Ён глядзіць на гэтыя падзеі вачыма непасрэднага ўдзельніка і сведкі.
Пісьменнік выбудаваў у творы цэласны, стройны сюжэт. Падзейная «раскіданасць» рамана «Сорак трэці» ўяўная: уся шматгалосіца эпізодаў арганічна ўплятаецца ў мастацкую тканіну твора. У гарнізонных Бацькавічах і Гарбылях, у партызанскіх зонах савецкія людзі былі аб'яднаны адным – барацьбой з захопнікамі. Партызанскі рух акрыліў многіх людзей, раскрыў багацце іх душ, чалавечую прывабнасць. Пісьменнік адкрыта любуецца такімі самабытнымі характарамі, як камбрыг Вакуленка, партызан Яўтушык, сувязная Марыя Шастапал і г. Д. Прынцыпова важная ўдача – вобраз камандзіра Дамачоўскай брыгады Вакуленкі. Па мерках літаратурнай практыкі першага пасляваеннага дзесяцігоддзя, калі прапорцыі дадатнага і адмоўнага былі строга рэгламентаваны, Вакуленка наўрад ці мог бы прэтэндаваць на годнасць станоўчага героя. Сапраўды, жыццё яго складалася неяк няўдала. Былі зрывы: пакінуў сям'ю, зарабіў «страгача». Перад самай вайной хацеў вярнуцца ў сям'ю, ды не паспеў. А жонку і сына немцы ў сорак першым спалілі, і ён ужо не мог, хоць бы і хацеў, загладзіць перад імі сваю віну.
У час суровых выпрабаванняў гэты просты палескі дзядзька выявіў выдатныя здольнасці арганізатара. Яму ўдалося сабраць грознае войска, якое кантралявала вялізную тэрыторыю. Ваяваў Вакуленка разумна, людзьмі без патрэбы не рызыкаваў. Паліцэйскі гарнізон у Чаплічах, напрыклад, быў захоплены без адзінага стрэлу: камбрыг пераканаў паліцэйскіх, што марна супраціўляцца, і тыя склалі зброю. Гэтак жа ўдала праведзена нямала іншых аперацый.
Вайна шмат у чым змяніла характар Вакуленкі. Пісьменнік імкнецца паказаць дыялектыку ўзаемадачыненняў натуральнага, вакуленкаўскага, і наноснага – таго, што прыйшло ад пачуцця ўлады. Быў момант, калі герой паверыў у тое, што ў жыцці другарадныя ролі не для яго. Прынамсі, ён напачатку не вельмі ахвотна згаджаецца з рашэннем перадаць агульнае камандаванне партызанскім злучэннем Лаўрыновічу. Але здолеў пераламаць сябе, хоць і не без пэўных душэўных выдаткаў. Дзіўная рэч: герой змог узняцца над уласнымі крыўдамі, аднак у вачах чытача амаль нічога не набыў. Недзе эстэтычна пройгрышныя самі па сабе справядлівыя прызнанні героя: «Галоўнае разумець, хто мы такія. Усе – я, ты, камандзіры, якія сёння артачыліся і дралі горла. Усе мы ўпаўнаважаныя. Нас на нейкае месца паставілі і нас могуць зняць. Як пра таго калгаснага брыгадзіра да вайны гаварылі – спачатку выдзвінулі, а пасля задзвінулі».
Тут ён думае пра сваё пасляваеннае становішча. Намнога больш сімпатычны той Вакуленка, які апантана носіцца на кані па сёлах, падбадзёрваючы людзей, які арганізоўвае руйнаванне чыгункі на дзесятках кіламетраў, а ў самы цяжкі час – у блакаду – думае, як зберагчы людзей і гаспадарку для будучай мірнай працы.
Пісьменнік з самага пачатку акрэслівае свае адносіны да героя. Мы пераконваемся, што Вакуленка сапраўдны чалавек, праўда, не без пэўных слабасцей. Таму нашы суб'ектыўныя патрабаванні да паводзін камбрыга адпаведна сарыентаваныя.
Цікава выпісаны і многія іншыя партызанскія камандзіры. Для кожнага з іх пісьменнік знаходзіць нешта непаўторнае, індывідуальнае. I наогул, пераважная большасць герояў рамана – самабытныя і цікавыя.
Міця Птах у першыя дні свайго партызанства зацікавіўся Яўтушыкам. Пажылы партызан апрануты быў вельмі нядбайна, аднак паводзіў сябе з годнасцю. Потым Міця даведаўся, што Яўтушык з вінтоўкі збіў нямецкі самалёт, а ў час шматлікіх баёў паводзіў сябе вельмі мужна. Але цікавы ён не сваімі ваеннымі заслугамі. Яўтушык заўсёды заставаўся селянінам-земляробам, які сумаваў па раллі, па касе і сявеньцы, які пры першай жа магчымасці адстаўляў на час вінтоўку, каб пакасіць, нарыхтаваць дроў, дагледзець гаспадарку. Адным словам, вобраз Яўтушыка вельмі многа дае для разумення характару партызанскай барацьбы.
Нельга не сказаць некалькі слоў і пра вобраз бацькавіцкага бургамістра Крамера,   які   праходзіць праз усю трылогію. У «Сорак трэцім» для Крамера стала відавочным, што «новы парадак», які пачалі  ўсталёўваць на  акупаванай зямлі фашысты, накіраваны на фізічнае знішчэнне мясцовага насельніцтва. Пераканаўся ён і ў іншым: немцы ўвесь час «шукаюць прыклёпу», каб больш   спаліць,   расстраляць, зруйнаваць… Усё часцей Крамер аддзяляе сябе ад адзінакроўных прышэльцаў.  Яму становяцца  ненавіснымі і заваёўніцкі энтузіязм, і пыхлівыя дэкларацыі нацыстаў  аб сваёй  выключнасці. Таму ён робіць адчайную спробу  пазбавіцца    пасады   бургамістра. Але з гэтага нічога не атрымалася. На Крамера прыкрыкрыкнулі, і ён змірыўся са сваёй доляй быць паміж двух агнёў.
Для сябе Аўгуст Крамер вырашыў, што ён не зможа далей жыць сярод савецкіх людзей. Ён – немец, а над усімі немцамі доўга яшчэ будзе вісець праклён, нянавісць іншых народаў. Але ж душою ён прыкіпеў да гэтых палескіх краявідаў, да шчырых людзей. Можа толькі праз многа-многа год  здолее вярнуцца сюды. Крамер нават перажывае, што страціў савецкія дакументы, граматы за даваенную бездакорную службу ў леспрамгасе. Няма сумнення ў тым, што ў галерэі падобных вобразаў, створаных савецкімі раманістамі, Крамер зойме адно з прыкметных месцаў.
Ёсць у рамане такі эпізод. Партызаны ўслед за камандзірам Якубоўскім паўтараюць словы прысягі. Адраджаўся Бацькавіцкі атрад. «Быў некалі Бацькавіцкі атрад развеяны, вынішчаны, і вось узнік нібы. Не мог не ўзнікнуць». Так, не мог. Як наогул не магла не разгарэцца ўсенародная барацьба. Пра гэта пісьменнік расказвае натхнёна, у рамане адчуваецца сапраўднае эпічнае дыханне. I няхай развіццё падзей, ахопленых сюжэтам твора, абмежавана параўнаўча невялікім куточкам прыпяцка-дняпроўскага Палесся і кароткім часам, тым не менш пісьменніку ўдалося намаляваць панарамную карціну гераічнага змагання беларускага народу.

Духоўны воблік героя ў творах І. Навуменкі для юнацтва
Р. К. Літвінаў

У пастанове ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб мерах па далейшаму развіццю савецкай дзіцячай літаратуры» (красавік 1969 г.) асаблівая ўвага ўдзелена стварэнню твораў, якія будуць «выхоўваць у дзяцей адданасць камуністычным ідэалам, любоў да Радзімы, высокія маральна-этычныя якасці, пачуццё пралетарскага інтэрнацыяналізму і дружбы народаў, працавітасць, цікавасць да ведаў» 1.
За апошнія гады беларуская літаратура для падрастаючага пакалення прыкметна ўзбагацілася новымі глыбокаідэйнымі і высокамастацкімі творамі. Гэта перш за ўсё датычыцца літаратуры для падлеткаў. Апавяданням і аповесцям I. Шамякіна, А. Якімовіча, А. Васілевіч, В. Хомчанкі, П. Місько, I. Сяркова,  В. Казько, М. Гамолкі і іншых характэрна моцнае сацыяльна-грамадскае гучанне, філасофская глыбіня думкі, вастрыня канфліктаў, высокі псіхалагізм, стылістычная шматфарбнасць. Асаблівасцю сучаснай нацыянальнай літаратуры для юнацтва з’яўляецца яе ўзвышаная цікавасць да ўнутранага свету свайго героя. Пісьменнікі шматгранна адлюстроўваюць складаны працэс фарміравання юнай асобы, добра разумеючы яе нястрымную цягу да самастойнага адкрыцця свету. Рэвалюцыйная адданасць народу, подзвігі чырвонаармейцаў, барацьба савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, на франтах працоўных будняў – усё гэта так або інакш вывяраецца праз маральныя ўчынкі, праз маральныя якасці герояў. Лепшыя творы нашай юнацкай літаратуры закладваюць у падлетка асновы камуністычнай маралі, светапогляду, выпрацоўваюць здольнасць успрымаць свет цэласна, абуджаюць пачуцці прыгожага, фантазію, творчую інтуіцыю.
Развіваючыся ў гэтым напрамку, сучасная беларуская дзіцячая літаратура творча засвойвае вопыт Л. Талстога, М. Някрасава, А. Чэхава, А. Гайдара, Л. Касіля, працягвае багатыя нацыянальныя традыцыі – традыцыі Я. Коласа, Я. Купалы, Я. Маўра, К. Чорнага, 3. Бядулі, М. Лынькова, творы якіх і сёння хвалююць юныя сэрцы, дапамагаюць усебаковаму фарміраванню асобы, вучаць жыць праўдзіва і прыгожа.
Асабліва вялікі поспех сярод юнацтва маюць апавяданні і аповесці Івана Навуменкі. Творча развіваючы традыцыі сваіх славутых папярэднікаў, пісьменнік імкнецца глыбей пранікнуць у духоўны свет падлетка, выявіць самае характэрнае і істотнае ў яго жыцці, перадаць тонкасць узаемаадносін з дарослымі. У яго творчасці выразна адлюстравалася адна з вядучых тэндэнцый сучаснай нацыянальнай прозы для маладога пакалення – праўдзівае ўзнаўленне рэчаіснасці з усімі яе складанасцямі і супярэчлівасцямі.
Яшчэ В. Р. Бялінскі пісаў: «...не  скажайце рэчаіснасць ні паклёпамі на яе, ні ўпрыгожваннямі ад сябе, але паказвайце яе такой, якая яна ёсць на самай справе, ва ўсёй яе чароўнасці і ва ўсёй яе няўмольнай суровасці, каб сэрца дзяцей... прызвычаілася б у барацьбе з яе выпадковасцямі   знаходзіць апору ў самым сябе» 2.
Творы I. Навуменкі, праўдзіва адлюстроўваючы наваколле, мовай вобразаў, мовай пачуццяў і эмоцый дапамагаюць сучаснаму падлетку выпрацаваць жыццёвую канцэпцыю, камуністычныя адносіны да рэчаіснасці. Пісьменнік беражліва ставіцца да спецыфікі ўспрымання юным чытачом свету, давярае яго розуму і сэрцу.
Безумоўна, падлетку ўласціва пэўная ўзроставая абмежаванасць у цэласным успрыняцці жыцця, але «не трэба палохацца, што дзіця чаго-небудзь не зразумее, – слушна пісаў А. Талстой, – няхай яно чаго-небудзь не зразумее, неразуменне заўсёды ёсць імпульс да творчасці. Не зразумее, дык спытае. Разжаваным мякішам кормяць толькі грудных дзяцей, ды і то яны ад гэтага паміраюць»3.
Па-даросламу дзелавіта, сур’ёзна, без якой бы то ні было спрошчанасці і прыхарошвання, але разам з тым па-юнацку непасрэдна, палка, рамантычна пераконвае Навуменка чытача ў тым, што грамадзянскасць чалавека перш за ўсё выяўляецца ў яго сацыяльных дзеяннях, у маральнай адказнасці за кожны свой учынак.
Пісьменнік не пазбягае вострых жыццёвых праблем, з якімі падлетак – жадаем мы гэтага або не – часта сутыкаецца і дома, і ў школе, і на вуліцы. Аднак усёй логікай сваіх твораў ён паказвае, што нягледзячы на цяжкасці, непрыглядныя сітуацыі, якія маюць месца ў штодзённым жыцці, камуністычная мараль, як правіла, перамагае.
Героі большасці твораў Навуменкі – даваенныя падлеткі, але аўтар закранае многія праблемы, якія так або інакш у значнай ступені датычацца і нашага сучасніка. Яго апавяданні «Пераломны ўзрост», «Жуль Верн», «Настаўнік чарчэння», аповесць «Апошняя восень» пераконваюць, што ад маральнай атмасферы сям’і, школы, узаемаадносін падлеткаў з бацькамі і настаўнікамі залежыць фарміраванне чалавечай асобы.
Шчырасцю, тонкасцю даследавання душы падлетка прыцягвае ўвагу апавяданне «Пераломны ўзрост» – аб хлопчыку-сіраце Пекі, які абставінамі лёсу апынуўся ў псіхалагічна ўскладненых сітуацыях. Юны герой вымушан жыць пад адной страхой з бяздушнымі, грубаватымі, нячулымі людзьмі. Канфлікт яшчэ больш абвастраецца тым, што гэтымі жорсткімі   ханжаскімі людзьмі з’яўляюцца родзічы Пекі: яго сястра Рашэль і яе муж Сямён Барысавіч. Аўтар паказвае, як амаральнасць дарослых, няправільна пастаўленае выхаванне ў сям’і, празмерная патрабавальнасць аказваюць тлятворны ўплыў на далікатную дзіцячую душу. Грубасць, эгаістычнасць старэйшых выклікаюць у падлетка невысакародныя ўчынкі, бессардэчнасць, прыстасаванасць паводзін, нервовасць, імкненне прынесці каму-небудзь душэўны боль, жаданне помсціць усяму свету. Жорсткасць нараджае жорсткасць. Глыбока зняважаная чалавечая годнасць Пекі, якога за самую нязначную дзіцячую правіннасць па-зверску караюць гумавым шлангам, абуджае ў ім пачуццё помсты ўсяму наваколлю. Ці не таму ён спрабуе падсмаліць у школьнай грубцы тхара?
Аднак у дзіцячай душы ад самой прыроды закладзена многа добрага, паэтычнага. I хаця герой па волі лёсу сутыкнуўся з жорсткасцю, ліслівасцю, ён тым не менш застаўся духоўна чыстым. Здаровая маральная атмасфера нашага грамадства, школа, сябры дапамаглі Пекі выйсці з гэтай гразі. Нягледзячы на негатыўныя бакі рэчаіснасці, у апавяданні святкуе дружба, таварыскасць, чуллівасць юнакоў да чужых няшчасцяў, да людзей, да прыроды. Дзіцячыя сэрцы далёкія ад каварнасці і жорсткасці, і дарослым трэба ўвесь час развіваць гэта ў крохкай, неўзмацнелай душы падлетка.
Маральна-этычная каштоўнасць апавядання Навуменкі не толькі ў тым, што ў ім мастацкім словам прапаведваецца дабрата, але ў першую чаргу – у выхаванні актыўных змагароў за сваё месца ў жыцці, за свае
перакананні. Лірычны герой апавядання «Пераломны ўзрост», ад імя якога вядзецца расказ, усім сэрцам перажывае нягоды лёсу сябра. Гэта менавіта  ён змог пастаяць за Пекі, выступіць супраць настаўніцы, даць ёй
сапраўдны ўрок высокай маральнасці. У сувязі з гэтым важна падкрэсліць вялікае давер’е пісьменніка свайму юнаму чытачу. Ён не баіцца яму сказаць аб тым, што не-не ды і сустракаюцца часам бяздушныя, абыякавыя  настаўнікі, якія не адчуваюць ні прыгажосці свайго прадмета, ні рамантычных летуценняў, імкненняў падлетка. Гэтакай якраз і з’яўляецца  Рашэль – Агрыпіна Іванаўна.
Навуменка праўдзіва апісвае сваіх герояў. Рэзка асуджаючы ханжасць, абмежаванасць Рашэлі як педагога, жорсткасць яе ў адносінах да Пекі, аўтар адначасова заўважае, што нельга сказаць, быццам яна не клапацілася аб Петрыку (гэта яго сапраўднае імя). «Ён уставаў і клаўся спаць у вызначаныя гадзіны, не меў права есці яблыкаў, не памыўшы іху кіпятку...» 4 Яго кармілі добра і лепш другіх ён быў апрануты, меў бліскучыя снягурачкі... Але Пекі не хапае галоўнага, чаго пазбавіла яго суровая апека сястры – вітаміну чалавечай любві, сяброўскага клопату старэйшага, павагі пачуцця яго ўласнай годнасці, права на самастойнасць.
Пісьменнік вучыць свайго героя ўмець заўважаць у кожным чалавеку толькі яму ўласцівыя рысы характару. Не выпадкова лірычны герой адзначае дваістасць паводзін Рашэлі: бяздушная, эгаістычная дома, яна ў школе надзявае маску лагоднай настаўніцы, якая не супраць і пажартаваць, і пасмяяцца.
Але, вядома, не ўсе такія настаўнікі, як Рашэль. Сардэчных, спагадлівых настаўнікаў, якія ведаюць і любяць сваю прафесію, намнага болей. 3 глыбокай цеплынёй малюе Навуменка настаўнікаў, якія для сваіх вучняў і сябры, і дарадчыкі, і субяседнікі. Гэта і Рыгор Канстанцінавіч з апавядання «Пераломны ўзрост», якога за справядлівасць, за шчырасць горача любяць вучні. Гэта і Апалінарый Феакціставіч – мяккі, нават у чымсьці дзівакаваты чалавек, але ўсім сэрцам адданы роднай зямлі («Настаўнік чарчэння»).
Апавяданні пісьменніка гранічна лаканічныя, але характары герояў абмаляваны ёміста, вобразна, каларытна.
Глыбока раскрыты вобраз хлопчыка Піліпкі, па імені якога названа невялікае апавяданне. Пісьменнік змог заўважыць і данесці лепшыя маральныя якасці юнага героя. Выпадкова падпаліўшы калгасную сцірту збожжа, Піліпка ўцякае з дому. Але ён перажывае не аб сваіх цяжкасцях, на першым месцы ў яго думкі аб маці, якой айчым цяпер «ужо не дасць жыцця», аб пакінутых малодшых сястрычках.
Размаўляючы з чытачом сур’ёзна, без скідак на ўзрост, Навуменка не разжоўвае ідэю да канца, а дае магчымасць дапытліваму падлеткаваму розуму, яго жывой фантазіі самастойна даасэнсаваць яе адпаведна свайму жыццёваму вопыту.
Мы не ведаем, куды падаўся Піліпка.
«Блізкія , людзі пасля расказвалі, што ў той дзень бачылі Піліпку. 3 перакінутымі цераз плячо чаравікамі ён некуды шыбавау па вузкай пакручастай сцяжынцы, якая вілася ўзбоч бітага, насыпанага шляху» 5.
Так заканчваецца апавяданне. Аднак мы перакананы, што з Піліпкі вырасце шчыры, высакародны чалавек,   гатовы   прыйсці на дапамогу кожнаму ў цяжкую хвіліну.
Важныя пытанні камуністычнай маралі вырашаюцца і ў апавяданні Навуменкі «Жуль Верн». Аўтар паэтызуе герояў з адкрытай і праўдзівай душой, якія, не зважаючы ні на якія цяжкасці, застаюцца высакароднымі, мужнымі. Такі падлетак Андрэй Камінскі (Рэй, Комін, як празвалі яго аднакласнікі), адданы сваёй школе, свайму класу. Пасля пераезду бацькоў на новае месцапражыванне за шэсць кіламетраў ён штодзённа прыходзіў на заняткі ў родную школу, хаця мог бы вучыцца і ў другой, намнога бліжэйшай.
Андрэй валодае вялікай сілай волі. Глыбока ўнутрана перажываючы страту любімай кнігі – яе несумленным шляхам выменялі на васьмушку пораху аднакласнікі Андрэя ў яго малодшага брата, – ён не дае падставы сваім «праціўнікам» для радасці.
«...Ён нікому не сказаў пра кнігу, і толькі па яго пахмураму твару можна было здагадацца, што ён усё ведае. Яго спецыяльна зачэплівалі, падколвалі, але ён маўчаў. Як быццам не было ні кнігі, ні палявання за ёй, ні гандлю з ахвочым да пораху яго братам Іванам. Пра такі канец ніхто з нас не думаў.
Так цягнулася тыдзень, другі, трэці. 3 усімі тымі, хто памагаў выкрадаць «Жуль Верна», ён размаўляў, як і раней, і ў яго голасе не чулася ні пагрозы, ні злосці. Гэтая высакароднасць з боку Рэя неяк абяззбройвала»6.
Неяк непрыкметна, спакваля Навуменка падводзіць юнага чытача да вываду, што ў канчатковым выніку не фізічная сіла, а маральная стойкасць, уменне загарэцца рамантычнай марай вызначаюць асноўныя якасці чалавека. Чырвонашчокі здаравяк Кірыла не вытрымаў начоўкі ў лесе. I падлеткі, кожны з якіх быў амаль удвая фізічна слабейшы за яго, але якіх ні на хвіліну не пакідала схільнасць да падарожжаў, вымушаны суцяшаць Кірыла. Аўтар   вобразна   падкрэслівае,   што  чалавек, акрылены з дзяцінства марай, дзякуючы настойлівасці і ўпартасці дасягае сваёй мэты. I таму, што з часам Андрэй Камінскі стаў «адным з тых, хто будаваў і запускаў спадарожнікі Зямлі», – ва многім садзейнічалі яго натхнёныя юнацкія летуценні.
Значнае месца ў сучаснай беларускай літаратуры для падрастаючага пакалення належыць аповесці Навуменкі «Апошняя восень». У ёй аўтар таленавіта пранікнуў у самабытны характар паэтычнага мыслення падлетка, перадаў яго вялікія рамантычныя пачуцці. Ён глыбока і ўсебакова даследуе ўнутраны свет васьмі, а затым і дзевяцікласніка, найтанчэйшыя рухі яго душы, яе складанасці і супярэчлівасці. Навуменка даволі псіхалагічна дакладна перадаў узаходжанне падлетка Васіля Скачка ў свет чалавечых спраў.
Узаемаадносіны юнага героя з «дарослай» рэчаіснасцю складваюцца далёка не проста. На шляху ўспрымання ім сацыяльных і маральных законаў рэальнага жыцця паўстае нямала вялікіх і маленькіх цяжкасцей. Сутыкацца з імі асабліва нялёгка для летуценнай, глыбокачуйнай і ўражлівай натуры Васіля.
У падлетка добра развіта пачуццё ўласнай годнасці. Сутыкаючыся з несправядлівасцю дарослых, ён умее пастаяць за сябе і сваіх таварышаў. Успамінаецца выпадак з міліцыянерам, калі Васіль змог адстаяць сваю праўду.
Узмужанне героя адбываецца ў прамым або апасродкаваным сутыкненні з канкрэтнымі праблемамі даваеннага часу. Пісьменнік не ўтойвае цяжкасці, перагібы, якія мелі месца ў тыя гады. I хаця ён мімаходзь заўважае, што «Васіль стараецца не зварочваць увагі на цёмныя, нават незразумелыя праявы жыцця» 7, герой тым не менш жыве ў самай гушчы падзей даваеннага перыяду.
Не ідэальныя адносіны і ў сям’і Васіля. 3-за недахопаў, дарагавізны паміж бацькам і маці нярэдка ўзнікаюць спрэчкі, лаянка – усё гэта ў пэўнай ступені адбіваецца і на псіхіцы героя. Аднак гэтыя ценевыя праявы рэчаіснасці не атруцілі высокапаэтычную душу падлетка. Акунаючыся ў канкрэтныя штодзённыя будні сям’і, школы, краіны, Васіль ідэйна-маральна загартоўваецца, у яго выпрацоўваюцца рысы сацыяльна-маральнай актыўнасці, самастойнага асэнсавання падзей, якія адбываюцца ў свеце. Пачуццё адказнасці перад людзьмі, перад грамадствам у яго неразрыўна з юнацкім захапленнем рамантыкай адкрыццяў, з прагай узвышанага, прыгожага.
Навуменка надзвычай тонка перадаў свежасць і непасрэднасць падлеткавых адносін да жыцця, глыбіню і пяшчотнасць юнацкіх інтымных пачуццяў. Ён яшчэ раз даказаў, што пятнаццаці-шаснаццацігадовым блізкі і зразумелы вострыя канфлікты «дарослага» жыцця, што з падлеткамі можна і неабходна размаўляць і аб пазітыўных, і аб негатыўных баках рэчаіснасці. Шкада толькі, што ў асобных месцах аповесць некалькі расцягнута, аўтар часам аказваецца ў палоне празмерна дэталёвага, скрупулёзнага апісання тых ці іншых момантаў з жыцця героя. У такіх выпадках твору не хапае энергіі, руху, дзейнасці – важных якасцей мастацкай літаратуры, тым больш юнацкай. А ў цэлым аповесць напісана рукой вопытнага майстра. Яе маральна-этычнае ўздзеянне на падрастаючае пакаленне вельмі значнае. Усебакова даследуючы ідэйна-маральны воблік падлетка даваеннага часу, аўтар закранае і па-мастацку вырашае праблемы, якія хвалююць і сённяшніх юнакоў і дзяўчынак: пошукі месца ў жыцці, непрымірымасць паміж шчырасцю і фальшам, дабратой і эгаізмам.
Вядома, у нас яшчэ не ўсё светла, не ўсё прамяніста. Сустракаюцца і цёмныя плямы. I толькі праўдзівае адлюстраванне жыцця з усімі яго недахопамі здольна навучыць нашых падлеткаў актыўнай барацьбе супраць бесчалавечнасці, насілля, жорсткасці, бессардэчнасці, барацьбе за жыццярадасны свет. У. I. Ленін неаднаразова падкрэсліваў, што мараль выхоўваецца самой рэчаіснасцю. На III з’ездзе камсамола ён гаварыў: «У аснове камуністычнай маралі ляжыць барацьба за ўмацаванне і завяршэнне камунізма. Вось у чым заключаецца і аснова камуністычнага выхавання, адукацыі і навучання» 8.
Лепшыя творы Навуменкі, пазбаўленыя фальшу, аголенай дыдактыкі, якраз псіхалагічна-тонка і рыхтуюць маладое  пакаленне да бескампрамісных бітваў з мяшчанствам, ханжаствам,  несправядлівасцю,   бяздушнасцю.
У шэрагу твораў, далікатна раскрываючы светлыя інтымныя пачуцці паміж ужо не хлопчыкамі і дзяўчынкамі, але яшчэ і не юнакамі і дзяўчынамі, Навуменка добра паказвае, як каханне ўзвышае чалавека, прымушае яго па-новаму ўспрымаць рэчаіснасць, выпрацоўвае высакародныя рысы характару.
Нясмелае, нават некалькі ўпачатку нязграбнае, але светлае, непаўторнае падлеткавае каханне жыве ў аповесці I. Навуменкі «Апошняя восень». Аўтар псіхалагічна-глыбока паказаў, як крыштальна чыстае інтымнае пачуццё, што прыйшло да Васіля Скачка, аказвае жыватворнае ўздзеянне на фарміраванне яго характару, дапамагае больш грунтоўна пазнаць законы жыцця.
Тонкае, па-сапраўднаму паэтычнае каханне падлетка не можа не выклікаць светлыя пачуцці ў юнага чытача, як не можа не выклікаць агіды нізкае ўяўленне аб каханні дзесяцікласніка Сяргея Лізюка – аднаго з персанажаў аповесці.
Цудоўная карціна зараджэння кахання, кахання кранальна чыстага і пяшчотнага, намалявана ў апавяданні «Пераломны ўзрост». Яго лірычны герой, упершыню адчуўшы хвалю невядомага раней пачуцця, шчыра прызнаецца: «У той вечар мне было і сумна і радасна адначасова. У душы жыло адчуванне, што я развітваюся з нечым прызвычаеным, спакойным і ўступаю ў паласу жыцця, якая невядома што абяцае. I яшчэ я ўпершыню пашкадаваў у той вечар, што мне ўсяго толькі трынаццаць гадоў...» 9
Герой адчувае велізарную радасць ад адной думкі, што ён патаемна ад усіх вершамі размаўляе з дзяўчынай.
Прыгожа перадаючы першае незвычайнае ўсхваляванне, якое прыходзіць да трынаццаці-пятнаццацігадовых і завецца неўсвядомленым, але светлым і чыстым каханнем, Навуменка, як правіла, пазбягае высокіх, пафасных слоў. Ён простымі, жыццёва будзённымі словамі раскрывае ўнутраныя ўзаемаадносіны паміж падлеткамі, але ў гэтай прастаце ключом б’е паэзія рыцарства героя да той, якая абудзіла ў ім пачуццё да зямной прыгажосці.
Падтэкстна, але дакладна і выразна пісьменнік пераконвае, што ад таго, наколькі падлетак умее кахаць дзяўчыну, сябра, быць сумленным і шчырым, залежыць і яго вернасць Радзіме. Менавіта маральная чысціня, узвышанае пачуццё кахання дапамагае юнакам і дзяўчынкам ў суровыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны заставацца вернымі ідэалам сацыялістычнага гуманізму, натхняюць іх на гераічныя ўчынкі (апавяданні «Семнаццатай вясной», «Вераніка»).
Паэзія глыбока асабістых перажыванняў падлетка рамантычна-ўзвышана перададзена ў апавяданні Навуменкі «Верасы на выжарынах». Празаік беражліва даносіць, як жывая ўзаемасувязь героя з прыродай нараджае і першае каханне, робіць яго прыгожым і духоўна багатым.
У творы гучыць надзвычай цудоўная сімфонія лёсу, якая яскрава адлюстроўвае яго характар.
«Лес, як і чалавек, бываў сумны і радасны, гнеўны і добры, у яго было тысяча казак і тысяча песень. Настрой лесу мяняўся кожнага дня і кожнай гадзіны. Тая самая хваіна вечарам была зусім не такая, як раніцай. Яна станавілася сур’ёзная і зацятая, яна нібы гаварыла: «Ідзіце дадому і не перашкаджайце мне думаць. Прыйдзеце заўтра, усё будзе па-другому». Ласкавая з раніцы лясная палянка, атуленая соснамі і бярозамі, к вечару нават крыху палохала сваёй самотнасцю і трывожна-насцярожаным настроем. Здавалася, яна чакае нейкіх новых гасцей, і гэтыя нябачныя госці ўжо нячутна спускаюцца на яе з вершалін сосен і бяроз на крылах доўгіх ценяў...» 10
Праз адносіны падлетка да лесу, да прыроды пісьменнік вырашае важныя маральна-этычныя і сацыяльна-гістарычныя праблемы. Жыццесцвярджальная паэзія лесу не можа ўсхваляваць таго, каму ўласцівы жорсткасць, эгаізм, насілле. Такімі і з’яўляюцца фашысты, якія бязлітасна высякаюць лес. Прычым здзяйсняюць яны гэта злачынства рукамі гвалтоўна сагнаных савецкіх людзей, рукамі юнака, які і дзіцём, і падлеткам часта слухаў дзівосныя лясныя песні, убіраючы ў сябе паэзію прыроды, давяраючы лесу свае запаветныя мары і летуценні. Але прыгажосць нельга знішчыць, як бессардэчнасці не адолець чалавечнасць. I лес зноў пускае парасткі, сімвалізуючы непераможнасць зямнога хараства, чалавечай прыгажосці.
Увогуле ў большасці твораў Навуменкі паказваецца, як жывое яднанне падлетка з прыродай выклікае ў яго душы высокія пачуцці. Праз адносіны да прыроды пісьменнік выяўляе сацыяльна-маральную сутнасць чалавека. Сувязь з ёю пашырае эмацыянальнае светаўспрыманне героем жыцця, развівае вялікае пачуццё фантазіі, творчай рамантыкі. Гэта з асаблівай сілай раскрыта ў апавяданні «Па грыбы». У вобразах лесу і мора, апаэтызаваных вуснамі падлетка, выразна ўзноўлены лепшыя чалавечыя якасці. «Мора выклікае буйныя пачуцці – адвагу, прагу подзвігу, імкненне ў новыя далечы; лес – пачуцці інтымныя, глыбока схаваныя. Па багацці фарбаў, гукаў, пераходаў лес багацей за мора, толькі яго музыка, светавая гама – не такія кідкія» 11.
У юных герояў Навуменкі добра развіта эстэтычнае пачуцце, адзін на адзін з прыродай яны выяўляюць свае перажыванні, думкі і летуценні, самаўдасканальваюцца. Прырода для пісьменніка – адзін з магутных дзейсных сродкаў выхавання ў падрастаючага пакалення высокіх маральна-этычных пачуццяў.

Такім чынам, юны герой Івана Навуменкі непасрэдны ў сваім імкненні з пазіцый дабраты і высакародства ўдзельнічаць у вырашэнні актуальных праблем дарослага жыцця. Творы пісьменніка, прасякнутыя ідэямі сацыялістычнага гуманізму, выпрацоўваюць у падлетка камуністычны светапогляд, высокія ідэйна-маральныя перакананні.
GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов