КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

ФЕНОМЕН МАСТАЦКАЙ ИНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ

 

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 >>>

Салдаты самай вялікай вайны
Творчасць Івана Навуменкі

Мікола Мішчанчук

Пачатак творчасці. Іван Навуменка – апавядальнік
Іван Навуменка (16.02.1925–17.12.2006) – прадстаўнік пасляваеннага, ці, як яго яшчэ называюць, філалагічнага пакалення. Крыху старэйшы за Рыгора Барадуліна, Янку Сіпакова, Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча, Міхася Стральцова, Івана Чыгрынава і іншых “дзяцей вайны”, ён браў у ёй удзел, таму здолеў сказаць больш, чым яны, пра настрой сваіх равеснікаў, іх пачуцці на пачатку крывавай і гераічнай эпапеі.
Успрыманне і адлюстраванне падзей Іванам Навуменкам мае выразны лірычны характар, носіць аўтабіяграфічны адбітак. Герой амаль усіх твораў пісьменніка – дзіця, падлетак, юнак, малады чалавек – няўрымслівы, дапытлівы, здольны пераадольваць шматлікія цяжкасці, матэрыяльныя нястачы на жыццёвым шляху. Праходзіць час, а ён застаецца верным вечным каштоўнасцям – дабрыні, сяброўству, справядлівасці.
Першае апавяданне I. Навуменкі з'явілася ў 1955 г. У часопісе «Маладосць», за ім выйшлі кнігі «Семнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960). I радасць, і роспач, і горыч – усё мы знойдзем у ранніх творах пісьменніка. Таму яны сінтэтычныя і ў стылёвых адносінах (лірызм спалучаецца з жьшцёвай фактаграфічнасцю, публіцыстычнасць і дыдактызм – з маналагічнай спавядальнасцю, роздумам), і ў жанравым плане (іх можна назваць лірычнымі апавяданнямі, роздумнымі эсэ, спавядальнымі маналогамі), пазней з'яўляюцца творы на мяжы выяўленчай апісальнасці і нязлоснай гумарыстычнасці – так званыя гумарэскі.
У апавяданні «Верасы на выжарынах» расказваецца пра хлопцаў і дзяўчат, якія вучыліся ў школе чытаць і пісаць, у лесе – слухаць музыку дрэў і птушак, на полі – спасцігаць смак цяжкай не па гадах працы, якія марылі пра самастойнае жыццё, вучобу ў тэхнікумах і інстытутах. І вось усё абарвалася з пачаткам вайны. Філасофская выснова апавядання, як і большасці падобных твораў, аптымістычная: ідзе вайна, высякаюцца дрэвы, але на голых выжарынах цвітуць верасы і цягнуцца да сонца парасткі новых дрэўцаў.
Верай у неўміручасць мараў і спраў ваеннага маладога пакалення, элегічна-сумнымі разважаннямі, што не ўсё запланаванае здзейснілася, напоўнена лірычнае апавяданне-маналог «Чуеце, хлопцы?» (1960). Твор гучыць на высокай ноце, тэкст нібы напісаны з захаваннем вершаванага рытму, перанасычаны паўторамі, звароткамі, паўзамі – сродкамі паэтычнага сінтаксісу. Аднаго за адным прыгадвае пісьменнік былых школьных сяброў. Вось Цішка Дрозд, весялун з «заўсёды смяшлівым тварам і разумнымі шэрымі вачыма», у хаце якога ладзіліся дыспуты, чыталіся і абмяркоўваліся цікавыя кнігі, які марыў стаць авіяканструктарам, а стаў ляснічым. Шчыра і светла спавядаецца ён, што «самалёты… хутка старэюць», заменяцца з часам ракетамі, «а дубы будуць расці заўсёды. Заўтра іх, можа, будуць садзіць больш, чым сёння». 3 павагай ставіцца апавядальнік да лёсу Міколы – ён стаў пасля вайны настаўнікам пачатковых класаў. Хіба не высокая паэзія – вось гэтыя радкі пра настаўніцкую прафесію: «Ты вучыш людзей, сябар. 3 літар складаецца слова, жывое, чалавечае, несмяротнае. Колькі такіх слоў панясуць у жыццё твае першакласнікі? Якім словам будуць успамінаць цябе, свайго першага настаўніка?». Журботай прасякнуты ўспаміны апавядальніка пра Грышу, які не паспеў расказаць, кім яму хочацца быць, «не паспеў выбраць і ў думках сваёй жыццёвай зоркі». Крыху сарамлівы, бо адстаў у школе на клас ад сваіх равеснікаў, ён прапанаваў сябрам вывучыць «Інтэрнацыянал» на нямецкай мове, каб паказаць сваю перавагу над фашыстамі, а пазней, паранены, быў схоплены немцамі і расстраляны.
У апавяданнях акрэсліваецца месца дзеяння будучых вялікіх твораў: Палессе, невялікі гарадок (мястэчка) – значная станцыя на чыгунцы, лес, школа. Аўтар паэтызуе навакольны свет, школьныя заняткі, звычайныя побытавыя клопаты.
Акрэсліўся ў ранніх апавяданнях і час дзеяння – даваенны, ваенны і пасляваенны. У параўнанні з імі, у раманах і аповесцях пашырылася месца дзеяння – да Мінска і нават за межы Беларусі на Карэльскі перашыек або ў Германію, але ў асноўным яно разгортвалася ў родным мястэчку, каля чыгуначнай будкі. I героі засталіся тыя самыя – вясковыя людзі з сваімі штодзённымі клопатамі. Аднак дадалася псіхалагічная глыбіня, творы сталі больш сумнымі, элегічнымі па настроі, паглыбілася іх філасофская аснова.
У апавяданнях I. Навуменкі раскрыліся рысы яго індывідуальнага стылю: устаноўка на лірызм, мяккая пачуццёвасць, паэтызацыя рэчаіснасці і чалавечых перажыванняў. Адсюль і значная колькасць яскравых пейзажных замалёвак, і трапныя вобразы-дэталі, і ўсхваляванасць аўтарскай інтанацыі, і шматлікія паўторы, «разарванасць» тэксту паўзамі – своеасаблівымі масткамі, праз якія адзін настрой пераходзіць у іншы.
Іван Навуменка любіць пераважна светлыя фарбы, якія зіхацяць і пераліваюцца ў яго мастацкіх палотнах. Вось як паказана прырода на фоне разбуральнай дзейнасці вясковых актывістаў у апавяданні «Сельсаветчыкі»: «Прыгожы быў сельсавецкі палісаднік, калі расцвітала акацыя. Дрэвы, нібы нявесты, у белым вэлюме. 3 палісаднікаў плыў ні з чым не параўнальны мядзяна-п 'янкі пах, ад якога кружылася галава. I чулася ціхая, меладычная музыка – нібы граў нябачны струнны аркестр. Гэта гулі, абследуючы кожную белую кветку, пчолы і чмялі. Мільёны пчол і чмялёў каля будынка сельсавета!». Звернем увагу на ролю эпітэтаў і параўнанняў у прыведзеным урыўку. Напрыклад, эпітэт «мядзяна-п'янкі» (пах) выклікае шэраг розных асацыяцыяў: і смакавых, і колеравых, і нават гукавых – мядзяны пах адметны не толькі сваёй афарбоўкай, але і гукавым эфектам, прыкметай мядзянага гучання.
Удзельнік вайны з юнацкага ўзросту, Іван Навуменка адгукнуўся на яе і шырокімі ліра-эпічнымі палотнамі – раманамі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974). Гэта трылогія з'явілася паводле ўспамінаў пра перажытае, складзена з запамінальных эпізодаў, прапушчаных праз свядомасць героя Міці Птаха і самога аўтара. Асноўная ідэя трылогіі – ухваленне велічнага подзвігу народа, які супрацьстаіць захопнікам у няроўнай барацьбе.


Апавяданне «Семнаццатай вясной»

Тэматычны змест, сюжэт, стыль
Твор, напісаны ў 1956 г., даў назву першаму зборніку, які датуецца 1957 г. І з'яўляецца яскравым узорам лірычнага апавядання пра лёс маладога пакалення ў пачатку вайны, пра тое, як светлыя мары юнакоў і дзяўчат сутыкнуліся з жорсткай рэчаіснасцю і нечакана парушыліся.
Апавяданне мае не адну, а некалькі тэмаў, таму можна гаварыць пра яго тэматычны змест. Апавядальнік – юнак, якому толькі што споўнілася семнаццаць гадоў, спавядаецца пра мірнае, летуценнае жыццё, пра супрацьстаянне ворагам і адначасова – пра нараджэнне чыстага кахання, якое так і не здзейснілася ў суровую ваенную пару. Названыя тэмы рэалізуюцца праз сюжэт, не такі складаны і выразны, як у чыста эпічным творы: апавядальнік пераказвае асобныя эпізоды, звязваючы іх у адно цэлае асабістымі перажываннямі, раскрываючы іх уплыў на станаўленне яго свядомасці. У пачатку твора падаецца яскравая пейзажная сцэна вясны, у якую ўпісана, нібы мімаходзь, карціна экзаменаў, што ўпершыню не адбыліся ў вясковай школцы. Галоўны вобраз першай карціны твора (завязкі ўсяго наступнага дзеяння) – вобраз квецені бэзу, асабліва яркай ваеннай вясной («Ён сінеў цэлымі азяркамі па садах, палісадніках, у нашым станцыйным скверыку»), пах яго звычайна пасля экзамену «да самага вечара п'яніў галаву» юнака. Пачатак апавядання не толькі лірычны, але і надзвычай паэтычны: адухоўленыя не толькі бэз, але і сама вясна. Пра яе пісьменнік натхнёна піша: «…вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеппыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу». Звернем увагу на цэнтральныя вобразы ў гэтым урыўку: кветкі, цудоўныя дні, песня сонцу, жыццю, высокае сіняе неба. Эпітэты ў вылучаных спалучэннях слоў ствараюць урачысты настрой, гучаць на высокай хвалі.
Вобраз бэзу як сімвала мірнага жыцця, акрыленых мараў моладзі паўторыцца ў канцы апавядання, калі герой даведаецца, што яго каханая дзяўчына «ў белай сукенцы», аптэкарка Стася, дапамагала партызанам медыкаментамі. Каханне ўзмацняецца, зноў юнак прыгадвае любімую вясновую кветку: «У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз. Ён пахнуў так заўсёды, калі мы хадзілі здаваць экзамены».
Пасля лірычнай завязкі (пейзажнай сцэны) ідзе кантраставае апісанне заняткаў групы юнакоў – апавядальніка і яго сяброў Цішкі Дразда, Міколы і Сымона Біцюгоў, якія, не зважаючы на загад нямецкага каменданта пра смяротны прысуд тым, хто «захоўваў агнястрэльную зброю «, «распаўсюджваў чуткі пра непераможную германскую армію « і «з'яўляўся на вуліцы ў начны час», збіралі зброю, шпацыравалі па прывакзальным скверыку, ненавідзелі тых, што весяліліся і нават танцавалі ў час, «калі ідзе вайна і ліецца кроў». Хлопцы сур'ёзна рыхтаваліся «аб'явіць германскаму фашызму бязлітасную вайну». На гэтым месцы апавяданне пра пачатак вайны, пра нянавісць юнакоў да ворагаў, пра падрыхтоўку іх баявой групы да барацьбы з фашыстамі перапыняецца апісаннем «здрады» сяброўству, братэрству: галоўны герой закахаўся ў дзяўчыну ў белай сукенцы. Аўтар паказвае, як нараджаецца і мацнее каханне, як юнак і баіцца яго, і па-трапяткому перажывае, што яно надарылася.
У гэтай частцы твора аповед зноў лірызуецца; з'яўляецца паэтычны вобраз дзяўчыны з букетам бэзу і белай чаромхі ў руках, якія яна «беражна», як «вельмі каштоўную рэч», трымала. Стася малюецца ўспрыманнем героя «цудоўнай белай птушкай» (якое выдатнае параўнанне!), істотай з «жывымі сінімі вачыма «, а голас яе здаецца яму звонкім шчэбетам. Невыпадкова сэрца юнака пры сустрэчах з каханай «пачынала біцца, нібы птушка, злоўленая ў сіло». Параўнанне і дзяўчыны, і яе голасу, і біцця сэрца закаханага юнака з птушкай, з птушыным шчэбетам падкрэслівае чысціню мараў, стаўлення героя да каханай, акрэслівае высокі, рамантычны стан яго душы.
Наступная прыступка развіцця сюжэтнага дзеяння – гісторыя падрыхтоўкі хлопцаў да дыверсіі на чыгунцы, яе здзяйсненне (падрыў мастка назапашаным толам), уцёкі з месца здарэння і забойства на полі перад самай вёскай выбухам гранаты паліцыянта Кірылы Сёхмана. Падчас аперацыі герой-апавядальнік «пашкамутаў» штаны з бацькавага святочнага чыгуначнага гарнітура, у якіх меркаваў сустрэцца з Стасяй, быў паранены ў нагу. У канцы апавядання зноў гучыць тэма кахання і з'яўляецца вобраз бэзу – сімвал і мірнага жыцця (ён заўсёды стаяў на экзаменацыйным стале), і кахання. У свядомасці юнака ён паўстае разам са згадкамі пра Стасю – «белую птушку».
Гэта самыя эпічныя эпізоды твора, дзе пераважае апісанне дзеянняў юнакоў – бясстрашных, рызыкоўных мсціўцаў, якія маглі навесці бяду на сябе, на сваіх родных і блізкіх. Сцэны ў цэнтральнай частцы апавядання, дзе дасягае кульмінацыі дзеянне, дынамічныя, маляўнічыя і дакладныя ў дэталях, апісаннях і перадачы настрою галоўнага героя твора, да прыкладу – перажыванні юнака-апавядальніка ў адрыне ля роднай хаты пасля таго, як адбылася дыверсія і сутычка з Сёхманам.
Так праз сюжэт (сістэму падзей) апавядання раскрываецца гераізм моладзі, выхаванай на ідэі ахвярнасці ў імя будучыні, паказваецца рашучасць у змаганні юнакоў з чужынцамі. У імя барацьбы з фашыстамі маладыя людзі гатовыя адмовіцца і ад кахання ці, у крайнім выпадку, стрымаць яго розумам, пачуццём абавязку перад Радзімай, сябрамі.
Паколькі апавяданне лірычнае, у ім пераважае маналагічны (спавядальны) пачатак: герой (яго можна атаясамліваць з аўтарам, бо твор аўтабіяграфічны) не толькі пераказвае падзеі, але і ацэньвае, перажывае іх і перадае чытачу свае адчуванні («Так, выгляд мой быў зусім не фацэтны, ён ніяк не падыходзіў для таго, каб пазнаёміцца з гэтай чыстай, белай дзяўчынай»; «Я быў поўны абурэння і гневу. <…> У сваім уяўленні я маляваў сябе ў розных геройскіх ролях»). Твор дзякуючы асабістаму ўмяшальніцтву героя ператвараецца ў маналог-споведзь, у якім складнікамі становяцца нешматлікія факты, эпізоды, зрэдзь-дыялогі.
Для перадачы высокага лірычнага і рамантычнага настрою героя-апавядальніка I. Навуменка выкарыстаў прыём кальцавой кампазіцыі: вобраз бэзу – сімвал вясны, росквіту жыцця, кахання – становіцца цэнтральным у пачатку твора і паўтараецца ў канцы. Сцвярджэнню высокага настрою дапамагае і паэтычны вобраз дзяўчыны ў белым, дзяўчыны – «белай птушкі» – са звонкім голасам, сінімі вачыма, кветкамі ў руках. Вобраз семнаццатай вясны таксама шматзначны ў творы: ён сімвалізуе маладосць, рамантычную апантанасць і жыццё ў цэлым.
Вобразы апавядальніка-юнака, яго сяброў, Стасі, здрадніка Сёхмана
Героі апавядання – юнакі, якія не толькі светла мараць і думаюць пра подзвігі («Мы ні разу не паддаліся на прыманку маладосці, не пайшлі танцаваць, не знаёміліся з дзяўчатамі. Мы рыхтавалі з сябе барацьбітоў, бязлітасных, мужных, зацятых… «), але і дзейнічаюць у выключна складаных умовах – збіраюць зброю, выбухоўку, падрываюць мост на чыгунцы («Былі ў нас поспехі і ў справе самаўзбраення. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай… Цяпер мы ў дадатак да абрэза мелі сапраўдную вінтоўку, з якой не сорамна было прыйсці да партызан»). Нягледзячы на агульныя рысы, кожны юнак з адважнай чацвёркі паказаны пісьменнікам як адметная асоба, індывідуальнасць… Мікола Біцюг –«заўсёды выказваў самыя крайнія погляды «, быў рэзкі і катэгарычны ў меркаваннях. Калі хлопцы прагульваліся па прывакзальным скверыку і ўбачылі моладзь, якая танцавала пад гармонік на заасфальтаванай пляцоўцы, нягледзячы на вайну, ён, пазіраючы на ўсё гэта, са злосцю прашаптаў: «Здраднікі. <…> Знайшлі час весяліцца – гранату б сюды «. Цішка Дрозд, наадварот, быў жартаўніком, «з вясёлымі агеньчыкамі» ў вачах, любіў «вясёлыя гісторыі», «пасмяяцца». Калі Мікола Біцюг грозна папракае Цімоха (апавядальніка) за здраду справе барацьбы з ворагам, сяброўству, дык Цішка Дрозд стараецца памірыць сяброў і праз гадзіну дасягае мэты, самы самастойны і разважлівы ў чацвёрцы Сымон Біцюг. Ён пасля падрыву моста прыйшоў у адрыну да Цімоха (у аперацыі Сымон не ўдзельнічаў, бо хадзіў у разведку), забінтаваў яго параненую нагу і папярэдзіў: «Мы, брат, дурні вялікія… Ходзім табуном, самі ж стараемся выдзяляцца, у вочы кідацца. Людзі ў сто разоў разумней за нас робяць. Ты думаеш, парню спалілі і лістоўкі раскідалі партызаны? Такія ж, як і мы, партызаны, толькі не такія вароны».
Галоўны герой – апавядальнік Цімох – вастрэй за сваіх сяброў адчувае прыгажосць: ён заўважае квітненне бэзу, чуе яго востры пах. Свядомасць хлопца малюе аблічча дзяўчыны – «белай птушкі» з кветкамі ў руках. У вобразе Цімоха закладзена асноўная ідэя твора – на зямлі заўсёды ёсць месца каханню, яно квітнее нават пасярод вайны і ўзвышае, натхняе людзей на подзвігі.
Вобраз Стасі – рамантызаваны, узнёслы. Невыпадкова яна вылучаецца з натоўпу сваёй белай вопраткай: белы колер – сімвал чысціні. Яе вочы – “жывыя сінія”, голас падобны на звонкі шчэбет салоўкі, яна – тоненькая (як трасцінка – так гавораць беларусы). Калі ж у канцы апавядання з вуснаў Сымона Біцюга Цімох даведваецца, што Стася, працуючы пры немцах у аптэцы, забяспечвае медыкаментамі партызанаў, тады «тоненькая белая дзяўчына» паўстала ў яго вачах «у нейкім новым, казачным святле».
Эпізадычны ў апавяданні вобраз маці Цімоха: яна баіцца страціць сына, але не крычыць, не сварыцца на яго, а ўгаворвае, нібы замаўляе, быць абачлівым, не рызыкаваць. Істотная мастацкая дэталь: маці ідзе да адрыны, дзе хаваецца сын, «ледзь чутна ступаючы босымі нагамі па зямлі». Ідзе ціха, каб ніхто ў свеце не чуў, да свайго сына. Ідзе так, каб ніхто не зразумеў, не здагадаўся, дзе ён.
Запамінальны вобраз паліцыянта-здрадніка Кірылы Сёхмана. Мы даведваемся з твора, што да вайны ён быў кантралёрам, правяраў білеты на ўваходзе ў клуб, «абакраў касіра «, за што і быў асуджаны. Паводле аўтарскага апісання, Сёхман быў чалавек фізічна магутны («здаравенная постаць»), адчуваў сябе ў мястэчку гаспадаром становішча, «вельмі значнай асобай», «быў важны, падзьмуты».

«Хлопцы самай  вялікай вайны…»

Час напісання. Тэматыка.
Ідэйны пафас. Кампазіцыя
Апавяданне напісана ў 1970 г., калі адбывалася пераацэнка ваенных падзей – больш асэнсаваная, сталая. На гэты час ужо з'явіліся творы «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета» Васіля Быкава, першыя часткі пенталогіі «Трывожнае шчасце» Івана Шамякіна і яго ж раман «Сэрца на далоні», працаваў над новымі рэдакцыямі рамана «Мінскі напрамак» Іван Мележ. З'явіліся трагедыйныя аповесці «Апошнія і першыя» Барыса Сачанкі, «Хатынская аповесць» Алеся Адамовіча. Поўніліся трывожнай памяццю пра ваеннае ліхалецце вершы паэтаў-франтавікоў Аляксея Пысіна, Міколы Аўрамчыка і «дзяцей вайны» Рыгора Барадуліна, Анатоля Вярцінскага, Сцяпана Гаўрусёва, Генадзя Бураўкіна ды іншых аўтараў. Мабыць, таму ў апавяданні тэма вайны раскрываецца не ў плане рамантычна-ўзнёслай, а філасофскай, глыбокай ацэнкі.
У творы паказана вайна, якая адышла на захад. Падзеі адбываюцца як бы па-за вайною: паўсюль з эшалона, у якім вязуць былых партызанаў і вайскоўцаў, што прайшлі франтавымі дарогамі «ад прыдняпроўскага мястэчка крывавыя кіламетры да самай Волгі», відаць яе сляды.
Няма вайны, але яна наклала адбітак на псіхалогію людзей, падзяліла іх на тры часткі: з аднаго боку, удзельнікі баёў, воіны рэгулярнай арміі, з другога – партызаны, а таксама іх памочнікі – сувязныя, падпольшчыкі, якія, падобна да Віктара Пасашкі, галоўнага героя твора, былога партызана, «партызанскіх даведак не маюць, тым не меней у небяспечных справах удзельнічалі». Трэцяя група – мірнае насельніцтва. Складаная сітуацыя ўзнікае ўжо ў дарозе і намячае канфлікт будучай драмы, калі недавер, падазронасць, даносы, арышты невінаватых людзей становяцца ледзь не нормай жыцця ў таталітарным сталінскім грамадстве. Гэта ўжо наступствы вайны, той маральнай траўмы, якую яна нанесла савецкаму народу. Аўтар смела пра іх піша, ставіць на першае месца тое, што з'яўляецца працягам вайны ў чалавечых душах. Вось як I. Навуменка расказвае пра гэта, нібы перадаючы думкі кадравых ваенных і тых, хто іначай супрацьстаяў ворагам, праз успрыманне Віктара Пасашкі (усе падзеі ў творы прапушчаны праз яго свядомасць, пісьменнік перадавярае яму свае ацэнкі, погляды): «…партызаны і наогул усе тыя, каму прыйшлося хадзіць не прамымі, а звілістымі, пакручастымі сцежкамі вайны, не надта раскрываюцца перад байцамі, камандзірамі. <…> Вайскоўцы іх проста не разумеюць. Яны гордыя пройдзеным шляхам, перамогамі і як бы забываюць, што акрамя сорак трэцяга года быў сорак першы, калі гэтая самая дарога пятляла адступленнямі, акружэннямі, калі па ёй панура пляліся доўгія калоны ваеннапалонных».
Канфлікт маральна-этычны («мы ваявалі, кроў пралівалі, а вы – хаваліся») з новай сілай успыхвае, калі калону будучых страявых салдат вядуць са станцыі Фаянсава ў лес на перападрыхтоўку перад адпраўкай на фронт: на яе накінуліся жанчыны, што гандлявалі піражкамі з мёрзлай бульбы, махоркай і малаком, з словамі праклёну:
«– Сволачы праклятыя!.. Нашы даўно галовы палажылі, а яны толькі ідуць!..
– Ваякі няшчасныя! Спалі з жонкамі на печы…
– Глядзі, ражку наеў, патрыёт…
– Дэзерціры… «
Гэтыя словы вымушаныя слухаць людзі, апранутыя ў «дзіравыя ватоўкі, шэрыя сялянскія світкі, латаныя-пералатаныя кажухі». Дык на чыім жа баку праўда? Хутчэй за ўсё – на абодвух: і жанчын, і спакутаваных на вайне партызанаў і іх памочнікаў – супраціўленцаў фашыстам. Вайна абвастрыла іх пачуцці, зрабіла людзей суровымі і няўмольнымі, жорсткімі і злоснымі. Віктар якраз і падумаў пра гэта: тых, хто пайшоў у армію ў мірныя гады, «праводзілі з аркестрамі, гармонікамі, прамовамі. А табе, браце, вось які аркестр!». I было гэтаму юнаку ў 1943 г. 18 гадоў. Як і самому Івану Навуменку на той час.
Віктар убачыў і сапраўдную вайну. Падкупіў пісара жменяй махоркі, той «састарыў» хлопца на два гады, і таму ён трапіў на фронт раней. Заканчваецца апавяданне амаль дакументальна, рамантыка поўнасцю саступіла месца праўдзе ваеннага часу: паранены пад Ленінградам Віктар Пасашка атрымлівае лісты і проста звесткі пра сяброў: загінулі Сяргей Рагазуб і іншыя былыя партызаны, стрыечны брат Адам забіты каля Оршы, Пеця Герасімаў – ля Нёмана пад Гроднам, перастаў слаць лісты Саша Чарняўка. Жудаснае аблічча вайны дамалёўваецца апошняй фразай – прысудам, вынесеным ёй хлопцамі-юнакамі: «Вайна яшчэ не скончылася, а хлопцаў нараджэння дваццаць пятага года, з якімі разам хадзілі ў школу і якія пайшлі на фронт, Віктар жывога не памятаў ніводнага… «. Так сурова, дакладна і строга завяршаецца споведзь удзельніка «самай вялікай вайны « – ці не адзінага ацалелага з пакалення аднагодкаў, юнацтва якіх было апалена полымем вайны.
3 падобнага разгорненага паказу падзей 1943 г., з пастаноўкі на першую пазіцыю маральных канфліктаў і вынікае ідэйны пафас твора. Аўтар ухваляе мужнасць народа, які вытрымаў непасільныя выпрабаванні. Гэта вынікае і з апісання абставінаў: вайна адышла, але яшчэ не закончылася, а чыгуначны рух адноўлены; воіны, што рыхтуюцца да адпраўкі на фронт, накормленыя, хоць і не вельмі сытна, апранутыя ў вайсковую вопратку; краіна адбудоўваецца. Нягледзячы на напружаныя адносіны паміж групамі ўдзельнікаў адпору фашыстам, паміж імі пануе згода, бо ўсе яны вераць у перамогу, прагнуць прыняць удзел у апошніх баях з ворагам. Іван Навуменка імкнецца выклікаць у чытача пачуццё гонару за пакаленне 18-гадовых юнакоў, нязмушана вядзе да прызнання іх вялікага ўкладу ў перамогу, чысціні і светласці іх перажыванняў і мараў.
Не ляжыць на паверхні, не выказаны рытарычна, але вынікае з тэксту заклік памятаць пра перанесеныя народам пакуты, пра вайну, якая выкасіла вострай касой цэлае пакаленне маладых людзей.
Кампазіцыя і сюжэт твора перадаюць падзеі ў храналагічнай паслядоўнасці. Першая частка – самая кароткая – завязка дзеяння, аповед пра Віктара Пасашку, які едзе ў эшалоне ў цяплушцы, што саграваецца жалезнай пячуркай, са «знаёмымі і блізкімі людзьмі» – аднакласнікамі, стрыечным братам. Асобнымі штрыхамі паказаны побыт (трэба раздабыць дровы); тыя, што едуць разам у цяплушцы, – партызаны і людзі без партызанскіх даведак.
Цэнтральныя сцэны раздзела – апісанне вучобы, трэніровак у запасным палку, побыту, недаядання. Менавіта апошняе вымусіла Віктара ісці на станцыю прадаваць падзеўку і куртку, за якія ён купіў праснакоў (тры з'еў па дарозе – мастацкая дэталь) і бутэльку малака. Два праснакі юнак прынёс сябрам. Каларытнымі атрымаліся і сцэны «На кухні», «Каля пячуркі». Вось урывачак з апошняй, які характарызуе вайсковае братэрства людзей: «Усё-такі былі тут свае святыя мясціны. Апрача пляца, дзе пасля ранішняй паверкі разводзілі роты, была яшчэ сушылка, цёмны, цёплы закутак барака, дзе стаяла печка, зробленая з жалезнай бочкі, і дзе, павячэраўшы, салдаты курылі, спявалі песні, варылі бульбу. Па некалькі бульбін у кішэнях заўсёды прыносілі тыя, каму пашанціла трапіць на кухню. Тут харч па-брацку дзялілі… «.
Вельмі важная «народная сцэна» ў гэтай частцы твора. Апранутыя па-вайсковаму, вывучаныя салдаты грузяцца ў эшалон на той самай станцыі Фаянсава. I тыя самыя жанчыны-гандляркі праснакамі, малаком і махоркай шкадуюць іх, такіх маладзенькіх, жадаюць найхутчэйшага заканчэння вайны.
«– Выганяйце немца і дадому…
– Божа, Божа, якія маладзенькія. Як дома тым маткам…
– Бач, шыя тоненькая. Які ён салдат – дзіця…
Некаторыя з баб выціралі ражкамі хустак слязіну… «
Сцэна супрацьлеглая ранейшай, з праклёнамі на адрас вайскоўцаў. Яна вельмі важная для разумення ідэі твора: народ любіць і паважае сваіх абаронцаў, маці спачуваюць ім, як сваім сынам, перасільваючы боль страты ўласных дзяцей на вайне. А першым разам яны проста не стрымаліся. Можа, не зразумелі, што перад імі – удзельнікі «самай вялікай вайны».
Апошняя сцэна другой часткі ўяўляе з сябе развязку, дзеянне пайшло на спад, да завяршэння. Апавядальнік лаканічна апісвае, што сталася з Віктарам на фронце пад Ленінградам (раненне), называе палеглых у баях яго сяброў і знаёмых, падае заключную выснову пра тое, што амаль ніхто з пакалення Віктара Пасашкі не выжыў падчас сваёй першай і апошняй вайны.
Такім чынам, на першым плане ў творы сцэны : побытавыя, тылавыя, а не франтавыя, што дае  магчымасць аўтару глыбей раскрыць характары, думкі і перажыванні людзей, якія зведалі страшэнную навалу, знаходзячыся на звілістых дарогах: у тыле ворага, у партызанах, у падполлі…
Вобразы у апавяданні
«Хлопцы самай вялікай вайны…»
Апавяданне ў цэлым гучыць як унутраная споведзь юнака Віктара Пасашкі. 3 яго маналогу вынікае, што ён сумленны хлопец, які любіць сваіх сяброў і якога тыя паважаюць (выпадак з купленымі праснакамі, чаканне лістоў ад сяброў і інш.). Гэта летуценнік, для якога нават маршыроўка на пляцы ператвараецца ў святочную, урачыстую, духаўздымную з'яву: «Бліскучыя трубы выдыхалі са сваіх медных горлаў маршы і мелодыі баявых ваенных песень… мерна чаканілі крок тысячы людзей… і, захоплены магутнай плынню музыкі, адчуваннем еднасці, блізкасці з усімі гэтымі людзьмі, Віктар забываў пра галодны жывот, пра тое, што на ім цяляпаецца няўклюдны шынель, а ад правага чаравіка зусім адстала падэшва… Грыміце, трубы, і чаканьце крок, салдаты самай вялікай вайны!..»
Пісьменнік паказаў юнака не такім рамантыкам, як героі апавядання «Семнаццатай вясной». Ён ужо больш спрактыкаваны, навучаны жыццём (захаваў і рэалізаваў цывільную вопратку, змог дапамагчы сябрам, працуючы на кухні). Жыццёвы вопыт дапамог яму выжыць і на фронце пад Ленінградам. Выжыць аднаму з нямногіх з яго пакалення. Віктар Пасашка – у многім аўтабіяграфічны герой. Яго вобраз пісьменнік спісваў менавіта з сябе: ён таксама пайшоў на фронт з партызанаў, таксама ваяваў пад Ленінградам.
Іншыя вобразы паказаны ў апавяданні адным ці двума штрыхамі, эпізадычна. Запамінаецца «шырокатвары, павольны ў рухах» партызан Сяргей Рагазуб. 3 ім Віктар у восеньскую нямецкую блакаду суткі прастаяў «па шыю ў балотнай твані». Малады партызан з суседняга з Віктарам раёна Вася Гайчук паказаны як «дзіўны, няўрымслівы чалавек», «з шырокім, добразычлівым тварам», з шынялём, які вісіць на целе, «як на калку». Ён выдатна валодае кулямётам, марыць пра подзвіг, пра тое, як «нашаткуе гансікаў, як капусты «, за што сам Калінін прывінціць яму ордэн на гімнасцёрку. Да гэтага ён падарваў з партызанамі дзевяць фашысцкіх эшалонаў і быў тройчы вылучаны на ўзнагароду ордэнам. Маўклівы ўзводны лейтэнант, якому аўтар не даў імя, падзяляе з байцамі іх маленькія радасці, седзячы ў бараку каля жалезнай пячуркі.
Пісьменнік здолеў стварыць калектыўны вобраз народа-жанчын, салдат-навабранцаў, партызанаў-удзельнікаў і сведак вайны.
Стыль твора
Апавяданне напісана рэалістычнымі фарбамі: падрабязна паказаны сцэны побыту, па-майстэрску пададзена шматгалоссе жанчын, перададзены каларыт народнай мовы, якая ўбірае ў сябе нейтральную і мясцовую, дыялектную, высокую і нізкую (прастамоўную і нават зневажальную) лексіку: «сволачы «, «ражку наеў», «ірады «, «кулачугі», «сыночкі», «маладзенькія», «які ён салдат – дзіця».
У канцы апавядання аўтар карыстаецца лаканічнымі сказамі, «тэлеграфным» стылем: «Хлопцы былі ўжо на вайне. Ад іх сталі прыходзіць лісты-трохкутнічкі, але невясёлыя… Васіль Міхальчук прапаў без вестак «.

Апавяданне «Хлопцы самай вялікай вайны» – рэквіем па пакаленні, якое загінула на вайне. Плач і адначасова велічная ода тым, што маглі яшчэ жыць, быць побач з намі.

Творы для самастойнага чытання: агульная ацэнка

Размова пра даваеннае пакаленне летуценнікаў ідзе ў многіх іншых творах Івана Навуменкі. У апавяданні «Вераніка» (1957) хлопцы дзесятага «гераічнага» класа «збіраліся паступаць толькі ў ваенныя вучылішчы «, акрамя двух, Федзі, што хацеў стаць чыгуначнікам, і Валерыя Самасада, які мроіў пра біяфак. Усе шаснаццаць чалавек правяралі сябе на вытрымку – голадам, абліваліся ледзяной вадой, здавалі нормы на значкі ГПА, ГСА і іншыя, захапляліся песняй пра гераізм «Любімы горад» і… рыхтаваліся да вайны.
Самым дужым, разумным і смелым у класе быў Слава Загароўскі. I здарылася так, што з'явілася новенькая – Вераніка Хмялеўская. Адсюль усё і пачалося… Дзяўчына і юнак падколвалі і абражалі адно аднаго: «Яна высмейвала кожны яго крок, кожнае яго слова. Слава не заставаўся яе даўжніком «. Аказваецца, так пачыналася іх каханне…
Аўтар тонка паказаў узаемаадносіны герояў, якія баяцца прызнацца адно аднаму ў пачуццях: «І Слава, і Вераніка пазбягалі адно аднаго… і мы з трывогай глядзелі на гэтых дваіх, якія так упарта таіліся адно ад другога». Не ўдалося вучням прымірыць прыгожых людзей, дапамагчы ім пераадолець штучны бар'ер адчужанасці.
Пачалася вайна. I толькі тады Вераніка аднойчы, пры развітанні, засталася сам-насам з Славам і сказала яму, відаць, цёплыя словы.
Апошнія радкі апавядання – пра Вераніку, якая друкавала антыфашысцкія лістоўкі і была расстраляная на беразе ракі. Яе магілу будуць адведваць пасля вайны Слава Загароўскі, падпалкоўнік з сівізной на скронях, і Валерый Самасад, выкладчык ВНУ, дацэнт, пра закаханасць якога ў Вераніку ніхто ў класе не ведаў. Так заканчваецца гісторыя пра вялікае каханне, загубленае вайной, пра маладое пакаленне, якое светла марыла да вайны і, як матылёк, трапіла ў агонь трагічных падзей і згарэла ў ім.
Цікавае і апавяданне «Дом над морам»(1958) – пра час перад самым заканчэннем вайны. Напярэдадні 1 мая 1945 г. У шыкоўным асабняку сядзяць, назіраюць за ворагам і перадаюць звесткі шэсць кавалераў ордэна «Славы», тры з якіх «ні разу не цалавалі дзяўчат. Проста не паспелі. Старэйшаму было дваццаць два, малодшаму – дваццаць». Дзетдомавец Булавенка – выдатны піяніст – штоночы музіцыруе. У гэтую – таксама. Узяўшы па 100 грамаў франтавых за Першамай і хуткую перамогу, воіны просяць яго выканаць мелодыю франтавой песні «Аганёк», спяваюць яе. Музыка захапляе салдат: «Плылі ў вясновую сінь за акно мяккія акорды, уздыхала мора, і, можа, заслухаўшыся гэтай музыкай вясны і надзей, не падавалі свайго голасу гарматы… «. Фінал апавядання трагічны: у поўдзень Булавенку забіла аскепкам снарада «пад самымі вокнамі белага дома, на пясчаным пляжы». Так ізноў вайна парушыла планы маладых лгодзей, пазбавіла іх права кахаць.
Гэты твор можна назваць гімнам жыццю і каханню, што заканчваецца на трагічнай ноце – абрываецца святочная, сцішана-радасная мелодыя. У творы Іван Навуменка выказвае сябе тонкім лірыкам і выдатным пейзажыстам: «Дзень быў па-сапраўднаму майскі. Свяціла сонца, і тысячай усмешак яму адказвала мора».
Апошнія два сказы – развязка, лаканічная, дакументальная, як часта бывае ў апавяданнях таленавітага пісьменніка: «К вечару процілеглы бераг здаўся. Вялі палонных». Лірызм пісьма дасягаецца трапнымі метафарамі, эпітэтамі, параўнаннямі і іншымі сродкамі мастацкай выразнасці (тропамі): «Булавенка іграў, узмахваючы рукамі, як крыламі»; «красавік нёс вясну»; «зямля была чужая, але вясна па ёй ішла, як і там, на родных прасторах»; «працяжна, нібы зачараванае, уздыхала мора».

GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов