КРЫНІЦЫ Б`ЮЦЬ З ГЛЫБІНЬ
 
Сучасны… Беларускі… Народны…
Кругі жыцця
Феномен мастацкай індывідуальнасці
Служэнне Беларусі
Просты і шчыры ў кожным слове
Пра чалавека з пазіцыяй
Нашчадкам ў спадчыну
Фотастаронка
Каб ажыла эпоха
Гомельская областная универсальная библиотека имени Ленина
г. Гомель пл. Победы 2а
goub.org Яндекс.Метрика
 

ФЕНОМЕН МАСТАЦКАЙ ИНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ

 

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 >>>

Эвалюцыя светабачання маладога пакалення ў прозе
Івана Навуменкі
У. А. Навумовіч

У літаратуру пісьменнікі найчасцей прыходзяць хвалямі. Так было ў 20-я гады XX стагоддзя, калі адразу пра сябе заявілі каля 500 маладых паэтаў, празаікаў, драматургаў. Надзвычай «ураджайным» стаў пачатак 60-х гадоў, калі ў беларускую літаратуру прыйшла вялікая колькасць маладых пісьменнікаў. Амаль усе яны былі дзецьмі вёскі, якія нялёгка «ўрасталі» ў гарадское жыццё («Сена на асфальце» па вызначэнні М. Стральцова). Усе яны прайшлі праз універсітэцкія аўдыторыі, моцна ўзняўшы эстэтычны ўзровень нацыянальнага прыгожага мастацтва. Гэтае пакаленне называлі «філалагічым»,а яшчэ— пакаленнем, абпаленым вайной, «бязбацькавічаў», хто не ваяваў, але падрываўся на мінах, пакінутых у нашай зямлі пасля вайны, паспытаў смак горкага хлеба з асцюкамі і пераносіў неаднойчы незаслужана нанесеную незнарок крыўду.
У паэзію прыйшлі: Еўдакія Лось, Рыгор Барадулін, Сцяпан Гаўрусёў, Васіль Зуёнак, Алег Лойка, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Пятрусь Макаль, Анатоль Грачанікаў, Вера Вярба і іыш. У прозе выступалі: Міхась Стральцоў, Іван Пташнікаў, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Янка Сіпакоў, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Уладзімір Караткевіч і г. Д.
Празаік Іван Навуменка не належаў да нейкай пэўнай літаратурнай кагорты, мастацкай плыні, хоць ён адным з першых сярод былых франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў, прадстаўнікоў ваеннага пакалення засвоіў курс «маладога літаратурнага байца» — завочна скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1950), аспірантуру ігры універсітэце (1954), пазней сам стаў універсітэцкім выкладчыкам, пэўны час узначальваў калектыў кафедры беларускай літаратуры БДУ.
Іван Навуменка, з'яўляўся сувязным паміж старэйшым пакаленнем беларускіх пісьменнікаў, што таксама, як і ён, прайшлі вайну (I. Мележ, I. Шамякін, Я. Брыль, А. Адамовіч, М. Танк, А. Куляшоў, П. Панчанка, А. Карпюк), і маладзейшымі аўтарамі, не менш таленавітымі, апантанымі і амбітнымі, няўрымслівымі ў мастацкай творчасці.
Нарадзіўся Іван Якаўлевіч Навуменка 16 лютага 1925 года ў горадзе Васілевічы Рэчыцкага раена Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка. Прыгадаем, што з чыгункай звязаны лёс і іншых пісьменнікаў Беларусі. Бацька ў Янкі Брыля быў чыгуначнікам у прыморскім горадзе Адэса, на чыгунцы прайшло дзяцінства і юнацтва Міхася Лынькова.
У гады Вялікай Айчыннай вайны малады патрыёт становіцца ўдзельнікам камсамольскай падпольнай групы ў родных Васілевічах, пазней ён пераходзіць да партызанаў і ўдзельнічае ў вызваленні ад фашыстаў мястэчка, у якім нарадзіўся. Але на гэтым вайна для васілевіцкага хлопца не закончылася. У снежні 1943 года былы партызан быў прызваны ў Савецкую Армію і праз нейкі час удзельнічаў у кровапралітных баях на Ленінградскім і першым Украінскім франтах, ваяваў на Карэльскім перашыйку.
Дэмабілізаваўшыся ў снежні 1945 года, пачаў працаваць карэспандэнтам газеты «Бальшавік Палесся» ў горадзе Мазыры, у родных мясцінах, а з 1951 года ен стаў карэспандэнтам рэспубліканскай газеты «Звязда» ў Мінску.
Неўзабаве I. Навуменка абараніў дысертацыю і атрымаў званне кандыдата навук. Пазней, пасля абароны яшчэ адной навуковай працы, яму прысудзілі высокую ступень доктара філалагічных навук, зацвердзілі на ласадзе прафесара. 3 1973 па 1982 гады I. Навуменка быў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Пазней яго абралі віцэ-прэзідэнтам АН БССР (1982). I. Я. Навуменка — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі БССР, у 1985—1990 гадах з'яўляўся старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

  1. Я. Навуменка — народны пісьменнік Беларусі (1995). Народнае прызнанне прыйшло да пісьменніка, вучонага-даследчыка, дзяржаўнага дзеяча невыпадкова. Ён мае выдатныя здабыткі ў мастацкай творчасці, з'яўляецца прызнаным вучоным у галіне літаратуразнаўства. Шырокую вядомасць празаіку прынеслі раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974), «Смутак белых начэй» (1980). За кнігі «Янка Купала: духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: духоўны воблік героя» даследчыку літаратуры прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1972).

Іван Навуменка ўваходзіў у беларускую літаратуру як пясняр юнацтва, мастак і аналітык душэўных парыванняў і лёсаў той часткі моладзі, якая ўжо тое-сёе пабачыла ў жыцці, нешта паспрабавала на смак. Не, не солі, не працы цяжкай, хоць было і такое, але «панюхала» лораху, калі поруч з імі, над імі, перад імі разрываліся пулі і снарады. «Тое-сёе» — гэта была вайна. Страшная, ненажэрная, кровапралітная вайна, якая не лічылася з ахвярамі, дакладней, з іх колькасцю. I некаторыя «наглыталіся» той вайны ўдосталь.
Маладыя людзі не паспелі пажыць як след, а вымушаны былі заяўляць аб сваёй пазіцыі, спрабаваць не толькі ўцалець у ваеннай калатнечы, але яшчэ і праявіць сябе ў адстойванні ўласных прынцыпаў, рабіць выбар у змаганні з ворагам, у сяброўстве, любові, у каханні, якога ніхто не міне: на ціхага Бог канясе, а быстры сам наскочыць.
Аб своеасаблівай прыхільнасці да «юнацкай» тэматыкі ў апавяданнях і аповесцях сведчаць нават самі назвы твораў празаіка — чалавека з адпаведным душэўным і жыццёвым багажом. I. Навуменка — аўтар аўтабіяграфічных твораў, мастакоўскае ўспрыняцце рэчаіснасці ў іх абапіраецца на перажытае, глыбока вынашанае, выпакутаванае пачуццё, на асабісты вопыт спасціжэння свету і чалавека ў гэтым свеце.
Дэбютаваў у прозе I. Навуменка зборнікам з даволі сімвалічнай назвай «Семнаццатай вясной» (1957), куды ўвайшлі раннія аповесці і апавяданні. «Хлопцы-равеснікі» (1958) — назва сімптаматычная, далей ідуць «Верасы на выжарынах», «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966), «Вераніка» (1968), «Тая самая зямля» (1971). Пазней з'явіліся зборнікі прозы «Замяць жаўталісця» (1977), «Пераломны ўзрост» (1986). «Падарожжа ў юнацтва» (1972), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989) — кнігі выбранага, адагульненні, назвы якіх гавораць самі за сябе.
Ганна Ахматава неяк адзначыла: калі чалавечае жыццё як субстанцыю, прадукт, усё ў ім, што было і добрага, і дрэннага, пражытае, ды не забытае паставіць на агеньчык і пачаць падаграваць, дык усё выпарыцца, знікне, рассеецца, а застануцца адны толькі ўспаміны дзяцінства. I юнацтва, дадамо мы ад сябе. Юначая пара працягвала сілкаваць творчасць Івана Якаўлевіча Навуменкі ўсё жыццё.
Пісьменнік вяртаецца ў юнацтва раз-пораз, як вяртаюцца ў бацькаўскую хату, да нечага светлага, шчымліва-радаснага, як да гаючай і жыватворнай крыніцы, каб не толькі спатоліць прагу чысціні і рамантыкі, але загаіць раны, нанесеныя часам і вайной, даць адпачыць сэрцу ад імклівага бегу дзён і змены падзей, спыніцца, раздумацца, зноў адкрыць агульначалавечыя ісціны, што ёсць дабро, у чым сэнс жыцця, ці заўсёды праўда перамагае, дзеля чаго жывеш, чалавеча, на гэтай ласкавай і грэшнай зямліцы, чаго ты хочаш?
Варта адразу сказаць, што празаік I. Навуменка выдатна разумеў псіхалогію падлеткавага ўзросту — «падлеткавага», як часам мог называць яго сам пісьменнік і педагог, маючы на ўвазе ранімасць, вострую назіральнасць, тонкую арганізацыю эмацыянальнага складу душы юнакоў і дзяўчат, якія ўваходзяць у свет, толькі вучацца «лятаць». Празаік таму і паказвае ў шматлікіх апавяданнях герояў «пераломнага ўзросту», «хлопцаў-равеснікаў», душа якіх, як «ястраб дзікі» (М. Багдановіч), ірвецца, мкнецца на прастор, увысь, якім жадаецца многага, але самі яны яшчэ не ў стане спыніцца ні на чым, ім хочацца абняць увесь свет, а выпа-дае супернічаць з аднагодкамі. Юнацтва — шматабяцальнае. Юначая пара — выдатная мажлівасць стаць такім, якім яшчэ ніхто дагэтуль не быў…
Якімі паўстаюць перад намі героі пісьменніка — юнакі і дзяўчаты? Якія думкі і эмоцыі іх агортваюць? Чаго яны дабіваюцца ў жыцці?
Возьмем апавяданне «Дом над морам» (1958). Для нас сёння многае важна ў ім. I тое, што гэта быў амаль курортны для салдатаў у канцы вайны час, і «дом над морам», дзе «па ўзбярэжжы цягнуліся дачы, вілы, ку-рорты» [2, с. 82]. I настрой байцоў ужо даволі перамаганосны, хоць і заканчваецца твор на трагічнай ноце. I інтэрнацыянальны склад той часткі ўзвода, якая «аблюбавала пакой пад назіральны пункт» [2, с. 82], сярод якіх гаспадарлівы чуваш старшына Нізкалобаў, рускі памкамузвода Смірноў. Хоць скажам дзеля справядлівасці, што назнарок на шматнацыянальнасці авангарда герояў-пераможцаў пісьменнік увагі не ак-цэнтуе. Больш гаворыцца аб роднасці душ вайскоўцаў, бо «за два гады наступлення мы ўсе адспавядаліся адзін перад другім душой, і ў нас не было тайнаў» [2, с. 86].
Перад чытачом праходзіць «духоўная біяграфія» герояў. Як піша празаік: «Трое кавалераў Славы яшчэ ні разу не цалавалі дзяўчат. Проста не паспелі. Старшаму было дваццаць два, малодшаму — дваццаць» [2, с. 86]. Каму хто пісаў лісты, дзе хто з кім пазнаёміўся, чаму спыніліся асабістыя ўзаемаадносіны персанажаў? Выхаванец дзіцячага дома баец Булавенка іграў на піяніна, «на мяккіх нямецкіх крэслах сядзела пяцёра кавалераў ордэна Славы, старажылаў узвода пешай разведкі, што памяталі адзін другога яшчэ са Ржэва. У разбітым Ржэве фарміраваўся полк» [2, с. 85]. Апошняя заўвага празаіка надзвычай важная. Адразу прыгадваецца верш А. Твардоўскага «Я убит подо Ржевом», які сведчыць аб нялёгкіх баях і цяжкіх стратах пад тым самым Ржэвам:

Я убит подо Ржевом,
В безымянном болоте,
В пятой роте, на левом,
При жестоком налете [4, с. 310].

Звяртаюць на сябе ўвагу дакладнасць, канкрэтыка, суровая франтавая рэальнасць, скупыя паведамленні аб стратах у баі. У апавяданні I. Навуменкі «Дом над морам» таксама ўсё дакладна, строга выверана, безэмацыянальна, амаль пратакольна зафіксавана.
Так, гэта той самы Ржэў. I вось сядзяць яны, пераможцы Другой сусветнай вайны, у «доме над морам» і слухаюць адну мелодыю за другой. Гэта іх мужнасцю, самаахвярнасцю, геройствам, славай прынесена Еўропе свабода ад карычневай чумы, гэта яны ўратавалі многія краіны Старога Свету ад фашысцкіх захопнікаў, якія лёгка і проста акупіравалі і Францыю, і Бельгію, і Нідэрланды, і Чэхію, і Італію — перамаганосным маршам прайшлі па прасторах ад Ла-Манша да Неапалітанскай затокі.
I вось яны, тыя, хто спыніў заваёўніцкі паход фашызму, расселіся ў «доме над морам» і атрымоўваюць асалоду ад франтавых песень на фартэпіяна, раз-пораз гукаюць, заказваючы «Аганёк», «Цёмную ноч», а по-тым слухаюць «гром» гукаў піяніна «пра Лізавету, што не спіць да самай раніцы, чакаючы весткі ад друга» [2, с. 87]. А весткі… Весткі і ад хлопцаў, і да хлопцаў прыходзяць і прыходзілі розныя. Напрыклад, той жа дзетдомавец кавалер ордэна Славы Лёня Булавенка пісаў і Каці з Дарагабужа, і польцы Эве-Іяланце з літоўскага гарадка Калварыі. Слалі лісты і яму тыя дзяўчаты, з якімі пазнаёміўся салдат-вызваліцель, праходзячы з баямі праз іхнія гарадьі і вёскі. I не стала Лёні Булавенкі: загінуў пры выкананні баявога задання ў самыя апошнія дні вайны — 1 мая 1945 года. А 8 мая адбылася капітуляцыя фашысцкай Германіі. У Карлсхорце пад Берлінам фельдмаршал Кейтэль падпісаў Акт аб прызнанні Перамогі саюзных войскаў над гітлераўскай арміяй.
Байцы, якія засталіся жыць, не ведалі, што рабіць з лістамі Булавенкі да дзяўчат. А потым раптоўна ўбачылі, што «на фотакартках Эва-Іяланта і Каця былі вельмі падобныя адна на другую, Можна было падумаць, што яны сёстры» [2, с. 88]. Так заключае празаік. I мы разумеем, што выхаванец дзіцячага дома, у якога ніколі яшчэ не было каханай, кавалер ордэна Славы Лёня Булавенка кахаў пасапраўднаму толькі адну дзяўчыну.
Шсьменнік ад імя героя прызнаецца: «Мы напісалі кожнай, што Булавенка яе любіў» [2, с. 88]. I гэта не было падманам. Салдаты за гады вайны не ачарсцвелі, не сталі цынікамі, не развучыліся кахаць і цаніць ка-ханне, засталіся вернымі высокаму пачуццю, і падобнае стаўленне да кахання ўзвышала іх саміх, узбагачала душу, рабіла іх асобамі духоўна прыгожымі.
«К вечару процілеглы бераг здаўся. Вялі лалонных» [2, с. 88], — так пісьменнік заканчвае апавяданне. «Дом над морам» раскрывае незвы-чайны і ўзнёслы стан чалавечай душы.
Такім чынам, «Дом над морам» — гэта не проста твор аб лёсах маладых хлопцаў, герояў мінулай самай кровапралітнай вайны ў апошнія яе дні. Апавяданне мае сімвалічны сэнс. У кожнага персанажа ён свой, «дом над морам» — «храм душы».
«Памяць і слава»— такі эпіграф можна даць апавяданню Івана Навуменкі «Хлопцы самай вялікай вайны…» (1970). У творы намаляваны калектыўны партрэт сяброў-равеснікаў, «хлопцаў самай вялікай вайны…». Аўтар на старонках мастацкага летапісу вырашыў аддаць даніну павагі ўсім тым сваім аднапалчанам, аднавяскоўцам, з кім давялося ваяваць, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Апавяданне мае канкрэтнага адрасата: яно напісана пра «хлопцаў нараджэння дваццаць пятага года, з якімі разам хадзіў у школу і якія пайшлі на фронт» [2, с. 104].
3 таго пакалення «Віктар (так завуць героя-апавядальніка. — У. Н.) жывога не памятаў ужо ніводнага» [2, с. 104]. Твор — літаратурны помнік пакаленню ўдзельнікаў вайны 1925 года нараджэння. Але гэта не проста ўспамін, не замалёўка-нарыс, не толькі мастацкі летапіс падзей «самай вялікай вайны». Перад намі мастацкі твор з вялікай доляй абагульнення, з адпаведнай дэталізацыяй падзей і вобразаў, з пэўнай увагай да мастацкай дэталі як сродку ўласнарэалістычнага жывапісу. Дэталізацыя адчуваецца адразу, з першых радкоў. Яна па франтавому скупая, як радкі данясенняў з перадавой лініі: «Пасля Бранска стала ясна, куды кіруецца эшалон». I тут жа ўдакладняецца: «Станцыя Фаянсава, горад Кіраў, палявая пошта 07121» [2, с. 95]. Канкрэтызацыя тлумачыцца: адкуль жа выплыла такая сакрэтная па ваенным часе інфармацыя: «Хлопцы, каго тыдні на два прызвалі раней, паспелі прыслаць адтуль трохкутнікі» [2, с. 95]. А далей ідзе скупое апісанне своеасаблівага «пейзажу» ваеннага часу. Такое ж дакладнае, ін-фармацыйна-бясстраснае, як «звесткі з фронту», якія перадавалі ў тыя дні па радыё: «Станцыя Бранск I, як і Бранск II, — у развалінах». А далей: «Сякія-такія задымленыя каробкі прыстасаваны пад памяшканні ваеннага каменданта, перасыльнага пункта, санпрапускніка, прадпункта. Пуці адрамантаваны. На іх безліч вайсковых эшалонаў. Бранск I, як і Бранск II, — станцыі ўсётакі вялікія». Падобныя падрабязнасці мог ведаць і ўбачыць толькі відавочца, чалавек, які там пабываў, усё пабачыў на свае вочы, які франтавыя ўражанні «прапусціў» праз уласнае сэрца. У творы паўстаюць яркія і запамінальныя вобразы «хлопцаў самай вялікай вайны». У далейшым аўтар вядзе апісанне франтавых будняў галоўных персанажаў. Галоўны герой — Віктар Пасашка, яго шляхі-дарогі нялёгкія: спачатку акупацыя нямецка-фашысцкімі войскамі роднага мястэчка, затым партызаны, блізкасцга і роднасцю, знаемствам з якімі герой ганарыцца. «Віктару Пасашку, можна сказаць, шанцуе, — піша аўтар. — Па-першае, трапіў у добрую цяплушку» [2, с. 95]. Далей даецца апісанне «добрай цяплушкі», прадаўжаецца дэталёвы расповед пра «двух'ярусныя з неачэсаных дошчак палкі на месцы, на падлозе ніхто не спіць. Ёсць жалезная пячурка з выведзенай у столь, а не ў акно трубой» [2, с. 95]. Тут жа і такая дэталь прыфрантавога побыту: «Трэба толькі ўвесь час падкладваць дровы, бо калі хоць на гадзіну пячурка астывае, то на сценах вагона, асабліва ля дзвярэй і па кутках, адразу выступае белая намаразь. Але вагон дружны, дровы хлопцы дастаюць. У ход ідуць снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы і нават дошкі з чужых вагонаў» [2, с. 96].
Такія ж падрабязныя, сухія, пазбаўленыя рэзкай эмацыянальнасці і рамантызацыі апісанні лёсаў моладзі 1925 года нараджэння: «Стрыечны брат Адам загінуў ля Дняпра, калі абыходзілі Оршу, Пеця Герасімаў дайшоў аж да Гродна. Ля Нёмана яго цяжка параніла, і некалькі дзён ён яшчэ жыў…» [2, с. 104]. Далей — яшчэ суровей. Праўда вайны жорсткая. Трагічна гучаць паведамленні аб смерці воінаў дваццаць пятага года нараджэння ў сярэдзіне XX стагоддзя: «Васіль Міхальчук прапаў без вестак…» [2, с. 104].
Нечакана паяўляліся і гэтак жа сама нечакана знікалі надзеі на сустрэчу ці вяртанне дамоў: «Ужо ва Усходняй Прусіі Віктар атрымаў ліст ад свайго аднакласніка Сашы Чарняўкі. Ліст ішоў усяго толькі тры дні, Саша быў побач, Віктар узрадаваўся, марыў аб тым, каб як небудзь пабачыцца. Але хутка не стала вестак і ад Сашы…» [2, с. 104].
Нечаканая, як стрэл, канцоўка апавядання перапоўнена шматлікімі падрабязнасцямі франтавога жыцця: братэрства і ўзаемавыручка, воля выпадку, непрадказальныя перапетыі франтавых дарог.
У творы гучаць і сацыяльна значныя праблемы: стасункі партызанаў і кадравых ваенных на фронце, супярэчлівыя адносіны да «народных мсціўцаў». I голад, і холад, і жарт, і ружовыя мары. Усё гэта сустракаецца ў характарах і паводзінах лерсанажаў: «Ты патрыёт?» — «Патрыёт, патрыёт, запяе твой жывот» [2, с. 99]. Дэталі франтавога жыцця вельмі ха-рактэрныя, канкрэтныя: «кармілі па трэцяй катэгорыі». Аўтар дакладна тлумачыць, што ўваходзіла ў рацыён харчавання байцоў па трэцяй катэгорыі ў прыфрантавой зоне.
Лазня, праца, абутак, сталаванне, паходы на станцыю, жыццё ў салдацкіх бараках — усё гэта будні запаснога палка. I мары… пра ежу: «Віктару было шкада хлапцоў. Ён радаваўся, што яны хоць раз удосталь наядуцца…»; «Тут харчо па брацку дзялілі» [2, с. 102]; «Салдаты курылі, спявалі песні, варылі бульбу»; «3 лазні выходзілі прыгажунамі — хоць у каноплі стаўляй» [2, с. 98]. I, самае галоўнае, байцы 1925 года нараджэння захавалі на вайне душу жывую, сэрца ранімае. А яшчэ радасць ад таго, што ўжо Віктар «мае цяпер поўнае права спяваць «Зямлянку»»; «Гэтая песня была складзена як бы пра яго таксама, хоць дзяўчыны, якая б думала аб ім, пакуль не было…» [2, с. 102]. Хлопцы сталі багацейшыя душой, жыццёвым вопытам на цэлую вайну — этапы вялікіх выпрабаванняў фізічных і маральных сіл, духоўных пачаткаў у чалавеку.
«Салдаты сорак пятага года, каму пашанцавала прыйсці за Дунай, Віслу, Одэр, адчувалі сябе сцяганосцамі міру, дабра, справядлівасці», — напіша ў аповесці «Замяць жаўталісця» I. Навуменка, падкрэсліваючы, што ў яго самога, як і ў герояў яго твораў, «няма другога вопыту, акрамя ўласнага» [3, с. 209].
«Уласны» ваенны вопыт «падсвечвае» амаль усе творы празаіка пра юнацтва і вайну. Пры гэтым позірк і светабачанне юнацтва ў творах мяняецца. Шсьменнік глыбей пачынае разумець парыванні і рамантыку юнацкай пары.
У апавяданні «Семнаццатай вясной» (1956) нават каханне да новай незнаёмкі ў горадзе, «дзяўчыны ў белай сукенцы» з яе «жывымі сінімі вачыма», узнікае зусім невыпадкова, бо, як аказалася, Стася, што працуе ў мясцовай аптэцы, якраз і з'яўляецца «галоўнай» разведчыцай, партызанскай сувязной.
Галоўныя жыццёвыя экзамены юнакі і дзяўчаты здавалі ў ваенны час на найвышэйшую адзнаку. Вось чаму «пах бэзу» ізноў стаў галоўным «экзаменатарам» маладых: «У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз. Ён пахнуў так заўсёды, калі мы хадзілі здаваць экзамены» [2, с. 73].
Такое ж гераічнае, але і рамантычнае апавяданне «Вераніка» (1957). Мабыць, налісаны гэты твор з адной-адзінай мэтай — улавіць не толькі імя дзяўчыны-прыгажуні, як у М. Багдановіча, — разумнай і дасціпнай, але і ўваскрасіць яе подзвіг, паказаць гераічны і нялёгкі змест існавання, лад і склад думак моладзі вогненных гадоў, часу, калі ўсе яны станавіліся на самастойны шлях, калі, як прызнаваўся пісьменнік у творы, «мы проста не маглі жыць без подзвігаў» [2, с. 75].
У вершаваным апавяданні М. Багдановіча «Вераніка» са зборніка «Вянок» (1913) паэт узяў эпіграфам словы італьянскага творцы Джавані Праці з паэмы «Агтожі»: «Яна — выдумка маёй галавы». У вершы «Ізноў пабачыў я сялібы…» (1913) М. Багдановіч, які называў тыя радкі эпілогам да «Веранікі», прыгадваў: «I толькі надпіс «Вераніка», // На ліпе ўрэзаны ў кары, // Казаў вачам аб тэй пары». Класік беларускай паэзіі заключаў: «Чым болі сходзіць дзён, начэй, Тым імя мілае вышэй» [1, с. 141].
А тут «імя мілае» належыць рэальнай, зямной, прывабнай, жаданай Вераніцы Хмялеўскай, якая прыйшла «новенькай» у дзевяты клас і ў якую адразу закахаліся ўсе хлопцы іхняга выпуску. А з адным з іх, са Слаўкам Загароўскім, пачалася штодня нават слоўная «пікіроўка», вялася без супынку асаблівая дуэль паміж усімі імі, хлопцамі аднаго ўзросту, у тайным «паядынку» аспрэчвалася права на лідэрства ў класе. Дуэль, якая мела на мэце «пацэліць» у сэрца каханай словам, справай, жаданнем зрабіць нешта значнае, каб стаць для яе самым лепшым. А можа, лепш за яе кантрольную па фізіцы ці матэматыцы напісаць?.. I як сябры ні імкнуліся «паяднаць» іх (Славы і Веранікі) сэрцы і душы, але ў тую пару гэта так і не ўдавалася зрабіць: «Але Вераніка нібыта не заўважала Славы» [2, с. 79]. Далей — болей: «3 гэтага часу пайшла ўжо адкрытая вайна Веранікі са Славам. Не праходзіла дня, каб яны не абмяняліся якімі-небудзь колкасцямі. Вераніка зневажала Славу як магла. Яна высмейвала кожны яго крок, кожнае яго слова. Слава не заставаўся даўжніком. Ён таксама не шкадаваў з'едлівых кепікаў у адрас Веранікі. Так яны закончылі дзевяты клас» [2, с. 79]. А ў дзесятым? У дзесятым ім ужо не ўручалі атэстаты. «Атэстат сталасці» ім «уручала»… вайна: «Але вечара ў той год не было. Атэстаты нам аддалі без ніякай урачыстасці. Пачалася вайна…» [2, с. 81].
Галоўны герой твора, як і яго сябры-аднакласнікі, жыў потым з цяжкім адчуваннем «віны», што не змаглі «абараніць» каханую дзяўчыну: «Нас вярнулася з вайны толькі шасцёра, і ўсё ж мы не змаглі абараніць Вераніку. Яе расстралялі фашысты ў нашай Малінаўцы яшчэ ў сорак другім годзе за тое, што яна друкавала на машынцы лістоўкі» [2, с. 82]. Як і ва ўсіх сваіх творах пра лёсы юнакоў і дзяўчат у гады ваеннага ліхалецця, празаік вельмі дакладны ў лічбах, фактах, якія прымушаюць «скалахнуцца» любога, хто чытае ці слухае тыя радкі: «Расстралялі Вераніку каля самай рэчкі, у бярозавым гайку, там яна і пахавана»; «Але двое нашых, мабыць, не толькі помняць яе» [2, с. 82], — заўважае апавядальнік. Дзяўчыну любілі многія хлопцы з іх класа. Але толькі адзін — Слава Загароўскі, — як высветлілася, кахаў Вераніку мацней за іншых, пранёсшы тое шчымлівае і высокае пачуццё праз «вогненны небасхіл» (М. Танк). Ён прыходзіць на бераг «нашай невялічкай рэчкі, дзе пахавана Вераніка», «падоўгу ходзіць там і пра нешта думае» [2, с. 82].
Пакахаць — крыху памерці. Але каханне не памірае, яно заўсёды жывое і жаданае.
«Праца душы» асабліва заўважная ў аповесцях і раманах Івана Навуменкі. Аповесць «Замяць жаўталісця» (1977) раскрывае ўнутраны свет асобы, чалавека з багатай жыццёвай біяграфіяй, які шмат зведаў, нямала паспытаў на сваім вяку, добра разумее цану поспеху ці звычайнага шчасця, усведамляе, што ўсё, што мае чалавек, даецца яму толькі працай. Ва ўсім гэтым неаднойчы даводзіцца пераканацца Алесю Іванавічу Высоцкаму, кандыдату навук, дацэнту адной са сталічных ВНУ, былому журналісту, зараз пісьменніку і вядомаму даследчыку роднай літаратуры. Сюжэт аповееці можна было б назваць традыцыйным, калі б не ўнутранае яго напауненне думкамі і развагамі, сустрэчамі і працай даследчыка, вучонага, творцы. Вось пачатак аповесці: «Едучы ў педінстытут, у надпрыпяцкі горад, дзе жыў і працаваў, калі быў малады, Высоцкі лічыў, што адпачне». А далей, як і ўсё ў прозе I. Навуменкі, дакладнае, канкрэтнае паведамленне: «Прачытаць за месяц спецкурс на трыццаць гадзін — не надта вялікая цяжкасць для яго, спакушанага ў такім чытанні за доўгія гады выкладчыцкай работы» [3, с. 138].
«Праца душы» распачынаецца з першых радкоў інфармавання аб мэце і змесце непрацяглай камандзіроўкі. Герой задумваецца над сваім паўсядзённым існаваннем: «Зрэшты, ён мог дазволіць сабе адпачыць пасля корпання ў бібліятэках, архівах, праўкі карэкатур, розных патрэбных і непатрэбных пасяджэнняў, нарад, вучоных і рэдакцыйных саветаў, што аднімалі тыдзень за тыднем і месяц за месяцам» [3, с. 138]. Інтэлектуальны змест і кірунак творчасці пісьменніка I. Навуменкі з першых радкоў аповесці відавочны, адносіны да штодзённасці крыху іранічныя, але цалкам аптымістычныя, без скрухі і жалю. Праз нараканні на штодзённую занятасць праступае задаволенасць разнастайнасцю жыццёвай змястоўнасці, радасцямі і багаццем сустрэч, жаданнем «трымаць руку на пульсе часу», быць у эпіцэнтры падзей, з'яў, імкненнем і гатоўнасцю, станавіцца багацейшым яшчэ на адну паездку, шэраг новых сустрэч.
У аповесці раскрыты шматлікія праблемы сучаснага жыцця, паказваюцца змены, якія адбываюцца ў горадзе і на вёсцы, наступленне эпохі НТР (навукова-тэхнічнай рэвалюцыі), будаўніцтва новых прадпрыемстваў, нафтздабываючых і нафтаперапрацоўчых, адкрыццё залежаў нафты на Палессі, новых радовішчаў карысных выкапняў, якія робяць геолагі, з адной з якіх — Галінай — пазнаёміўся галоўны герой. Праца журналістаў, настаўнікаў, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, вучоба ў ВНУ, паводзіны студэнтаў у аўдыторыі, на экзаменах, у паездцы «на бульбу», узаемаадносіны з людзьмі — усё гэта стала зместам аповесці. I над усім гэтым — творчасць. Герой працуе над раманам, а таму ў аповесці ажывае і сутыкаецца, пераплецена ў адзінае цэлае мінулае, сучаснае і бу-дучае. У творы раскрываецца пярэдадзень «пакутаў творчасці», зыходныя дадзеныя для натхнення — «свята пачуццяў» — кахання: «Назаўтра свята пачуццяў працягвалася.
Высоцкі ледзь дачакаўся чатырох гадзін — на гэты час было прызначана спатканне з Галяй, — хадзіў з кута ў кут па пакоі, браў кнігу, зараз жа адкладаючы яе ўбок, курыў, назіраў за дворыкам…» [3, с. 163].
Філасофскія развагі аб прызначэнні чалавека на зямлі, трываласці і крохкасці пачуццяў, паўнаце душы, пранікненне ў творчую лабараторыю мастака слова, нялёгкія перамены юнацкага свету і сталага веку займаюць пісьменніка ў аповесці «Замяць жаўталісця».
Тут і згадкі пра свет паэзіі класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, і думкі аб свабодзе з праекцыяй «на сённяшняе жыццё, на яго абсягі, далягляды» [3, с. 187]. Пісьменнік I. Навуменка заўважае: «Свабода — гэта перш за ўсе магчымасць выбіраць жыццёвыя дарогі». Вобраз Высоцкага — вобраз удумлівага, багатага на жыццёвы вопыт, таленавітага і творчага беларускага інтэлігента пасляваенных гадоў: «…Высоцкі вучыў сваіх удзячных слухачоў разумець паэзію, мову вобразнасці, музыку радкоў і строф, за маштабнаўзнеслымі паэтычнымі катэгорыямі бачыць іх чыста зямныя вытокі» [3, с. 188].
«Замяць жаўталісця» — аповесць пра вяртанне ў маладосць, вяртанне да самога сябе, да чалавека, багатага душой і напоўненага высокімі пачуццямі, маральнай чысцінёй і душэўнай шчырасцю.
Высоцкі нібы «нанова» перажывае сваё гонацкае каханне. Тое, першае, каханне да Рыты не прынесла жаданай спатолі, другое ж — да Галі — натхніла на творчасць, на «відушчасць» душы. Хоць і ў першым, і ў другім выпадку герой застаецца сам сабой са сваімі трывожнымі і шчымлівымі пачуццямі, душэўнымі парываннямі. Чалавек сам з'яўляедца гаспадаром свайго лёсу.
«Калі аўтобус уз'язджаў на мост цераз Прыпяць, Высоцкі раптам убачыў Галю. Яна расхаджвае па беразе з тым самым бялявым брыгадзірам мантажнікаў…» [3, с. 238]. Гэта развітальная сустрэча. Але герой удзячны жанчыне за тое «свята пачуццяў», якое яна «пасяліла» ў яго душы. «Жанчына апранута ў белы світэр, яе шыя абвязана шарфам, канцы якога развяваюцца ў паветры. Рукі, якія Галя раз пораз выцягвае, і гэтыя трапяткія канцы шарфа робяць яе падобнай на птушку, якая збіраецца ўзляцець» [3, с. 238]. «Замяць жаўталісця» — гэта не «восень», а «вясна» чалавечай душы, калі на шляху сустракаюцца шчырыя і прыгожыя, духоўна багатыя людзі. Пра гэта аповесць I. Навуменкі.
Што ж новага ўнеслі аповесці і апавяданні I. Навуменкі пра юнацтва і для юнацтва ў беларускую літаратуру? Сваім зместам яны не заўсёды маглі вылучыцца, бо і да яго, і разам з ім, ды і пазней з'яўляліся творы юнацкай скіраванасці, якія «адкрывалі» і само лакаленне, «абпаленае вайной», і рамантыку ўчынку, і пакутлівы роздум над часам і сабой, і летуценнасць, і чысціню, і безабароннасць юначай душы. Так, ўсё было ў літаратуры. Назавём кнігу аднаго пакалення Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце», спавядальную прозу Міхася Стральцова, аповесці Аляксея Карпюка «Данута», Янкі Брыля «Апошняя сустрэча».
I ўсё ж у такім незвычайным «хоры» голас Навуменкі, празаіка прыцягваў да сябе ўвагу. У чым загадка?
Думаецца, найперш, юнацкія творы I. Навуменкі сведчылі аб відавочнай змене парады у развіцці беларускай прозы. На змену «ўрачыстаму-патрыятычнаму», «няўрымсліва-энергічнаму» даваеннаму пакаленню, а яшчэ больш «неўгамонна-крыкліваму», з «лозунгам на вуснах» (I. Навуменка) «пакаленню маладнякоўскай пары» з іх «бурапеннасцю» пачуццяў прыходзілі іншыя юнакі і дзяўчаты, у многім, мажліва, такія ж, але іншыя, узбагачаныя жыццёвым вопытам, набытым на вайне. Згадзіцеся, гэта нямала. Гэта важна. Персанажы твораў I. Навуменкі былі ўжо зусім не такімі, якімі былі дасюль юныя героі ў беларускай літаратуры. Бачыць на ўласныя вочы, адчуць і зразумець кошт чалавечага жыцця — такое многага вартае. 3 празаікам I. Навуменкам прыходзіла ў літаратуру юнацкая мудрасць, сталае юнацтва, разважлівасць, горкая, даўкая радасць, пакутлівае адкрыццё самога сябе, спасціжэнне сваёй існасці, што дапамагала дарослым сталець, а маладзейшым — маладзець, бачыць сябе ў самых розных іпастасях, у новай якасці.
У сярэдзіне 60-х — 80-я гг. беларуская проза набывала філасофскі змест. Рацыянальны пачатак пераважаў над эмацыянальным захапленнем светам. У літаратуры ўзмацнялася інтэлектуальная аснова твораў, нязмушана адчуваўся паварот да аналітыкі, да змены не толькі інструментарыя ў прозе, але і яе гучання. Працэс інтэлектуалізацыі прозы мог праходзіць і зусім незаўважна для тэарэтыкаў, гісторыкаў літаратуры, крытыкаў У. А. Навумовіч. Эвалюцыя светабачання маладога пакалення ў прозе Івана Навуменкі да масавага чытача. Гэта не быў адчувальны працэс. На прыкладзе большасці аповесцей і апавяданняў Івана Навуменкі можна пераканацца, што мастак слова, калі ён ідзе ад жыцця, ад уласна перажытага вопыту, а не ад схемы, загадзя прадуманых сілагізмаў, абавяз-кова прыходзіць да глыбока канцэптуальнага раскрыцця свету і чалавека ў змене дзён, эпох, фармацый.
У творах «франтавой тэматыкі» ўсе менш прысутнічала рамантыкі, узнёсласці, эмацыянальнасці. Аповесці і апавяданні пра вайну з'яўляліся гісторыка-мастацкім дакументам свайго часу, мастацкім абагульненнем, суровай праўдай ваенных дзён. 3 пад пяра выходзілі ў свет і творы іншай тэматыкі. Твор «Год карася» — гэта ўжо зусім іншае апавяданне. Так, існуюць «год тыгра», «год малпы». У вёсцы за цяжкай працай няма часу даглядаць дзяцей. Дзецям змалку даводзілі, што нарадзіліся яны ад таты і мамы, а тут… малпы-продкі. Пакрыўдзілася цётка, не, не на Дарвіна, доўга не прыходзіла, а потым ўсё ж прыйшла. Дзецям купілі карася, а тыя рыбу — у ванну, не далі забіць. Паплыла рыба ў рэчцы. Звычайныя паняцці дабра і зла, разуменне заканамернасцей развіцця жывой прыроды прыходзяць не адразу, а разам з мудрасцю і развагай старэйшага пакалення.
«Наш клас быў гераічны. Нас у класе было шаснаццаць хлопцаў, і амаль усе  мы марылі пра подзвігі» («Вераніка») [2, с. 73]. Падобнае ў творах пісьменніка можна прачытаць нярэдка. Аўтар раскрывае няўрымслівасць, аптымізм, улюбёнасць у жыццё герояў, веру ў перамогу дабра над злом. Амаль усе персанажы знаходзяцца ў самым пачатку свай-го жыцця: «Мне ішоў семнаццаты год. Мая семнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу» [2, с. 63], — так пачынае аўтар свой разгорнуты аповед у творы «Семнаццатай вясной».
Персанажы I. Навуменкі часта вяртаюцца ў сваё мінулае. Аповед вядзецца ад «я-героя», што павышае суб'ектыўыасць прозы, але дазваляе глыбей паверыць аўтару. «Таполі юнацтва», «Бульба», «Замяць жаўталісця» — творы, у якіх празаік спрабуе «анатаміраваць» жывое, трапяткое пачуццё кахання, пранікае ў свет складаных псіхалагічных перажыванняў сваіх персанажаў.
Ва ўсіх творах I. Навуменкі шмат рэалій: школьнікі-пераросткі, пераход школьнікаў (школьніц) з адной школы ў іншую, што звязана з неўсталяванасцю пасляваеннага жыцця, бацькава адзенне на сыне, прага да кніг, недахоп падручнікаў, жаданне «дараслець», крыўды і беды пасляваеннага побыту, але разам з тым — радасць адкрыцця новага, надзея на будучае, вера ў заўтрашні дзень. У творы «Жуль Верн» падлеткі адкрываюць для сябе не толькі новы і незвычайны свет, яны адкрываюць Асобу, Чалавека, Час, Эпоху.
Хлапчукі «здабываюць» порах з патронаў, каб падрыхтаваць «выбуховае рэчыва», але ў іх душах і сэрцах ідзе нябачная праца па назапашванні «выбуховага рэчыва», як у зорак, каб загарэцца на небасхіле і гарэць доўга, ярка, прыцягальна. Нялёгка даюцца «жыццёвыя ўрокі», але дайсці да іх кожны павінен і здольны сам.
Вось гэтая «праца душы» і з'яўляецца тым незвычайным, адметным, што характарызуе юнацкую прозу I. Навуменкі.
Разам з творчасцю Івана Навуменкі ў беларускую літаратуру ўваходзілі новыя філасофскія тэндэнцыі, проза станавілася канцэптуальнай, уважлівай да жыццёвых бед, нягод, да ўнутранага свету юнакоў і падлеткаў, раскрывала чысціню і глыбіню душэўных намераў. Творы насычаліся жыццёвай філасофіяй, пошукамі ісціны, праўдай існавання, праўдай учынку, вялікім змаганнем у душах моладзі сіл дабра і зла. Варожасці і нянавісці пісьменнік супраціставіў жыватворную сілу адзінства, гармоніі і любові маладога пакалення.

З пазіцый народнасці і гуманізму
Л. А. Піскун

У гісторыі развіцця літаратуры творчая індывідуальнасць мастака слова заўсёды прадстаўляе найвялікшую каштоўнасць.
Трыццаць гадоў на ніве роднай літаратуры – ад сярэдзіны пяцідзесятых і да нашых дзён… Іван Навуменка ўзбагаціў літаратуру сацыялістычнага рэалізму новымі вобразамі юнакоў і дзяўчат, камуністаў і беспартыйных. Мужныя і гераічныя характары іх знайшлі праўдзівае і яркае ўвасабленне ў глыбока самабытнай творчасці мастака слова.
I. Навуменка займае сваё месца ў літаратуры, паводле выказвання некаторых крытыкаў, як пясняр семнаццатай вясны, хоць сфера жыццёвых інтарэсаў пісьменніка неабдымная. Асноўным матывам яго прозы з'яўляецца сцвярджэнне ўсяго гуманнага, светлага ў характары савецкага чалавека, які не толькі са зброяй у руках абараняў сваю Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай  вайны, але і сёння сваім актыўным жыццём, чалавечнасцю змагаецца за перамогу дабра над злом, за мір.
3 самага пачатку сваёй літаратурнай творчасці I. Навуменка сцвярджае пафас справядлівай барацьбы супраць фашызму, а гэта значыць, што гуманізм пісьменніка, гаворачы яго словамі, «дзейсны, актыўны, на сцягу якога – заклік да бязлітаснай барацьбы супраць усяго, што прыніжае чалавека як у ім самім, так і ў сацыяльным жыцці».
У эпоху НТР, эпоху барацьбы за разрадку міжнароднай напружанасці адной з вядучых праблем савецкай літаратуры застаецца праблема «чалавек і вайна». П. К. Дзюбайла справядліва падкрэслівае, што вайна пакінула адбітак на характары, светаўспрыманні нашага сучасніка. I каб зразумець душу савецкага чалавека, яго характар, пісьменнікі імкнуцца ўсвядоміць і паказаць, як небывалая героіка і нябачаныя пакуты фарміравалі, відазмянялі характар, светаадчуванне.
Не выпадкова Навуменка, як удзельнік вайны, у большасці сваіх твораў вяртаецца да тэмы вайны, пачынаючы з першых сваіх апавяданняў: «Эх, махорачка…», «Сідар і Гараська», «Трое з зялёнай будкі», «Семнаццатая вясна». Даследуючы характар моладзі, якая ва ўсеагульным гістарычным выпрабаванні загартоўвала сваю мужнасць, завяршала сваё выпрабаванне, Навуменка раскрывае гераізм юнакоў і дзяўчат, выхаваных сацыялістычным ладам. Ён не ідэалізуе сваіх герояў: яны бываюць наіўныя і рамантычныя, сур'ёзныя і смешныя. Пісьменнік найперш выяўляе глыбокі маральны патэнцыял савецкага чалавека, гатоўнасць моладзі зрабіць больш карыснага для Радзімы.
Але ўжо ў першых апавяданнях бачыцца прыкметная асаблівасць творчай манеры пісьменніка – маляваць вобразы сталых людзей, людзей з народа: дзядзька Апанас («Эх, махорачка…»), дзядзька Сідар («Сідар і Гараська»), цётка Мальвіна і Сіла Прохаравіч («Трое з зялёнай будкі»).
Пачаўшы сваю літаратурную дзейнасць як аўтар апавяданняў, I. Навуменка праз два гады прыйшоў да жанру аповесці. Пісьменніка цікавіць пачатковы перыяд вайны і чалавек, які ў складаных умовах акупацыі правярае сябе на вернасць Радзіме. Абаяльнасць, чысціня душы, юнацкая незаспакоенасць – характэрныя рысы Базыля Маленды, Лявона Гука, Міколы Асмалоўскага («Снежань»). Пры ўсёй сваёй знешняй непадобнасці адзін на другога навуменкаўскія Пятрусь Цімашэнка, Мікола Забалоцкі, лірычны герой-апавядальнік («Мой сябар Пятрусь») нагадваюць герояў аповесці «Снежань» і герояў першых апавяданняў. Але ў кожным новым творы пісьменнік даследуе характар па-новаму, глыбей пранікае ў споведзь апавядальніка, псіхалогію героя. Галоўнае для Навуменкі – паказаць у характарах персанажаў іх гатоўнасць да гераічнай справы, гераічнай барацьбы супраць ворага, паказаць, што лепшыя якасці характару не могуць быць зломлены ваеннымі віхурамі, бо трывала закладзены школьнай сістэмай выхавання, усім укладам савецкага жыцця.
Вайна і народ, чалавек і народ на вайне – традыцыйныя праблемы, якія цікавілі і Пушкіна   («Капітанская дачка»), і Лермантава («Барадзіно»), і Талстога («Севастопальскія расказы»), і Лявонава («Рускі лес»), і многіх іншых пісьменнікаў шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Гэту праблему распрацоўвае Навуменка. На працягу дванаццаці гадоў стваралася ім трылогія «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці». Яна дае разнастайныя тыпы нацыянальнага характару. Аўтар стварае нацыянальна-самабытны воблік беларускага народа, імкнецца, як слушна адзначае Я. Лецка, «дыялектычна глядзець на народ як на грамадскую агульнасць, якая складаецца з мноства індывідуальнасцей, знаходзіцца ўвесь час у працэсе абнаўлення і зменлівасці».
Глыбока і праўдзіва створаны вобразы людзей з народа, якія выраслі ў атмасферы працы, – Сцяпана Птаха, Івана Гусоўскага, бацькі Паўла Бондара, Яўтушыка. Іх характары вывяраюцца адносінамі да працы як асноўным крытэрыем самасцвярджэння чалавека, яго сацыяльнай і грамадзянскай сутнасці. Раскрываючы ўсебакова праўду пачатковага перыяду вайны, складаныя перапляценні жыццёвых лёсаў герояў трылогіі, аўтар бярэ за аснову характару народнуго мараль, заснаваную на гуманізме, які «ўсёчалавечны ў самым сапраўдным сэнсе слова, бо звернуты да працоўных мас усяго свету, да ўсіх людзей добрай волі». Такая трактоўка характару сцвярджае і народную канцэпцыю самога празаіка.
Праўдзівае ўзнаўленне падзей у момант часовай акупацыі тэрыторыі Беларусі тоесна выразнай аўтарскай капцэпцыі падыходу да раскрыцця галоўнай ідэі трылогіі. Праз паглыблены псіхалагічны аналіз раскрываецца аўтарам духоўны свет камуністаў. Падпольшчыкі Шэлег, Драгун, Шкірман і Куніцкі, а таксама Бондар, Якубоўскі, Бальшакоў, Волах і Вакуленка – людзі розных даваенных пасад і прафесій, біяграфіі якіх у суровыя часы вайны зліліся ў адно цэлае. Даследуючы розныя аспекты жыцця беларускага народа ў час акупацыі, пісьменнік не абмінае драматызму абставін, часовых няўдач у арганізацыі партызанскага руху на Палессі. Навуменкаўскія камуністы трылогіі ўзвышаюцца над драматызмам абставін. Перад чытачом паўстаюць маштабныя характары камуністаў, якія правільна разумеюць месца чалавека ў структуры сацыялістычнага грамадства, глыбока спасціглі заканамернасці прагрэсіўнага гістарычнага развіцця.
У гэтым сэнсе I. Навуменка бачыцца не толькі як пясняр семнаццатай вясны. У вобразах камуністаў, іх гераічных характарах, у вобразах людзей з народа, моладзі паказвае празаік вышэйшую праяву духоўнага хараства савецкага чалавека. Гэта праўда нашага сацыялістычнага жыцця, і яна стала ў пісьменніка праўдай мастацтва.
Распрацоўваючы   патрыятычную   тэму,   Навуменка традыцыйны арсенал сродкаў стварэння характару і абставін дапаўняе  наватарскімі  дэталямі,  інтанацыямі, штрыхамі, што ўзмацняюць пафас сцвярджэння маральнага здароўя савецкага ладу жыцця. Гэта – і народна-нацыянальныя куплеты, штрыхі нацыянальнага быту народнага асяроддзя, гумарыстычныя ўсмешкі, яркія замалёўкі пейзажу, узмацненне функцыі мастадкай дэталі, публіцыстычнага адступлення, якія пад пяром празаіка набываюць новыя якасці, што найбольш выразна характарызуюць новы час, новую эпоху.
Як і ў папярэдніх творах, адметнасць аўтарскага стылю, індывідуальная самабытнасць яскрава выявілася ў багацці яго моўнай палітры, у цеснай сувязі з паглыбленнем прынцыпаў сацыялістычнага рэалізму, якія і характарызуюць   аўтарскую  гуманістычную  канцэпцыю. У трылогіі Навуменкі выразна бачым непаўторныя малюнкі беларускай зямлі, каларытныя карціны побыту і звычаяў і, бадай,  асноўнае, што  мы адчуваем, – гэта роздум мастака аб саміх заканамернасцях жыццёвага працэсу, аб праблемах чалавечнага ў чалавеку. У гэтай сувязі нельга не прыгадаць трапнае выказванне самога пісьменніка: «Якая-небудзь памятная  дэталь,  пачутае слова, малюнак прыроды, бытавая дробязь, твар, што прамільгнуў і знік, выклікалі плынь успамінаў, як бы кандэнсуючы ў сабе глыбінныя прыкметы часу, яго сутнасць».
Гэтыя тэндэнцыі Навуменка паглыбляе ў новым рамане «Смутак белых начэй», які з'явіўся лагічным працягам трылогіі. У новым рамане асэнсоўваюцца падзеі на Ленінградскім фронце. Сам прынцып мастацкай праўды набывае тут найбольш поўнае ўвасабленне, а інтэрнацыяналісцкія прынцыпы бачання свету асэнсоўваюцца ў новых франтавых абставінах. Праз узаемаадносіны Сяргея Каліноўскага, Васіля Лебедзя, Косці Русаковіча, Рахіма, Багдана Мялешкі, Рагамеда, іх любоў да прыроды, да ўсяго жывога гуманістычна вырашаецца і маральна-этычная праблема. Пачуццё калектывізму, дружбы, міжнацыянальных адносін сцвярджаецца як норма паводзін сапраўдных патрыётаў. У паводзінах юнакоў-салдат розных нацыянальнасцей сям'і народаў СССР, у сваю чаргу, сцвярджаюцца заканамернасці, карані якіх ідуць з векавога нацыянальнага вопыту. Кожны па-свойму нясе ў сабе спадчыну чалавечнасці, прыгажосці і інтэлекту, дружбы і калектывізму – спадчыну, якая ўзбагачаецца і пераходзіць з пакалення ў пакаленне.
Пафас раманаў Навуменкі – у гэтай народнасці, якая выступае галоўнай рысай светаўспрымання і творчым прынцыпам праяўлення партыйнай пазіцыі пісьменніка, прасякнутай пачуццём адказнасці перад народам.
Грамадзянская заклапочанасць I. Навуменкі выразна выяўляецца і ў творах не на ваенную тэматыку, дзе ўчынкі і паводзіны дзеючых асоб ацэньваюцца з пазіцый гістарычнага вопыту. Апавяданне «Піліпка» ўключае багаты пазнавальны гістарычны матэрыял пра пасляваеннае нялёгкае жыццё падлеткаў-дзяцей, якія страцілі бацькоў падчас вайны. У аснове апавядання – трагічны лёс адзінаццацігадовага хлопчыка. Праз няўласна-простую мову адчуваецца бурная плынь Піліпкавых думак. Цікавай у мастацкіх адносінах і ва ўзнаўленні каларыту вясковага жыцця з'яўляецца мова самога героя. Амаль на кожную з'яву ў яго ёсць адпаведнае вызначэнне. Занадта рана для свайго ўзросту ўбірае ў сябе Піліпка прастамоўную нацыянальную вясковую лексіку і мудрасць з навакольнага жыцця. Усё ёсць у апавяданні: і гумар, і дзіцячыя ўражанні хлопчыка, што спалучаюцца з роздумам дарослага чалавека; і мова, якая перадае таксама і атмасферу сацыялістычнай перабудовы вёскі ў пасляваенны нялёгкі час; і драматызм сітуацыі, у якую трапляе Піліпка, на долю якога выпалі незвычайныя выпрабаванні. Трагізм лёсу хлопчыка бачыцца не ў цяжкасцях жыццёва-бытавых абставін, а ў вайне, хаця гэта апавяданне не пра вайну ў прамым сэнсе гэтага слова.
Дакладнае веданне вясковага побыту, уменне намаляваць карціну жыцця такой, якой яе бачыць дзяцінства, праз прыватныя праявы ўбачыць вялікі і глыбокі сэнс, адчуць жывое беларускае слова і трапна скарыстаць яго – такія якасці дастаткова заўважаюцца ў аповесці «Вайна каля Цітавай копанкі». Гэтай аповесцю Навуменка ўпісаў у гісторыю развіцця беларускай літаратуры новыя старонкі, якія паглыбляюць разуменне вытокаў характару сучасніка.
Прыгажосць і вечную маральную каштоўнасць народнага характару сцвярджае Мар'я з апавядання «Іван ды Мар'я». Аўтар паказвае багацце душы мудрай жыццёвым вопытам сямідзесяцігадовай сялянскай жанчыны, духоўнае светаўспрыманне якой паглыблялася разам з сацыялістычным станаўленнем беларускай вёскі.
Агульнымі намаганнямі пісьменнікі шматнацыянальнай літаратуры распрацоўваюць сучаснае жыццё, праблемы і тэмы, народжаныя практыкай сацыялістычнага і камуністычнага будаўніцтва. «Уладзімірскія прасёлкі» У. Салаухіна, «Пелагея» Ф. Абрамава, «Развітанне з Мацёрай» В. Распуціна, «Ліпягі» С. Круціліна, «Горкія травы» П. Праскурына – высокамастацкія творы пра сённяшнюю вёску, дзе ў цэнтры ўвагі вобраз сучаснага вяскоўца.
Калгаснік, прынцыпова новы чалавек новай вёскі – цэнтральны вобраз апавяданняў Навуменкі («Вясновыя праталіны», «Дэлегаты з Бярэзнікаў», «Прыпяцкая зона», «Справа аб каноплях», «Валошкі ў жыце», «Вяселле ў Палыкавічах»).
Пафасам народнасці, грамадзянскасці прасякнуты творы на педагагічную тэматыку: «Жуль Верн», «Настаўнік чарчэння», «Апошняя восень», «Пераломны ўзрост». Цікавы ў мастацкіх адносінах створаны вобраз Васіля Скачка («Апошняя восень»). У яго характары выяўляюцца агульныя рысы ўсяго перадваеннага пакалення юнакоў, якія адчуваюць асабістую адказнасць, далучанасць да спраў краіны. Разам з тым пісьменнік індывідуалізуе вобраз Васіля, выкарыстоўваючы багатыя вобразна-выяўленчыя сродкі тыпізацыі.
Даць вычарпальную маральную ацэнку паводзінам герояў, высвеціць іх маральную сталасць і прыгажосць, што вынікаюць з характару самога жыцця, – мастацкая задача, якая бачыцца ў творах Навуменкі на студэнцкую тэматыку («Да звёздаў», «Бульба»). Тэндэнцыя да псіхалагізму, якая асабліва прыкметна выяўляецца ў беларускай літаратуры ў 60–70-я гады, выразна адбілася на стылявой адметнасці Навуменкі, які за будзённай знешняй плынню стараецца перадаць убачаны ім і даследаваны маральны змест чалавечых паводзін. Змест тут вядзе за сабой форму: дваццаць адна навела аб'яднана агульнай назвай – «Бульба», хоць кожная мае сваю назву. Многія праблемы закранае пісьменнік у аповесці. Любуючыся і захапляючыся прыродай, жывучы сярод яе, герой Навуменкі заўсёды выяўляе клопат пра захаванне ўсяго жывога, што расце, цягнецца да сонца. А гэта і аўтарская гуманістычная канцэпцыя, якая сваім пафасам звернута ў заўтрашні дзень усяго чалавецтва. Вуснамі Веньяміна Сыраежкі выказаны гістарычныя народныя вытокі сутнасці чалавека: «…чалавек як арганізм, як форма жыцця ўвабраў у сябе ўсю мудрасць сусвету, усю яго дасканаласць і прыгажосць…» I не можа па гэтай прычыне чалавек давесці чалавецтва да катастрофы, якая бачылася ў сне Веньяміна і якая навісла сёння рэальнай пагрозай для існавання жыцця на зямлі.
Сваю адказнасць перад прыродай і часам адчуваюць навуменкаўскія героі Лявонавіч («У бары на світанні»), Яўген Раманавіч («Развітанне ў Кавальцах»), Ляснічы Лявонавіч не замыкаецца ў рамках асабістага жыцця, а жывіцца інтарэсамі грамадства, імкнецца захаваць і памножыць прыгажосць прыроды, сцвердзіць у жыцці адносіны таварыства. Такім крытэрыем кіруецца ў жыцці і Яўген Раманавіч. Да ўсяго ёсць у настаўніка грамадзянскі клопат. Знішчэнне рачулкі і ўвогуле нядбайныя адносіны да прыроды глыбока кранаюць і непакояць вясковага настаўніка. I ў гэтай аповесці даследуецца комплекс праблем: чалавек і праца, чалавек і прырода, міграцыя моладзі, праблема кахання і інш. Кожная з іх увасабляецца праз мастацкія характары Яўгена Раманавіча, трактарыста Міколы, яго сына Віктара, ляснічага Разуменку, дырэктара саўгаса Таццяну Фёдараўну, праз характар Антаніны і карэспандэнта.
Праблемы, да якіх звяртаецца празаік, у кожньм новым творы ўзмацняюцца, рэалізуюцца заўсёды па-новаму, канфліктныя сітуацыі набываюць істотную акрэсленасць, з дапамогай самых розных вобразна-выяўленчых сродкаў раскрываюцца гуманістычныя ідэалы прозы I. Навуменкі. Мастацкі свет, створаны Навуменкам у лепшых творах, адметны сацыяльнай мнагапланавасцю. Пісьменнік бачыць жыццё ва ўзаемаперапляценні, ва ўсёй разнастайнасці фарбаў, дэталей і шматлікіх праблем. Духоўныя і філасофскія асновы прозы Навуменкі выяўляюцца ў адзінстве многіх якасцей, багатага жыццёвага ваеннага вопыту і розных стылёва-жанравых сродкаў, светапогляду пісьменніка і ўсведамлення свайго грамадзянскага абавязку ў спалучэнні з тымі магчымасцямі, якія заключае ў сабе жанр апавядання ці жанр аповесці і рамана. Проза Навуменкі – гэта чысціня і натуральнасць яго пісьма, мовы. Ён – майстра слова, майстра роднай мовы. 3 аднаго боку, мастака характарызуе ўменне карыстацца моўна-выяўленчымі сродкамі, а з другога – глыбока нацыянальная мова, праз якую ён даследуе жыццё, агульначалавечыя праблемы.
Наколькі поліфанічна проза I. Навуменкі, пацвярджаюць гумар і добразычлівая ўсмешка, лірызм і філасафічнасць, драматызм і своеасаблівая рытміка, інтанацыя і народная мова, багатая на прымаўкі, прыказкі, песні, якія вытрымалі выпрабаванне пакаленняў і гучаць пад пяром празаіка на новай аснове, па-сучаснаму.
Гэта стылявая якасць уласціва і драме «Птушкі між маланак». Раскрываюцца характары ў п'есе і праз форму – пластычную, па-мастацку дакладную народную мову. Трэба адзначыць, што да жанру драмы пісьменнік звярнуўся не выпадкова. Вось ужо трыццаць гадоў працуе ён на ніве літаратуры як празаік і вучоны-літаратуразнаўца. I таму заканамерна, што пісьменнік, засяроджваючы ўвагу на тэме мінулай вайны ў празаічных творах, якімі сцвярджае духоўныя народныя ідэалы, што ўваходзяць у якасці вызначальных рыс у аблічча нашага сучасніка, звяртаецца з гэтай жа тэмай і праблемай да жанру драмы. П'еса Навуменкі выклікае сур'ёзныя разважанні аб высокіх паняццях абавязку і чалавечнасці.
У стварэнні мастацкага характару значную ролю адыграла добрае веданне Навуменкам творчай манеры Коласа, асабліва майстэрства маштабнага паказу падзей і характару, што дапамагло яму па-свойму адметна намаляваць жыццёва пераканальныя вобразы як асобных людзей, так і цэлага калектыву. Якраз і ў гэтым бачыцца моцны бок стылявой манеры Навуменкі, які, творча наследуючы коласаўскія традыцыі, застаецца індывідуальнасцю. Пісьменнік узбагачае рэалістычна-аналітычны стыль сінтэтычным пачаткам асабістага мастацкага бачання чалавека ў калектыве людзей і калектыву людзей праз асобнага чалавека.
Самабытна, узбуйнёна выступаюць рысы народнага характару ў вобразах бацькі Паўла Бондара, Яўтушыка, Волаха, Вакуленкі. Яны – носьбіты характэрных рыс новай гістарычнай агульнасці людзей. Створаны аўтарам у трылогіі вобраз Крамера трэба кваліфікаваць як адкрыццё ў беларускай пасляваеннай прозе  аб вайне.
Навуменка напісаў новы раман «Летуценнік». Вось што гаворыць сам аўтар: «Я напісаў раман «Летуценнік», у якім спрабую расказаць пра чалавека майго пакалення, былога франтавіка, які прыехаў вучыцца ў Мінск, пястуе ў душы творчыя надзеі, планы, нямеючы перад загадкай мастацтва і перажываючы тым часам цяжкую драму, што напаткала яго на пачатку маладога жыцця».
Цяпер, калі спаўняецца пісьменніку 60 гадоў і набліжаецца саракавая гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перачытваючы творы, у якіх адлюстраваны старонкі Вялікай Айчыннай вайны, хочацца дадаць, што ў I. Навуменкі выразна адчуваецца тонкая душа чалавека, цудоўная шчырасць і што пісьменнік напоўніцу выканаў абавязак перад сваім пакаленнем, часам. Многія творы яго перакладзены на рускую, літоўскую, латышскую і іншыя мовы народаў СССР. Асобныя вядомы замежнаму чытачу. Яшчэ адно пацвярджэнне папулярнасці пісьменніка, вялікай жыццёвасці яго твораў – манаграфія Г. Сіненкі «Іван Навуменка. Нарыс творчасці». Цікавасць да I. Навуменкі абумоўлена тым, што гэта яркі самабытны талент, чалавек з багатай біяграфіяй, якая ўвабрала ў сябе ўсё, чым жыла краіна ў час калектывізацыі, гады першых пяцігодак, ваенныя і пасляваенныя гады. Навуменка, гаворачы словамі Герцэна ў дачыненні да самога сябе, «імкнуўся ў кожным сачыненні сваім бачыць асобную часцінку душы сваёй». Пісьменнік прываблівае і тым, што ён з'яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых прац па актуальных праблемах станаўлення і развіцця беларускай літаратуры, а таксама аўтарам таленавітых манаграфічных даследаванняў «Янка Купала. Духоўны воблік героя» і «Якуб Колас. Духоўны воблік героя», за якія яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа. Акрамя дысертацыйных работ і манаграфій, па матэрыяле творчасці народных паэтаў Беларусі апублікаваны многія навукова-папулярныя артыкулы, а таксама кнігі. У Маскве ў выдавецтве «Советский писатель» выйшла адна з такіх кніг у перакладзе на рускую мову «Янка Купала. Якуб Колас. Творческие портреты». А кніга Навуменкі «Якуб Колас. Нарыс жыцця і творчасці» папоўніла серыю выданняў пра выдатных беларускіх пісьменнікаў. У гэтых кнігах аўтар праявіўся і як таленавіты крытык і даследчык, і пісьменнік, выступіўшы ў новым жанры. Захапляюць дакладны паказ мастацкага стылю Купалы, Коласа, арыгінальнасць іх інтанацыі, асаблівасцей мовы, сюжэта, кампазіцыі, уменне раскрыць ролю вялікіх паэтаў у станаўленні беларускай літаратуры.
Але, мабыць, у тым і талент пісьменніка, што нас найперш хвалюе агульны пафас кнігі. Пафас, які знаходзіць адпаведны водгук у нашых думках, пачуццях і перажываннях. I клопат, які зыходзіць з мастацкага твора.

А клопат кожнага мастацкага твора Навуменкі, пачынаючы ад яго першых апавяданняў «Эх, махорачка…», «Сідар і Гараська», аповесцей «Снежань», «Мой сябар Пятрусь» і заканчваючы яго раманамі «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», «Смутак белых начэй», «Летуценнік», – глыбока і поўна раскрыць духоўнае багацце савецкага чалавека, садзейнічаць, каб яго маральнае хараство актыўна дапамагала фарміраваць у кожнага з нас высокую грамадзянскую сталасць і актыўную жыццёвую пазіцыю. Гэты навуменкаўскі клопат ідзе ад імкнення зрабіць наша жыццё яшчэ больш багатым, паказаць усяму свету непераўзыдзенае маральнае хараство і грандыёзныя эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя магчымасці савецкай грамадскай сістэмы.

 

GOUB
Создание сайтов ЕкатеринбургШаблоны сайтовПоиск товаров - справочник цен, каталог магазинов, прайс-листыБесплатные шаблоны дизайна деловых сайтов